Чтение онлайн

ЖАНРЫ

У снягах драмае вясна

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

Ён зусім не чакаў гэтага, але плечы Алёнкі раптам затрэсліся. Ведаючы, што ў такіх выпадках лепей за ўсё дапамагае роўны, сухаваты тон, сказаў:

– Вы не ведалі, што я жыву тут, у гэтай вёсцы?

– Не.

– Веру вам. Я таксама кажу шчырую праўду: я ведаў, што паедзеце вы, і назнарок папрасіўся вознікам. А зараз бярыце хустачку, тут нічога няма страшнага. Глядзіце, усё добра на свеце. Месяц над раўнінаю, снягі.

– Дзякую, мой настрой не вельмі сапсаваўся, - ціха сказала яна.
– Што казаць, я думала, што вы наогул дзесьці зніклі, хоць пасля да мяне дайшлі невыразныя чуткі, што Паўлюк з вамі перапісваецца. Як вашы справы?

Берасневіч сцісла расказаў пра сваё жыццё за апошнія чатыры гады. Яму здавалася,

што нічога асаблівага ў ім не было: скончыў завочна універсітэт, працуе тут, шмат паспеў зрабіць для вёскі і для сябе. Але ёй усё гэта здалося надзвычайным:

– Які вы дзіўны чалавек. Такая энергія! I не сумавалі па горадзе?

– Спачатку вельмі. Але калі ў чалавека справы, ён не сумуе. Бачыце, стаў сапраўдным гіпербарэйцам, слухаюць мяне не адны дзеці, але й коні. Аднойчы на піліпаўку мяне і адну настаўніцу тут ледзь ваўкі не заелі. Давялося два кілометры, да вёскі, паліць па частках кнігі, якія неслі з сабою. Пасля столькі смеху было.

– Жах які!

– Нічога жахлівага. Такіх выпадкаў тут год семдзесят не было. Праз некалькі дзён я згуртаваў паляўнічую каманду, і мы ўвесь гэты вывадак знішчылі: маці, мацёрага, прыбылых. Паглядзелі б зараз, якая шкура ў мяне ў пакоі, ля ложка, ляжыць. Толькі кніжак шкода.

– I ўсё ж гэта жахліва! Я б на месцы той настаўніцы памерла. А як яна?

– Нічога. Яна ўжо два гады, як паехала дадому, не працуе тут. А як у вас справы?

– Таксама нічога. Кансерваторыя хадайнічала, каб пакінулі мяне ў горадзе. Скончыла і кансерваторыю, зараз выступаю. Даводзіцца трошкі ездзіць. Вось і сёння таксама. Здаецца, карыстаюся поспехам.

Берасневіч глянуў на яе з-пад калматай шапкі насцярожана:

– Вам не трэба размаўляць. Холадна. Давайце я вам аддам свой шарф.

– Ат, - усміхнулася яна, - спяваць мне яшчэ колькі год, а з вамі размаўляць толькі гэты вечар.

Сэрца ў Берасневіча зашчымела, але ён прыняў абыякавы выгляд і сказаў як мага роўным голасам:

– Чаму? Можа, калі-небудзь і сустрэнемся. Мне здаецца, у гэтым зараз для нас няма небяспекі. Калі магчымы такія размовы, значыцца, людзі астылі. Бярыце, бярыце шарф.

I з чароўнай мужчынскай дурасцю, якая лічыць, што яна хітрэйшая за ўсіх на зямлі, спытаў занадта абыякавым тонам:

– Спадзяюся, што раўнаваць за гэта ваш муж не будзе?

Алёнка строга паглядзела на яго з-пад белых махнатых веек.

– Не, не будзе.

Толькі на адно імгненне ў яго вачах праслізнула нешта незразумелае, каб адразу згаснуць.

– Ну вось і добра, - сказаў ён.
– Як кажуць, віншую. Вазьміце шарф.

I ён уклаў яго ў яе маленькую цёплую руку, якая раптам здрыганулася, адчуўшы дотык яго пальцаў.

– Які цёплы, мяккі, - сказала яна.
– Дзякуй вам.

– Ну вось і добра, вось і добра... Н-но-о, каб вы здаровыя былі!

Сані пабеглі хутчэй. Чорная пушча стаяла з бакоў, засыпаная снегам. Рухаўся злева над верхавінамі дрэў самотны, халодны месяц. Лясныя яры, волаты-дрэвы над галавой, сагнутыя цяжкім снегам у арку маладыя бярозкі. Дзіч!

Ён зноў глянуў на яе. Яна сядзела моўчкі, прыгожая і халодная.

– Вось і скончылася гэта маленькая гісторыя, - з сумам прамовіў ён.
– Гэта нічога. Мяне турбуе тут толькі тое, што вы маглі пакрыўдзіцца на мяне. Гэтага я не жадаў бы. Усё-такі тыя дні назаўсёды застануцца самымі святымі днямі майго жыцця... I падумаць толькі, што ўсё магло быць зусім, зусім інакшым, каб не подласць гэтага брыдкага чалавека (спадзяюся, што не ён ваш муж, хаця з-за ўласцівай мне далікатнасці і не жадаю распытваць). Што б нам варта было паступіць ва універсітэт на чатыры гады пазней. Але, зрэшты, гэта позняе шкадаванне.

Добра, што ён адвярнуўся ад Алёнкі. Тая глядзела на яго расшыранымі, поўнымі слёз вачыма, і прайшло хвілін пяць, пакуль яна саўладала са сваім хваляваннем.

Ён саскочыў з саней і пайшоў поруч, па гурбах,

вялікі і нязграбны, як мядзведзь.

– Я не шкадую, - сказаў ён такім дзіўным голасам, што яму не паверыў бы нават мужчына, - бачыце, гэта мая краіна забыцця. Толькі замест лотасаў тут яліны, а я сам падобны на золаташукальніка з Кландайка.

– Пакіньце гэта, - з пакутаю ў голасе сказала яна.
– Скажыце, Уладзік, дарагі, я ў той час не вельмі вас абразіла? Маглі б вы дараваць мне?

– Дараваць? За што? I на каго абразіцца? На вас?
– шчыра спытаў Берасневіч.
– Хіба вы вінны ў тым, што вас падманулі, пераканалі ў тым, што я лгун? Або ў тым, што... Ну добра, пра гэта не буду. Я не належу да пароды тых людзей, што як кахаюць дзяўчыну, дык кажуць, гатовы яе ў рай пасадзіць, а калі яна пакахае каго іншага, дык кажуць, што й пекла для яе замала. Яна, бачыце, перавагу перад ім, такім добрым, іншаму аддала...

Алёнка задумалася, прыкладаючы да губ ягоны шарф.

– Я не аддавала перавагі іншаму.

– Э, што казаць. Вы лепей скажыце мне, дзеці ёсць?

– Выслухайце ж і вы мяне. Я скажу вам шчырую праўду, хоць гэта мне і цяжка, хоць я, можа, і не павінна казаць яе. Бачыце, мы простыя, звычайныя людзі. I мы трапілі ў віруючы кацёл, не ведаючы нічога, нічога не разумеючы. I сваю слепату мы зрабілі зрокам і лічылі, што мы не памыляемся. Здарылася так, што знайшоўся мярзотнік, які выкарыстаў нашу слепату. I мне, і... табе, чуеш, табе гэта каштавала многіх бяссонных начэй і многіх пакут. Я вельмі, вельмі кахала цябе, бачыла ў табе вышэйшую істоту, верыла да апошняга слова. I менавіта таму, а не таму, што цябе зрынулі, адышла ад цябе, вырвала з сэрца з крывёю, амаль з жыццём, калі мне здалося, што ты здрадзіў праўдзе. Як магла я, простая дзяўчына, ведаць, што праўда, калі яна з нячыстага рота, калі яе прыстасаваў да кішэні нягоднік, гэта не зусім сапраўдная, папсаваная праўда, што ў такіх выпадках праўду трэба ратаваць. I вось такое пакаранне. Божа... божа... божа...

Заплакала. Берасневіч даткнуўся да яе пляча. Шкода было яе больш, чым сябе. Толькі і сказаў:

– Не плач, не плач.

Так кажуць маленькай дзяўчынцы.

Але вось яна ўжо справілася, зноў ганарыстым і прыгожым стаў навекі любы твар.

– I вось змянілася ўсё. Іншыя надышлі часы, я ведаю. I я яшчэ больш ганаруся табою, калі бачу, што ты інстынктам, сумленным сэрцам прадбачыў гэта наперад. Але што мне з гэтага? Застаецца толькі вінаваціць сябе. А цяпер якое мне можа быць апраўданне. Не паверыла табе, кінула аднаго ў самы жахлівы, самы цяжкі момант. Даруй жа мне... I маўчы, маўчы. Ты думаеш, што мне лёгка прызнавацца ў гэтым? Мне было сорамна, таму я і жадала саскочыць. Я стала дарослай, я добра зараз бачу цябе. Я стала відушчай, але пасля таго, як згубіла цябе. Нашто мне зараз гэты здабыты зрок? I горш за ўсё, што я нават звыкла да гэтага. Колькі гора было! Я мёртвай хадзіла два гады. Маці бачыла гэта - думаеш, яна не пашкадавала тысячу разоў, што зрабіла так, што не падтрымала цябе ў той час. Яна не ведала, што гэта было так сур'ёзна, што ў нашы дні таксама ўмеюць кахаць. А татка не пашкадаваў нас. Адзін толькі раз, але сказаў адверта, што мы нарабілі і што ён прадчуваў гэта сваім прасцецкім сэрцам... А мне толькі хацелася памерці.

Берасневіч быў шчырым і простым хлопцам. Таму ён проста сеў поруч з Алёнкаю на задняе сядзенне і ўзяў яе за руку, зняўшы пальчатку:

– Не трэба, Алёнка, не трэба. Ты заўтра ж зненавідзіш сябе за гэту хвіліну слабасці... Так здарылася. Ты не вінаватая, я вінаваты значна больш... Зразумей, ты для мяне і зараз засталася лепшай на зямлі.

I ён прыпаў вуснамі, усім тварам да яе далоні:

– Гэтым болем ты дачыняла мне такую радасць, і такім шчасцем было кахаць цябе, што я толькі гэта і памятаю зараз, толькі гэта. Забыліся пакуты, а сэрца тваё засталося, і гэта - лепшае. Над усім на свеце яно. I за гэта дзякуй табе.

Поделиться с друзьями: