У дрымучых лясах
Шрифт:
— Ты ўжо не малы. Табе ўжо дванаццаць год, а ты глупствам займаешся. Што з цябе будзе, як вырасцеш?
Я маўчаў.
Пасля вялікага правалу фабрыкі зброі, я цэлы тыдзень быў збянтэжаны. Мне было шкада пацярпеўшага хлапчука і крыўдна за сваю няўдачу.
У хедэры я лічыў сябе дарослым. Калі рэбэ пробаваў узняць на мяне руку, я пагражаў сваёй. Біць мяне я не дазваляў. Я часта адлучаўся з хедэра на пару гадзін, а рэбэ маўчаў.
Я таксама знайшоў скарб — адвагу. Я пачаў бараніцца ад сваіх крыўдзіцеляў, і мяне перасталі крыўдзіць.
Возера
Сяброўства з пастушкамі я не парываў і зімой. Коўзаліся па возеры, каталіся на саначках і нават снежныя
Аднаго разу ўлетку я пакінуў хедэр на пару месяцаў раней тэрміну. Бацька гаварыў аба мне:
— Ні да Бога, ні да людзей.
Некалькі месяцаў я быў вольны ад «навук». Глядзеў, як Лук'янскі рыбу ловіць. Прасіў яго прывучаць мяне да гэтай справы.
— Буду вучыць цябе так, як дзед твой вучыў мяне ў кузні. Дзед твой гаварыў, што кожны чалавек павінен займацца сваёй справай. Памятаеш?
— Памятаю…
Лук'янскі засмяяўся.
— Ну, вось! Ты сабе хадзі ў хедэр Біблію лавіць, а я — на рэчку рыбу лавіць. Кожнаму сваё…
Аднак я зрабіўся рыбаловам і без дапамогі Лук'янскага. Трэба было паправіць грэблю. Мельнік падняў усе застаўкі, адчыніў шлюзы і спусціў возера. Рыбу ён дазваляў лавіць усім местачкоўцам, якія наракалі, што возера часта затапляе гароды і лугі.
Я, чалавек вольны ад хедэра, стаяў на беразе і глядзеў з цікавасцю, як відавочна ўбывае ў возеры вада. Праз пару гадзін яна сплыла ўся. На месцы возера засталася вузенькая рэчка, лужыны і шмат топкага ілу. У рэчцы і лужынах рыба кіпела, як у катле. Усе кінуліся ў амярцвелае возера збіраць рыбу рукамі. Я брыў у адной кашулі па пояс у гразі і лавіў рукамі рыбу. Яна мігацелася на сонцы, як бліскучыя нажы.
Дзесяткі людзей лавілі рыбу кошыкамі, торбамі, рэшатамі і нават уласнымі кашулямі.
За два дні я назбіраў аж два пуды рыбы. Набегла народу з усяе ваколіцы. Шмат рыбы падохла ў іле. На яе накінуліся вароны, буслы, сабакі, каты. Мельнік наладзіў пір для ўсіх.
Мы з Фолем і пастухом Прахорам пайшлі ўночы на возера глядзець русалак. Мы прытаіліся недалёка ад высокага аіру. Свяціў яркі круглы месяц. Мёртвае возера было цяпер сумнае, непрытульнае, і я вельмі шкадаваў, што яно спушчана.
— Вунь русалка… — шапнуў мне на вуха Фоля.
Густы аір рухаўся, нешта шастала ў трысці.
— Русалка! — крыкнуў Прахор.
З аіру выскачыла з рыбай у зубах рудая лісіца.
— Ацю-га! Ацю-га, лісічка! — крычалі мы.
Лісічка ўцякла ў блізкі бярэзнік.
— Русалка ў лісічку перакінулася, — тлумачыў нам Прахор.
Іл быў такі тлусты, што ўсе вакольныя сяляне вазілі яго на поле замест гною. Мельнік быў рад: дармовая чыстка возера. А я ўсё прыходзіў сюды сумаваць па памёршым возеры. Але праз пару месяцаў яно зноў ажыло. І месяц, і зоркі, і неба любаваліся возерам, глядзелі ў яго, нібы ў люстэрка.
Дзед Юстын
Аж некалькі месяцаў быў я вольны ад «навук». Скончыўшы рыбалоўства, бегаў з пастушкамі па ваколіцы. Здружыўся са стагоднім пастухом Юстынам. Я глядзеў на яго, як на прафесара. Лысіна на ўсю галаву, з жаўтаватай імшыстай бародкай, увесь твар у дробненькіх зморшчынках, без зубоў, выцвілыя вочы, сам тонкі і роўны, як жэрдка. Ён насіў белую доўгую палатняную світку, якая нагадвала хітон афінян. Быў ён надзіва вясёлы — песні спяваў, падскакваў, жартаваў, смяяўся, гаварыў пагаворкамі ды яшчэ ў рыфму. Апрача таго, ён ведаў лекавыя травы ад розных хвароб. Па шолаху лістоў на дрэвах, па рыканню кароў, па колеру неба, па водгаласках на полі ён заўсёды трапляў, якая заўтра будзе пагода. А якія цудоўныя байкі ён апавядаў! У яго памяці было ўспамінаў і матэрыялаў народнай творчасці на некалькі тамоў. Ён быў жывым увасабленнем мудрасці,
паэтычнасці і вопытнасці жыцця ўсяго народа, жывой энцыклапедыяй самых разнастайных ведаў.Я ад яго атрымаў першыя лекцыі па гісторыі.
Ён апавядаў мне пра паход Напалеона ў 1812 годзе. Сам ён, маленькі тады хлапчук, выгнаў з хлява трох французаў, абадраных і галодных, што схаваліся ад казакаў. Дзед Юстын паказаў мне курган, дзе былі пахаваны некалькі дзесяткаў французскіх салдат.
Пра паншчыну стары пастух апавядаў мне цэлыя эпапеі. На яго спіне засталіся рубцы ад панскіх бізуноў… Нямала ён гаварыў пра польскае паўстанне 1863 года. Расказаў, што за вёскай Бладыкі закапаны некалькі дзесяткаў польскіх графаў і магнатаў. Гэту магілу я бачыў на некалькі год пазней. Ён мне апавядаў пра бітву Пятра I са шведамі ў нашай мясцовасці. І ён вадзіў мяне аж да «шведскага маста». Так у народзе і цяпер называюць два рады дубовых паль, што цягнуцца па балоце на цэлы кіламетр ад лесу да сплаўной рэчкі Слязанкі. Шведскія сапёры будавалі тут мост для пераходу войска.
— А чаму рэчка Слязанкай завецца, ведаеш? — пытаецца дзед Юстын і тут жа сам адказвае: — Бо паны тапілі тут прыгонных. Людскія слёзы тут бясконца ліліся… Праз гэту рэчку ўброд пераганялі з панскіх маёнткаў людзей, закаваных у кайданы. Паны аддавалі іх другім панам за сабак і коней ці выпраўлялі ў салдаты на дваццаць пяць год. Тут абяздоленыя людзі-нявольнікі разлучаліся навекі са сваімі бацькамі або жонкамі і дзецьмі… Плакалі. Вось і Слязанка!
Я глытаю кожнае дзедава слова. Гэта не Біблія і не Талмуд, а зусім блізкае жыццё. Голас дзеда Юстына здаваўся мне голасам гаротнай зямлі.
Эх, ці надыдзе той час, калі наш брат зажыве, як чалавек?.. — запытаўся дзед і глыбока ўздыхнуў.
Юстын паглядзеў на вершаліны лесу. Заходняе сонца асвяціла яго твар. На момант Юстынавы вочы запаліліся юнацкімі аганькамі. Яго белая світка паружавела ад сонечных блікаў, паружавела бародка. Дзед Юстын здаваўся пранізаным полымем, велічным казачным уладаром лугоў і лясоў.
Не паспеў я ўдоваль налюбавацца агнёвым дзедам на захадзе сонца, як мне пачулася працяглае войканне не то чалавека, не то жывёлы:
— А-а-а-ай…
Я ўстрывожана азірнуўся. З лесу бег у адной кашулі чалавек. Раскалмачаная галава без шапкі, рыжая барада да грудзей. Ён бег з усёй сілы ды крычаў немым голасам «А-а-а-ай»…
— Не пужайся! Гэта шалёны… Арцёмам завецца. Ён нікога не чапае.
І дзед Юстын расказаў пра гэтага Арцёма.
Кладачка зламалася
Малым хлапчуком астаўся Арцём сіратой — ні бацькоў, ні братоў, ні сясцёр, ні сваякоў. Адзін, як тая дзічка ў полі. Быў ён спачатку павадыром у сляпога жабрака. Сляпы, абвешаны торбамі злосны чалавек, часта біў яго. Арцём ад яго ўцёк і астаўся пастушком у аднаго багача.
Потым зрабіўся парабкам у панскім дварэ. Быў ён працавітым добрым чалавекам. Жаніўся на такой жа гаротнай парабчанцы, як ён сам. Жылі яны ў лагодзе ды згодзе. Яшчэ з маленства гарусціў ён грошык да грошыка, капейку да капейкі, залатоўку да залатоўкі. Скупіўся. Жыў абы каб пражыць. У маладажонаў нарадзіўся хлопчык. Любіў Арцём гэтага хлопчыка, як ніводны бацька на свеце. Як ні скупіўся, як ні шкадаваў, а кожны раз купіць сынку то абаранак, то пернічак, а то паліўнога коніка…
Думаў гаротны чалавек так: сын яго павінен мець сваю хатку, кавалак зямелькі і жыць па-людску. Кінуў Арцём парабкоўства, наняў хатку ў аднаго гаспадара, падзённікам зрабіўся сам, жонка — падзёншчыцай. І зноў — залатоўка да залатоўкі, рубельчык да рубельчыка. Хаваў ён грошы ў куфры на самым дне. Набыў ён пілу і сякеру, зрабіўся дрывасекам у аднаго купца і хадзіў з жонкай у лес.