У снягах драмае вясна
Шрифт:
Але як толькі ён вымавіў слова "выключыць", зборы, быццам абуджаныя, залютавалі:
– Ганьба!!!
– Нам не верыш, скрываеш - і такога патрабуеш.
– Досыць! Накамандаваўся!
– Самага шчырага хлопца...
– Маркіча замест яго выключыць!
– Ну-ну, ты глупства не плявузгай таксама. Усё ж і Берасневіч вінен.
– Трохі заганарыўся.
– Заганарыўся? Лабідуда ты. Дай бог кожнаму так заганарыцца.
– Не абаронім яго, дык Маркіч і нас заўтра выключыць, адзін у камсамоле застанецца... Сам п'ю, сам гуляю, сам кірую, сам выконваю.
Маркіч
Ён не разумеў, што яго дробязнае, прыдзірлівае, ханжацкае абыходжанне з сябрамі астабрыдла ім, што Янка зрабіў толькі першы ўдар ломам, а далей вада пайшла сама. I вада зрабіла тое, што не мог зрабіць Янка. Мікола Касмач, які быў, нягледзячы на дабрыню, вялікім дыпламатам, доўгі час прыслухоўваўся да крыкаў і пасля, відаць, зразумеў, што Маркіч сваёй прапановы не правядзе, спыніў іх і сказаў з дакорам:
– Цьху! Ну й загнуў ты, таварыш Маркіч. "Выключыць". Ты кажы, ды ведай меру.
I, відаць, прыпамятаў ранейшыя добрыя адносіны да Берасневіча, сказаў:
– Выключаць яго нельга. Калі такіх выключаць, дык хто ў камсамоле застанецца. I з універсітэта -таксама. Скончыць - працай у школе дакажа, хто ён. I я не думаю, каб ён працаваў горш за цябе.
– А павучыць трошкі варта. Я, напрыклад, прапаную даць Берасневічу строгую вымову... з папярэджаннем.
– За што?
– голасна спытаў Янка.
– За паклёп ілгуна?
– Перастрахоўшчык ты! А раптам усё ж у Берасневіча ў кішэнях гаўбіцы, а пад партаю полк узброеных нягоднікаў "Камплот вызвалення студэнтаў ад хлеба", - буркнуў Жэнька.
Але іх не падтрымалі. Зборы, давольныя тым, што Берасневіч застанецца ва універсітэце і ў камсамоле, на гэты раз не спрачаліся. За вымову прагаласавалі большасцю ў тры галасы.
– Такім у аспірантуры не месца!
– паспрабавала крыкнуць Марыя Капасевіч, але гэта была ўжо зусім бязглуздая, злосная выхадка, і яе папрасілі змоўкнуць, хоць многія сапраўды думалі, што аспірантуры Берасневічу цяпер не бачыць як сваіх вушэй.
– Можа, Берасневіч хоча што-небудзь сказаць?
– спытаў дэкан. Берасневіч устаў бледны, як крэйда, ад крыўды.
– Вы нядобра зрабілі, таварышы. Радуецеся, што мяне не выключылі? Лепей бы сапраўды выключылі, мне было б лягчэй. Гэта ж паклёп. I вы мне псуяце будучае і адносіны з людзьмі.
– Завёў панiхiду, заплакаў, - заўважыў Маркiч.
Сэрца ў Берасневіча сапраўды плакала, але сказаў ён апошняе слова цвёрда:
– Я не крыўджуся. Але вы пашкадуеце ў душы, што далi волю несумленнаму чалавеку...
Звон па графіне.
– ... які зрабіў мне такое з прычын, пра якія я не магу сказаць, але якія я зразумеў. Я ведаю і веру - такія людзі не вечныя ў маім камсамоле, маім, чуеце, маім, што б ні было. I калі гэтых кар'ерыстаў і ханжоў выкінуць з яго - узрадуецца сэрца ва ўсіх добрых камсамольцаў. Так будзе, бо нельга спекуляваць на такіх словах, як "камуна", "камсамол", а такіх, хто ўсё ж спекулюе, такіх не будуць проста выдзіраць з поля (як гэта істота сёння хацела зрабіць са мною), ім проста будуць адсякаць хвост па самую галаву. Я не забуду толькі аднаго: вы сёння
маўчалі, некаторыя проста не спрачаліся, хоць ведалі - робіцца несправядлівасць. Вы дрэнна зрабілі, хлопцы, мне сорамна за вас.Зборы скончыліся хутка і непрыкметна. Сапраўды, многім стала сорамна. Адчувалі, што зрабілі нешта несумленнае. Уладзіслаў паспрабаваў знайсці Алёнку, але яе не было, пайшла дадому. Янка загаварыў з ім - ён адказваў машынальна. Сяляўка падышоў да яго з прабачэннямі - Берасневіч паглядзеў на яго і сказаў:
– Нічога, нічога, хлопча. Ты добры сябра. Толькі рабіся цвёрдым. Сёння яны ледзь не зацягнулі цябе на ўчынак, якога ты мог бы саромецца ўсё жыццё.
I пайшоў у запаветную алею, думаючы, што, можа, Алёнка чакае яго. Але Алёнкі не было і там.
Першае жоўтае лісце каштанаў пачынала аблятаць на алею.
XVII
У першы дзень пасля збораў Алёнка яшчэ размаўляла з ім, хоць і была вельмі стрыманай, але пасля пачалося нешта дзіўнае і зусім не зразумелае. На месцы спатканняў яе ўжо не было разы тры, з лекцый яна знікала так нячутна, што нельга было ўгледзець.
Аднойчы ён усё-такі дагнаў яе, але яна была з сяброўкамі, якія ішлі з ёю да самага дома. Другі раз была адна, але сказала яму, што зараз невядома які час будзе адразу спяшацца дадому, бо захварэла маці. I пры гэтым глядзела на яго вялікімі, спужанымі вачыма, на дне якіх адбіваўся прытоены боль.
А потым цэлы тыдзень яе зусім не было на лекцыях, відаць, зразумела, што Берасневіч вырашыў якраз у гэтыя дні паразмаўляць з ёю шчыра і да канца, што б там ні было. На лісты яго не адказвала, да дзвярэй на званкі ніхто не падыходзіў: як быццам кватэра вымерла.
Знерваваны, замучаны, ён вонкава трымаўся малайцом, нават жартаваў з Янкам, але Галавень быў добрым сэрцаведам, і ад кожнага жарту Берасневіча ў Янкі аж сціскала нешта ў грудзях ад жалю.
Ніхто нічога не заўважаў, лічылі, што Берасневіч нават бяздушна, нячула ставіцца да таго, што адбылося на зборах.
I зноў дзiўная справа: цераз некалькi дзён сябры з групы (за выключэннем Янкi i Паўлюка ды, можа, некаторых, якiя маўклiва спачувалi) пачалi як быццам не заўважаць яго, не размаўляць, хутка праходзiць паўз яго пры сустрэчах. Ён губляўся ў меркаваннях i здагадках, але так нiчога i не мог зразумець. А калi раз цi два спытаўся ў сяброў пра прычыну гэтага - тыя адказвалi неяк падазрона хутка:
– Ды не, не, што ты! Гэта табе здалося.
Нават Паўлюк пачаў нешта падазраваць, паспрабаваў паразмаўляць з некаторымі сябрамі - без вынікаў.
Берасневіч трымаўся, але аднойчы ўначы пачаў трызніць, назваў імя Алёнкі і нават разрыдаўся ў сне. Гэта жахлівая штука, калі мужчына, які стрымліваецца, які нават забыўся, калі даводзілася яму плакаць, пачынае рыдаць у сне. Паўлюк і Янка доўгі час сядзелі ля ложка ў цёмным пакоі, пасля Паўлюк перавараціў Берасневіча на правы бок і падуў яму ў лоб. Сонны кінуў трызніць.
Янка і Паўлюк селі на Паўлюкоў ложак і накрыліся адной коўдраю. Янка абхапіў рукамі калені і, гледзячы на нязграбныя свае ступні ў так-сяк зацыраваных шкарпэтках (ён толькі што прыйшоў), сказаў Паўлюку шэптам: