Выродлiвы хлапчук
Шрифт:
— Каб вы своечасова маглi адмовiцца ад гэтай работы? Цi не выходзiць, што вы хочаце зрабiць гэта цяпер?
Ён холадна паглядзеў ёй у вочы. З другога канца пакоя за iмi назiраў Дэвенэй, а маленькi неандэрталец, выпiўшы малако i вылiзаўшы начыста сподак, падняў да яе свой мокры твар з шырока расплюшчанымi вачыма, у якiх была нейкая просьба.
Хлопчык жэстам паказаў на малако, i раптам пакой напоўнiлi бесперапынныя адны i тыя ж адрывiстыя гартанныя гукi ўперамежку з адмысловым прыцмокваннем языком.
— А ён жа гаворыць! — здзiўленна ўсклiкнула мiс Фэлоўз.
— Вядома, — сказаў Хоскiнс. — Homo neanderthalis сапраўды
Мiс Фэлоўз машынальна пацягнулася да бутэлькi, але Хоскiнс схапiў яе за руку.
— А цяпер, мiс Фэлоўз, перш чым вы зробiце яшчэ хоць адзiн крок, вы павiнны сказаць, застаяцеся вы цi не.
Мiс Фэлоўз са злосцю вызвалiла руку.
— А калi я пайду, вы што, не будзеце тады кармiць яго? Я пабуду з iм… пэўны час.
Яна налiла дзiцяцi малака.
— Мы маем намер пакiнуць вас тут з хлопчыкам, мiс Фэлоўз, — сказаў Хоскiнс. — Гэта адзiны ўваход у Першую Секцыю Стасiса. Дзверы абавязкова замыкаюцца i ахоўваюцца звонку. Я хацеў бы, каб вы азнаёмiлiся з сiстэмай замка, якi будзе, вядома, адпаведна настроены на адбiткi вашых пальцаў, як ён настроены на адбiткi маiх. Тэрыторыя ўгары (ён узняў позiрк туды, дзе павiнна была быць столь у гэтым лялечным домiку) ахоўваецца таксама, i мы будзем папярэджаны ў любым выпадку, калi тут здарыцца нешта незвычайнае.
— Вы хочаце сказаць, што я ўвесь час буду знаходзiцца пад наглядам? абурана ўсклiкнула мiс Фэлоўз, раптам успомнiўшы, як яна сама разглядала з балкона ўнутраную частку памяшкання.
— Ды не, — сур'ёзна запэўнiў яе Хоскiнс, — мы гарантуем, што нiводзiн староннi назiральнiк не будзе сведкам вашага прыватнага жыцця. Усе аб'екты ў выглядзе электронных сiмвалаў перадаюцца вылiчальнай машыне, i толькi яна будзе мець з iмi кантакт. Вам давядзецца правесцi з iм гэтую ноч, мiс Фэлоўз, а таксама ўсе наступныя, да асобага распараджэння. Мы дамо вам некалькi вольных гадзiн днём i нават мажлiвасць самой зрабiць iх расклад паводле вашых асабiстых патрэб.
Мiс Фэлоўз здзiўлена абвяла позiркам лялечны домiк.
— А навошта ўсё гэта, доктар Хоскiнс? Хiба хлопчык небяспечны?
— Ведаеце, мiс Фэлоўз, справа ўся тут у энергii. Ён нiколi не павiнен пакiдаць гэтага памяшкання. Нiколi. Нi на секунду. Нi з якой нагоды, нават калi ад гэтага будзе залежаць яго жыццё. Нават дзеля таго, каб уратаваць ваша жыццё, мiс Фэлоўз. Вы зразумелi мяне?
Мiс Фэлоўз горда ўскiнула галаву.
— Я ведаю, што такое загад, доктар Хоскiнс. Медыцынская сястра прывыкла да таго, каб у iмя абавязку ахвяраваць сваёй бяспекаю.
— Выдатна. Вы заўсёды зможаце прасiгналiзаваць, калi вам што-небудзь спатрэбiцца. I мужчыны пакiнулi Стасiс.
Азiрнуўшыся, мiс Фэлоўз убачыла, што хлопчык, не дакранаючыся да малака, па-ранейшаму не спускае з яе насцярожанага позiрку. Яна паспрабавала жэстамi паказаць яму, як падняць сподак да рота. Ён не пераняў яе прыкладу, аднак на гэты раз, калi яна дакранулася да яго, ён ужо не закрычаў.
Яго перапуджаныя вочы нi на секунду не пераставалi сачыць за ёй, ловячы кожны яе рух. Яна раптам заўважыла, што iнстынктыўна спрабуе супакоiць яго, паволi наблiжаючы руку да яго валасоў, аднак каб рука яе была ўвесь час у полi зроку. Тым самым яна давала яму зразумець, што ў гэтым жэсце не крыецца нiякая небяспека.
I
ёй удалося пагладзiць яго па галаве.— Я хачу паказаць табе, як карыстацца прыбiральняй, — сказала яна. — Як ты лiчыш, ты зможаш гэтаму навучыцца?
Гаварыла яна вельмi мякка i асцярожна, вельмi добра ўсведамляючы, што ён не зразумее нiводнага слова, аднак спадзеючыся на тое, што сам гук яе голасу супакоiць яго.
Хлопчык зноў зацмокаў языком.
— Можна ўзяць цябе за руку? — спыталася яна.
Яна працягнула яму абедзве рукi i замерла ў чаканнi. Рука дзiцяцi паволi пасунулася насустрач яе руцэ.
— Правiльна, — крыкнула яна.
Калi рука хлопчыка была ўжо за нейкi дзюйм ад яе рук, смеласць пакiнула яго, i ён адхапiў сваю руку назад.
— Ну што ж, — спакойна сказала мiс Фэлоўз, — пазней мы паспрабуем яшчэ раз. Табе не хочацца пасядзець? — яна паляпала рукою па ложку.
Марудна цягнуўся час, яшчэ больш марудна рухалася выхаванне дзiцяцi. Ёй не ўдалося прывучыць яго нi да прыбiральнi, нi да ложка. Калi хлопчыку вiдавочна захацелася спаць, ён апусцiўся на голую падлогу i хуценька шмыгануў пад ложак. Яна нагнулася, каб зiрнуць на яго, i з цемры на яе ўтаропiлiся два агнiстыя вокi, i яна пачула знаёмае прыцмокванне.
— Ну, добра, — сказала яна, — калi ты адчуваеш сябе там у большай бяспецы, можаш спаць пад ложкам.
Яна прыкрыла дзверы спальнi i падалася ў сама вялiкi з трох пакояў, дзе ёй быў падрыхтаваны ложак, над якiм па яе просьбе нацягнулi часовы тэнт.
«Калi гэтыя дурнi хочуць, каб я тут i начавала, — падумала яна, — яны павiнны павесiць люстэрка, памяняць шафу на больш ёмiстую i абсталяваць асобны туалет».
Яна нiяк не магла заснуць, мiжволi напружвала слых, каб толькi не прапусцiць нiводнага гуку з суседняга пакоя. Яна пераконвала сябе, што дзiця не можа само выбрацца з дому, але, нягледзячы на гэта, яе грызла сумненне. Абсалютна гладкiя сцены былi, безумоўна, вельмi высокiя, але раптам хлопчык лазiць, як малпа. Зрэшты, Хоскiнс запэўнiў яе, што за ўсiм тым, што адбываецца ўнiзе, назiраюць спецыяльныя прыборы.
Нечакана ёй прыйшла ў галаву новая думка: а што, калi хлопчык усё-такi небяспечны? Небяспечны ў сама лiтаральным сэнсе гэтага слова. Не, Хоскiнс не стаiў бы гэтага ад яе, не пакiнуў бы яе тут адну, калi б…
Яна паспрабавала пераканаць сябе ў адваротным, унутрана смеючыся са свайго страху. Гэта ж было ўсяго толькi трох-чатырохгадовае дзiця. Аднак, нягледзячы на ўсе намаганнi, ёй не ўдалося абрэзаць яму пазногцi. А што, як ён, калi яна засне, надумаецца напасцi на яе, пусцiць у ход зубы i пазногцi…
У яе перацяло дыханне. Як дзiўна… Яна пакутлiва напружыла слых, i на гэты раз ёй удалося пачуць нейкi гук. Хлопчык плакаў.
Не крычаў ад страху цi злосцi, не выў i не скавытаў, а менавiта цiха плакаў, як прыбiтае горам, вельмi няшчаснае адзiнокае дзiця.
«Нябога», — падумала мiс Фэлоўз, i ўпершыню пасля сустрэчы з iм сэрца яе працяў востры жаль.
Гэта ж дзiця, дык якое ж, па сутнасцi, значэнне мае форма яго галавы. I гэта не проста дзiця, а дзiця, якое асiрацела як нiводнае дзiця за ўсю гiсторыю чалавецтва. Тысячы гадоў таму назад не толькi памерлi яго бацькi, але незваротна знiкла ўсё, што некалi было яго светам. Груба выхаплены з таго даўняга часу, ён быў цяпер адзiнаю ва ўсiм свеце iстотаю такога роду. Апошняю i адзiнаю.