У капцюрох ГПУ
Шрифт:
Гэтакi быў наш Вавiлаў.
Ведама, я расказаў таварышу ўсю сваю справу. Усю, з усiмi дэталямi. Тут нiчога не хаваў. Казаў пра ўсе гутаркi ў ГПУ, пра банкет, пра сваё савецкае грамадзянства. Мне тады здавалася, што «совершенно секретно» на волi, за вастрожнымi мурамi перастае ўжо быць сакрэтам.
Я пытаўся, што ён думае, як усё гэта скончыцца?
Мой таварыш глядзеў на маю будучыню вельмi пэсымiстычна.
— Найменш, што вам могуць даць — гэта пяць гадоў высылкi ўва Ўсходнюю Сiбiр, або пяць гадоў Саловак… Менш не даюць… Сяджу тут ужо другi год… Праз маю камару прайшло шмат народу… Менш не даставалi…
Значыцца, найменш — 5 год! Пяць даўгiх год быць паз-баўленым волi, быць адарваным ад жыцьця, ад сваiх блiзкiх!.. Пяць год — найменш… А можа — дзесяць?.. А можа… расстр…
Брр! Лепш аб гэтым ня думаць!..
Але-ж не! «Грамада» выручыць! Ульянаў выручыць! Каб толькi яны даведалiся! Яны там нiчога яшчэ ня ведаюць. Але з часам даведаюцца, — а тады прыйдзе вызваленьне… Адчыняцца вастрожныя дзьверы i — хто ведае — можа, ГПУ будзе «извиняться за причиненное беспокойство».
Але калi-ж высьвятлiцца гэтае непаразуменьне?
— Таварыш! Калi мне дазволяць паслаць лiст на волю?
— Як вас паклiчуць на першыя допыты, тады прасеце ў свайго «уполномоченного»… Можа, дазволiць.
На Камароўку
Часта няма аб чым гутарыць, асаблiва калi людзi прымушаны быць з сабой неразлучна цэлыя днi i ночы. Усё ўжо, здаецца, сказана, усё перагаворана.
Як ня было аб чым гаварыць, мы гулялi ў шахматы. Аднаго разу мой таварыш быў неяк дзiўна няўважлiвы, раз за разам прайграваў. Як пачаў наблiжацца вечар, пачаў агортваць яго нейкi несупакой. Я спытаўся, што з iм?
— Сяньня панядзелак, — адказаў ён.
— Ну дык што? Такi самы дзень, як iншыя.
— Сяньня панядзелак… Ужо два тыднi, як нiкога не ўзялi… Думаю, што сяньня…
— Куды?
Ён глянуў на мяне працяжна й адказаў:
— На Камароўку.
— Што гэта: Камароўка?
— Лес. У Камароўскiм лесе расстрэльваюць. Цi-ж ня ведаеце?
Я нiчога ня ведаў. Цяпер толькi даведаўся…
У нядзелю звычайна вяртаўся кур'ер з Масквы з прысудамi калегii ОГПУ, а ў панядзелак пачыналiся расстрэлы.
Зьмяркалася. Ужо хутка запаляць электрыку.
Але яшчэ вiдаць. Можна распачаць новую партыю шахматаў.
Раптам мой партнёр сарваўся з месца i пачаў нэрвова хадзiць па камары.
— Чаго вы?.. — пытаюся.
— Цiха…
— Чаму?..
— Няўжо ня чуеце?
На падворку гудзеў матор аўтамабiля-грузавiка. Мой таварыш кiнуўся да дзьвярэй i, прытулiўшыся да iх, пачаў прыслухоўвацца. Я з дзiвам глядзеў на ўсё гэта, не адчуваючы трагэдыi, якая ў той час разыгрывалася ў падвале ГПУ, а ў душы майго таварыша асаблiва. Раптам ён адскочыў ад дзьвярэй i кiнуўся да вакна.
— Бяруць… — прахрыпеў.
Перад нашым вакном хутка мiгнулi нейкiя сьценi. Было чуваць, як ад'яжджаў аўтамабiль. Я глянуў на свайго камрата. Стаяў ён непарушна каля вакна, а сьлёзы капалi з вачэй.
У гэты вечар павезьлi на Камароўку двох зраджаных iм ягоных таварышоў.
Аднаго прозьвiшча — Iвашка. Другога — не памятаю.
Юдава работа
Хаця справа майго вастрожнага камрата ўжо была закончана i ўжо яму не заставалася нiчога iншага, як адседжваць свой тэрмiн або чакаць магчымасьцi расстрэлу, час ад часу клiкалi яго наверх, дзе былi канцылярыi сьледчых. Як ён вяртаўся, я часта чуў ад яго пах гарэлкi. Ён расказваў мне, што клiкалi яго ў справе перасылкi лiстоў ягонай жонцы, якая засталася за гранiцай i да г. п. казкi. Тады я верыў гэтым гутаркам.
Цяпер, багаты дасьведчаньнем, якое мне далi сем год вастрожнага жыцьця, ведаю, з якой мэтай клiкалi яго туды «наверх». Ён там даваў справаздачу з таго, аб чым я казаў i што я рабiў. Даведзены тэрорам да поўнага маральнага заняпаду, ён далей iшоў дарогаю зрады, думаючы, што гэткiм чынам выратуецца ад сьмерцi…Наша камара мела сваю гiсторыю. Казалi, што ў ёй прабыў два днi пасьля свайго арышту Савiнкаў. Тут сядзеў ксёндз Усас, якога пасьля абмянялi ў Польшчу, ды iншыя «славутасьцi». Запраўды, нашая камара была аднэй iз лепшых. 3 вакна было вiдаць падворак. Дзякуючы гэтаму мы часам маглi бачыць вязьняў з iншых камар, калi iх выводзiлi «на прагулку».
Першыя допыты
Гэтак прайшло два тыднi.
Я сядзеў у двох з латвiйскiм афiцэрам, гутарылi, сушылi сухары на трубах калёрыфэра, гулялi ў шахматы:
Дзень да дня падобныя, як дзьве каплi вады,
Чырвонаармеец адчынiў дзьверы i клiкнуў:
— Аляхновiч! На дапрос!
Ужо было каля поўначы. Я гэтага не спадзяваўся. Я шчэ ня думаў, што допыты вязьняў бываюць толькi ўночы.
Я схапiў каўнерык. Шпiнка не хацела папасьцi ў дзiрачку, рукi дрыжэлi, а салдат падганяў:
— Ня трэба!.. Хутчэй!.. Пробкой вылетай!
Пайшлi.
Iшоў я з добрай надзеяй. Нарэшце буду магчы шчыра пагаварыць. Скажу ўсё. Дык-жа я ня маю чаго хаваць. Ну, i ведама, выслухаўшы мяне, зараз звольняць, ну калi ня зараз, дык заўтра, дык за колькi дзён пасьля выкананьня ўсiх зьвязаных з гэтым канцылярскiх фармальнасьцяў.
А што, калi?..
Пры стале сядзеў брунэт мангольскага тыпу, прыглядаючыся да мяне ўважна.
Я затрымаўся на сярэдзiне пакою, чакаючы, што далей.
Даволi доўга трывала гэтая прыкрая маўчанка, у часе якой «уполномоченный» сьвiдраваў мяне сваймi вачыма.
Нарэшце я пачуў:
— Ну, сядайце, грамадзянiн Аляхновiч!
Ды йзноў даўгая паўза, у часе якой брунэт ня спушчаў з мяне вачэй.
Гэта надта мучыла. Каб адарваць на часiну свой пагляд ад гэтага чалавека, я пачаў поркацца ў кiшанi, выцягваючы насатку.
Брунэт таксама палез у сваю кiшаню i выцягнуў адтуль наган, якiм, паклаўшы яго на стале, пачаў забаўляцца. Нарэшце пачаў:
— Н-у-у-у, расказвайце нешта, грамадзянiн Аляхновiч! Што-ж мы гэтак сядзiмо й толькi глядзiмо адзiн на аднаго. Я хацеў-бы з вамi шчыра пагутарыць.
— Калi ласка. I я таксама.
— Ну, дык расказвайце аб сваей «Беларускай Радзе».
— Што расказваць?
— Усё.
— Ня ведаю, што вас спэцыяльна цiкавiць.
— А я вам вось што скажу, грамадзянiн Аляхновiч! Перад вамi сядзiць стары рэвалюцыянэр i дасьведчаны чэкiсты. Але ня думайце толькi, што я хачу вашае загубы. Наадварот. Я хачу дапамагчы вам. Але памятайце адно: трэба быць зусiм шчырым, адкрытым. Давайце пагаворым па-таварыску, бяз нiякiх утойваньняў. Ад вас залежыць ваш лёс…
Я пачаў гаварыць. Я казаў, як я ехаў сюды, веручы, што тут творыцца новае харошае жыцьцё, што тут на культурнай нiве буду мець шырокае поле для беларускай працы, што за мяне можа паручыцца «Грамада», што я, ехаўшы сюды, ня меў нiякай благой думкi й да г. п.
— Ведаю, ведаю, усё гэта ведаю… Але не аб гэта йдзе.
Раптам з-за дзьвярэй суседняга пакою пачууся голас:
— Пятроў! Хадзi сюды на часiнку! Хутчэй!
Мой сьледчы сарваўся з крэсла й пабег у другi пакой, пакiдаючы свой наган на стале.