Вёска
Шрифт:
Ён азірнуўся на сябе, як жыў у гэты апошні час. Працу запусціў, п’янстваваў, свядома ці несвядома «зводзіў у блуд» дзяўчынку-школьніцу... Мучыў сваю душу і цела, думаючы, што гэта ён робіць некаму назло. І каму ён гэтым рабіў горш? Акрамя самога сябе?
Дакаціўся да ручкі — у прамым і пераносным значэнні... П’яны, з п’янай дзеўкаю, у бібліятэцы, ледзь не на вачах ва ўсіх, — а гэта ж вёска, ад каго тут, як маці кажа, схаваешся?!
Падтасоўкі вечныя ў планах, справаздачах — няўжо гэта ніколі не выплыве?!
У той дзень Васкевіч не пайшоў дадому, так галодны і прасядзеў у бібліятэцы да вечара: прыбраў, памыў падлогу, зрабіў вопіс новых кніг, якія, нераспакаваныя, ужо з месяц валяліся пад «кафедрай», расставіў іх, падшыў газеты, часопісы... Цяга да ачышчэння была моцная, прытрымліваючыся
1. «Я не люблю пьяных, но знаю нюдей, которые, выпив, становятся интересными, приобретают несвойственные им, трезвым, остроумие, красоту мысли, ловкость и богатство слов. Тогда я готов благословлять вино».
«А гэта ж пра мяне, Васкевіча! Які я бываю нацягнуты, скаваны з Наташаю, сам з сабою, з людзьмі, калі цвярозы! І як пачынаю ўсё любіць, калі п’яны! Можа, нармальнае становішча чалавека якраз і павінна быць — лёгкае ап’яненне, эйфарыя? І ці было б у мяне тое з Ірэн, цвярозага?..
Але Божа мой, — як уяўлю сябе на месцы таго «остроумного, интересного» чалавека раніцаю пасля тыдня ўжывання Ручкавай самагонкі!.. Не, з гэтым нешта трэба думаць.
2. Лена — Наташа — Ірэн. Лены ва мне ўжо няма. Ірэн... вось што мне, аказваецца, трэба было, а не дзіця Наташа. Не, Наташу люблю — душу яе, вочы, форму школьную на ёй; люблю, калі яна сядзіць тут і калі на развітанне першая лезе цалавацца... Люблю за тое, што людзі нібыта больш цэняць і паважаюць мяне, бачачы, што яна за мной бегае... Але кофтачка яе сястрынская, але матчыны словы: «Ты знаеш, з якой яна сям’і?», але яе самой словы: «Чаму ты не спрабуеш са мной?..»
Падумаеш пра гэта — і ўся любоў некуды знікае...
3. Я, Антон Васкевіч, студэнт-недавучка, «авечка заблудная» на дарозе паміж дзвюма вёскамі... Думаў многа, піў многа, чытаў многа, у адзіноце быў многа, пазнаёміўся з новымі людзьмі, закахаў у сябе дзяўчыну, пераспаў з б... І што? Нічога. Перастаў зусім разбіраць, што добра, што кепска, перастаў ведаць, для чаго жыву. Сам сябе перастаў пазнаваць.
4. І самае важнае — ВЁСКА. Чаго я тут, хто я тут? Некалі зімою гаварыў матцы: «Я пастрадаў за тое, што люблю вас, вашу мову, звычкі...», казаў і сам верыў, бо яшчэ Менск з галавы не выветрыўся. Добра любіць на адлегласці, едучы ў метро, п’ючы ў інтэрнаце віно ці седзячы на лекцыі ў будыніне ў цэнтры Менска... А тут?
Ды ці любяць яны самі сябе, гэтую мову сваю, звычкі?! Самыя тыповыя іхнія пра сябе выказванні: «Язык ні польскі, ні конскі», «Гаруем-гаруем невядома на якога чорта, так прапала жызь — цьфу!» Пішу цяпер, а па «Сокалу» перадаюць інтэрв’ю з нейкай бабкай з-пад Лельчыц:
— Так добрэ жывом!.. Адно, што ета гласнасьць, ды яшчэ Чарнобыль нас папутаў... А так — жыві не хачу! — і без ніякага пераходу, на ўвесь дынамік:
— Пасеялі дзеўкі лён!
Пасеялі бабы лён!..
Вось так і ўсё жыццё, на адных інстынктах. Або нядаўна чытаў у кнізе, як вясковы дзядзька касіў і штораз спыняўся на паўзамаху, задзіраў галаву, любуючыся жураўліным клінам, ці прыслухоўваўся да птушынага спеву, ці разглядаў абрысы лесу ў ранішняй сонечнай смузе, ці прысядаў на коленцы і браў у далоні якуюсь незвычайнага хараства кветку... Ах, якая ж гэта няпраўда, які фальш! Адкуль гэты тып вясковага рамантыка, якіх я, колькі жыву, ні ў воднай вёсцы не бачыў? Са школьнай праграмы? «Хорь и Калиныч»... «Землю попашет, попишет стихи»... Дык рускі мужык ёсць рускі, ён яшчэ не такое можа, у яго сена будзе гніць пад дажджом, і конь стаяць няпоены, і дзеці галодныя сядзець па лаўках, а ён тыдзень будзе ў карчме «отплясывать», і рваць на грудзях кашулю, і крычаць пра «грусть-тоску лютую, небывалую!»... Герасім, утапіўшы Му-Му, плакаў ад гора, а наш добранькі Пульс, у якога сучка кожны год шчэніцца, папіхае сляпых сабачанят у панчоху і кідае ў рэчку, яшчэ і дрынам з берага прытопіць.
Могуць і нашыя шкадаваць, але па-свойму неяк: адно вока плача, а другое цікуе, каб свайго не ўпусціць. Добра помню тую зіму, гадоў з пятнаццаць назад, калі з тыдзень мачыла і адлягаў снег, і рэчка разлілася мо на кіламетр, заліла паўвёскі, а потым за адну ноч усё схапілася лёдам; і вось сабакі выгналі з лесу на гэты лёд дзве маленькія казулькі і ўміг
тут, на склізкім, параздзіралі ім жываты... Помню лясніка дзядзьку Міколу ў адных сподніках, у валёнках, з ружжом, якім ён з двух стрэлаў паклаў двух сабак на месцы, астатнія паўцякалі ў лес... Людзей, што павыходзілі з хат, сабраліся ля гэтых касуль і так ужо іх шкадавалі! А потым дзядзька Юлен, уздыхнуўшы, адзеўшы на рукі спяцоўкі, узяў абедзвюх за заднія ножкі і пацягнуў у свой двор. Казулькі былі яшчэ жывыя, спакутныя вочкі глядзелі, язычкі варушыліся, а з разарваных жыватоў вывальваліся кішкі, ліплі да лёдавай зямлі, і дзве галоўкі разам падскоквалі на буграх...Добра было ў Мінску ўспамінаць: ах, якія ў нашым народзе яшчэ жывучыя паганскія звычаі, якія яшчэ можна пачуць сакавітыя слоўцы!.. А мне цяпер іншае ўспамінаецца — як я некалі, здаецца, у тое страшна сухое лета, калі паўміралі Пульсавыя бацькі, калоў дровы. Быў гарачы поўдзень. І вось ідзе Надзя, разносіць пошту, прамінула мяне, потым спынілася:
— Ай-ай, нашто ж ты колеш у пост?! І так дажджу няма, высушыла ўсё — яшчэ не нарабіў пажару?»
І такой пагрозлівай, першабытнай дзікасцю павеяла ад тых слоў, што ледзь сякера з рук не выслізнула. Аказваецца, суш стаіць, бо я ў пост перад Пятром раблю работу! А калі б гэта было гадоў сто, дзвесце назад?! І сапраўды здарыўся б пажар? Ды мяне разадралі б, як жабу!
Раз я ўжо больш-менш змірыўся з выгнаннем, раз наканавана зноў сюды вярнуцца і дажываць тут, дык трэба сярод гэтых людзей «не брахаць, а хвосцікам віляць», трэба рабіцца такім жа, як яны: не каб ціха сумаваць пад шум летняга дожджыку, а каб у душы сказалася: «Маць-перамаць, зноў гуркі паплывуць!» Не загараць на сонейку, не пра рыбу і рэчку думаць, а пра сена, якое трэба падварушваць. Трэба ўмець кляпаць касу, касіць, араць, запрагаць каня, не шкадаваць кабана, а ўмець рэзаць яму глотку, не любавацца вясёлым цялём, якое бегае па зялёнай траўцы і падбрыквае, а бачыць у ім мяса ці грошы, не глядзець па тэлевізары футбол, а калі і глядзець, дык дзівіцца на яго як на нечуваную людскую дурноту...
Усё гэта трэба, бо выбару ў мяне няма — альбо вёска, альбо Менск ці Парыж. Які б ні быў я, якія б ні былі гэтыя мае землякі, трэба цалкам растварыцца ў іх, каб быць прынятым за свайго.
Што ж мяне стрымлівае? Надзея. Надзея на тое, што адным цудоўным сонечным ранкам я ў гэтай бібліятэцы дастану з канверта ліст, дзе будзе напісана... Ну, надзейся. Авось так і будзе.
Дзіўна, але цяпер ясна разумею — я не хачу ніякай свабоды. Яна мне не дае жыць. Не хачу надзеяцца. Як і ў школе, арміі, інстытуце мне хочацца адчуваць на сваёй шкірцы цвёрдую руку, руку, якая дала б зразумець: «оставь надежду!», тут табе звекаваць, жаніся з гэтай Наташаю і жыві». Вось тады, думаю, спакойна жыў бы, і навучыўся б усяму, і сканаў бы тут не горш за ўсіх».
ХІХ
— У Менску ледзь дрэвы распукнуліся, вецер, дождж, халадзіна; сюды прыехаў — цяплынь, зелена ўсё, сапраўднае лета! — чуўся з меншай хаты вясёлы звонкі голас Алеся Рамановіча. Сябар толькі што, раніцаю, прыехаў з Мінска, дабраўся сам са станцыі і гаварыў цяпер з маткаю.
Васкевіч засцілаў у большай хаце свой ложак і прыслухоўваўся.
— Як ён тут, я гляджу, жывы-здаровы? — пытаўся Рамановіч.
— Што вам атвеціць? — бразгаючы відэльцамі, хітравата-асцярожна, стараючыся чамусьці гаварыць па-руску, адказвала маці. — Дзярэўня ж наша глухая, ён, можна сказаць, адзін і адзін... Нудзіцца. Мо б вы там з кім пагаварылі, каб яго як зноў у горад?
— Пагаворыць, — азваўся Антон, выходзячы да іх. — Ён такое ж начальства, як і я!
Рамановіч сядзеў за сталом каля акна, на Антонавым месцы, чысты, свежы, у светлых адпрасаваных нагавіцах, у новенькай сіняй кашулі з адгорнутымі да локцяў рукавамі, коратка падстрыжаны, румяны — бы не з цягніка, у якім амаль ноч пракалаціўся, чалавек, а з мінскага салона прыгажосці «Александрына»... «Паеду ў горад па палучку — абавязкова падстрыгуся!» — падумаў Васкевіч, з зайздрасцю аглядаючы яго, супастаўляючы яго і сябе; сябе — з доўгай, з таго году, грываю, у інстытуцкіх джынсах ды ва ўсім інстытуцкім, якое, вядома ж, абнасілася.