Трывожнае шчасце
Шрифт:
У заключнай аповесці «Мост» (1963) героі ўступаюць у новую паласу жыцця. Пісьменнік паказвае, як пасля вайны людзі вярталіся да працы, уключаліся ў адбудову вёскі, наладжвалі побыт. I. Шамякін не прыхарошваў рэчаіснасць, імкнуўся праўдзіва паказаць жыццёвыя цяжкасці i праблемы, нават завастраў ix. Тагачасная крытыка аддавала пісьменніку належнае за творчую смеласць. «Праўда жыцця вымагала ад аўтара пэўнай рызыкі i пэўнай мужнасці, яна ж патрабавала немалое «аддачы» аўтарскага таленту…» — пісаў В. Быкаў у рэцэнзіі пад красамоўнай назвай «Улада праўды» (1965).
Рэальныя складанасці часу i жыцця, ix драматызм востра бачыць старшыня калгаса Панас Грамыка, які спрабуе зразумець прычыны такога стану рэчаў, калі «і ворага няма перад табою, хіба пагода адна ды вось запусценне ваеннае, a ідзем мы — не ідзем, а тыцкаемся, як сляпыя… Без компаса, без разведкі… Ніхто разумнай каманды не можа дадь…» Шапятовіч хоць i не здольны гэтак жа крытычна ўспрымаць рэчаіснасць, але ён пагаджаецца з меркаваннямі Грамыкі. Не заўсёды, аднак, ён намагаецца праверыць словы жыццём,
У абставінах пасляваеннага жыцця яшчэ глыбей раскрываецца асоба Сашы. Яна пастаянна «на візітах», г. зн. наведвае хворых, з сардэчнай чуласцю ставіцца да людзей, i тыя таксама шануюць сваю фельчарку. A галоўнае — Саша поруч з мужам, клапоціцца пра сваю сям'ю як штосьці самае дарагое i незаменнае ў свеце.
А. Адамовіч адзначаў, што «аповесць у цэлым настройвае чытача на роздум куды больш глыбокі i сур'ёзны». Роздум гэты датычыць пакалення, якое мужна перанесла «агонь i снег» вайны i не страціла сваёй чалавечнасці, якое прасвятлілася радасцю перамогі i ўсклала на свае плечы цяжар пасляваеннага жыцця, якое не спасавала перад нягодамі, выстаяла, вытрымала ўсе выпрабаванні i засталося адданым высокім ідэалам свайго юнацтва i маладосці. Роздум выводзіць нас да важных філасофскіх з'яў i паняццяў — сям'я, народ, радзіма, шчасце, каханне, абавязак, вернасць… «Народ — такая сіла, што ўсё адужае», — адна з жыццёва значных думак, па-мастацку сцверджаных у творы.
Стыль пісьменніка ў «Трывожным шчасці» ўражвае шырынёй дыяпазону, ён спалучыў вытанчаны лірызм i рэалістычна-аналітычнае даследаванне жыцця, псіхалогіі чалавека. Асаблівую адметнасць кнізе аповесцей надаюць пейзажныя малюнкі — паэтычныя, вобразныя, жывапісныя. Краявіды i чалавек у Шамякіна — гэта адзінае арганічнае цэлае, таму прырода дапамагае выявіць настрой герояў, ix характар, думкі i адчуванні, глыбока духоўныя адносіны аўтара да свету.
«Трывожнае шчасце» — першая пенталогія ў нацыянальнай мастацкай прозе — стала адным з самых значных творчых дасягненняў I. Шамякіна i ўсяго беларускага слоўнага масгацтва XX стагоддзя. Аўтар называў яе сваім любімым творам. Гэтаё пяцікніжжа — своеасаблівае літаратурнае Евангелле ад беларускага пісьменніка-гуманіста пра духоўную годнасць i трываласць сапраўдных людзей, ix глыбокую адданасць вечным каштоўнасцям жыцця.
Алесь Бельскі,
доктар філалагічных навук, прафесар
Непаўторная вясна
І
Пятро прагаласаваў. Машына не спынілася. Мабыць, выгляд падарожнага не зрабіў на шафёра належнага ўражання. Але сам пасажыр думаў аб сабе інакш: у свае васемнаццаць год ён быў поўны высокіх мараў і надзей, без гонару і зазнайства лічыў, што ён чалавек цікавы і апрануты для студэнта прыстойна, а таму мае права на ўвагу людзей. Аднак ён не пакрыўдзіўся і не ўзлаваўся, хоць і не першы вадзіцель так няўважліва праехаў міма. Правёўшы позіркам машыну, ён зноў з прыемнасцю разлёгся на прыдарожнай лаўцы ў цені сосен, паклаўшы галаву на свой пацёрты цыратавы партфелік, напакаваны марамі, надзеямі і рознымі думкамі гэтак жа поўна, як і галава студэнта. Але ў партфелі яны ляжалі ў выглядзе дзённікаў, у якіх добрая палавіна розных здарэнняў і падзей была выдумана, і вершаў — простых, наіўных, але шчырых, бо ўсе яны прысвячаліся ёй.
Пятро ляжаў на спіне і глядзеў у бяздонны блакіт яснага жнівеньскага неба. Ён думаў пра яе. Здараецца, што бывае цяжка ўявіць дарагія рысы блізкага чалавека, калі вельмі хочаш гэта зрабіць. Але сёння Саша ўяўлялася так ясна, быццам увесь час стаяла перад ім, пакуль ён ляжаў тут, за горадам, чакаючы спадарожнай машыны. Можа, праз гэта хлопец і не надта спяшаўся хутчэй дабрацца да месца: хораша думаць так! Не, ён марудзіў і не пабег трыццаць кіламетраў пехатой адразу з цягніка, як часта рабіў гэта пазней. У душы было тое дзіўнае пачуццё, якое мы часта перажываем, асабліва ў юнацтве, калі разам з моцным жаданнем, з імкненнем хутчэй дасягнуць мэты пасяляюцца трывога, няўпэўненасць. Трывогу гэтую адчуваў і Пятро. Адна рэч — сустракацца вечарамі на адной з цёмных вуліц Гомеля, гаварыць аб самых высокіх матэрыях, цалавацца і зусім іншае — прыехаць да яе ў вёску, на кватэру, дзе яна сама гаспадыня. Да таго ж тры месяцы, якія яны не бачыліся, здаваліся яму вельмі доўгім тэрмінам. Колькі сплыло вады за гэты час! Ён ездзіў на практыку ажно ў Сібір і вярнуўся па-ранейшаму студэнтам, а яна скончыла школу і паехала на працу вось у гэтую далёкую вёску, куды яму трэба неяк дабрацца. Яна ўжо самастойны чалавек, фельчар, у яе новыя знаёмыя — колькі ў вёсцы настаўнікаў і іншых хлопцаў! Непрыемнае пачуццё запякло ў грудзях — наіўнае і страшнае пачуццё беспадстаўнай рэўнасці. Чаму яе два пісьмы былі такія кароткія? «Даруй, няма вольнай хвілінкі». Здавала экзамены — знаходзіла
час пісаць па некалькі старонак. А тут, у вёсцы, раптам не хапае часу, быццам ва ўсім сельсавеце — адны хворыя. Праўда, яна сама яго запрасіла ў апошнім пісьме прыехаць у госці. Але якое гэта запрашэнне — адзін сказ у канцы, як бы між іншым, для ветлівасці; можа, спадзявалася, што ён не адважыцца прыехаць. Пятро ад такіх думак ажно ўсхапіўся і абышоў вакол лаўкі. Ён пачаў думаць аб той нечуванай у гісторыі чалавецтва страшэннай помсце, якую ён здзейсніць, калі — не дай Божа! — яна здрадзіць яму.Крыху супакоіўшыся, ён лёг зноў. Перад ім лёгка гойдалася галлё сосен. Над самым вухам пранізліва закрычаў паравоз — побач праляскаў таварны састаў. Пятро ўсміхнуўся: жахі зніклі, ён зноў бачыў яе вочы, блакітныя і ласкавыя, адчуваў на вуснах цеплыню яе пацалункаў. Не, яна добрая, шчырая, і яна кахае яго назаўсёды.
Пачуліся галасы і смех, ён схамянуўся. Вялікая група жанчын з кошыкамі, бітонамі і чаравікамі ў руках вярталася з горада і таксама размясцілася адпачыць пад соснамі.
— Цёткі! Да Холмеч далёка? — баючыся натрапіць на людзей з той вёскі, дзе працуе яна, яго Саша, бо такія людзі абавязкова пачалі б дазнавацца, да каго ён едзе, Пятро хітра пытаўся пра адлегласць да суседняга мястэчка. Пытаўся проста так — для забаўкі, бо ўжо дакладна ведаў ад гаваркога стрэлачніка, колькі кіламетраў не толькі да Холмеч, але да кожнае вёскі па гэтым шляху.
— Да вечара паляжы — бліжэй будзеш, — засмяялася адна з маладзіц.
— Відаць, дадому так спяшаецца, а маці недзе чакае не дачакаецца, — з дакорам сказала старая. Мабыць, яны бачылі яго тут, на гэтай лаўцы, калі яшчэ ехалі ў горад, бо самая маладая зноў пажартавала:
— Да нявесты нябось даўно пяшком дабег бы.
Словы яе ўкалолі хлопца, яму стала сорамна за тое, што ён ляжыць. Пятро ўзяў партфелік і адышоў убок, каб не чуць іх смеху і жартаў. Але неўзабаве пад'ехаў і спыніўся грузавік, і жанчыны, загрымеўшы бітонамі, пачалі шумна залазіць у кузаў. Пятро падышоў і спытаў у шафёра, ці можна пад'ехаць.
— Пяць рублёў, — буркнуў тоўсты чырванатвары чалавек, больш падобны на дырэктара маслазавода, чым на шафёра.
Гэта было дорага, а тым больш для беднага студэнта, у якога ў кішэні ляжала ўсяго нейкая дзесятка; за гэтыя грошы яму трэба было вярнуцца са свайго няблізкага падарожжа назад. Таму ён уедліва сказаў чырванатвараму вадзіцелю:
— Дзякую за ласку, — і рушыў назад, да пераезда.
Жанчынам, мабыць, стала шкада юнака. Яны нешта сказалі шафёру і паклікалі:
— Ідзі садзіся. Чаго там! Можа, пасватаешся да нашых дзяўчат!
Шафёр таксама лагодна крыкнуў:
— Гэй, ты! На гонары далёка не паедзеш! Садзіся. Давязу.
Пятро не азірнуўся. Толькі калі машына рушыла і крыху асеў пыл, ён павярнуўся і шпарка закрочыў следам за ёй, туды, дзе канчаўся невялікі сасняк і адкрывалася шырокае поле.
Хто ішоў па дарозе ад Рэчыцы на Лоеў, той ведае, якая гэта сумная і цяжкая дарога, асабліва ў летнюю спёку. Яна цягнецца па голай, як стэп, раўніне і нават першыя трыццаць кіламетраў — да Холмеч — абмінае зялёныя аазісы вёсак, дзе падарожны мог бы напіцца з калодзежа сцюдзёнай вады і адпачыць у цені вербаў ці вішняку. Ні дрэўца, ні кустоў, ніводнай рачулкі, ёсць некалькі равоў, па якіх сцякае ў Дняпро вясновая вада, ды ў жніўні яны заўсёды сухія. Але самае пакутлівае на той дарозе — гэта ўвесь час бачыць недалёка злева густую сцяну лесу, а з узгоркаў, бліжэй да лесу, паміж яркай зеляніны лугу, — паласу вады, што спакусліва паблісквае на сонцы. Але да Дняпра — два-тры кіламетры. І, вядома, не ў кожнага пешахода хапае волі падоўжыць свой шлях на некалькі кіламетраў, каб пакупацца. Раней дарога вяла паўз самы Дняпро, праз вёскі Жмураўка, Заспа, Левашы, але нейкі дарожны начальнік, які, мабыць, ніколі не хадзіў пехатой, вырашыў пракласці яе полем, каб зрабіць больш простай, кароткай і нібыта больш праезджай вясной і ўвосень. Ды ад гэтага яна не стала ні карацейшай, ні больш праезджай у непагоду. Добра, што ў наш шчаслівы час, калі ўсюды столькі машын, нават закаханыя паэты не ходзяць пехатой. А ці добра? Прайсці аднаму па добрай дарозе і ў добрым настроі — хіба не прыемна гэта? Колькі перадумаеш усяго, як хораша памарыш, паспрачаешся са сваімі праціўнікамі! А колькі варыянтаў новай рэчы — я маю на ўвазе нашага брата, пісьменніка, — можа з'явіцца ў выніку гэтага роздуму, колькі нечаканых і цікавых сюжэтных ходаў раптам знаходзіш. Ніхто табе не перашкаджае, ты можаш размаўляць са сваімі героямі, гаварыць за іх, прыслухоўвацца да іх галасоў, спяваць, не маючы слыху, складаць вершы, не маючы таленту, — адным словам, можаш рабіць, што хочаш. Амаль нідзе не адчувае чалавек сябе больш вольным, як у дарозе, і асабліва сярод шырокага поля, калі ўсё відаць далёка навокал і ты ўпэўнены, што ніхто не чуе тваіх думак.
Пятро, як і кожны ў яго гады, быў паэт у душы, і ў яго хапіла занятку на добрую палавіну дарогі. Ён не заўважаў ні спёкі, ні аднастайнасці пожняў, ні пылу, нават Дняпро не вабіў яго. Першая празаічная рэч, на якую ён мусіў звярнуць увагу, былі ўласныя парусінавыя чаравікі. Пра іх нельга было не падумаць, бо гэта была самая ненадзейная частка яго ўбрання. Пятро прысеў на запыленую ўзбочыну, разуўся і, загарнуўшы чаравікі ў газету, паклаў іх у партфель побач са сваім духоўным скарбам.
Але самы шчаслівы закаханы і самы натхнёны паэт урэшце стамляецца. Тады знікае жаданне марыць, чалавек пачынае чытаць лічбы на кіламетравых слупах і адразу заўважае, якая па сутнасці гэта аднастайная і цяжкая дарога і як гола і сумна на полі ў жніўні: убрана збажына, пажоўк бульбоўнік, пачарнела няскошаная грэчка.