Чтение онлайн

ЖАНРЫ

У дрымучых лясах

Бядуля Змітрок

Шрифт:

Заработак ад продажу абаранкаў дае мне толькі жыжку да крупніка, і я мыю бялізну ў багатых людзей. Калі я палашчу чужую бялізну на рэчцы, дык плачу ў тры ручаі як каля рэк Вавілона пад вербамі.

Парай, Шмуэл-Меер, што мне з дзецьмі рабіць? Што будзе лепш — ці кінуць дзяцей у рэчку, ці іх галоўкі аб камень разбіць? Але я, Голда, не такая матка, як ты, Шмуэл-Меерка, татка. Апошнюю кроў сваю пралью для родных куранятак. І ваўчыха, і мядзведзіха, і каршуніха сваіх дзяцей любяць, кормяць і пояць, апранаюць і абуваюць. І я не хачу гэтым хваліцца.

А ты, Шмуэл-Меерка, горш звярынай пароды… Я і дзеткі цалуем цябе. Твая на гэтым і на тым свеце Голда Памеранец».

Калі я прачытаў Голдзе гэтае пісьмо,

прадыктаванае ёю і адшліфаванае мною, Голда ашчаперыла маю галаву рукамі і пачала лямантаваць немым голасам без слоў. Потым яна вызваліла маю галаву і сказала:

— Ведаеш, сынку? Ты крыху перасаліў мой крупнік. Але няхай сабе. Пашлем Шмуэл-Мееру гэтае пісьмо. Вось табе канверт. Пішы адрас. У гэтым пісьме мая нядоля красуецца, як кепскі партрэт у добрай раме.

Я выцер далонню валасы на галаве, бо яны сталі вільготнымі ад Голдзіных слёз, нібы ад расы. Потым напісаў на канверце адрас.

А вось пісьмо ад Рахілі свайму каханаму Барысу:

«Мой любы, мой дарагі, мой залаты Барыс. Няхай полымя жыцця твайго свеціцца на векі вечныя!

Калі я чытаю твае пісьмы, мне здаецца, што бачу твой мілы твар і чую твой мілы голас. Твае мядовыя пісьмы я чытаю і перачытваю мо сто, а мо тысячу разоў. Ты мне паведамляеш, што яшчэ не зарабіў на шыфскарту, а мне бадай кожную ноч сніцца адзін і той самы сон. Нібы ты мне прыслаў шыфскарту, а я ўжо плыву на караблі такім прыгожым, як размаляваны дом Лібе-Лэі — мадам Грынгаўз. Навокал карабля сінія хвалі. Над караблём трубы, дым і неба. А на караблі чужыя людзі. Я даплыла да Амерыкі, а ты не сустрэў мяне на беразе. І я хаджу па вуліцах Нью-Йорка і шукаю цябе. Туды і сюды ездзяць і ходзяць пехатой людзі, апранутыя ў дзівосную вопратку, і гавораць на дзівоснай мове. Я загубілася ў людскім моры, нібы гарошынка, і клічу-заву цябе:

— Дзе ты, брат майго сэрца? Дзе ты, залатая пячаць маіх думак? Дзе ты, карона майго жыцця? Прыйдзі да мяне з сонечных гор і далін. Прыйдзі да мяне з расою раніцы, з сонцам поўдня, з ценем вечара. Прыйдзі… Прыйдзі…

Прачынаюся. Падушка вільготная ад слёз. Схадзіла я да старой татаркі на карты паваражыць, дык яна мне нагаварыла дзевяць вазоў слоў пра казённы дом, пра дальнюю дарогу і пра брунета з пяшчотным сэрцам.

Што табе яшчэ пісаць?

Ад цямна да цямна працую ў дамскага краўца Шолама. Пад гуд кравецкай машыны я думаю і думаю, як скласці песню пра галубку і галубка — песню пра сваё ўласнае жыццё, песню пра наша каханне. Вось яе змест:

Галубок на адным беразе мора. Галубка — на другім. Яны імкуцца адно да аднаго. Яны ў палёце. А мора падкідвае раз'юшаныя хвалі ў самае неба. Бура гоніць галубкоў у супроцьлеглыя бакі. Крыллі іхнія не могуць змагацца з лютай непагодай. Так праходзяць дні, месяцы, годы. Галубок з галубкай сустрэцца не могуць. І яны, кожны на сваім беразе, паглядаюць удаль засмучонымі вачыма — адзінокія ў горы і бядзе.

Пад гук кравецкай машыны я думаю над прыгожымі словамі для такой песні. Галаву ламаю над рыфмамі. А пакуль што яшчэ нічога не прыдумала. Аднаго разу я задумалася над гэтай песняй і не агледзелася, як іголка прабіла мне палец. Кроў ад пальца заліла белае шоўкавае плацце, што я шыла для Лібе-Лэі Грынгаўз. Я ледзь апрытомнела ад болю і анучкай завязала палец. Мой гаспадар Шолам пацягнуў мяне за чорныя косы. Я ад злосці штурханула яго локцем у грудзі так моцна, што ён адкінуўся ад мяне, як насычаная п'яўка. Ён грукнуўся патыліцай у сцяну. Тры работніцы — мае падругі — стрэльнулі такім гучным смехам, ажно шыбы зазвінелі.

— Вон адгэтуль! — крыкнуў на мяне Шолам.

— Аддайце мне сем залатовак за тыдзень працы, тады пайду!

— Ты ж, гадаўка, сапсула мне белы шоўк, — зноў крыкнуў Шолам. — Не дам табе ні капейкі!

— Мала я гаравала на вас, рэбэ Шолам? — сказала

я. — Вы з'елі маю працу, маё здароўе, мае годы не на залатоўкі, а на дзесяткі і сотні рублёў! Аддайце мае сем залатовак!

Шолам кінуўся да мяне з кулакамі. За мяне заступіліся работніцы. На развітанне я сказала яму:

— Няхай мае сем залатовак будуць табе, Шолам, і мадам Грынгаўз на саваны. А гэты шоўк чорт не возьме: памыць, папрасаваць, і знаку не будзе!

Назаўтра я пайшла да швачкі Сімы. Там гэткае ж шчасце, як у Шолама.

Што табе яшчэ пісаць?

Я ўсё думаю пра цябе, мілы Барыс. Я вечна сумую. Цяпер у нас вясна. За рэчкай зелянеюць бярозкі. Цвітуць сады. Так пахне, што можна ахмялець. А салавей так соладка спявае, што можна заслухацца. Дзе б я ні стаяла, дзе б я ні сядзела, куды б я ні хадзіла — я ўвесь час пра цябе думаю, родны мой, любы мой… Я часта плачу.

— Чаго плачаш? — пытаюцца ў мяне.

— Толькі што хрэну нацёрла.

— Вечна хрэн трэш. Пудамі яго трэш, ці што?

Я маўчу.

— Ты хворая?

Я зноў маўчу. Сорамна сказаць, што маё сэрца баліць ад кахання. Яны ж мяне засмяюць. Панская хвароба, — скажуць. Паглядзела я на сябе ў люстэрка, і страх мяне ўзяў — бледная, худая, запаўшыя вочы. Затое як прыеду да цябе ў Амерыку, зноў макам-цветам закрасую.

Што табе яшчэ пісаць?

Калі ўжо дачакаюся шчаслівай хвіліны? Ці, можа, маё шчасце на дне мора рыбкай плыве? Ці, можа, яно арлом у сыр-бор паляцела?

Дзякую, мілы Барыс, за твае частыя пісьмы. Гэта пакуль што адзіная ўцеха ў маім няўцешным жыцці! Цалую цябе тысячы разоў. Пішы! Пішы! Пішы!

Твая Рахіль».

Рахіль строга рэдагавала свае пісьмы, пісаныя маёй рукой. Прымушала мяне парапісваць іх па два, па тры разы. Ёй чамусьці не падабаліся мае выдумкі і маё вычурнае красамоўства. Яна муштравала мяне да таго часу, пакуль я не налаўчыўся пісаць адно, а ёй чытаць зусім другое. Бо мая пісаніна вельмі падабалася яе былому жаніху. Я кажу «былому», бо пасля таго як я напісаў Барысу, што Рахіль вельмі памізарнела, ён знайшоў у Амерыцы другую Рахіль і ажаніўся з ёю, як ён пісаў у апошніх пісьмах… Я хацеў выклікаць жаласць у сэрцы Барыса, а выйшла наадварот…

Я ўсё гэта ўтойваў ад непісьменнай Рахілі. Я чытаў ёй словы аб вялікім да яе каханні Барыса, прыдуманыя мною тут жа. Аднаго разу я нават ледзь не засыпаўся. Рахіль здзівілася:

— Ты ж глядзіш не ў ліст, а ў акно! Як гэта чытаеш?

— У мяне вочы такія вялікія, што магу глядзець у акно і бачыць, што ў лісце напісана, — сказаў я.

Мне страшна было гаварыць Рахілі праўду. Яна, чулая і кволая, магла б пакончыць жыццё самагубствам. Я баяўся, каб Барыс зусім не кінуў пісаць Рахілі. Седзячы ў сінагозе над Талмудам, я прыдумаў новае пісьмо Барысу, якое напісаў змененым почыркам на старажыдоўскай мове:

«Майму сыну Дайв-Беру, што вымысліў сабе нежыдоўскае імя „Барыс“. Жыві ў божым блаславенні і шчасці, і няхай цвіце жыццё тваё, нібы вінаградная лаза каля срэбранай божай крыніцы, амінь!

Я, ільскі рабін, Іакаў бен Мордухая, бяру пяро ў рукі і пішу табе, сын мой. Што ты ўчыніў з Рахіллю? Ты, настаўнік старажыдоўскай мовы, задумаў уцячы ў Амерыку ад воінскай павіннасці, забраў у круглай сіраты Рахілі грошы на дарогу — грошы, якія яна крывавым потам зарабляла сабе на пасаг, абяцаў ёй, што і яе забярэш у Амерыку, паехаў з мястэчка жаніхом Рахілі, а цяпер знайшоў сабе другую. Гэта брыдка, гэта злоўчынак, гэта вялікі грэх перад Богам. Загадваю табе, я, духоўны рабін, зараз жа развяжыся з амерыканскай нявестай, вышлі Рахілі на дарогу яе ж уласныя грошы, ажаніцеся там па закону Маісея і Ізраіля ды жывіце, множцеся і пладзіцеся, як увесь наш народ. А калі, мой сын, не паслухаешся мяне, я пракляну сямісвечнік твайго жыцця і твой род да дзесятага пакалення.

Поделиться с друзьями: