Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Шрифт:

Капітан нейкі момант вагаўся, як бы жадаючы нешта сказаць i не знаходзячы патрэбных слоў, потым павярнуўся па-вайсковаму, шчоўкнуўшы абцасамі, i закрочыў, высока выкідваючы ногі, але дзверы за сабой зачыніў асцярожна, без груку.

Анісімаў усё тым жа шэптам, быццам баючыся, што звычайны голас можа нешта разбурыць у ім самім ці навокал, папрасіў Лялькевіча:

— Накапай ты мне валяр'яначкі.

Уладзімір Іванавіч ведаў, што аптэчка стаіць на падаконніку, за шторай. Наліў у шклянку вады, з піпеткі капнуў дваццаць кропель бурштынавага зелля.

Анісімаў выпіў, глыбока ўздыхнуў, крактануў i тады сказаў натуральным

гол асам:

— Сукін сын! Трапіў бы ён мне на фронце! — i з дакорам самому сабе, але не без задавальнення, паківаў галавой. — Чуць не сарваўся. Бачыў, як я трымаў нервы. Во, — i сціснуў кулакі.

— Дзякую, Анісім Пятровіч. Такая размова даўно наспела. Але трэба давесці да канца — напісаць у абком, у ЦК.

— Не люблю я такіх пісем. Але ў даным выпадку трэба, а то ад гэтага тыпа ўсяго можна чакаць. Сёння ж напішы.

Анісімаў падняўся з крэсла i ўжо зусім бадзёра i весела гукнуў:

— Дзе ён, гэты твой Шапятовіч? Тут? Кліч яго. Пагаворым.

Лялькевіч адчыніў дзверы, папрасіў сакратарку:

— Валя, паклічце з майго кабінета Шапятовіча.

Пятро, змучаны працяглым сядзеннем у пустым кабінеце, невясёлымі думкамі, увайшоў нясмела, разгублены. Спыніўся каля дзвярэй.

Анісімаў загудзеў:

— Ты што гэта — як мокрая курыца? Праходзь, сядай. Раскажы нам з Лялькевічам пра… багоў.

Пятро зусім сумеўся:

— Пра якіх багоў?

— Ну як жа! Тут адзін напісаў, што ты замест агітацыі i прапаганды партыйнай пра багоў расказваеш. A праўда. Сяўба ў калгасах бязбожна зацягваецца, а сакратар партарганізацыі бабам міфы расказвае. Тут ёсць над чым задумацца… Слухай, а чаго гэта ты публічна расплакаўся над лесам дзяцей Нізаўца? Мала ў цябе сірат вайны, удоў?

— Дзеці ёсць дзеці, Анісім Пятровіч. I яны не адказваюць за бацькоў,— за знешняй суровасцю слоў сакратара Пятро адчуў добры гумар, бацькоўскую ласкавасць i схаванае ўхваленне яго паводзін, а таму адразу акрыяў, пасмялеў i адказаў упэўнена, без той прыгнятальнай скаванасці, якая была ў першы міг i якую ён неаднойчы адчуваў раней перад

Анісімавым.

Ты мне прапісных ісцін не паўтарай.

— Дачка Нізаўца траціла на ўроках прытомнасць. А я сам бацька i педагог…

Сакратар наблізіўся, зазірнуў Пятру ў вочы, паківаў галавой:

— Цёрлі цябе, Шапятовіч, i на фронце, i ў партызанах i ніяк не прыцёрлі…

— Да чаго?

— Ідэаліст ты. А па твайму становішчу трэба быць рэалістам. Што ў вас было з інвалідам гэтым?..

— З Прышчэпам, — падказаў Лялькевіч.

— Нічога асаблівага. Чалавек быў не ў настроі, а мы з Бабковым прысталі да яго з падпіскай. Ён адмаўляўся. Бабкоў пагарачыўся, мацюкнуў. Той — яго. I ўсё.

— I ўсё?

— Ну, тузанулі адзін аднаго. Я разняў.

— I ўсё? А хто з вас балбатун — ты ці Бабкоў?

Пятро паціснуў плячамі.

— Сёння ж выганьце з сельсавета гэтага нямецкага курашчупа — Капыла. Каб духу яго не было! Ясна!

Пятра здзівіў такі нечаканы пераход.

Анісімаў заўважыў яго здзіўленне, сказаў:

— Уладзімір Іванавіч растлумачыць, што да чаго, — i глянуў на гадзіннік. — За тры дні каб «Асветнік» усё пасеяў, усё насенне. У пятніцу сам праверу. Мабілізуйце людзей на праполку. Правядзіце сходы. Работаць трэба, а не міфы расказваць! Ясна? — аднак хораша ўсміхнуўся, працягнуу руку i моцна сціснуў Пятрову, гарачую i потную ад нервовай узбуджанасці.— Ну, будзь здароў, карась-ідэаліст.

У мяне да чорта спраў.

Лялькевіч сказаў Пятру, калі яны перайшлі ў яго кабінет:

— Toe, што зрабіў стары, на фронце называлася — закрыць амбразуру, з якой маглі ўдарыць па табе. У Булатава адно слабае месца — Капыл. Толькі на гэтым ён можа пагарэць, — i пачаў ціха, па-сяброўску расказваць, што напісана ў капылоўскіх «інфармацыях» i якое заключэнне зрабіў той, каму яны пасылаліся.

— Булатаў умее страхавацца. Ён амаль пра ўсё дакладвае бюро райкома. Але ніколі не паказвае ніякіх дакументаў, i ніхто ix ніколі не патрабуе ад яго. Вераць на слова. Ніхто не адважыўся праверыць па сутнасці. На гэта ён разлічвае i заводзіць вось такія «справы». Паказвае, які ён пільны вартавы партыі i народа. Вось глеба той бескантрольнасці, пра якую мы з табой гаварылі. Помніш — у цябе ў хаце?

Пятро слухаў, ашаломлены.

У дзверы пастукалі, i ў кабінет увайшла… Саша, расчырванелая, з дзіўным бляскам у вачах.

— Ты тут? — спытала не то вельмі ўзрадаваная, не то яшчэ больш здзіўленая.

Пятра яе з'яўленне спалохала, бадай, больш, чым усё, што адбылося дагэтуль.

— Саша?! Як ты сюды?.. Табе ж трэба ляжаць!

— А мне не ляжалася, — прызналася яна i тут жа засаромелася Лялькевіча.

Той усё зразумеў i заключыў:

— Добра, Пятро Андрэевіч, дагаворым пасля. Я прыеду да вас.

Яны сышлі з райкомаўскага ганка, як дзеці, узяўшыся за рукі. Нікога не бачылі, нічога не чулі.

Толькі на вуліцы Пятро схамянуўся:

— Ты пехатой?

— Мне так страшна стала, калі ты пайшоў. Я сабралася — i следам.

— Ды як ты магла! Во дурная! Зусім хворая яшчэ. Вярнуся — папрашу ва Уладзіміра Іванавіча машыну.

— Не, не трэба. Я зусім хораша сябе адчуваю. Цяпер нам няма чаго спяшацца. Хадзем ціхенька.

* * *

I вось яны адпачываюць. Недалёка ад райцэнтра. Чуваць, як на станцыі пыхкае паравоз. Там, на станцыі, яны купілі ў гандлярак тварагу i халодных бульбянікаў. Паабедалі. I так хораша ім!

— Хто б мог падумаць — Капыл! Такі ціхенькі, ласкавы…

— Ласкавы! Падлюга — да смерці падлюга. Цяпер я не сумняваюся, што ён такі выдаў партызана.

— Анісімаў сказаў: «Ганіце сёння ж з сельсавета. Каб духу яго не было!» I нас папракнуў: «I вы лапухі».

— Ды i лапухі. Добранькія. Бабкоў i ты. Грэлі гадзюку.

Пятро ляжыць пад абветранай шурпатай сасной. Саша

сядзіць побач. Ён трымае яе руку. Ён не выпускаў яе рукі, пакуль яны ішлі ад райцэнтра. I цяпер таксама. Яму, як ніколі раней, хочацца адчуваць яе блізкасць, цеплыню. Гэтае адчуванне, галіны сасны, што гойдаюцца ад ветру, i неба — то бяздонны блакіт, то хмаркі, цямнейшыя ці святлейшыя, — як усё i хораша супакойвае i неяк па-новаму хвалюе, вяртаючы паўнату той светлай радасці жыцця, якая з'явілася год назад, у Дзень Перамогі.

Сасна гэта была неаднойчы паранена сякерамі, нажамі хлапчукоў. На свежай ране-лысіне — буйныя, як слёзы, празрыстыя кроплі смалы. Яна моцна пахне, смала, але гэта пах жыцця, вясны.

Пятро на поўныя грудзі ўдыхае водар хвоі i траў, што прыносіць цёплы вецер. Заплюшчвае вочы. Сашы здаецца, што ён заснуў. Яна маўчыць.

— Ты ведаеш, Сашок, я ўсё-такі збудую свой мост!

Яна адказвае не адразу.

— Я сядзела i думала: а можа, праўда, нам пераехаць куды-небудзь на будаўніцтва?

Поделиться с друзьями: