Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Шрифт:

У Пятра гэтая стомленасць прыйшла разам са смагай — вельмі захацелася піць. Ён дастаў кавалачак хлеба, які захапіў тайком у сталоўцы ў час снедання, адкусіў і доўга трымаў у роце, смакуючы салёна-салодкую мякаць.

Але калі ён вызначыў па слупах, што патрэбная яму вёска ўжо недалёка, то адразу забыўся на стомленасць і смагу; іншыя турботы апанавалі яго: нельга паявіцца перад Сашай у такім выглядзе — запыленым, з бруднымі рукамі і нагамі, засмяглымі губамі. На шчасце, яму ўдалося знайсці пад адным мостам цераз роў лужыну дажджавой вады. Наўрад ці згадзіўся б ён у іншых абставінах мыцца ў такой вадзе, але тут іншага выйсця не было. Пятро

старанна выбіў пыл са штаноў і някепска памыўся.

У поўнай форме — зашпілены на ўсе гузікі, абуты — набліжаўся ён да вёскі, ахутанай залатым пылам: заходзіла сонца, вяртаўся з поля статак. Боязь і радасць, трывога і лепшая надзея, няўпэўненасць і юнацкая задзірыстая рашучасць перамяшаліся ў дзіўнае і вельмі салодкае пачуццё. Нялёгка было яму спытаць у жанчыны, якая вельмі цікаўна аглядала яго, дзе кватаруе фельчарыца Траянава. Жанчына паказала на вялікую хату са старым клёнам пад акном.

У двары Пятра сустрэла дзяўчынка год васьмі, якая на ганку скрэбла бульбу.

— Скажыце, Саша дома? — нясмела спытаў Пятро, быццам перад ім была не малая, а нехта сталы і суровы з выгляду.

— Хто? — не зразумела дзяўчынка.

— Аляксандра Фёдараўна, Траянава, — яшчэ больш разгубіўся хлопец.

— А вунь — у садзе, — і гукнула: — Цёця Шура! Да вас прыйшлі!

Пятро ўподбег кінуўся ў сад, нібы спалохаўся, што Саша можа некуды знікнуць.

Саша ў знаёмай сукенцы ляжала пад яблыняй і чытала. Яна не ўзняла галавы, быццам нічога не чула. Пазней, значна пазней яна прызналася, што ўбачыла Пятра яшчэ за вёскай, на дарозе, і таксама спалохалася. Нават спачатку падумала схавацца, а дачку гаспадыні папрасіць, каб тая сказала, што яе няма дома. Але, зразумеўшы, што гэта і наіўна, і непрыгожа, і жорстка, яна, каб не выдаць свайго страху, свайго хвалявання, засталася ляжаць, глядзець у кнігу і слухаць спалоханыя ўдары ўласнага сэрца, размову Пятра з Нінкай, яго паспешлівыя крокі.

Пятро спыніўся за колькі крокаў ад яе. Недзе ў глыбіні душы ўспыхнулі крыўда і рэўнасць. «Пісала, што часу няма, а сама ў садзіку кніжачкі чытае». Але крыўду гэтую захліснула гарачая хваля пяшчоты. Ён шэптам паклікаў:

— Саша!

Яна ўзняла галаву і шырока расплюшчыла свае вялікія прыгожыя вочы; у водсвеце вячэрняй зары зусім пунсовым зрабіўся яе твар.

— Ты-ы?

Пятра ашаламіла такое яе здзіўленне, і ён стаяў разгублены, бездапаможны, варты жалю.

Саша зразумела, што ён адчувае, і хутка ўзнялася, села на коўдры, на якой ляжала, паправіла сукенку і працягнула руку:

— Ну, добры вечар. Будзь госцем.

Ён паціснуў яе руку і зморана апусціўся побач.

— Стаміўся? — І гэтае яе такое простае і ласкавае запытанне расчуліла да слёз сапраўды страшэнна зморанага хлопца. Ён з удзячнасцю паглядзеў на Сашу затуманенымі вачамі і, не маючы сіл вымавіць слова, прыпаў вуснамі да яе рукі. Але яна адняла руку і адсунулася ад яго.

— Не трэба. Нінка падглядае… І наогул — ведаеш што?.. Ты будзеш маім братам…

— Братам?

— Але, я скажу, што ты мой брат.

— Навошта?

— Я не хачу, каб у вёсцы загаварылі, што да доктаркі прыязджаў жаніх.

Раней яна ніколі не гаварыла такіх слоў, як «жаніх», «нявеста»: юнацтву яны здаюцца занадта грубымі. Але цяпер слова гэтае не абразіла Пятра, а, наадварот, узрадавала, і ён ахвотна згадзіўся:

— Добра. Буду братам… кім хочаш, абы толькі быць з табой, Сашок.

— Я не думала, што ты прыедзеш. Хоць мне вельмі-вельмі хацелася,

каб ты прыехаў… Ты галодны, праўда? — магчыма, ад разгубленасці ці адчування сваёй віны перад ім яна рабіла такія нечаканыя пераходы.

Некалі ён кляўся, што ніколі не скажа ёй няпраўды. Але тут чамусьці схлусіў:

— Не, я абедаў нядаўна ў Рэчыцы. Я на машыне ехаў.

Саша шпарка падхапілася і ўзяла ў адну руку яго партфель, у другую коўдру.

— Хадзем у хату, — і гарэзліва бліснула вачамі. — Ты прывёз дзённікі, праўда? — Яна любіла чытаць яго дзённікі, хоць верыла не ўсяму ў іх.

Па дарозе падскочыла і сарвала яблык. Дзіўна, але гэта неяк адразу супакоіла Пятра. У першыя хвіліны ў яго з'явілася адчуванне, што за тры месяцы, як яны рассталіся, Саша вельмі змянілася, пасталела і ад гэтага як бы стала больш далёкай і чужой. Адчуванне такое палохала яго. І раптам па тым, як яна сарвала яблык, ён пазнаў сваю Сашу. Некалі на спатканнях яна часта рабіла так: сярод сур'ёзнай размовы аб самых высокіх матэрыях раптам падскаквала, зрывала каштан, ці галінку ліпы, ці проста ліст, клала яго на руку і «страляла». Або, калі яны часам выходзілі ўвечары за горад, раптам прапаноўвала: «Давай навыперадкі!»

А як хораша адчуў сябе юнак, калі яны селі за стол, адно супроць аднаго, і пачалі есці пахучае халоднае малако з чорным хлебам, у якім трапляліся неразмолатыя зерні і хрумсцелі на зубах. Як шмат хто ў яго ўзросце, Пятро ў кожнай з'яве шукаў сімвалічнага. Дагэтуль ён ніколі не сядзеў з ёй за адным сталом. За два гады амаль штодзённых сустрэч у іх ні разу нават і думкі не ўзнікала, каб зайсці разам у сталоўку ці рэстаран. Не, яны нават у кіно не хадзілі: Саша ўпарта не згаджалася. Пасля яна прызналася, што саромелася свайго беднага ўбрання: яна была з беднай сям'і, расла без маці.

І вось яны сядзяць за адным сталом. Пятро не зводзіў позірку з твару дзяўчыны. У хаце гусцеў змрок, але ён бачыў яе любыя вочы, цяпер яны глядзелі ласкава і закахана. Яна падлівала малака і ціха прасіла:

— Пі. Не саромейся. Дзіўны ты які.

Ён не пытаў, чаму дзіўны, ды яна і не змагла б адказаць. Ёй было радасна, што ён прыехаў, што не толькі гучнымі словамі ў пісьмах, вершах і дзённіках, але справай даказваў сваё шчырае каханне. Але было і неспакойна на душы. Яна з трывогай чакала гаспадыні.

І гаспадыня нарэшце прыйшла. Гэта была жанчына год трыццаці пяці, худая, рухавая і не вельмі гаваркая. Муж яе трагічна загінуў на лесараспрацоўках. Яна засталася з двума дзецьмі, працавала даяркай у калгасе, і сям'я жыла не горш за тыя, дзе былі мужчыны. Дачка, безумоўна, паведаміла ёй яшчэ на вуліцы, што «да цёці Шуры прыехаў брат». Гаспадыня стрымана прывіталася кароткім расейскім «здрасте» і хуткім позіркам агледзела з галавы да ног невысокую шыракаплечую постаць хлопца.

Саша збянтэжылася і няўпэўнена сказала:

— Знаёмцеся, Аня, гэта мой брат.

Рук адно аднаму не падалі. Пятро разглядаў гаспадыню без асаблівай цікавасці. Яны сабраліся з Сашай пайсці пагуляць за вёску, далей ад людскога вока, і ён хацеў, каб хутчэй скончыліся ўсе гэтыя фармальнасці. «Гаспадыня як гаспадыня, і што ёй да ўсяго іншага?» — разважаў ён.

Вусны жанчыны скрывіліся ў іранічнай усмешцы:

— Брат?

Нават пры слабым святле лямпы было відаць, як успыхнуў Сашын твар: яна ўспомніла, што яшчэ напачатку расказала гаспадыні ўсё пра сваіх сястру і малога брата, нават паказала фотакарткі. І яна ўдакладніла ўпаўшым голасам:

Поделиться с друзьями: