Трывожнае шчасце
Шрифт:
— Бабы нашы ласуюцца недзе, чортавы балаболкі.
— Ты думаеш, адны? З маладымі хлопцамі. Трэба ж тваёй Соні разгавецца. Напасцілася з такім старым мяшком.
— Цьфу… тваю маць! Ты i пажартаваць па-чалавечы не можаш! — узлаваўся Бабкоў: не любіў, калі напаміналі пра розніцу ў гадах яго i жонкі.
— Значыцца, пацэліў у слабое месца, калі злуеш, — паспрабаваў падхапіць жарт Балотны. Але далей не пайшло — не той настрой.
Пятра проста абражала такая няўвага сакратара райкома да ix, i ён, галодны, змораны, расстроены ўсімі нягодамі дня, перажываў надзвычай балюча. Ix жа магло прыехаць ажно восем чалавек — палавіна
Прапанаваў паехаць назад, дадому. Але падтрымаў яго адзін Грамыка: Бабкоў i Балотны, на здзіўленне яму, запярэчылі:
— Пачакаем. Анісім любіць праводзіць бюро сярод ночы.
Бабкоў яўна выпрабоўваў лёс: пранясе ці не пранясе навальніцу над яго сівой галавой? Наліха яму, каб кінулі пасля яшчэ адзін камень — уцёк ад бюро.
Шапятовіч зноў пачаў званіць на кватэру Анісімаву, старшыні райвыканкома Лешчуку, Лялькевічу. Трэці раз.
I на гэты раз Лялькевіч адказаў — толькі што вярнуўся з паездкі па раёне.
Заікаючыся ад хвалявання — так «узвінціў» сябе абурэннем, Шапятовіч пачаў тлумачыць сакратару, чаму яны тры гадзіны сядзяць у райкоме.
— Чакай, Пятро Андрэевіч, зараз сам прыйду.
З'явіўся мінут праз пяць.
Пятро ўбачыў яго, худога, у запыленых розных чаравіках: на здаровай назе навейшы, на пратэзе — стары, i чамусьці прыгадаў, як галодна ён каўтнуў сліну, калі Саша смажыла яечню. Таму, відаць, i пачаў з горкага прызнання:
— Але, я быў галодны. I не хаваюся: ішоў да Панаса паабедаць. Дык што — распяць мяне трэба на крыжы за гэта, як Ісуса? А мне напляваць, што цешча яго верыць у Бога. Абы, не шкадуючы, дала сала i яйкі!..
Лялькевіч не адразу зразумеў, што да чаго. Ведаючы Анісімава, ён здагадваўся, завошта той выклікаў ix сюды. Але Шапятовіч яўна пачаў не з таго.
Грамыка, баючыся, мабыць, што мал ад ы i наіўны сакратар ix у запале раскрые, як яны хаваліся ад Анісімава, перапыніў Пятра:
— Уладзімір Іванавіч, скажу праўду: я дык свядома даў адпачынак людзям i коням, бо ведаў, што больш патраціш энергіі, чым будзе тае працы ў такі дзень. Хіба так трэба змагацца з рэлігіяй?
— Захапіў вас Анісімаў за сталом?
Грамыка засмяяўся, па-змоўніцку міргануўшы Пятру:
— Не, не захапіў. Але вам прызнаемся: збіраліся пакарыстацца набожнасцю маёй цешчы.
Лялькевіч таксама засмяяўся:
— Чэрці…
I было гэта «чэрці» такое добрае, такое чалавечнае, што
адразу ўсім стала хораша i весела.
— Ну, вось што… Ганіце назад да цешчы. Я з Анісімам Пятровічам дамоўлюся. Але пастарайцеся, каб заўтра людзі былі ў полі. Хацеў я запрасіць вас на чай, але перадумаў: прыедзе Анісімаў — загляне i прыгадае вам Вялікдзень, сапсуе настрой. Ды ў цешчы, пэўна, ёсць штось больш істотнае за чай. А?
У адказ яны ўсе чацвёра зарагаталі.
Потым Пятро з раўнівай зайздрасцю падумаў, што, выходзіць, можна з людзьмі гутарыць вось так, як Лялькевіч, i яны, людзі, не зробяцца ад гэтага горшыя.
IX
У самую вялікую вёску — Панізоўе — пайшлі самі, Шапятовіч i Бабкоў. Веска цяжкая — бедная. Але ёсць у ёй такія «элементы», як называў ix Іван Дзямідавіч, на якія можна націснуць i падцягнуць падпіску, даць працэнты, а галоўнае — узяць наяўнымі, на што райком i райвыканком звярталі асаблівую ўвагу. Задание далі на сельсавет такое, што ўсе дваццаць
чалавек, сабраныя на інструктаж, уздыхнулі, як у адны лёгкія, пачуўшы пра суму. Але толькі ў полі Бабкоў даў волю абурэнню i смачна праскланяў раённае начальства за такую бяздумную кантрольную лічбу.Адзін з «элементаў» — поп. Да яго першага i пайшлі. Зайшлі з тылу, ад рэчкі, праз гарод; Іван Дзямідавіч ведаў усе сцяжыны. I захапілі святога айца знянацку — у тую хвіліну, калі ён высвятляў свае, відаць, даволі складаныя адносіны з пападдзёй. З хаты, моцна струхлелай, недагледжанай, адразу відаць, што ў жыльцоў не свая яна — чужая, вылятала прыглушаная, але даволі гучная, каб пачуць у двары, лаянка. Ды такая!..
— Пайшла ты са сваёй сястрой… — I мужчынскі бас так далека паслаў абедзвюх жанчын, што Шапятовіч войкнуў ад нечаканасці.
— А пацалуй ты нам…
Бабкоў схапіўся за жывот, скурчыўся ад смеху.
— Во гэта даюць святыя людзі! Ну, цяпер я з ix выцягну пару кругленькіх.
Мабыць, ix угледзелі, бо лаянка сціхла. Нешта грукнула, ляпнулі дзверы, пачуліся крокі ў сенцах. Не паспелі яны ўзысці на ганак — дзверы шырока адчыніліся, i поўная, але прывабная з твару кабета, апранутая проста, аднак па тым часе даволі нябедна i з густам, сустрэла ix ветлівай усмешкай:
— Іван Дзямідавіч!.. Калі ласка… Заходзьце. — I, праводзячы ў хату нечаканых гасцей, прасіла прабачыць: — Толькi не прыбрана ў нас. Айцец Міканор з горада прыехаў пад раніцу, дык адпачываў усё яшчэ.
Сапраўды, поп сядзеў на незасланым ложку i, чырванеючы ад натугі, нацягваў цесны бот. Нацягнуў — падняўся, расчасаў пяцярнёй чорную ўскудлачаную грыву i стаў падобны на старога рускага купца — у ботах, шырокіх нагавіцах, доўгай непадпяразанай белай кашулі. Але больш, чым па адзенні, падобны быў з твару: апухлы, пакамечаны, вочкі заплылі перапойнай цвіллю. Адразу відно, што служка Бога ніяк не праспіцца, не апрытомнее ад паслявелікоднага пахмелля.
Бабкоў, весела паціраючы кантужаную руку, падміргнуў Пятру: бачыш, які праведнік?
У сваю чаргу поп з пападдзёй таксама пачалі перагаворвацца паміж сабой мірганнем.
Старшыня перахапіў гэтыя сігналы, уміг расшыфраваў ix.
— Нічога не будзе, айцец Міканор! Мы людзі грэшныя, i ca святымі за стол садзіцца нам нельга.
— Іван Дзямідавіч, мы також людзі грэшныя, да прасціць нас Бог. — I поп размашыста перахрысціўся на кут, завешаны абразамі, перад якімі гарэлі дзве лампадкі.— А можа, возьмем па маленькай? Весялей справа пойдзе.
Пятру чамусьці нясцерпна захацелася зарагатаць, але, разумеючы, што гэта непрыстойна, ён натужліва стрымліваўся. А тут яшчэ гэты чорт Бабкоў! Колькі Пятро працуе з ім разам, а не ведаў, што стары такі гумарыст.
— У нас i так весела ідзе. Дзякуючы вашым малітвам. А малітвы вашы, між іншым, далека чуваць.
Поп бліснуў на жонку позіркам-маланкай; каб позірк мог спапяліць, то ад пападдзі, напэўна, астаўся б адзін успамін. Яна запунсавелася, адступіла за шырмачку, якая адгароджвала тое месца хаты, што адводзілася пад кухню.
Каб не пырснуць смехам, Пятро адвярнуўся i пачаў разглядаць абразы i ручнікі на ix з прыгожай вышыўкай.
A Бабкоў тым часам вёў наступление на папа:
— Агітаваць вас не трэба, айцец Міканор. Чалавек вы свядомы. Газеты чытаеце. Радыё слухаеце. — Іван Дзямідавіч кіўнуў на нямецкі прыёмнік, што стаяў на стале, пад абразамі.