Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Шрифт:

— Таварыш малодшы палітрук, чым растлумачыць, што мы так позна падняліся па ваеннай трывозе? У век радыё…

Сідарэнка сумеўся, не ведаючы, што адказаць, глянуў на камандзіра батарэі i загадаў:

— Та-т-та-аварыш П-пясоцкі, т-трымайце я-язык з-за-за зубамі.

Першым выступіў зампаліт Сцяпан Кідала, таксама мой друг, але не па душэўнай блізкасці, як Сеня, а па абставінах. Чатыры гады мы вучыліся ў адным тэхнікуме, у адной трупе, нават нейкі час жылі на адной кватэры. Сцяпан гады на два старэйшы за мяне. Асаблівымі здольнасцямі ён не вызначаўся, але быў надзвычай настойлівы ў дасягненні мэты, а таму заўсёды актыўны. У тэхнікуме ён узначальваў прафком. Тут, у арміі, таксама хутка пайшоў

угору: праз паўгода начапіў трохкутнікі зампаліта. Ен гаварыў так, быццам перад ім была не батарэя, а сама меней — дывізія. Ажно недзе за Туломай, у гарах, адбівалася рэха яго басавітага голасу.

— …Фашысты дрэнна ведаюць магутнасць нашай Чырвонай Арміі. Хутка яны пазнаюць яе! Не пройдзе i тыдня, як мы будзем маршыраваць па вуліцах Берліна! Вораг будзе разбіты на яго ж зямлі!..

Потым ён гаварыў яшчэ, што няхай толькі з'явяцца фашысцкія самалёты тут, над «паўночнай крэпасцю», усе адразу будуць збіты трапным агнём нашых батарэй. (Я ўспамінаю цяпер, пасля налёту, яго словы, i мая непрыязнасць да гэтага пустаслова расце.)

Усе мы цвёрда ўпэўнены, што няма ў свеце больш магутнай арміі, чым наша, i дагэтуль верым, што вайна будзе перанесена на чужую зямлю — у Польшчу i далей — у Германію, што нашы часці не адступяць ні на крок ад мяжы. Але залішне крыклівая, занадта ўжо самаўпэўненая прамова Кідалы была мне непрыемная. Навошта гэтак крычаць у такі момант? Хіба такія словы патрэбны людзям, каб узняць баявы дух? Нялёгка знайсці ix, патрэбныя словы!

Відаць, гэта адчувалі многія, а таму выступалі неахвотна i ў сваіх прамовах паўтараліся.

Палітрук звярнуўся да Сені — ён быў выдатнік вучобы:

— Вы, Пясоцкі, скажаце?

Сеня адмовіўся. Можа, таму, што яму толькі што загадалі «трымаць язык за зубамі».

Пасля мітынгу мне захацелася пагутарыць з Сенем, з іншымі хлопцамі, пачуць, што думаюць, што адчуваюць яны. Магчыма, гэта было хітрае жаданне: праверыць свае ўласныя думкі, адчуванні. Разлікі стаялі нагатове каля гармат і прыбораў, хоць наўрад ці была такая патрэба: дождж i хмары засцілалі ўсё наваколле i самалёты ў такое надвор'е не маглі ўзляцець. Я папрасіўся ў камандзіра схадзіць да дальнамера. Хлопцы сядзелі пад чахлом, маўклівыя, панурыя. Я сеў побач, абдумваючы, з чаго пачаць гаворку, каб прымусіць ix выказацца шчыра пра ўсё. Спытаў у Сені, чаму ён не выступіў.

— А што гаварыць? — неяк ажно ўстрапянуўся ён. — Крычаць, як Кідала? Абяцаць праз тыдзень Берлін узяць? Нельга забываць, што ў немцаў двухгадовы вопыт вайны, лепшая авіяцыя… танкі… Вайна з такім ворагам будзе нялёгкая! Страшная вайна будзе, Пеця, вельмі страшная. Пра гэта трэба было сказаць…

— Значыцца, вы не верыце ў перамогу, курсант Пясоцкі? — раптам прагучаў над нашымі галовамі гол ас Кідалы. Ён стаяў на брустверы неглыбокага дальнамернага катлавана ў накідцы, з-пад капюшона блішчалі яго злосныя вочы.

Сеня не разгубіўся ад такой нечаканасці i смела адказаў:

— Я веру ў перамогу! Але крычаць, не ведаючы ворага, што мы закідаем яго шапкамі, каму гэта патрэбна? Каб заспакоіць нас? А я не хачу быць спакойным у такі час! Не жадаю!..

— Ах, не жадаеш?

— Не! Я хачу быць гатовым да ўсяго, самага страшнага!

— Да чаго — страшнага?

— Да ўсяго, што можа быць на вайне.

— Ты выдаеш сябе за вялікага разумніка. Пабачым, адкуль у цябе такі розум!

— Пакінь, Сцяпан! Не рабі з сябе начальніка! Не такі сёння дзень, каб сварыцца, — не стрываў i ўмяшаўся я, карыстаючыся правам друга.

— А ты чаму тут, падпявала? Тваё месца каля гарматы! Бягом, марш!

Я аслупянеў. Усяго я чакаў ад Кідалы, але такога… Не, я кепска ведаў гэтага чалавека.

Праз нейкую гадзіну на закрытым камсамольскім сходзе абмяркоўвалі пытанне: «Аб паражэнчым настроі

ў курсанта Пясоцкага».

— У той час, калі ўся наша вялікая Радзіма, увесь савецкі народ узнімаецца, каб даць адпор нахабнаму ворагу, у нашых радах, таварышы, знайшоўся чалавек, які сумняваецца ў магутнасці Чырвонай Арміі…

— Няпраўда! Я не сумняваюся! — запярэчыў збялелы Сеня.

Усе паглядзелі на яго ca здзіўленнем: перапыняць палітрука — парушэнне дысцыпліны, за гэта можна атрымаць яшчэ большую кару.

— К-курсант П-пясоцкі! — Сідарэнка губляў думку, калі яму перашкаджалі, а таму доўга маўчаў — нервова хадзіў перад камсамольцамі, якія зноў панурылі свае галовы, цёр далоні. Нарэшце сказаў, але ўжо не спакойна-інфармацыйна, a з гнеўным абурэннем: — Б-бачыце, гэты чалавек хоча падарваць баяздольнасць батарэі. Распускае панічныя чуткі… Усхваляе фашысцкую тэхніку… авіяцыю…

Я сядзеў крыху збоку i бачыў твары многіх курсантаў, нашых з Сенем сяброў, з якімі мы восем месяцаў разам спалі i елі, займаліся i адпачывалі, чыталі адны кнігі, абмяркоўвалі адны падзеі. Усе яны раней паважалі Сеню за яго веды i сціпласць. Але цяпер — я чытаў гэта на ix тварах — амаль усе верылі ў словы палітрука.

У такі час, праз нейкія дзве гадзіны пасля паведамлення аб вайне, калі гарэла сэрца i апаноўваў страх, магчыма, што i я паверыў бы, каб абвінавацілі каго іншага. Але Сеню я ведаў, як ніхто, я чуў, што ён сказаў, як сказаў. Якія ж гэта панічныя чуткі? Ён сказаў простыя разважлівыя словы, ад якіх мне зусім не страшна, а можа, нават стала спакайней. Але іншыя, відаць, паверылі, што іменна ён, юнак з інтэлігентнай сям'і, «мамчын сынок», «кніжнік», як яго называў той жа Кідала, мог стаць паражэнцам. Я не асуджаю сваіх таварышаў. Але мне зрабілася холадна, калі я прачытаў у ix вачах знявагу, нават гнеў да Сені.

Кідала, калі выступіў, спачатку даволі дакладна, амаль слова ў слова, перадаў нашу размову, якую падслухаў, а потым зноў-такі крыкліва пачаў рабіць свае вывады:

— …Цяпер, таварышы, нам зразумела, чаму Пясоцкі не пажадаў выступіць на мітынгу… Што мог сказаць чалавек, які не верыць у перамогу? Я больш скажу… Нам варта спытаць: чаму ў ГІясоцкага такая цікавасць да ўсяго нямецкага? Мы ўсе вучыліся, але хто з нас ведае нямецкую мову так, як ён? Ніхто. A ўдумайцеся ў такі факт… Яшчэ да таго, як мы пачалі вывучаць сілуэты, ён адзін з усіх курсантаў ведаў маркі нямецкіх самалётаў, назвы лінкораў. Адкуль? A ў каго была патрэба, скажыце мне, запамінаць, хто ўваходзіць у гітлераўскі ўрад? Мне агідна запамінаць ix прозвішчы. А Пясоцкі ведае кожнага з гэтых бандытаў…

Я жахнуўся: страшэннае абвінавачанне вынікала з яго даволі празрыстых намёкаў. I я не вытрымаў — злосна перапыніў Кідалу:

— Як табе не брыдка, Сцяпан! Ты абвінавачваеш Пясоцкага за тое, што ён чытаў газеты. Ды ты ж услаўляеш невуцтва! А нам усім сорамна было, калі ты, зампаліт, не ведаў, хто прэм'ер-міністр Англіі. I ты ставіш гэта сабе ў заслугу? Ганьба!

Кідала глядзеў на мяне з нянавісцю, каб мог, здавалася, з'еў бы. Твар яго, звычайна чырвоны, задаволены, спапялеў. Ён паглядзеў на палітрука так, быццам загадваў, каб той суняў мяне. I Сідарэнка закрычаў:

— Курсант Шапятовіч! Маўчаць! З кім вы так размаўляеце? Як паводзіце сябе? Для вас зампаліт Кідала — «таварыш зампаліт», а не «Сцяпан». I каб я не чуў такога тыкання!

О, каб гэта было не ў армейскіх умовах, а дзе-небудзь у нашым тэхнікуме, я сказаў бы, хто для мяне гэты балбатун! Але тут я мусіў маўчаць. Сідарэнка «перанёс агонь» на мяне: успомніў мае нарады, мае спрэчкі з малодшымі камандзірамі.

Ды раптам выступіў Купанаў. Я ўвесь час сачыў за ім i чакаў, што ён, разумны i стрыманы, сваім аўтарытэтам камандзіра спыніць гэтую ганебную камедыю. I сапраўды ён сказаў:

Поделиться с друзьями: