Трывожнае шчасце
Шрифт:
— Выбівайце ж! — закрычаў маёр.
Угары зноў зараўлі маторы. Я задраў галаву і… зноў убачыў усё тыя ж крыжы… Злавесныя крыжы! I нейкая неразумная, адчайная рашучасць апанавала мяне ў гэты міг: усё адно ад чаго паміраць! Адступіўшы, праўда, крыху ўбок, з усёй сілай штурхнуў баннікам у снарад. I застыў, чакаючы, што здарыцца: разнясе мяне ўсяго ці толькі адарве рукі? Нічога не здарылася. Цяжкі унітарны патрон вылецеў з магазіна. Маёр злавіў яго i перадаў сяржанту. Потым, глянуўшы ўгору, закрычаў мне, але ўжо не ўладарна, не злосным, а ўстрывожаным голасам:
— Назад! У катлаван!
Я выхапіў баннік, i ён… пераламаўся недалёка ад маіх рук, а з-пад ног у мяне, ад камення, пырскнулі іскры. Я ў жаху адкінуў абломак і, паваліўшыся на зямлю, скаціўся
Маёр падхапіў мяне на рукі.
— Ранены, таварыш курсант?
Ён спытаў так па-чалавечы хораша, ласкава, што я нічога не мог адказаць — праглынуў салены камяк. Як маленькаму, захацелася прытуліцца да грудзей гэтага дужага i смелага чалавека.
— Цэлы? Доўга жыць будзеш! Па табе фашыст біў… Бачыш, баннік, сукін сын, перасек чаргой. — Маёр трасануў мяне за плечы, прыветліва ўсміхнуўся i, агледзеўшы неба, сказаў: — Ну, здаецца, адбой. Доўга яны віселі над намі.
Калі неба, бясхмарнае паўночнае неба, стала чыстае i ціхае, маёр пастроіў батарэю. Панурыя, з пазелянелымі тварамі стаял! курсанты: відаць, ва ўсіх быў такі ж прыгнечаны i цяжкі настрой, як i ў мяне. Маёр спакойна прайшоў паўз строй, аднаму паправіў рэмень, другому змахнуў з грудзей пясок; хітрая i добрая ўсмешка хавалася ў зморшчынках каля вачэй.
— Што, атрымалі баявое хрышчэнне? Страшна? — Строй маўчаў.— Страшна, безумоўна, — адказаў ён сам за ўсіх. — Першы бой самы страшны, я помню. Але зарывацца ў зямлю насамі нам, зенітчыкам, не дазволена…
Лейтэнант Купанаў, які стаяў побач з камандзірам дывізіёна, пачырванеў, як дзяўчына, выцягнуўся.
— Вінаваты, таварыш маёр.
Наш камбат — тыповы вайсковец, узорны ва ўсіх адносінах афіцэр: падцягнуты, акуратны, лаканічны ў словах, у меру суровы i мяккі, заўсёды справядлівы, a галоўнае — усе ўмее: не было, здавалася, такой справы, якой ён не зрабіў бы. Нізкі ростам, шчуплы, ён, аднак, хутчэй за ўсіх зараджаў гармату, дакладнеи за ўсіх працавау на дальнамеры i прыооры, лепш за ўсіх страляў з вінтоўкі i пісталета; ён вучыў нас абіраць бульбу хутка i эканомна; ён у тры разы хутчэй наматваў абмоткі i выбягаў па трывозе, чым самы спрытны i ўвішны з нас — масквіч, спартсмен Раман Войтаў. Мы любілі лейтэнанта i паміж сабой называл i Напалеонам. Асабліва мы, вальналюбцы, паважалі яго за тое, што ён ніколі не губляўся ні перад якім начальствам, ні перад якой інспекцыйнай праверкай, няхай бы яе рабіў хоць сам маршал. Заўсёды Купанаў паводзіў сябе спакойна i ўпэўнена.
А тут так разгубіўся, што ажно неяк па-дзіцячы зашморгаў носам. Я зразумеў, што яму сорамна за сваю слабасць — за каманду: «Ва ўкрыццё!», за батарэю, за нашу ганебную стральбу, i мне стала шкада яго, бо i самому мне было сорамна i прыкра. Добра, што маёр разумны чалавек.
— Я пакуль што нікога не вінавачу, — сказаў ён. — Але майце на ўвазе. Зарубіце, як кажуць, на носе. Любы род наземных войск мае права, нават павінен укрывацца ад авіяцыі. Мы, зенітчыкі, не маем гэтага права. Мы можам схавацца ад агнявога налёту артылерыі, але ад самалётаў — ніколі! Добранькая справа, калі б мы, замест таго каб прыкрываць аэрадром, станцыю, свае войскі, залезлі ў шчыліны. Чаго б мы былі варты?! Гэта ўсё адно, каб пяхота схавалася ад штыкавой атакі праціўніка. Запэўняю вас, калі б усе гарматы вялі агонь хаця б так, як чацвёртая, фашысты не адважыліся б лезці на батарэю так нахабна…
Мяне ўразіла, што ён гаворыць пра ўсё гэта так проста i разважліва. Уразіла, але не заспакоіла, а яшчэ больш напалохала: ён гаворыць так, быццам нам наканавана праз многія месяцы i гады штодзень бываць пад бомбамі i кулямётным агнём. Няўжо штодзень будзе паўтарацца такое? Колькі ж часу бомбы i кулі будуць пралятаць міма? Сёння яны разбілі сталоўку i ранілі кухара i шафёра. A заўтра? Заняты сваімі думкамі, я дрэнна чуў, што яшчэ гаварыў маёр Ярмілаў.
Ды раптам у другой шарэнзе, там, дзе стаяў чацвёрты разлік, нехта пырснуў смехам.
Маёр сурова нахмурыўся:
— Што за смех? Хто смяяўся?
Строй застыў.
— Хто смяяўся?
— Я! — адгукнуўся
зараджаючы чацвёртай гарматы Павел Кныш, здзівіўшы ўсіх: бадай што самы сур'ёзны i стрыманы курсант, старэйшы па гадах за іншых, нават за камандзіра батарэі. Ён, як настаўнік, карыстаўся колькі год адтэрміноўкай ад прызыву ў армію. Што здарылася з ім?— Два крокі ўперад, марш!
Кныш выйшаў ca строю.
— З чаго смяяліся?
— Вінаваты, таварыш маёр… Я ўспомніў, што наш сяржант даў каманду: «Газы»… пасля таго, калі вунь там, за пазіцыяй, упала бомба. А цяпер я ўбачыў, што бомба гэтая разнесла, прабачце… прыбіральню.
Усе павярнулі галовы туды, дзе стаяла батарэйная прыбіральня, i нечакана… строй грымнуў рогатам. Маёр таксама засмяяўся. Ажно слёзы заблішчалі ў вачах. Выціраючы ix, праз смех сказаў:
— Газы? Ах, чортавы дзеці! Але i газы могуць быць!
Толькі лейтэнант Купанаў гідліва зморшчыўся. Ды яшчэ адзін чалавек не ўсміхнуўся нават — я. Было не да смеху. Я не разумеў, як можна рагатаць з такога глупства, калі ў твар табе глядзіць смерць.
Калі чысцілі гарматы i рыхтавалі новы камплект боепрыпасаў, у мяне нечакана з'явілася думка — пачаць зноў весці дзённік. Некалі да арміі, у тэхнікуме, я акуратна запісваў усе падзеі свайго студэнцкага жыцця. Тут, на батарэі, кінуў — замяніў пісьмамі да Сашы, якія пісаў кожную вольную хвіліну (хоць хвілін такіх было нямнога), кожны святочны дзень, i нават прасіў дазволу ў камандзіра рабіць гэта ў «мёртвую гадзіну», пасля абеду, калі ўся батарэя адпачывала. А цяпер… ці будуць цяпер даходзіць мае пісьмы ў родную далячынь? Ды i не ўсё можна напісаць, цяпер вайна. А мне хочацца, каб Саша, мая Саша, i мая дачка калі-небудзь даведаліся, як я пачаў вайну, з якімі думкамі жыў гэтыя дні… Я веру, што, калі загіну, знойдзецца добрая душа i перашле дзённік Сашы. Дарагі таварыш, калі трапіць у твае рукі мой дзённік, вельмі прашу выканаць мае жаданне, адрас запісаны на многіх старонках гэтага сшытка.
I вось я пішу… Можа, залішне падрабязна апісаў наш першы бой з нямецкімі самалётамі, бой, пра які хочацца забыцца, не ўспамінаць, ды, напэўна, ніколі, да смерці, не забудзеш. Пішу, прымасціўшыся ў гарматным катлаване, за снараднымі скрынкамі, ад якіх пахне дрэвам i маслам. Батарэя адпачывае. Цішыня. Неверагодная цішыня навокал. Нават чамусьці не чуваць шуму гідрастанцыі. Толькі Паўлюк парушае цішыню сваім моцным храпам. Ды зрэдку перакідваюцца паміж сабой словамі разведчыкі. Цяпер ix двое — сочаць за небам, аглядаюць яго празрысты блакіт у вялікія біноклі. Сіратліва, як бы яно не натуральнае, а зробленае, дэкаратыўнае, вісіць над сопкамі халоднае сонца. Дзве гадзіны ночы. Я зайздрошчу сябрам, якія здолелі заснуць пасля ўсяго, што адбылося. Не, не ўсе заснулі…
25 чэрвеня
Уночы, калі я пісаў, да мяне падышоў Сеня Пясоцкі, мой лепшы друг. Мы пасябравалі яшчэ ў дарозе, у цяплушцы, калі нас везлі з Гомеля сюды, на Поўнач. Разгаварыліся, i высветлілася, што ён добра ведае Сашу, што маці яго — тая ўрач Марыя Сяргееўна, пра якую расказвала мне Саша з павагай, з гордасцю за сваю дружбу з гэтай жанчынай. Праўда, я трохі быў насцеражыўся, калі Сеня пачаў хваліць Сашу, нават варухнулася раўнівае пачуццё: ці не закаханы гэты хлапчук у маю жонку? Але потым я зразумеў, што захапляцца людзьмі, хваліць ix больш, чым трэба, — рыса яго характару. У армію яго ўзялі са школьнай парты, ён толькі скончыў дзесяць класаў. I на выгляд Сеня быў яшчэ дзіця, вучань: маленькі, худзенькі, з тонкім, як у дзяўчыны, голасам, з вялікімі вачамі, у якіх вельмі выразна адбіваўся яго настрой, з маленькімі, смешна адтапыранымі вушамі. Помню, у вагоне яму казалі: «Хлопчык, пасунься, дай месца. Хлопчык, збегай па ваду». Ён вінавата ўсміхаўся i паслухмяна ўсё выконваў. Але на батарэі даволі хутка Сеня заваяваў агульную павагу за сваю сардэчнасць i надзвычай шырокія веды. Яго так i называлі — «эрудыт». Эрудыцыя гэтая спалучаецца ў яго з рамантычнай, крыху наіўнай юнацкай узнёсласцю. Я палюбіў яго, мы сталі, як кажуць, неразлучнымі сябрамі.