У капцюрох ГПУ
Шрифт:
Самае малодшае ня мела яшчэ двох год. Гэта быў хлопчык.
Уважаючы маладога «праступнiка» не асаблiва небясьпечным, яму дазволiлi бегаць у калiдоры. Клiкалi яго Апанас. Памятаю, адзiн раз, як адчынiлiся дзьверы мае камары, я ўбачыў перад дзьвярыма дзiцячыя вочы, якiя паглядалi з цiкавасцяй на мяне. Я ўзяў на рукi маладога таварыша-вязьня i, прытулiўшы дзiця да сябе, у глыбiнi душы цешыўся ў сваiм бацькаўскiм эгаiзьме, што гэта ня мой Казюк праводзiць свае дзiцячыя гады на вастрожным хлебе, але чужы для мяне, бедны Апанасiк…
Матчына
Мацi мая, хаця ня мела ад мяне лiстоў, была спакойна.
Думала, што я жыву ў Вiцебску i, маючы шмат працы, ня маю часу на лiставаньне.
Дык калi атрымала мой кароткi вастрожны лiст, упала ў роспач. Старалася разабраць замазаны Пятровам працяг лiста, але нiчога ня выйшла. Гэтая чорная пятроўская замазка на лiсьце яшчэ болей узмагала яе неспакой.
I пачалося абiваньне парогаў розных савецкiх установаў — то сюды, то туды, усюды нi с чым. Бяз вынiкаў. Сама ведала, што трэба пагутарыць з Ульянавым. Апрача таго, трэба пабачыцца з сынам.
Неўзабаве даведалася, што дыплёмат затрымаўся праездам у Менску. Дык пайшла да яго ў гасьцiнiцу.
Ён зьдзiвiўся, пабачыўшы сярод сваiх звычайных iнтэрэсантаў — маладых жыдкоў i жыдовачак — нейкую старую са сьлязьмi на ваччу.
— У чым справа, грамадзянка? Чаго вы да мяне прыйшлi?
— Паночку?.. Таварыш… Грамадзянiн… Я мацi Аляхновiча…
— Ааа…
— Я матка ягоная. Прыйшла да вас прасiць дапамагчы майму сыну… Майго сына арыштавалi… Ён бязьвiнны… Грамадзянiн! Вы адзiн толькi можаце яго выратаваць… Я прыйшла да вас, як да адзiнага выбаўцы майго сына…
— Ха, xa, xa! А гэта мне падабаецца… Дык значыцца я павiнен яго вызвалiць? Дзеля чаго? Чаму?
— Дык-жа вы ведаеце, што мой сын ня мае нiякае вiны… Прыехаў сюды, паверыўшы вам… Без благiх думак…
— Добра яму гэтак! Няхай пасядзiць! Ён сеў ужо надоўга. Ужо не захочацца яму контррэвалюцыi!
— Але-ж мой сын ня быў контррэвалюцыянэрам! Вы гэта добра ведаеце. Вы-жа далi яму вiзу…
— Годзi ўжо! Ня маю часу даўжэй з вамi гутарыць, грамадзянка! Ды й гэта не падлягае маёй кампэтэнцыi. Iдзеце ў ГПУ.
— Грамадзянiн…
— Годзi, сказаў я ўжо раз. Прашу больш мне не дакучаць!
Аблiваючыся сьлязьмi, пакiнула мацi пакой дыплёмата.
Трэба йсьцi ў ГПУ, трэба прасiць, каб далi дазвол пабачыцца з сынам.
Можа, яму нечага трэба? Ну, ведама, што трэба. Дык-жа ў вастрозе блага кормяць. Трэба прынесьцi яму ежы. Ён гэтак любiў пiражкi з грыбамi. Трэба сьпячы яму пiражкоў. Ён-жа там ня мае нiякае пасьцелi. Можа, дазволяць перадаць яму хаця маленечкую падушачку i коўдру. Мусiць, ня мае й папярос. Ён гэтак шмат курыў. Як ён у гэтакiх абставiнах вытрывае без папярос?
А можа, ён хворы? Дык-жа там, у гэтых падвалах ГПУ, мусiць, страшэнная сырасьць. Яшчэ дастане рэуматызму…
Ах, Божа, Божа… зьлiтуйся над iм…
Апошняя надзея разьвеялася
Пятроў даў дазвол бачыцца з сынам.
— Аляхновiч! Выхадзi на «свидание», —
загудзеў адзiн раз голас чырвонаармейца.Я ўскочыў, як спружына. Усьцешыўся. Матка прыйшла! Першы раз буду мець кантакт з вонкавым жьщьцём. Цяпер скажу мацi, што трэба рабiць, з кiм пабачыцца…
У калiдоры ў камэндатуры сядзела ўжо старэнькая, чакаючы на сына. Як мяне пабачыла, сьлёзы, як пацеркi, пасыпалiся па зьбялелым твары. То абыймала мяне, тулячы да сваiх грудзей, то адсоўвала маю галаву, каб лепш мне прыгледзецца.
— Ну, кажы, кажы!.. Здароў? Не хварэў?
— Здароў. Гэтак хутка лiха мяне ня возьмець.
— Я прынесла табе крыху паесьцi, чыстую зьмену, трошкi ежы. Цi ты ўсё атрымаў?
— Усё атрымаў. Вельмi дзякую. Асаблiва за папяросы.
— А ты менш куры! Гэта шкодзiць на здароўе.
— Пагаворым аб справах важнейшых, бо ня хопiць часу. Маем толькi 15 мiнут. Цi мама пiсала ў Вiльню, да жонкi, каб не прыяжджала?
— Але, напiсала. Пiсала так, як трэба… Але яны зразумеюць.
— А затым другая справа: даведайцеся, калi будзе ў Менску Ульянаў… Зайдзецеся да Ульянава…
Мацi безнадзейна махнула рукой:
— Э! Няма чаго…
— Але-ж я прашу, каб мама расказала яму ўсё… Можа, ён яшчэ нiчога ня ведае…
— Ах, Божанька мой! Як ты нiчога не разумееш! Я ўжо была…
— Ну, i што? Што?
Матка зiрнула на чырвонаармейца, што быў пры гэтым, паказваючы сваiм поглядам, што ня можа адкрыта аба ўсiм казаць, ды й зноў махнула рукой.
Мне ў галаве не мясьцiлася: няўжо-ж i надзея на Ульянава аказалася манлiвай!
Жонка зьбiраецца ў дарогу
Жонка ўжо распрадала шмат рэчаў, пакiдаючы пакуль што толькi ложак, пару крэслаў i адзiн столiк.
У блiзка што пустой, няпрытульнай кватэры нецярплiва чакала ад мяне лiста й грошай на дарогу.
Часам заходзiлi адведаць яе мае вiленскiя прыяцелi, пытаючыся, якiя ёсьць ад мяне весткi.
— Ня ведаю, што гэта значыць, — адказвала зьбянтэжаная жанчына. — Ужо ня маю на пражыцьцё. Што можна было прадаць, ужо прадала. Дзе можна было пазычыць, пазычыла. У вапошнiм сваiм лiсьце пiсаў, каб я кожную часiну была гатова выехаць. Я даўно ўжо гатова, а ён нiчога ня пiша.
Запраўды, справа была кепская. Рахунак за электрычнасьць не заплачаны. Сядзелi без сьвятла, пры сьвечцы. Вухальле ўжо скончылася. Трэ было купляць дровы вязанкамi, каб ад часу да часу напалiць у печы.
Тэмпэратура ў памешканьнi была 8-10 градусаў цяпла.
Гаспадар штодня прысылаў стоража спытацца, калi кватэра будзе вольная, бо меў ужо новага кватаранта.
Адзiнай стравай для жанчыны й дзяцей быў хлеб i бульба.
Прыяцелi старалiся яе супакоiць.
— Мо яшчэ не зусiм уладзiўся…
— Мусiць, не дастаў яшчэ грошай…
— А можа, ня так лёгка выслаць адтуль грошы, мо рупiцца аб дазвол…
— Мо думае сам сюды прыехаць, каб забраць iз сабой жонку з дзецьмi…
I да г.п. здагадкi.