Усякая ўсячына
Шрифт:
Тыя-ж, Сьцяпан, Марыля, Таня й Васіль.
Уваходзіць Сьцяпан, за ім Марыля, Таня й Васіль. Усе сьціпла апрануты. Васіль адразу сьпяшыць у кут і разглядае свае кніжкі, часта спадылба пазіраючы на прысутных. Увайшоўшыя з запытаньнем пазіраюць на Янку й Міколу.
ЯНКА: Прабачце, здаецца мы добра трапілі... Гэта вы будзеце Пінкевічы?
СЬЦЯПАН: Так, Пінкевічы ўсе чатыры. А то вы з Таронта?
МІКОЛА: Так мы з Таронта, ад Беларускай Касы Самапомачы. Дазвольце тады пазнаёміцца: гэта - Янка Жыхар - старшыня, а я - Мікола Корч - сакратар.
СЬЦЯПАН:
СЬЦЯПАН (да Васіля): Устань-жа ты прывітайся. Нацягаў, казаў той, цэлую кучу гэтых кніжак...
ЯНКА: Добра, што любіць кніжкі... А што гэта? О, "комікі"! Ну з гэтага пацехі мець ня будзеце.
МІКОЛА: Але-ж і прыгожую дачку маеце. Ну, нуу... Колькі-ж ёй год?
МАРЫЛЯ: Ды ўжо, дзякуй Бпгу, шаснаццаты пайшоў.
ТАНЯ (сарамяжліва, чырванеючыся): Мама, мне ўжо шаснаццаць скончылася.
МАРЫЛЯ: Ну няхай сабе скончылася. Ды ўжо-ж дзеўка, дзякуй Богу. (Да хлапцоў): Але-ж садзецеся ў нас, садзецеся.
ЯНКА: Я-ж тут і гасьцінец нейкі маю (Вымае пачку цукерак зь кішэні й стараецца даць Васілю. Той не бярэ, на бацькоў паглядаючы).
МАРЫЛЯ (да Васіля): Ну бяры-ж ужо, калі дзядзька даець. (Янка частуе й Таню і кладзе рэшту на стол).
СЬЦЯПАН: Магу спытаць, як гэта самі сюды прыехалі, што мы й ня бачылі?
ЯНКА: Аўтабусам прыехалі, ды ад дарогі пехатой прыйшлі. А як-жа вы маглі нас бачыць?
СЬЦЯПАН: Дык мы-ж, казаў той, каля лягернай брамы чакалі, ды ўжо й надакучыла. Баба кажа, што пэўна-ж аўтамабілем прыедуць. Ажно чакаем, глядзім і глядзім, ды нідзе таго аўтамабіля й ня відаць...
ЯНКА: А дзе-ж яго ўзяць той аўтамабіль?
МАРЫЛЯ: Дык вы так доўга ў гэтай Канадзе і яшчэ не нажылі аўтамабіля?
ЯНКА: Мы ня так доўга, як вам здаецца, а толькі па пару гадкоў. Ды вы, мусіць, думаеце, як шмат хто, што даляры тут на дрэвах растуць, абы сілаў зьбіраць толькі...
СЬЦЯПАН: Мы так ня думалі, але ўсё-ж-такі...
МІКОЛА: Ды ўсе свае грошы йдуць на будову арганізацыі.
МАРЫЛЯ: Вы свае грошы на арганізацыю аддаеце?
СЬЦЯПАН: Дык вам, казаў той, арганізацыя ня плаціць? (Мікола і Янка ўсьміхаюцца).
МІКОЛА: Ці-ж вы думаеце, што мы дзеля грошай працуем?
СЬЦЯПАН: Дык як, а для чаго? Навошта тады арганізацыя, калі на яе яшчэ грошы распускаць трэба?
ЯНКА: Бачыце, тут рэч зусім простая. Кажная арганізацыя, пакуль сама сябе ўтрымае, патрабуе выдаткаў, тым больш на чужыне, дзе мала нашых Беларусаў. Вось наша Каса, дык гэта арганізацыя фінансавая, як банк усёроўна. Там людзі ашчаджаюць і адтуль пазычаюць грошы. Нікому дакладаць да яе ня трэба. Але нашае Згуртаваньне, - грамадзкая арганізацыя, дык пакуль яна нажыве якую маёмасьць і сама ўтрымаецца, мусіць быць успамаганая сяброўскімі ахвярамі. Вось на яе мы часта й аддаем свае грошы.Калі-ж вы пытаецеся нашто яна, дык вазьмеце хоць і саміх: хто-ж-бы вам дапамог, каб не яна?
МАРЫЛЯ: Дык от яно як...
МІКОЛА: Дык вось як справа з аўтамабілем (усьміхаецца).
СЬЦЯПАН:
Ну адкуль-жа мне ведаць. Думаў, што як у чужых так і ў нас: - і багатыя людзі, і арганізацыі, можа якую і капейку беднаму на помач падкінуць...(Нязручнае маўчаньне).
ЯНКА (частуе сігарэтамі): Курыце, калі ласка ды й хвалецеся як вам падабаецца Канада.
СЬЦЯПАН: Ды няма тут надта чым, казаў той, хваліцца. Многа яе й ня бачылі, казаў той, тэй Канады. Сядзім во ў лягеры гэтым, як у нары, ужо тры месяцы й сьвету ня бачым, ды ад гультайства няма ратунку. Хоць ты што, працы не даюць і ўсё. Каб хоць дзе якога далярку, казаў той, зарабіць, ато...
МІКОЛА: То вы яшчэ нікуды й ня выяжджалі?
СЬЦЯПАН: Ды раз неяк тут сабраліся. Вытрасла баба з панчохі сваіх гэтых пару фэнігаў...
ТАНЯ (да бацькі): Тата, ня фэнігаў, а цэнтаў!
СЬЦЯПАН (да Тані): Ты не мяшай бацьку, як да цябе не гаворыцца.
– Дык, казаў той, вытрасла з панчохі тых пару цэнтаў, ды паехалі аўтобусам у Ашаву, каб на гэту Канаду хоць трохі вокам кінуць. Паверыце ці не, абрыдла ўжо ў гэтым лягеры тры месяцы бяз працы тырчэць... Значыцца ходзім мы гэта па тэй Ашаве, абглядаем усякія крамы, а баба мая дык надзівавацца ня можа: А Божа-ж мой, а Божа-ж мой! Але-ж - кажа - Канада! Усяго-ж, усяго чысьценька ўдоваль, абы толькі грошы!
(Хлопцы сьмяюцца).
МІКОЛА: Абы толькі грошы, кажаце...
СЬЦЯПАН: Але-ж, абы толькі грошы. А тутака іх, гэтых грошы й заваду няма. Дык значыцца стаім мы вунь каля аднэй крамы, дый гаворым. А жыдок выйшаў, глядзеў, глядзеў на нас, слухаў нашу гаворку, ды пасьля й кажа да нас так проста панашаму: - Адкуль гэта самі будзеце, калі так спытаць можна? Мы пераглянуліся, зьдзівіўшыся, што гэта чалавек знайшоўся, каторы нашу гаворку цяміць.
– Спад Дунілавіч, - кажа мая баба. А той ізноў да нас: - Уй, то вы з Дунілавіч? А Друю вы знаеце?
– Дык чаму-ж ня знаем, - кажам.
– От я там доўгі час краму меў, - кажа жыд, ды яшчэ цяпер сваякі можа там жывуць... Мы, казаў той, толькі адзін на аднаго паглядзелі.
МІКОЛА: Сваяк, кажаце, знайшоўся...
СЬЦЯПАН: Ды яшчэ які. Гаворку разьвёў - а як, а што...
МАРЫЛЯ: Ды дзецям тут надаваў (Да Тані). Пахваліся-ж, Таня, што табе даў?
ТАНЯ: Нічога такога важнага, істужку.
ВАСІЛЬ: А мне bubble gum(1) даў, мама!
МАРЫЛЯ: Ды прасіў-жа, каб да яго ў краму ўсё купляць прыходзілі...
МІКОЛА: Гэта-ж само сабой ясна...
СЬЦЯПАН: Дык яно, казаў той, Канада харошая і багатая, але мы тут яе надта яшчэ ня бачылі. Дый што, казаў той, усё-ўсёсенька чужое: і мова, і людзі, і жыцьцё...
ЯНКА: А дзе-ж вы ў Нямеччыне былі?
СЬЦЯПАН: У гэты-жа, у Ватэнштэцкім беларускім лягеры былі. Крышку там на працу хадзіў, дзеці ў школах вучыліся-ж сваіх, дачка ў гімназію хадзіла. Усяляк было, і добра, і блага. Надакучыла-ж было ўжо тое лягернае жыцьцё й думалі, што як пераедзем сюды дык хоць сьвет пераменіцца, ажно ізноў лягер... І так вось надакучыла, тры месяцы ўжо бяз працы сядзім. Каб дзе хаця далярку якога падзарабіць...
ЯНКА: Чакайце, маеце яшчэ час. Кормяць-жа хіба вас тут нядрэнна?