Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Трошкі далей ад Месяца...

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

Сяргей (з жудасным спакоем). Адкуль ты ведаеш такое, цікава мне?

Анэля. Таму што Стась Шыцік, бацька вашай паслухмянай слугі, сам заплаціў намесніку таварыша Багуслоўскага, Алегу Высоцкаму, сто рублёў за ўчастак. Няўжо вы думаеце, што Алегу не варта аддаць палову шэфу, каб той толькі не глядзеў у яго бок. Гэта ж зусім бяспечна для шэфа.

Сяргей. Анэля... Я ніколі не біў дзяўчат. Але цябе я... не толькі наб’ю. Я цябе заб’ю за такія словы.

Анэля. Бі, але выслухай. Старая прыказка.

Сяргей ходзіць

па пакоі. I раптоўна, зусім нечакана для ўсіх, гучыць яго смех.

Сяргей. Напалохаць мяне хацела? I я зусім было паверыў. Нават калі б мой бацька браў хабары, як бы ён растлумачыў маці наяўнасць лішніх грошай? Маю маці ты яшчэ не ведаеш. Гэта крышталь.

Анэля. I вы апошнія два гады жылі толькі на зарплату?

Сяргей. Не. Нам вельмі шанцавала апошнія два гады. Сем выйгрышаў па трохпрацэнтнай пазыцы. Бацька сам казаў пры мне. I з іх адзін у 2500 і адзін у 1000.

Анэля. Падазрона шанцавала. Ну што, давядзецца яшчэ раз ударыць, калі ты такі ўжо даверлівы. Ты ведаеш, што Бяскішкін махляр?

Сяргей. ён бывае ў нашым доме. Значыць, ён не можа быць махляром.

Анэля. А я чула пра яго такое, што ён прапаноўвае чалавеку, аблігацыя якога выйграла, скажам, пяць тысяч, што ён прапаноўвае яму пяць тысяч дзвесце рублёў і бярэ аблігацыю сабе.

Сяргей. Нашто?

Анэля. Каб пасля прадаць яе за пяць з паловаю тысяч таму, каму ёсць у гэтым патрэба.

Сяргей. Каму можа быць у гэтым патрэба?

Анэля. Чалавеку, які жыве не на зарплату і якому вельмі хочацца, каб усе лічылі, што ён жыве толькі на яе.

Сяргей. Анэля, за такія словы мужчын б’юць па мордзе... смяротным боем, а жанчын ненавідзяць усё жыццё. Такія словы нельга кідаць без доказаў.

Анэля. Я паспрабую заўтра прадставіць доказы. Чакай мяне заўтра на бульвары ў сем гадзін вечара.

Сяргей. Доказы. Я абавязкова буду чакаць.

Анэля. Ты не пытаеш, чаму я гэта зрабіла?

Сяргей (ён амаль страшны). Не ведаю. Але ва ўсякім разе дзякуй табе за гэта. Праўдзе ці няпраўдзе трэба глядзець у вочы.

Анэля. Я зрабіла гэта, каб ты, харошы чалавек, ведаў людзей, каб не быў самаўпэўненым і добрапрыстойным, каб не лічыў сябе лепшым. Вось яны, твае прынцыпы. Ведай, што людзі ёсць людзі.

Сяргей. Аб гэтым рана размаўляць... Ва ўсякім разе людзі не такія.

Анэля. Цікава, як бы паглядзела на гэта твая знаёмая?

Сяргей. Калі гэта праўда – ёй было б вельмі балюча... Але гэта не можа быць праўдай... А зараз ідзі, вельмі прашу цябе.

Анэля (устае). Ты навучышся лягчэй глядзець на гэтыя справы. Ва ўсякім разе арэвідорчык міякарчык. (Пайшла.)

Некалькі хвілін Сяргей стаіць моўчкі, сціскаючы кулакі,

потым павяртаецца да акна.

Сяргей. Няпраўда! Але такі ўпэўнены тон. I ўсё ж хлусня. Брыдкія плёткі. Я павінен ненавідзець сябе за тое, што слухаў. (Машынальна ўключае радыёпрыёмнік. Гучыць грыгаўская “Смерць Озэ”. Сяргей моўчкі сеў у крэсла. Думае.)

Вярыга. (уваходзячы). Слухаеш?

Сяргей. Бадай што не... Максім Канстанцінавіч, можа мой бацька схлусіць, падмануць каго-небудзь?

Вярыга. Я даўно не бачыўся з ім, Сярожа. Але думаю – не. Бачыш, у яго здаровая натура. Калі ён нават зробіць штосьці такое – ён хутка выправіцца, знойдзе сілы.

Сяргей. I я так думаю. А скажыце, гісторыя робіцца людзьмі дзеля кавалка хлеба?

Вярыга. Некаторыя лічаць, што так.

Сяргей. А вы як думаеце?

Вярыга. Як ты думаеш, Муса Джаліль пісаў “Маабіцкі сшытак” дзеля прэміі, якую яму дадуць праз 13 год пасля смерці?

Сяргей. І я так думаю... Максім Канстанцінавіч, вы доўга жылі. Як на вашу думку, здрабнелі людзі з часоў рэвалюцыі ці не? Разумееце, мне вельмі-вельмі патрэбна ведаць.

Паўза

Вярыга (глядзіць на Сяргея). Ты малады, Сярожа. Такія пытанні задаюць перад тым, як дзейнічаць.

Сяргей. I ўсё ж?

Вярыга. Здрабнелі? Не, і тады герояў было не больш. Справа ў тым, што іх памятаюць, іхнімі імёнамі называюць вуліцы. А процьма вялікая тых, што смуродзяць неба, знікае. Арыфметыка. У гісторыі застаецца той, хто робіць яе або процідзейнічае. А тыя, хто пры сём прысутнічае, бухаюцца ў Лету.

Сяргей. Дзякуй вам. Вы або дапамаглі мне, або забілі.

Вярыга. I калі гэта вырашыцца?

Сяргей. Заўтра вечарам.

Уваходзіць Альжбета.

Альжбета. Чаго вы тут седзіцё? Там Бяскішкіны з’явіліся, размаўляюць з Ганнай. Пра дзень нараджэння Сярожанькі.

Сяргей. Варта было нараджацца... Не хачу іх бачыць.

Альжбета. Ды і я таксама. Не, вы падумайце, яшчура прынёс. Ах, каб яму.

Вярыга (тонам вясковай кумы ля студні). Дзе гэта твой сын, кума?

Альжбета (падхапіла гульню). А сядзіць, любая.

Вярыга. I за што няшчасце такое?

Альжбета. Так, няз'aшта. Д’ябал касіра на яго нанёс, ён яму ножыкам па гарл'aх і чахнуў. Так, за нешта і сядзіць... Было б за што, а тое за поскудзь гэткую.

Абое рагочуць.

Ты усё ж, Сярожанька, не злуйся на Авяр’яна з-за яшчура.

Поделиться с друзьями: