Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Шрифт:

Капыл i Бабкоў зарагаталі.

Іван Дзямідавіч, выпіўшы, адразу аджыў, павесялеў, забыўся на ўсе непрыемнасці дня.

Пятро зайздросціў яму.

— Пі, Пеця! Не шкадуй. У Халімона гэтай атруты хопіць! Забыўся, пра што дамаўляліся?

— Пра што?

— «Накапыліцца». Ха-ха…

— Ну што ж… Давай «накапылімся».

Гаспадар засакатаў, запырскаў ліслівым смехам, а дачцэ яго гэта яўна не спадабалася — яна скрывіла тонкія вусны, зняважліва хмыкнула.

— За хімію, Марыя Халімонаўна. Без хіміі было б сумна жыць.

Яна глядзела на яго насцярожана, з падазронасцю —

ці няма тут якога падэсця? Відаць, не адразу зразумела, што ён мае на ўвазе.

Пятро, чакаючы з узнятай шклянкай, растлумачыў:

— Чым было б павесяліць душу, каб не хімія?

— От праўдачка ваша, — сакатаў стары Капыл.

Марыя Халімонаўна ўсміхнулася, прыветліва чокнулася. Пятро залпам выпіў паўшклянкі спірту, неразбаўленага. Абпёк горла. Як сляпы, пачаў мацаць па стале конаўку з вадой. Марыя Халімонаўна сунула конаўку яму ў руку. Ен прагна выпіў ваду.

— Капустай закусвайце, капустай. — Яна шчодра наклала яму з глінянай міскі ў пажаўцелую ад часу талерку капусты.

Пятро пачаў есці, i — капуста спадабалася яму, зноў адчуўся голад. Капуста прыпраўлена цыбуляй, скрылькі цыбулі сакавітыя i надзіва салодкія. Ён паволі выбіраў ix відэльцам.

— Ды бярыце ж вы сала, кілбасу, Пятро Андрэевіч. — Марыя Халімонаўна сама, сваім відэльцам, наклала яму гapy рознай закускі. I тады яго зноў апанавала злосць. Ён баяўся падняць галаву, каб не выдаць сябе, такога свайго стану. Пачаў нехаця есці, але больш налягаў на капусту. А тут, як на тое, гаспадар пачаў скардзіцца, што Федзька Балотны, старшыня калгаса, чапляецца да яго: сядзібу перамераў, лішнія соткі знайшоў, пяць сотак нейкіх, пагражае абрэзаць.

«Які ён вам Федзька? Ён — Фёдар Іванавіч Балотны, стары, паважаны i прынцыповы чалавек!» — хацелася крыкнуць Пятру. Але сцярпеў. Хрумстаў, як конь, капусту.

— Я спіны не разгінаю, яна вось таксама. За тры кіламетры штодня на работу ходзім. Аднаго абутку таго колькі стопчаш па гразі ды па пяску. Гэта яе настаўніцкія соткі. Што ж, выходзіць — будзем абразаць нашу анцялягенцыю?

— Разбяромся, разбяромся, скажам гэтаму Балотнаму, чорту, — лагодна бубніў Бабкоў.

Пятро зразумеў: стары хітрун ведае цану капылоўскім скаргам, але, як добры госць, гладзіць гаспадара па шэрсці.

Яна, Марыя Халімонаўна, здзекліва хмыкнула:

— Сапраўды «балотны чорт»!

Пятро паглядзеў на яе, падумаў: «Што? Не ўдалося купіць яго?»

Яна расчырванелася, вочы заблішчалі. I ўпершыню Пятро ўбачыў, што пры непрыгожым капылоўскім твары ў яе прыгожая шыя, белая-белая, пяшчотная, i грудзі — поўныя, ажно распіраюць кофтачку. I ён пачаў з п'янаватай бесцырымоннасцю глядзець на яе грудзі.

Усё больш нахабнічаў стары Капыл — не прасіў, ужо амаль патрабаваў, каб усе сталі на абарону яго, пакрыўджанага:

— Мы з табой, Іван Дзямідавіч, — улада савецкая… А гэтыя, балотныя… Ім толькі папусціся, дык яны i табе на галаву сядуць. Не давай у абіду сваёй правай рукі!.. Чуеш? I будзеш ты за мной… У мяне таксама рука ёсць…

— А як жа — не даюць! — зноў адгукнулася настаўніца. — Ячмень дзялілі — усяму актыву ёсць, а Капылам — не, i сакратару i педагогу. Яны, бач, багатыя.

«I ты пакрыўджаная?» — ужо

без ранейшай раздражнёнасці, а са здзіўленнем хацелася спытаць Пятру. Не спытаў. Сам адказаў: «Але, пакрыўджаная!» — i буянства яго раптоўна перайшло ў нейкую новую стадыю — з'явілася яшчэ больш недарэчнае i дзікае жаданне: не ламаць фікусаў, а зламаць яе, гэтую пераспелую смакоўніцу, скамячыць поўныя, тугія грудзі, нацалаваць ix да сінякоў.

Уяўленнем пра гэта цалаванне распальваў сябе. Імпульсы нейкіх біятокаў, мабыць, даходзілі да яе, бо яна запунсавелася ўся, занервавалася. Прапанавала выпіць раз, другі. Нешта прыбрала са стала, нешта прынесла. Сядзела як на іголках. Нарэшце схапіла апусцелую міску.

— Я прынясу яшчэ капусты.

— Я пасвячу. У мяне ёсць ліхтарык.

Старыя, занятыя сваёй размовай, не звярнулі ўвагі на ix. Пятро выйшаў следам за ёю i адразу за дзвярамі на ганку абняў. Строгая, правільная, недачэпа, яна выпусціла міску i пачала цалаваць яго сама. Ён расшпіліў кофтачку, дабраўся да грудзей…

Яна шаптала, задыхаючыся:

— П-пе-еця! П-пе-цечка!.. Не ц-ця-пер… Пасля. Заначуйце ў нас. Заначуйце…

Словы гэтыя яе — як удар: адразу, уміг, наступіла поўнае працверазенне. Раптам здалося, што ён цалуе брыдкую вусатую морду старога Капыла. Ён адхіснуўся, адступіў ад яе.

— Ідзі па капусту.

— Пасвяці.

— Няма ў мяне чым свяціць!

Яна нахілілася, знайшла ў цемры міску, шчасліва засмяялася i ўпадскок, як дзяўчынка, пабегла пад павець, да склепа.

Пятро вярнуўся ў хату. I з парогa пачуў, як моцна захмялелы Бабкоў расказвае Капылу:

— …дык ён, гад, мяне загрудкі… Ах ты, бандыт! Мала што…

Пятра ўсяго скаланула! Ішлі сюды — дамовіліся: пра здарэнне з Прышчэпам нікому ні слова.

«Што ж ты, стары дурань, робіш?»

— Хто цябе хапаў загрудкі? — спытаў Пятро.

— Як хто? Ён… гэты бандзюга… аднарукі…

— Ну, ты дапіўся, Іван Дзямідавіч. Поп хацеў цябе схапіць. Поп! Ды ты яго схапіў…

— Поп? — недаверліва спытаў Капыл.

П'яны, гад, быў… у рызу. На нагах не трымаўся.

— П-оп? — здзівіўся Бабкоў, вылупіўшы вочы, але, мабыць, бліснуў прамень у яго затуманенай галаве, нешта ўспомніў, пра нешта здагадаўся, пакруціў галавой, засмяяўся — Поп! Вот змей нястрыжаны! Але грошы — во! — Ён паляпаў па сумцы, якая ляжала на ўслоне побач.

— Пайшлі дадому! Хопіць!

— Пайшлі,— нечакана адразу згадзіўся старшыня i падняўся.

Капыл замітусіўся:

— Яшчэ па адной, Іван Дзямідавіч!.. Ай-яй, усё ж некранутае. Кілбаска, сальца… Маруся!

— Заўтра рана весткі ў раён трэба адаслаць.

— Дык гэта ж я i адашлю. Чуць развіднее — i я ўжо буду на рабоце. Хіба першы раз. Калі трэба, дык трэба. Пераспім i разам пойдзем.

Бабкоў завагаўся, яму хацелася выпіць яшчэ. Але Пятро падумаў пра Сашу, успомніў сваё шалёнае жаданне, бессаромную падатлівасць яе, гэтай… ханжы, i яму захацелася як мага хутчэй выбрацца з Капыловай хаты. Цяпер ён баяўся другога «граху»: каб не вырвалася яго антыпатыя да гаспадара, да яго дачкі… Навошта выяўляць яе? Разам працаваць… Спірт можа такога нарабіць, што сам сабе будзеш брыдкі пасля.

Поделиться с друзьями: