Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Вёска

Федоренко Андрей Михайлович

Шрифт:

Антон упершыню ў жыцці падымаўся па гэтых каменных стаптаных прыступках, упершыню ў жыцці ступаў на гэты роўны земляны пляц перад царквою, — абсаджаны ліпамі, што ўтваралі дарожку-алею, якая вяла да царкоўных дзвярэй. Сям-там уздоўж дарожкі пад ліпамі стаялі і сядзелі людзі, і Васкевіч не адразу здагадаўся, што гэта — жабракі. Толькі калі ўбачыў ледзь не перад носам працягнутую руку і пачуў:

— Падайце на міласць!.. — схамянуўся, таропка палез у кішэню па капеикі, якіх знарок намяняў яшчэ ў аўтобусе — папрасіў шафёра даць рэшту з траячкі драбязою — і пачаў класці ў шапкі і ў працягнутыя жмені белыя манеткі па дваццаць і пятнаццаць капеек.

— Сколькі даў... — пачулася

за спіною.

— Бедны, мабыць...

— Маладыя беднымі не бываюць...

Ён зразумеў, што гэта пра яго; жабракі абгаворвалі яго за тое, што па малу даў! Ён пачырванеў і закусіў губу, ледзь стрымаўся, каб не павярнуцца, аддаць ім апошнюю дзесятку, вывернуць перад імі кішэні і збегчы па лесвіцы назад, на гарадскую вуліцу... Але ён ужо стаяў перад самымі дзвярыма, а зверху, проста яму ў вочы жалобна і дакорліва глядзела з абраза Маці Божая.

— Бач, і не крэсціцца! — зноў пачулася ззаду.

Ён падняў правую руку, не адводзячы вачэй ад абраза, цвёрда ўціснуў у лоб складзеныя ў шчопаць тры пальцы, правёў імі па грудзях уніз, да жывата (цяпер управа?! ці ўлева?! якое глупства! але Валер... канчаецца на сэрцы, значыць, цяпер ўправа). Перахрысціўшыся, ён схіліў галаву, пастаяў, выпрастаўся і пацягнуў на сябе металічнае кольца дзвярэй, увайшоў у царкву.

Антон Васкевіч быў хрышчоны, праваслаўны — хрысцілі яго на матчынай радзіме, у Тураве, — але да самага паступлення ў інстытут, да знаёмства з «кампаніяй» Рамановіча, ён і ў душы, і знешне быў атэістам, у самым горшым, самым прымітыўным значэнні слова. І прычынай гэтаму было не адно толькі ваяўнічае школьна-піянерска-камсамольскае цемрашальства. Можна смела сказаць, што сапраўдную глыбокую рэлігійнасць дзіцяці могуць даць толькі тыя, хто пусціў яго ў свет, — бацькі. Свайго бацькі Антон не помніў, бацька памёр у год яго нараджэння, а маці... Малы, Антон часта пытаўся:

«Мама, Бог ёсць?» — «Няма, сынку, — цвёрда адказвала маці, — бо ён бы не дапусціў, каб былі бедныя і багатыя. — І расказвала гісторыю, якая надоўга ўелася малому ў памяць: — Калі яшчэ Сцяпан толькі нарадзіўся, пайшлі мы, маладзіцы, у цэркву. Было ў мяне ўкручана ў хустачку шаснаццаць рублёў на новыя — страшныя грошы на тыя часы! І выцягнула нейкая гадасць проста ў цэркві, сярод людзей, пакуль я малілася... І я як апатрыла [8] , плюнула і сказала сабе: «Няма бога! Раз ён такое дапусціў у сваім, як той казаў, храме, — няма!» З таго часу — ні нагою; як еду на базар ягады ці грыбы продаць, абыходжу тую цэркву другой дарогаю!»

8

Агледзела.

Царкву абыходзіла, але крыжык на шыі насіла, і абраз Міколы ў хаце вісеў. І яшчэ — маці да панікі баялася маланак і грому (спраўджваючы прымаўку, што пакуль гром не грымне, селянін не перажагнаецца). Тады яна вохкала, божкала, завешвала люстэрка, запальвала перад абразам свечку...

У інстытуце, паслухаўшы Рамановіча, які нічога і нікога не баяўся, які на першай лекцыі па атэізму сваімі заўвагамі давёў выкладчыцу да істэрыкі, Антон таксама адразу ж зрабіўся веруючым. Раз трэба было быць у апазіцыі да большасці — дык ва ўсім. Раз усе вакол гаварылі па-руску, трэба было назло гаварыць па-беларуску; раз усе не верылі ў Бога — назло трэба было верыць. То была чыста знешняя, «модная» вера: напісаць у сачыненні слова Бог з вялікай літары, прынцыпова не хадзіць на лекцыі і семінары навуковага атэізму (які, дарэчы, неўзабаве зусім выключылі з праграмы).

І вось толькі цяпер, стоячы ў царкве

каля самага ўваходу, уражаны смерцю аднакласніка, удыхаючы духмяны дымок свечак, слухаючы хор, Васкевіч упершыню ў жыцці адчуў, як варушыцца ў грудзях — хай слаба, але варушыцца — ТОЕ. ТОЕ, чаму няма тлумачэння, што жыве ў кожным з нас, жыве, ці дрэмле, ці спіць, але што рана ці позна абавязкова абудзіцца, хоць на імгненне, хоць у час апошняга ўздыху.

— ...Го-о-осподи, — з сумнай пяшчотаю выводзілі ціхія жаночыя галасы: И свято-е воскресе-ние Твое!

Васкевіч слухаў, благавейліва хрысціўся, кланяўся, і з кожнай хвілінаю адчуваў усё большы супакой, еднасць з гэтымі людзьмі, што стаялі побач, з гэтым спевам, які ўліваўся проста ў душу, у сэрца, і расцякаўся там салодкай, да шчыпучых слёз расчуленасці, хваляю... На міг ён адчуў еднасць не толькі з гэтымі — жывымі — людзьмі. Вось так жа стаялі і тое ж адчувалі, слухаючы гэты ж спеў, мільёны, мільярды людзей і 100, 200, і больш гадоў назад; людзей, якія даўно памерлі, ператварыліся ў зямлю, прах — і якія вось уваскрэслі на гэты міг у ім, Антоне Васкевічы!

Баючыся, каб штосьці не парушыла гэтага настрою, прагнучы яшчэ больш у ім разабрацца, Васкевіч хуценька выйшаў з царквы, спусціўся на вуліцу. Горад аглушыў яго. Ён пехам папраставаў на вакзал, стараючыся не глядзець у твары, не чуць слоў. Аўтобус адпраўляўся гадзіны праз дзве. Васкевіч купіў білет на чужы, што спыняўся, калі папрасіць, на крыжаванні шашы з Антонавай «школьнай» дарогаю — па якой ён узімку хадзіў у мястэчка прапісвацца.

Выбраўшыся з аўтобуса на крыжаванні, Антон зірнуў на гадзіннік. Гадзіна дня. Валера, яшчэ, магчыма, і не пахавалі.

Васкевіч адышоўся ад шашы настолькі, каб не чутно было гулу, звярнуў з дарогі на ўзлесак, прылёг на ўзгорачку пад хвоямі, на мяккую сівую мучку-ціпец, закурыў. Было пахмурна, але цёпла, суха. Праз кашулю калолася сухая ігліца. Карычневая лясная мурашка забегла на далонь, патыркалася аб пальцы, потым пачала караскацца па рукаве вышэй, да пляча. Васкевіч зняў яе і пачаў разглядаць.

«Дык каму трэба, каб я быў такі, як ёсць? Жыў так, як жыву? Тым, хто выганяў мяне з Менска?»

«Глупства! Трэба Таму, Хто кіруе і рукамі тых, што мяне выганялі!»

«Я ў волі Яго. Захоча — і забярэ да сябе, як Валера, захоча — верне ў Менск, не захоча — і я правякую тут!»

ХХІV

Прайшло тыдні два.

Антон з раніцы хадзіў на балота памагаць дэядзьку Міколу-лесніку касіць, і цяпер, у абед, ледзь прыцягнуў дамоў ногі.

— Еж, сынок, — зноў ласкава, як і нядаўна, калі паведамляла пра Валераву смерць, казала маці, ставячы перад Антонам міску шчаўлёвага баршчу. — Еж, пакуль гарачы... Бо таго Пеці, з якім ты вучыўся колісь, які ў вармію пайшоў, той гомельскі дзядзька памер... Сёння, кажуць, хаваць будуць.

Антон накінуўся на духмяны боршч, не даючы гэтым словам асаблівай увагі. І раптам цюкнула ў галаву, і ледзь зноў не выслізнула з рук лыжка. Ірэна! Гомельскі дзядзька — гэта ж бацька Ірэны!

— Ага, ага, — чытала яго думкі маці. — Той чарнявенькай, Ірыны, бацька.

— Ірэны, а не Ірыны, — рассеяна паправіў Антон.

— Шлунак быў бальной, — маці са смакам вымаўляла гэтае рускае «бальной». — А лячылі ад печані! Высах, кажуць, у цёску [9] за два месяцы.

9

Цёска — трэска.

Поделиться с друзьями: