У дрымучых лясах
Шрифт:
Палкоўнік гладзіў пяшчотна запрацаваныя рукі роднага брата, яго аброслы зморшчаны твар і зазіраў яму глыбока ў вочы.
— Перад смерцю давялося пабачыцца, — гаварыў ён. — Мяне цяпер завуць Аляксандр Пятровіч Лібераў. Але ў душы я ранейшы Герш Абрамавіч Ліберман. Як быў хлопчыкам, білі мяне, пакуль не згадзіўся хрысціцца. Потым мяне аддалі ў школу. Я быў здольны хлапчук, добра вучыўся. Стаў ваенным і за многа год службы дайшоў да чына палкоўніка. Цяпер я ў адстаўцы. Жыву ў Вільні. Дзеці, унукі. І ўсё жыццё з сэрца цягнулася нітачка сюды, у Даўгінава. Знайшоўся браток. О, госпадзі…
І палкоўнік зноў кінуўся Рувіну на шыю. Абодва дзяды зноў захліпалі. Старэчыя слёзы ліліся з іх вачэй тоненькімі мутнымі струменьчыкамі.
Мы
Дапытлівым дзіцячым вокам я шукаў падабенства ў двух старых Ліберманаў. Падабенства было вялікае ў рысах твараў, у голасе, у постацях.
Раптам адчыніліся дзверы, і тры чалавекі: гаспадар заезнага дома, стараста мяшчанскай управы і магільны вартаўнік неслі тры кошыкі, нечым цяжкім напакаваныя.
Яны папрасілі ў цёткі свежы абрус на стол і пачалі даставаць з кошыкаў бутэлькі з віном і разнастайныя закускі. Стары Рувін, дзядзька і цётка апрануліся ў святочнае, а палкоўнік адчуў сябе ў хаце гаспадаром. Рассадзіў нас усіх вакол стала і нешта шапнуў на вуха магільнаму вартаўніку. Той выйшаў і пазваў у хату местачковую капелю: цымбаліста, бандурыста і скрыпача. Яны чакалі на дварэ.
Музыканты зайгралі, як на вяселлі.
— Навошта было так напалохаць усё мястэчка? — запытаўся бляхар Рувін у брата.
Палкоўнік звярнуўся да старасты мяшчанскай управы:
— Растлумачце!
Стараста растлумачыў, што ў Даўгінаве шмат Ліберманаў. Трэба было сакрэтна разведаць усіх Ліберманаў, капацца ў старых архівах, а то некалькі дзесяткаў Ліберманаў заблыталі б справу. Кожнаму хацелася б мець гаспадзіна палкоўніка за сваяка.
Палкоўнік перабраўся да Рувіна на кватэру і жыў тут цэлы тыдзень. Цётка ўступіла яму сваю каморку. Пра старога кантаніста пачалі распаўсюджвацца легенды па ўсіх навакольных мястэчках.
Станавы прыстаў цэлы тыдзень нікуды не паказваўся. Яму было сорамна за свой страх. Ён быў пакрыўджаны на старога палкоўніка: прыехаў да нейкага абадранца Рувіна на кугель…
Ешыбот
У тую ж восень мяне аддалі ў даўгінаўскі ешыбот. Праз паўгода я з Даўгінава перавёўся ў мястэчка Ілью. Тры гады плаваў я ў мёртвым моры талмудычных навук. Талмуд даўно амярцвеў. Нам, падлеткам, было нудна чытаць тэксты, напісаныя дзве тысячы год таму назад на старажыдоўскай і халдзейскай мовах.
Ешыбот змяшчаўся ў вялізнай сінагозе, дзе тры разы на дзень маліліся местачкоўцы. Тут жа знаходзілася да пяцідзесяці ешыботнікаў ва ўзросце ад 12 да 20 год. Кожны сядзеў перад спецыяльным «штэндарам» [2] , на якім ляжаў фаліянт Талмуда. Галава ешыбота («рош-гашыва») вызначаў кожны дзень новы раздзел тэксту для самастойнай чыткі. Па чацвяргах рош-гашыва правяраў, ці ешыботнікі добра ўсвоілі тэкст. Спыняліся над кожным абзацам. Адбываліся доўгія развагі, дыскусіі. Рош-гашыва задаваў закавырыстыя запытанні. Вывучаць Талмуд мне прыходзілася самастойна паводле шматлікіх каментарыяў да галоўнага тэксту. Каментарыі ствараліся на працягу доўгіх стагоддзяў вучонымі талмудыстамі. Між сабою яны вялі спрэчкі, супярэчылі адны адным. Галоўны тэкст абрастаў каментарыямі, нібы густым лесам. Апрача таго, галоўны тэкст не меў знакаў прыпынку. Мова Талмуда лаканічная і вельмі цяжкая. Усё разам узятае складала вялікія труднасці для ешыботнікаў. Апрача таго, каментатары Талмуда па некалькі разоў на кожнай старонцы рабілі ссылкі на іншыя тамы Талмуда.
2
Штэндар — нагадвае па выгляду пюпітр для нот, толькі больш масіўны і са скрынкай.
Такім чынам ешыботнік, пры вывучэнні якога-небудзь раздзела, павінен быў перагортваць кожны дзень пяць або дзесяць тамоў.
Штудыраванне
Талмуда гвалтоўна аддаляла нас ад жыцця, труціла забабонамі і звярыным шавінізмам. Ад несуразнай «навукі» галава ходырам хадзіла.Многія з ешыботнікаў, і я ў тым ліку, жылі ў сінагозе. Мы спалі на цвёрдых лавах, нібы пасажыры ў жорсткіх вагонах поезда. Пад лавамі стаялі нашы скрыначкі з маёмасцю. Мы вечна знаходзіліся пад наглядам старога «машгіяха» (інспектара). Яго звалі рэб Шмар'е. Гэта быў худы высокі жыд цыганскага тыпу, з вузкай чорнай барадой. Прыжмураныя, чорныя, як смоль, вочы заўсёды сыпалі маланкі. На кожнага ешыботніка ён глядзеў падазрона. Рэдка калі ўсміхаўся. Адно шчасце, што ён не кожны дзень бываў у сінагозе. Ён рабіў на ешыботнікаў перыядычныя налёты. Ён, напрыклад, мог з'яўляцца ў любую хвіліну дня і ночы, а не паказваўся па некалькі дзён падрад. Час ад часу ён рабіў вобыскі па нашых скрынках. Нібы царскі жандарм, перакідваў, перамацваў кожны шматок, кожную анучку з маёмасці юных талмудыстаў. Ешыботнікі дрыжэлі ад страху. Гаспадар нашых душ пільнаваў нас ад бязбожнай літаратуры. Свецкая кніга нават на старажыдоўскай мове лічылася крамолай.
У аднаго пятнаццацігадовага студэнта боскіх навук рэб Шмар'е знайшоў пры вобыску граматыку расейскай мовы. Ешыботніку за гэта наладзілі ў сінагозе суд у прысутнасці рабіна і прадстаўнікоў кагала. Хлапцу прысудзілі «малкес» (бізуны). Яго адлупцаваў сам рэб Шмар'е ля дзвярэй сінагогі раменнай дзягай, пасля чаго выгнаў з ешыбота.
Дзікі рэлігійны фанатызм з'ядаў нашы лепшыя гады — дзіцячыя і юнацкія.
Мы, ешыботпікі, па жыдоўскаму выражэнню, «елі дні».
«Есці дні» — значыла мець сем апекуноў, якія кармілі ешыботніка па аднаму дню на тыдзень. Я таксама меў сем гаспадароў. Я іх называў не па імені, а па тых днях, у якія я прыходзіў да іх харчавацца: Нядзеля, Панядзелак, Аўторак — аж да Суботы.
Я заўсёды адчуваў сваю залежнасць ад кожнага з іх. Гэта адчуванне было вельмі прыкрае, прыніжаючае чалавечую годнасць, гонар і дастойнасць. Пры сустрэчы з Суботай, Аўторкам ці Пятніцай я заўсёды нізка кланяўся, гаварыў «дзень добры». Мне ўсё здавалася, што мой дзень у вобразе чалавека зараз вылае мяне «дармаедам». Бывалі і такія выпадкі. Здаралася, што гаспадыня — жонка Нядзелі ці Панядзелка загадвала мне выносіць на двор памыі, прыносіць са студні вядро вады ці пакалыхаць дзіцё.
Любой рабоце ў хаце свайго карміцеля я быў заўсёды рад. Хоць чым-небудзь адплаціць за абед… Між іншым, у якога-небудзь краўца ці шаўца я заўсёды адчуваў сябе лепш, чымся ў багатага гандляра. Бедны чалавек заўсёды прымаў ешыботніка, як госця, і з усяго сэрца частаваў самым лепшым, што было ў яго хаце. Багаты местачковец карміў у большасці на кухні, як жабрака, рэшткамі са свайго стала.
Армія дармаедаў у 50–60 ешыботнікаў была для невялікага мястэчка нямалай абузай. Кармілі ешыботнікаў у большасці толькі абедам. Кожнаму ешыботніку прыходзілася выкручвацца, як хто можа, каб даставаць сабе абаранак з яблыкам на снеданне і вячэру. Многія галадалі, а некаторыя ўмудраліся мець па дзесяць і больш дзён на тыдзень, гэта значыць, мець па некалькі пятніц на адзін тыдзень.
Хлапчукі местачковых жыхароў адносіліся да нас, ешыботнікаў, з пагардай. Часам нават кулачныя бойкі наладжвалі супроць нас. Гэта адбывалася галоўным чынам улетку ля рэчкі, куды мы хадзілі купацца.
Калі ешыботнікаў пабівалі да крыві, ніхто за нас не заступаўся. Затое, калі хто-небудзь з ешыботнікаў расквасіць нос местачкоўцу, тады яго бацькі прыходзілі ў сінагогу і скардзіліся рош-гашыве. Ад яго даведваўся рэб Шмар'е, які за гэта заўсёды ўсыпаў «малкес».
Цудоўны разьбяр
Раз на тыдзень, у ноч з чацвярга на пятніцу, мы, ешыботнікі, не спалі. Мы павінны былі паўтараць усе раздзелы Талмуда, якія праходзілі за тыдзень. Гэта называлася «мішмер».