Чтение онлайн

ЖАНРЫ

У дрымучых лясах

Бядуля Змітрок

Шрифт:

Такія людзі працавалі і на яго цагельні. Ля цагельні шмат народу. Ажыўленыя гутаркі. Смех. Мы з Фолем падыходзім бліжэй. У чым справа?

Пад вялізнай нізкай страхою акуратна складзена шмат цэглы. Унізе з гэтай жа цэглы была зроблена вялізная печ, якая палілася ўжо некалькі дзён. Уся цэгла ўжо была вельмі напалена. Дровы падкладвала Марта — бедная ўдава з «штрафных», якая ўжо цэлы тыдзень працавала на ўрадніцкай цагельні.

Марта з двума малымі дзецьмі жыла на выгане ў старой хатцы. Яе муж, паляўнічы, загінуў ад кулі другога паляўнічага пры паляванні на мядзведзя. Удава хадзіла на падзённую работу,

мыла бялізну ў карчмара і крамнікаў, даіла ў іх кароў і насіла ваду.

У ўрадніка Ясінскага прапала на выгане малое парасё. Ураднік западозрыў, што парасё ўкрала Марта. Довад быў адзін: Марта самая бедная ў мястэчку і не мае чаго есці… Ураднік біў яе бізуном. Марта не прызнавалася. Сцяла зубы і маўчала. Нават ні разу ад болю не крыкнула. Гэта яшчэ больш угнявіла ўрадніка. Ён прымусіў Марту працаваць дзесяць дзён на сваёй цагельні «за парасё».

Калі мы, дзеці, прыбеглі на цагельню, ураднік любаваўся напаленай цэглай. Ён пакруціў сівыя вусы. Яго вочы дзіка бліснулі. Ён зірнуў на сялян і весела абвясціў:

— Хто пройдзе босы па цэглах, таму дам рубля!

Пачуліся галасы:

— Мы не прывыклі да лёгкага хлеба.

— Мне яшчэ рана ў пекла.

— Твая цэгла, сам пяткі грэй.

— Такіх аматараў у нас няма.

— І за дзесяць рублёў не хачу.

Ураднік кпліва паглядзеў на людзей, дастаў з кішэні срэбраны рубель і давай падкідваць яго на далоні.

— Вось гэты рубель дам, хто хоча?

— А рубель не фальшывы?

— Не жартуй! — раззлаваўся ўраднік. — Ну, хто хоча?

— Я! — крыкнула ўдава Марта.

— Ты?! — здзівіўся ўраднік.

— Кінь, Марта, квапіцца на такія рублі! — крыкнуў хтосьці з сялян.

— Пайду! — сказала Марта.

Ураднік пажартаваў:

— Ідуць у танцы абадранцы! І ні разу не крыкнеш ад болю?

— Прывыкла я да болю. Пан ураднік ведае…

Ураднік строга на яе зірнуў.

— Добра! — сказаў ён. — Калі хоць раз застогнеш ад болю, не дам ні капейкі.

— Не застагну…

Ізноў пачуліся галасы:

— І я дам грыўню!

І я прыкіну залатоўку!

— Няхай будзе і мая саракоўка!

— І мой мужычок — бедны-медны пятачок!

Людзі рагаталі. Даставалі серабро. Загарэліся вочы. Пачаліся спрэчкі: «Крыкне Марта ад болю ці не?»

Паставілі яшчэ адну ўмову:

«Марта павінна ісці павольным крокам, не спяшаючыся…»

Гераіня дня стаяла спакойная, толькі праз меру часта церабіла пальцамі свае зрэбныя лахманы. Худая, сінявокая, чорнавалосая ўдава пазірала на свае ногі ды крывіла губы ва ўсмешку. Яе ногі бадай да кален былі пакрыты засохлай гразёй. Яны былі патрэсканыя. Падэшва ног была тоўстая. Відаць, Марта спадзявалася на засохлую гразь на нагах.

— Ну, Марта! — сказаў ураднік. — Пара…

Зноў пачуліся галасы.

— Не лезь, Марта!

— Аддам табе свой пятак і так.

— Яна ж гэта для сіротак бедных…

— Ногі скалечыш — не лезь!

Ураднік зазлаваўся:

— Не бунтуйце бабу!

Удава перахрысцілася кастлявай рукой і ўскочыла на гарачыя цэглы. Адлегласць у дзесяць пякельных крокаў была перад ёю. У яе вачах мільгнуў спалох. Яна сціснула зубы, пабляднела і пайшла на пятках. Пад нагамі ледзь дымілася… Людзі прытаілі дыханне. Кожная секунда здавалася гадзінаю. Марта закусіла губу вострымі белымі зубамі. Яе вочы расшырыліся. З іх

цяклі слёзы.

Ураднік сказаў паважна:

— Мерным крокам!

Яна ступала цяпер на пальцах. З ног сачылася кроў. Са збялелага лба цурком ліўся пот. З яе лахманоў клубілася пара. Вочы Марты зрабіліся круглыя і страшныя. Яна да крыві пракусіла ніжнюю губу, каб не крычаць… Але па яе вачах відаць было, што ўсё нутро яе крычала… Мы, хлапчукі, задрыжэлі.

— Звар'яцела Марта… — шапталіся людзі.

Ураднік моўчкі тапоршчыў вусы.

Марта прайшла агнёвыя дзесяць крокаў. Саскочыла. Усунула ногі ў вільготную гліну і так жаласліва застагнала, што мы, хлапчукі, заплакалі.

Людзі палажылі перад Мартай прайграныя імі грошы.

Ураднік кінуў ёй срэбраны рубель і сказаў:

— Малайчына! На! Вось дзе чэсна зарабіла! Два пуды жыта купіш за мой рубель. А за тое серабро — сала здабудзеш.

Грошы ляжалі ў траве. Марта на іх і не зірнула. Яе вочы былі заплюшчаны. Па худых шчаках цяклі слёзы, змешаныя з потам. Яна працягла войкала і стагнала. Яе стогны нагадвалі гуд жорнаў. Зубамі яна выбівала дроб.

Людзі засароміліся і пайшлі, як нешта ўкраўшы. Ураднік соваў ёй у рукі серабро. Грошы выпадалі з яе змярцвелай далоні. Усё цела яе ўздрыгвала. Марта выла голасна, без слоў.

Мы, хлапчукі, заходзіліся ад усхліпванняў.

— Вон адгэтуль! Прэч! — крыкнуў на нас ураднік. — Каб тут вашай нагі не было! Чэрці!

Мы ўцяклі.

Як успомню гэты выпадак, мяне прабірае дрыж.

Аж два месяцы ўдава Марта лячыла ногі. Затое яна купіла на зацірку два пуды жыта і пару фунтаў сала для галодных дзяцей…

У кожную нядзелю мы з Фолем стаялі ў вялікай карчме сярод натоўпу і глядзелі, як гуляюць людзі, як п'юць і танцуюць. Мы з цікавасцю слухалі гарманістаў і спевакоў.

У карчме вызначаліся тры чалавекі. Яны гаварылі вершы, прыдуманыя імі.

Адзін з іх — мельнік Барткевіч. Чалавек чорны, як цыган, гадоў пад пяцьдзесят, у белай ад мукі шапцы. Ён складваў смехатлівыя вершы аб панах і шляхце. Апавядаў у рыфму аб тым, як на тым свеце мужыкі кідаюць паноў у катлы са смалою і падсмажваюць.

Слухачы рагаталі.

Другі — кравец Юзік — спяваў пад гармонік жартаўлівыя частушкі, якія тут жа прыдумляў.

Трэці — селянін Гейне — складваў жаласлівыя песні аб каханні, аб сірочай долі. Ад яго вершаў дзяўчаты станавіліся сумнымі, жанчыны плакалі.

Хлопцы і дзяўчаты падхоплівалі вершы непісьменных песняроў і распаўсюджвалі іх вусна па ўсёй ваколіцы. Усе частавалі паэтаў гарэлкай. Кожны з іх меў сярод сялян сваіх прыхільнікаў.

Мельнік Барткевіч аднаго разу прыдумаў такую байку.

Звяры і птушкі пашкадавалі гаротных мужычкоў. Уздумалі яны павесяліць народ, наладзіць для яго вясёлую камедзь. Камісіянеры прывезлі ім з Менска фарбу, капялюшыкі, панскую вопратку, залатыя дрындушкі, парыкі, вусы — і ўсё, што трэба. Воўк апрануўся пад пана Чапкоўскага. Дзікі кабан зрабіўся панам Багдановічам. Мядзведзіха — паняй Чапкоўскай. Ласіха — паняй Багдановічыхай. Буслы адзеліся панічамі. Сарокі — паненкамі. Лісіца насунула ксяндзоўскую спадніцу. Сабакі зрабіліся панскімі цівунамі і аканомамі. Звяры і птушкі размалявалі сабе морды акурат як у паноў. Нанялі дудара, скрыпача, гарманіста і цымбаліста, і пайшоў кіятар па вёсках народ весяліць.

Поделиться с друзьями: