Шрифт:
Валерый ГАПЕЕЎ
ТРАФІК ДЛЯ ПАЭТА
Аповесць
Трафік (траф) – колькасць прынятай ці перададзенай інфармацыі ў Інтэрнэце. Таксама колькасць наведвальнікаў (юзераў) таго ці іншага рэсурса (сайта).Адалт – усё, што звязана з «дарослымі» тэмамі ў Інтэрнэце: эротыка, секс, парнаграфія. Адалт-трафік – частка карыстальнікаў рэсурса, якая свядома выбірае накірунак адалта.Канвертаваць – накіроўваць частку карыстальнікаў
600 долараў. Каб у яго кішэні былі сёння 600 долараў — кніжка была б. Так яму сказалі ў прыватным выдавецтве. Але ёсць толькі 100 — што дарылі на дні нараджэнняў, што назбіраў сам з кішэнных грошай, з продажу калекцыі гульняў...
...Усяго 76 старонак. Віктар сапсаваў мо паўтары сотні лістоў паперы (а колькі тонеру ў прынтэры!), пакуль раздрукаваў іх так, каб можна было перагнуць і выйшла нешта накшталт кніжкі.
Трымаў гэтую «кніжку» ў руках, і было прыкра ад расчаравання: «кніжка» яго — нязграбная, як просты тоўсты вучнёўскі сшытак. Хіба такі будзе нехта захоўваць? Хіба такі прыемна некаму атрымаць у падарунак? Самвыдат... Ніякага гонару ад такога самвыдату. А яшчэ ж вокладка...
Віктар шпурнуў са злосцю «кніжку» ў куток. Нясчэпленыя старонкі разляцеліся белымі птушкамі з пужлівым кароткім шалясценнем.
А можа, на халеру яму гэта? Каму ён трэба з яго вершамі? Праз гады ніхто і не ўспомніць, што ён пісаў, і што ўвогуле пісаў. А гэтыя эпіграмы на кожнага свайго аднакласніка, над якімі столькі карпеў, каб атрымаліся вострыя, дасціпныя, але не зласлівыя, можна проста пачытаць на выпускным вечары.
Але ж каб была кніжачка... Невялікая, каб у кішэню схаваць. Хоць бы 30 штук...
О, як цікава было б! Вось бы здзівіліся ўсе... І потым, гадоў праз дзясяць, на нейкай традыцыйнай сустрэчы выпускнікоў, ён бы і сам прынёс сваю «школьную» кніжку вершаў. Глядзіш, да гэтага б часу выдаў і другую...Віктар верыў у свае здольнасці. Не толькі таму, што яго вершы часта гучалі ў школе, друкаваліся ў школьнай насценнай газеце. Тоўсты часопіс у гэтым годзе змясціў невялічкую падборку. У яго ёсць талент, пра гэта яму казалі. Так, вядома, мо і ранавата яшчэ пра кніжку думаць, але ж падарунак аднакласнікам — задума такая добрая...
Гэтай задумай Віктар жыве ўжо некалькі месяцаў.
На працу ўладкавацца на лета не атрымаецца — у горадзе і так скарачэнні. Ездзіць некуды ў падсобную гаспадарку на часовыя работы — буракі палоць ці яшчэ якую трасцу — тое не выйсце. Спрабавалі ў мінулым годзе хлопцы. Што зараблялі, тое па вечарах ішло на піва.
Кніжка, кніжка... Віктар да дробязяў уяўляў
яе: светла-шэрая вокладка, малюнак чорным алоўкам іх школы — такі чарнавы, смелы накід. І назва: «Чаромхавы вырай». Уверсе прысвячэнне: «Маім аднакласнікам. Маім настаўнікам. Маёй школе». Вокладку зробіць мастак — Алег. Выдатныя шаржы малюе, амаль на ўсіх у класе зрабіў. Гэтыя ягоныя шаржы разам з эпіграмамі — о, як бы шыкоўна глядзелася...Грошы, грошы, грошы...
Нідзе бясплатна ў выдавецтве кніжку не выдаць — там такіх паэтаў, як Віктар, бы каравячых бліноў на вуліцы бабулінай вёскі ранкам — толькі зіркай пад ногі.
— Мам, дай грошы? — неяк спытаў у маці.
— Колькі? — адгукнулася спакойна яна, нават за кашалёк узялася — толькі прыйшла з крамы.
— Долараў 600, — быццам дробязі папрасіў Віктар.
— А-а-а, ну, тады трошкі пачакай, — усміхнулася маці. — У нас тысяч шэсцьдзясят засталося. На што табе? — ужо сур’ёзна перапытала.
— Хачу кніжку выдаць, — прызнаўся Віктар аб сваёй мары.
— Што, раней паэтам ганарары за кніжкі плацілі, а цяпер свае трэба траціць, каб кніжка выйшла? — маці глядзела на яго з недаверам.
— А каму я патрэбен са сваімі вершамі? — крыва ўсміхнуўся ў адказ Віктар. — Вось ты сама купіла кніжку вершаў хоць адну, хоць калі?
— Ну, тваю б купіла.
— Вось бачыш... Сёння не вершы, а серыялы на першым плане...
— Дык нашто тады табе кніга?
— Ну, вось ты купіш, а я ў класе раздам.
— Раздасі?
— Ці прадам каму. Дарыць буду. Я там на кожнага эпіграм панапісваў...
— Хто ж гэта захоча пра сябе непрыемнае чытаць, ды яшчэ грошы за гэта плаціць?
— Ды не... эпіграмы добрыя, на ўспамін, во, паслухай:
Чым камп ’ютары лепшыя, тым адносіны мёртвыя:
Форум, аська, «Вкантакце» замест словаў жывых...
А пашлём-ка мы Гуглю і Яндэкс да чорта —
Нам іх Юрый Хаванскі заменіць дваіх...
Віктар закончыў з сумам, уздыхнуў:
— У рэдакцыях кажуць — вершы добрыя. У выдавецтве спытаўся, адказваюць: забяспечыш тыраж продажам — надрукуем.
— Во як? Ты і пішы, за свае грошы выдай ды яшчэ і прадай... Не, сын, на вершах не разбагацееш. Кідай гэта.
— Я і не збіраюся, — рэзка адказаў Віктар. — Вось ты чула пра той адронны калайдар у Швейцарыі?
— Чула... — паціснула плячыма маці, — то ж навука.
— Навука, — чмыхнуў Віктар. — Ну, няхай даведаюцца, што ёсць на самай справе такая часцінка Бога. Вунь сказалі, што сусвет трымае нейкая цёмная матэрыя. І што змянілася?
— Нічога не змянілася, — згодна кіўнула маці, — Дык мо потым зменіцца...
— Калі? Калі што зменіцца? — загарачыўся Віктар. — Што можа даць чалавецтву веданне таго, як утварыўся сусвет?
— Што ты да мяне прычапіўся? — занервавалася маці. — Ад вершаў да сусвету...
— Я не чапляюся, патлумачыць хачу, — паспакайнеў Віктар, калі маці прысела, сам прысеў.
— Дык вось, гэта завецца фундаментальнай навукай. Толку практычнага ад яе сёння нуль і праз сто гадоў — нуль. Але вось што цікава: калі ў краіне няма фундаментальнай навукі, уся навука хутка памірае. Гэта факт.
— Ну няхай факт, — змушана ўсміхнулася маці. — А вершы?
— А вершы, паэзія для грамадства — тое, што фундаментальная навука для навукі! Без паэзіі ўсё мярцвее!
— Можа, і так...
— Ды не можа, а так! Я чытаў: калі недзе перастае развівацца паэзія, там і душы заплываюць тлушчам! Там сэрцы — аўтаматы штучныя, мазгі — працэсар.
— Ды няма ў нас такіх грошай, Віця, — вінавата адказала маці. — Ты ж ведаеш...
— Ведаю, — зморшчыўся Віктар. — Гэта я так сказаць табе хацеў, што буду летам шукаць работу.