У дрымучых лясах
Шрифт:
Спачатку людзі палохаліся, кланяліся нізка, не падыходзілі блізка. Потым прывыклі. Лясныя скамарохі падрабілі панскія галасы і гаварылі мужычкам:
— Паны прыйшлі вас весяліць, да сябе ў маёнткі прасіць, панскае дабро дзяліць. Спіны ў паноў свярбяць, дык трэба іх дубцамі і каламі ратаваць.
Музыкі зайгралі, а камедыянты танцавалі. Народ спачатку здзівіўся панскім выбрыкам. Потым яму гэта спадабалася.
— Дык прыйдзіце церабіць нас. Будзем вас чакаць у палацах. Вам жа няма чаго нас баяцца: вас, мужыкоў, многа, а нас, паноў, мала.
І пайшлі мужыкі церабіць дубцамі і каламі спіны паноў Чапкоўскіх і Багдановічаў.
Пра
— Дык пан хоча, каб я выганяў з лесу мужыкоў? Каб я штрафаваў нашых баб за грыбы і ягады? Пан хоча зрабіць мяне сваім псом? Пан хоча купіць мой востры язык? Няхай сабе пан Чапкоўскі будзе пры сваіх грашах, а я — пры сваіх байках. Грошы раз-два — і з'еў чалавек, а разумнае слова жыве цэлы век.
Сказаў, плюнуў і пайшоў.
Зазлаваны пан Чапкоўскі нацкаваў на яго лютых сабак. Сабакі пакусалі Барткевіча. А праз некалькі дзён усе сабакі пана Чапкоўскага былі атручаны. Пасля гэтага Барткевіч прыдумаў аб ім новую байку.
Яшчэ адно дзіва было ў нашай ваколіцы — старэйшы брат майго сябра Фолі — крамнік Іося. Нізкі і тоўсты чалавек гадоў трыццаці, лысы, з маленькімі мышынымі вочкамі, ён умеў перадражніваць усіх пасадзецкіх сабак і пеўняў. Ён падрабляў і чалавечыя галасы. Гэтымі фокусамі ён збіраў па нядзелях вакол сваёй крамы шмат народу. Ён вырабляў фокусы, а яго жонка Цыпа-Хава ў гэты час таргавала ў краме, як у кірмашовы дзень.
— Іося, кукарэкуй… Іося, брашы! — камандавала Цыпа-Хава
Ён кукарэкаў і брахаў. Народ сыпаў з карчмы ў Іоселеву краму. А калі гэта не памагала, Іося даставаў сваю скрыпку.
— Іоселева скрыпка гаворыць, як чалавек, — дзівіліся дзяўчаты.
Ён граў на сялянскіх вяселлях, на вечарынках у шляхты. Граў на любым інструменце, які пападаўся яму ў рукі: на гармоніку, на цымбалах, на жалейцы, на дудзе, на губным гармоніку, на карыне.
Возьме Іося пілу ў рукі — яна грала. Возьме пустую бутэльку, дзьмухне губамі — і бутэлька выдавала чароўную музыку. Возьме шклянкі, налье ў іх вады, дзе менш, дзе больш, праверыць гукі на шклянках; у якіх адбавіць вады, у якіх прыбавіць, пасля чаго пачынаў выстукваць па іх тоненькім дубцом розныя мелодыі — адно захапленне. Возьме Іося дзеля жарту пустую скрынку з крамы, нацягне на яе ніткі замест струн і давай перабіраць пальцамі — граў так, што адна любата слухаць.
Увесь ён быў насычаны музыкай. Мне тады здавалася, што калі Іося тупне нагой аб камень — і мёртвы камень зайграе… Да гандлю ён не гадзіўся. У жыцці ён быў грубы, недапечаны, ледзь пісьменны. А як толькі браўся за які-небудзь музычны інструмент, дык зачароўваў людзей.
Яго хітрая жонка камандавала ім, як малым хлапчуком. Яна выкарыстоўвала яго талент для прыцягвання людзей у краму.
Заўсёды пасля абходу суседзяў я вяртаўся дамоў галодны, галодны.
Каптурніца
Маці сама шыла мне гарнітурчыкі. Бацьку і дзеду шыла штаны. Швейнай машыны не было. Ёй прыходзілася шыць рукамі. Галоўнай яе спецыяльнасцю былі каптуры. Яна майстравала каптуры для сялянак.
Аснову для каптуроў маці рабіла з простага палатна, верх — з разнастайных паркалёвых ласкуткоў. Аблямоўвала каптуры шоўкавымі істужкамі.
Зверху аздабляла каптуры дарожкамі з карунак. Карункі тырчэлі
рубам, і каптуры нагадвалі дзівосныя кветкі — ці то павялічаныя рачныя лілеі, ці то агромністыя адуванчыкі. Для колераў і ўзораў фантазія каптурніцы мела прастор і разгон. На першы выгляд каптуры нібы рабіліся на адзін фасон. Але калі я добра прыглядаўся, дык не знаходзіў і двух аднолькавых. Кожны адрозніваўся чым-небудзь ад другога.У гэтай сялянскай мадысткі не было люстэрка. Каб палюбавацца сваім творам, яна павінна была мець чыю-небудзь галаву. Галава знайшлася — мая. У працэсе работы маці прымервала каптуры на маёй галаве. Яна любавалася на каптур у анфас, у профіль і ззаду. Яна адыходзіла на некалькі крокаў, падыходзіла, заўважала неакуратнасці, знімала яго з маёй галавы, распорвала, зноў сшывала, зноў насоўвала мне на галаву і зноў правярала на вока.
Старыя сялянкі хвалілі яе работу. Ківалі галовамі, прыцмоквалі губамі і дзівіліся:
— Не каптур, а кветка…
Мне апрыкрыла выконваць абавязак манекена. Але вызваляцца ад гэтага мне рэдка ўдавалася. Я цярпеў да тых часоў, пакуль мае равеснікі не пачалі мяне называць: «каптурная галава». Мне прыйшлося спыніць штодзённы абход мястэчка, бо з-за кожнага вугла мне спявалі на розныя лады:
— Каптурная галава! Каптурная галава!
Я не ведаў, дзе схавацца ад сораму. Прыйшоўшы дамоў, я са злосці ўкраў пяток каптуроў, убіў перад матчыным акном на гародзе некалькі кійкоў і павесіў на іх каптуры на ўсю ноч. Раніцой я разбудзіў матку і сказаў ёй:
— Глядзі ў акно, каптуры выраслі на гародзе!
Маці ахнула. Кінулася мяне біць.
— Гэта ж украсці маглі ўночы! — сварылася яна.
— Мяне хлопцы дражняць каптурнай галавой! — плакаў я. — Не хачу, каб ты адзявала каптуры на маю галаву! Не хачу!
— А есці хочаш? — гаварыла маці. — Як табе не сорамна… Быў такі разумны хлапец, а во скепсціўся…
— Я зноў пачну кашляць і траціць прытомнасць, — страшыў я.
Маці была ў роспачы. Я ўзбунтаваўся не на жарт. Не хацеў прымерваць каптуроў. Уцякаў з дому. Але мне стала шкода гэтай гаротніцы, якая па некалькі дзён перад гадавымі святамі або перад кірмашом сляпіла вочы цэлымі начамі — шыла каптуры, схіліўшыся перад невялічкай лямпачкай. Часта яе перамагаў сон. Яна засынала і пальцы калола іголкай.
— Што рабіць? — думаў я.
І вось каптуры на тычках на гародзе накіравалі мяне на трапную думку. Я пабег да столяра — да рыжавусага дзядзькі Янкі.
— Маці прасіла, каб вы зрабілі балванок для каптуроў, — сказаў я.
— Што? Я не разумею.
— Ну, балванок, каб прымерваць на ім каптуры. Балванок такі, падобны да чалавечай галавы.
— А-а-а! — здагадаўся Янка.
Ён узяў сасновы чурбанчык і пачаў майстраваць спачатку сякерай, а потым геблем. Ён увесь час прыглядаўся да маёй галавы, каб надаць чурбанчыку патрэбную форму. Потым адрэзаў знізу роўна, каб чурбанчык стаяў на стале.
— Маці пыталася, колькі трэба плаціць? — сказаў я.
— Пяць капеек.
Я прынёс дамоў чурбанчык. Ішоў гародамі, каб ніхто не бачыў. Я паставіў чурбанчык перад маткай на стале, адзеў на яго каптур і сказаў:
— Во, маеш замест маёй галавы. Трэба заплаціць столяру пяць капеек.
Маці глядзела і дзівілася.
— Уй, як добра! Ты нават не разумееш, як гэта добра…
Я пакрыўдзіўся:
— Каб не разумеў, дык не прасіў бы Янку зрабіць.
З таго часу я вызваліўся ад прыкрага абавязку.