Трывожнае шчасце
Шрифт:
Пятру стала ніякавата, што яго падслухоўвалі. Знікла жаданне расказваць. Ды ад Надзі не адчапіцца.
— Ну, i што далей, Пятро Андрэевіч? Дагнаў яе Апалон?
— Дагнаў.
— Эх! I ўсё? — расчаравана зіхнула дзяўчына.
— Не, не ўсё. Адчуўшы, што Апалон вось-вось схопіць яе, спалоханая Дафна пачала прасіць свайго бацьку, бога Пінея: «Татачка родны, памажы мне. Адгані ад мяне гэтага нахабніка. Я баюся яго. О зямля! Праглыні лепш мяне!» Сказала яна так — i тут жа застыла на месцы і… ператварылася ў лаўр, дрэва такое, з якога — лаўровы ліст… Доўга Апалон, засмучаны, стаяў перад зялёным лаўрам. А што зробіш? Нічога. Апалон здолеў зрабіць адно,
— Не вялікі ён сябра мой, — сур'ёзна i нават як бы засмучана адказала Каця. — Ён сябра тых, хто мае шчасце ў любові, як вы. A ў мяне… Якое яно, шчасце! Адно няшчасце.
З-за сцяны, дзе быў медпункт, пачуўся насмешлівы Сашын голас:
— Апалон Андрэевіч! Баюся я, каб хто-небудзь не прастрэліў тваё сэрца.
Тое, што яго расказ пачула жонка, Пятра ніяк не збянтэжыла — наадварот, яшчэ больш развесяліла. Ён крыкнуў у адказ:
— Багіня мая! Яно даўно прастрэлена. Табою.
Дзяўчаты засмяяліся.
Ляпнулі дзверы медпункта, i на парозе першага сельсавецкага пакоя з'явіўся Панас Грамыка. Весела бліснуў цыганскімі вачамі. Сказаў Пятру:
— Даволі табе забаўляць дзяўчат. I м i так весела. Пайшлі на поле. Пагутарым з людзьмі.
Калі выйшлі ў сад, Панас сказаў:
— Асцярожней ты расказвай падобныя казкі. Асабліва Каці. Шура перавязвала мне палец, i я бачыў, што ёй не вельмі прыемна. Яна жартавала, але я адчуваў, што гэта за жарты. Бабы, брат, яны ўсе на адзін аршын. Раўнівыя.
— Ну, глупства!.. Што можна падумаць, калі чалавек гаворыць на поўны голас, так, што за сцяной чуе жонка, за другой — Капыл?
— Калі ўжо прыйшлося, Андрэевіч, да слова, то я табе раю: пастарайся, каб i Капыл менш чуў… Многа мы давяраем розным капылам.
— А што — хіба яны крамольныя, нашы думкі?
— Не. Але ведаеш, як бывае?.. Часам самыя правільныя думкі твае могуць так перавярнуць дагары нагамі, што сам сябе не пазнаеш.
— Здзіўляе мяне, Панас, такая твая падазронасць… Трымаем чалавека сакратаром сельсавета — i будзем хавацца ад яго?
— Я, Андрэевіч, на шаснаццаць гадоў пражыў на свеце белым больш, чым ты. Мне можна ўжо рабіцца падазроным. Табе нельга, табе трэба верыць людзям, гэта я разумею. Але што да Капыла, то скажу табе шчыра: справы не пагоршыліся б, каб на яго месцы сядзеў нехта другі. Чуў, што казалі інваліды? На чорта нам выслухоўваць такія папрокі!
Пасля моцнага пахаладання, калі выпаў снег i дзве ночы стаяў мароз, зноў цяплела, праўда, няўпэўнена, нясмела. Зямля ад гэтага вясновага снегу набрыняла вадой больш, чым пасля зімовага. Дарогі зрабіліся — ні праехаць ні прайсці. Паўторна разлілася рэчка. У часе снегападу мерзлі шпакі. I цяпер яны спявалі залішне гучна, крыкліва і, здавалася, не вельмі весела — не па-вясноваму, не так, як у першыя цёплыя дні, калі птушкі толькі што вярнуліся з выраю ў родны край, разбіліся на пары, пачалі віць гнёзды. Можа, шпакі аплаквалі цяпер сваіх блізкіх, што загінулі ў холад?
— Ты кажаш: каго нам баяцца, калі мы гаворым нашу партыйную праўду? — пасля працяглага маўчання, уздыхнуўшы, сказаў Панас. — А я сам сябе пачаў баяцца, бо, далібог, перастаю разумець, дзе праўда, дзе няпраўда. За тое, што я табе скажу, Анісімаў напэўна паклікаў бы мяне «на кавёр». У мяне душа гарыць ад злосці на ўсіх, хто прымусіў так рана сеяць. Каб мая ўлада, выклікаў бы ix усіх, ад Анісімава i ніжэй… i вышэй… i без доўгіх размоў гаркнуў бы па-армейску:
партбілеты на стол, сукіны сыны! За страчанае насенне. За дарэмна патрачаную працу людскую. Памерзла ўсё, што ўзышло. A ў нас кожны кілаграм зерня — на цану золата… Кожны ўзараны гектар чаго каштуе! А разам з тым, калі падумаеш: а што ім было рабіць? Цягнуць з сяўбой? З такім цяглом — па два дзесяткі схудалых коней на калгас ды па адным трактары-інвалідзе на тры калгасы? З такой рабочай сілай — бабы ды дзеці? I так сяўба расцягваецца месяцы на два. А каб i далей пякло i сушыла, як на пачатку вясны? Зноў загінула б не менш. Вось i думай, дзе праўда?.. Каго вінаваціць? Бога? Вайну?..— Ты, Панас, як той сафіст. Былі ў Грэцыі такія філосафы.
Яны ішлі па вуліцы, з натугай выцягваючы з размешанай гліністай гразі свае кірзавыя боты. Дабраліся да самага высокага месца — да «гарба», як тут называлі, дзе вуліца як бы пераломвалася. Цераз чужы двор i гарод, па сухой сцежцы, пайшлі ў поле.
— Табе, Андрэевіч, лягчэй: ты можаш ад жыцця схавацца за сваю навуку. Ты хітрую навуку сабе выбраў. Гісторыя зацягвае, як той раман: зачытаешся — не можаш адарвацца.
Пятро падумаў, што гэты практычны селянін i салдат мае рацыю: сапраўды, захапленне міфалогіяй дае яму нямала радасных хвілін i заўсёды неяк хораша настройвае. Як зараз вось — пасля таго як ён прачытаў дома пра Геракла i расказаў дзяўчатам пра Дафну.
Старшыня спыніўся ў канцы гарода, павярнуўся да Пятра з нахмурана-заклапочаным тварам:
— Вось табе яшчэ адзін прыклад. Анісімаў на нарадзе — помніш? — сказаў: убачу, дзе калгаснікі будуць араць на сабе, — галаву знясу старшыні таму…
Збоку ад ix, сядзіб за колькі, шэсць жанчын, па тры за пастронкам з аднаго i з другога боку ворчыка, цягнулі плуг, сёмая, высокая, згорбленая, здавалася, не проста арала — вяла плуг, a натужліва памагала — піхала яго.
Пятро помніў, што ён першы горача запляскаў словам сакратара райкома i быў здзіўлены, што старшыні калгасаў, якія сядзелі побач, не вельмі дружна падтрымалі яго. Узлаваўся тады: баі, самі морды паадрошчвалі, а няшчасныя ўдовы на сабе аруць.
— Правільна сказаў Анісімаў! Ты можаш так спакойна гаварыць? Ды ганьба нам!.. Мне здаецца, не па зямлі яны цягнуць плуг, а па сэрцы маім.
Грамыка павярнуўся, i вочы яго нядобра бліснулі.
— Табе здаецца… Легка вам з Анісімавым гаварыць! — I нечакана вылаяўся: — А што мне рабіць? Коней я не магу ўсім даць. Не выцягнуць яны, коні, i поле i сядзібы. Ды каб я хоць на дзень зняў ix з калгаснага поля — назаўтра быў бы на бюро райкома. Ды i сам я разумею: калгас — аснова. Але пакуль умацуем аснову гэтую, людзі павінны неяк жыць. Не даць ім прысеяць сядзібы? Але людзі павінны есці, каб працаваць. Рабіновіч параіў: няхай рыдлёўкамі капаюць. Дурань! На гэта трэба ў пяць разоў больш часу i поту. Можаш мяне цягнуць на сход, у райком, але я дазволіў па чарзе не выходзіць на работу i вось так ухадзіцца са сваімі гародамі. Пасеяць бульбу — дам коней.
Пятро маўчаў. Што скажаш? Не першы раз гэты хітрун прыціскае да сцяны так, што не ведаеш, у які бок крутнуцца, каб выкруціцца неяк — пабіць яго больш пераканаўчымі довадамі.
Па дарозе, што аддзяляе гароды ад поля, Пятро павярнуў направа, да аратых.
— Не пойдзем туды, — сказаў старшыня, — не будзем растраўляць баб.
— Баішся? — спытаў Пятро, на міг адчуўшы сваю перавагу — смелую рашучасць падысці да жанчын, пагутарыць, можа, нават памагчы.
— Я баюся? — Панас засмяяўся. — Ох, браткі-інтэлігенты! Сялянскія дзеці, а мужыка не разумеюць!