У дрымучых лясах
Шрифт:
Па дарозе ў Менск і з Менска камісіянеры бралі пасажыраў, або — як яны самі называлі — седакоў. Іншых шляхоў зносін на Менск не было.
Пасажыры былі разнастайныя: крамнікі і крамнічыхі, прапаведнікі, настаўнікі, студэнты, гімназісты, музыкі, дробныя чыноўнікі, рабіны, прадаўшчыкі ікон і крыжыкаў, прадаўшчыкі Бібліі і жыдоўскіх багамолляў, папы, ксяндзы, агенты па страхаванню жыцця, па страхаванню ад пажараў, рамеснікі, ювеліры, фокуснікі і шмат-шмат іншых.
Пасажыры плацілі камісіянерам даволі танна, але больш хадзілі пехатою, чымся сядзелі на фурах, што былі заўсёды даверху напакаваны таварам. Сядзець на возе дазвалялася «седакам» толькі па гладкай дарозе або з гары. На кепскай дарозе пасажыры злязалі з фур.
Камісіянер быў строгім капітанам свайго чатырохкалёснага карабля і поўным уладаром над пасажырамі. Яны рабіліся яго нявольнікамі.
У Пасадцы былі дзве карчмы. Адна з іх вялікая — са стадолай на дваццаць падарожніцкіх фур. Пры карчме была крама і шынок, у які гарэлку прывозілі бочкамі з недалёкага панскага бровара. Часта прыязджалі акцызнікі, правяралі градусы гарэлкі і бралі ў карчмара хабар.
У карчму хадзілі местачковыя даведвацца ў камісіянераў і пасажыраў аб тым, што дзеецца на свеце. Газет ніхто не чытаў.
Такія корчмы-станцыі менскі тракт меў бадай праз кожныя дзесяць кілометраў. Па гэтых корчмах камісіянерскія караваны спыняліся нанач. Тут п'янствавала навакольнае сялянства. Тут аддавалі за гарэлку апошні пуд збожжа, апошні кажух. Тут ачумелыя п'яніцы біліся каламі, абнімаліся, цалаваліся ды зноў пілі і зноў біліся… Ля карчмы заўсёды бывала «весела» — галоўны тэатр, галоўнае відовішча ваколіцы.
Абапал тракту шумелі векавыя бары. Па начах ездзіць з дарагімі таварамі ды з кайстрамі, напакаванымі «кацярынкамі» (сторублёвымі асігнацыямі), было небяспечна. Рэдка калі ездзілі ўночы. Славіліся тут даўней, пры паншчыне, малойцы разбойніка Ціхана, гарачая хеўра канакрада Шлёмкі ды розныя іншыя. Такія аматары бывалі і пазней. На камісіянераў адбываліся часам напады і сярод белага дня. Таму яны ездзілі караванамі-абозамі. Камісіянеры мелі пры сабе сякеры, чачоткавыя даўбежкі, пісталеты. На іх нападалі вельмі рэдка.
Нікога і нічога камісіянеры ў дарозе не баяліся і не паважалі, апрача адной асобы, якой яны, між іншым, ніколі не бачылі ў твар. Асоба гэта была жаночага роду, вельмі ганарыстая і паважная. У камісіянераў яна была накшталт царыцы. Кожны тыдзень яны сустракалі яе на вялізным тракце з малітвамі і паклонамі. Яна затрымлівала караваны на цэлыя суткі і збірала даніну з фурманоў і пасажыраў.
Гэта царыца звалася Шабас — субота. Калі ў пятніцу пасля захаду сонца субота надыходзіла сярод лесу, караван спыняўся тут жа на цэлыя суткі. Набожныя жанчыны-пасажыркі прымацоўвалі да галін дрэў і да каменняў шабасовыя свечкі і маліліся перад імі невідочнай царыцы Шабас. Людзі тады моцна прытрымліваліся рэлігійных забабонаў.
Звычайна шабасавалі па корчмах. Часта ў пасадзецкіх корчмах шабасавала шмат падарожнікаў, сярод якіх бывалі і нежыды: паны, чыноўнікі, студэнты. Царыца Шабас трымала іх у няволі цэлыя суткі.
Пасадзец тады выглядаў вакзалам: шумна, весела шматлюдна.
Апрача камісіянераў праязджалі і праходзілі праз Пасадзец розныя людзі: дзехцяры, анучнікі, мануфактуршчыкі на фурманках, карабейнікі-пешаходы, агенты па продажу кос і сярпоў, агенты па распаўсюджванню швейных машын, кніганошы, катарыншчыкі, дратаўшчыкі гаршкоў, бляхары, краўцы, шкляры.
Наша хата
Бадай адзінай беззямельнай у мястэчку была наша сям'я. Дзед арандаваў старую сялянскую хатку з гародам для бульбы. Хатка стаяла на самым канцы мястэчка на нізкім месцы. Акенцы хаткі, з залатанымі лучынамі шыбамі, улезлі ў самую зямлю. Дзед і бабуля жылі ў галоўнай хаце, мае бацькі — у сенцах: у маленькай каморцы з акенцам на гарод. У гэтай цеснай каморцы змяшчаліся толькі два ложкі для спання і невялічкая печка-ляжанка. Днём мы знаходзіліся ў вялікім
дзедавым пакоі. Абстаноўка была самая звычайная: вялікая печ з шырокім тапчаном насупроць, стол з доўгімі лавамі. Шафа падзяляла дзедаў пакой на дзве паловы. За шафай была дзедава спальня, дзе стаялі два драўляныя ложкі і камод.На камодзе красаваліся масянджовыя падсвечнікі, медны ярка нашараваны самавар і стаялі прыпёртыя да сцяны алавяныя з замыславатымі ўзорамі талеркі. Пасярэдзіне пакоя вісеў на жалезным круку, прымацаваным да бэлькі, бронзавы сямісвечнік. Ён выглядаў у гэтай хаце багатым госцем на вяселлі ў бедных сваякоў.
На неатынкаваных сценах, з'едзеных шашалем у розныя ўзоры, нагадваючыя кітайскія пісьмёны, не было ніякіх карцін, апрача мізраха, што азначае ўсход сонца. Мізрах, у раме пад шклом, вісеў на ўсходняй старане. Тры разы на дзень дзед маліўся перад мізрахам, на якім быў намаляваны горад з небывалымі рознакаляровымі казачнымі дамамі з вежамі, з руінамі замка. Пад горадам было надрукавана на старажыдоўскай мове: «Ніколі цябе не забуду, Іерусалім». Над горадам віселі ў паветры два крылатыя львы. У пярэдніх лапах яны трымалі Маісеевы скрыжалі, на якіх залатымі літарамі былі напісаны дзесяць запаведзей.
Падлога хаткі была няроўная. Яе заўсёды з'ядаў грыб. Часта мянялі падлогу, але гэта мала дапамагала. Яна згнівала за адзін год.
Да хаткі было прыбудавана трысценне для каровы, каня і для сена. Хатка знаходзілася на метраў дваццаць ад тракту, але не была адгароджана. На другім баку тракту стаяла дзедава кузня.
На палянцы каля хаты ўлетку буяла крапіва ў рост чалавека. Рос палын, лопух, некалькі кусткоў маліны. Былі тут свіныя яблычкі, заяч'е шчаўе, адуванчыкі, рамашкі, кураслеп, незабудкі, а пад высокай старой вярбой разраслася пышная сям'я мухамораў. Розныя «божыя кароўкі», жучкі, матылькі, вусені жылі і множыліся на гэтым кавалку зямлі. Гэты невялічкі куток ператварыўся ў маёй дзіцячай фантазіі ў казачны лес з незвычайнымі істотамі.
Тут жа пад вярбою бруілася крыніца, у якой стаяла бочка без дна. Ваду даставалі з крыніцы, нібы з цэбра, меднай конаўкай або вядром. Вада заўсёды пералівалася праз край бочкі і ў мяккім грунце вырыла вузенькі, як лучынка, ручаёк. Ён ніколі не высыхаў і з журчаннем пераліваўся з каменьчыка на каменьчык. Працэджваючыся праз дарожны пясок, ручаёк са звонам уліваўся ў вузенькую рачулку. Сярэбраным ланцужком рачулка злучала два азёрцы, што знаходзіліся па абодвух баках мястэчка. Пры кожным возеры быў невялічкі запылены мукой млынок.
Кавалак зямлі ля дзедавай хаты быў маім. Тут я раскідваў крошкі хлеба, на якія зляталіся птушкі з вярбы. Тут я будаваў будачкі-палаткі, у якіх ляжаў з хлапчукамі-равеснікамі ў гарачыя дні.
Адно-адзінае гора я тады перажываў. У кожную нядзелю на маёй абетаванай зямлі збіраліся п'яныя з карчмы. Яны тут адпачывалі, а часам начавалі на мяккай траве. Некаторыя з іх, лежачы ля крыніцы, апускалі галовы ў халодную, як лёд, ваду і пілі. Назаўтра дзед кожны раз чысціў крыніцу.
На крокаў трыста ад хаткі быў густы лісцяны лес. Грыбы, ягады, арэхі — рукой падаць. За некалькі хвілін маці набірала грыбоў на абед.
Сям'я наша была дружная і працавітая. Дзед быў рамеснікам-меднікам. Заўсёды звінеў аб кавадла дзедаў малаток. Бацька вазіў купецкі лес на рум. Віленскія і менскія лесапрамыслоўцы знішчалі тутэйшыя пушчы дзесяткамі год і сплаўлялі лясны тавар праз Вільна і Коўна ў Прусію. Рэдка калі бацька бываў дома.
Маці была каптурніцай — шыла каптуры для старых сялянак вакольных вёсак. Бабуля тупалася вечна ля печы. Адзіным гультаем у хаце быў я — старэйшы сын у бацькоў і старэйшы ўнук у дзеда і бабулі. Усе яны адносіліся да мяне пяшчотна. Рэдка калі я чуў дома сваркі. Затое навакол хаты ў кожную нядзелю брыдкімі словамі лаяліся п'яныя. П'яны Анупрэй, у каго дзед арандаваў хату, гнаўся за сваёй жонкай. Яна ўцякала ад яго ў кузню да дзеда з крыкам: