Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Я з вогненнай вёскі...

Калеснік Уладзімір

Шрифт:

«…Два дні дождж ліў… Ну, тут усе выйшлі… Есці ні ў кога не было нічога, галодны народ быў. Паселі, сонца прыгрэла — усе тут і паселі на месцы.

А я сядзеў, не задрамаў, нічога. Ведама, яшчэ дзіцёнкам быў. Гляджу — немец ідзець. Я толькі сказаў:

— Ай, немец ідзець!.. Вялікі ідзець, з аўтаматам.

Мая сястра была. Брата забілі тут жа, на месцы. Як я сказаў: «Немец ідзець!», дык сястра драла ў лес. Тут нашлася яшчэ братавая, — яна тоже ў лес. А дзеці заёй.

Ну, а мы толькі пасталі ўсе. Стаяка пасталі.

Карова была прывязана. Ён даў вочарадзь у гэтае месца. Папала гэтай карове. Карова гэтая — па лесе. I

павалілася. Як пачала нагамі… Пакуль яна кончылася.

Ён надумаўся і ракету ўверх — жах! Тут іх аж чорна стала. Павыбягалі з лесу. Акружылі нас поўнасцю, з усіх бакоў. Ну, хлопцы такія былі — хрэст [1] во на рукаве і ў чорным адзеты былі.

Нас пастроілі. Пачалі здзекі. Мужчын адзельна пастроілі, а баб адзельна. I пачалі лупцаваць гэтых мужчын.

— Дзе ваша, бандыты, аружыя?

1

Свастыка.

Сюды падставіць, пад бараду… карабін там ці чорт яго тады ведаў.

А я за спадніцу ў мамы дзяржуся. Я ўжо ж трошкі ладны быў, першы клас кончыў ужо.

Так гэтых мужчын пабівалі, колькі ім нада было, метраў пяцьдзесят адагналі, лёг пулямётчык. Мінамётчыкі ляглі з бакоў…

А ў мяне яшчэ дзецкі розум быў — глядзець, як міна ляціць. Адзін ляжыць, а другі зойдзе збоку — кідзель! Я відзеў гэта — міна ляціць і плёх там, зваліцца. Туды, у бярэзнічак. Я тое месца знаю і цяпер. Толькі цяпер яно змянілася, канешне, многа лет прайшло.

Пабілі гэтых мужчын — бабы наробілі енку. Пулямётамі пабілі — дзе ж яны на чыстым поплаве дзенуцца? Тры пулямёты. Як кашанулі!.. Там і мой брат быў, Васіль. Жонка яго з намі была і дзеці.

Прылятае адзін сюды, гэты немец. Хацелі нас у бярэзнічак, тут ражэчак тады застаўся. Нейкі старшы пад'ехаў і кажа: «Не!» Ці як ён там сказаў. Яны змянілі план. Як сталі з мінамёта біць — два хлопцы ідуць. Маладыя хлопцы, мо ім тады па сямнаццаць было, па васемнаццаць. Сяйчас нас астанавілі. Тут плач, тут дзеці гэтыя плакалі…

А я не плакаў, як-та дзяржаўся. Інцерасаваўся проста… I знаў жа, што на смерць іду!..

Добра. Заняліся з гэтымі хлопцамі. Пабівалі яны, колькі хацелі, іх. Ведама ж, людзі пры сіле, а тут — бяссільныя. У гэты бярэзнічак, дзе нам трэба было легчы, гэтых хлопцаў… Так во неяк паклалі і прастрачылі іх.

Сяйчас падышоў іхні гэты, нейкі старшы, відаць, і кажа:

— На Будзенічы! Ну, нас пагналі.

Мы трошкі адышліся, і гэтай маёй братавай большы хлопец прарваўся. А меншы, Генка, той застаўся. Вярнуўся сюды, дзе нас бралі.

А мяне як бралі з месца, то там пасцілка была ўвязана, хлеба краюшачак быў. Я завязаў на плечы. Дык ён мне сказаў:

— Сынок, не бяры, ён табе не нада. Я на месцы гэта і бросіў.

Прагналі нас метраў пяцьдзесят — выбег дзіцёнак. Ішоў ззаду канваір. Гаворыць… Старушка ззаду ішла, дык ён ёй кажа:

— Прывядзі яго!

Пацанёнка таго. Яна пайшла. Калі б разумная старуха, дык яна б за гэтага пацанёнка ды ў лес. Чорт бы за ёю пабег. Мы тут пачалі б разбягацца. А яна пайшла, за ручку таго дзіцёнка і прывяла сюды, у калону к нам.

Ідзём дальша. Маці на мяне кажаць:

— Сынок, лезь у куст.

— Мамачка, — кажу я, — штыхом як дасць!.. Парнёць усё роўна.

Я ўжо разбіраўся. Дзесяты год мне быў ці ўжо адзінаццаты. Я дзевяці год у першы клас

пайшоў: малы быў нейкі.

Добра. Я не палез у куст. Прыгналі нас у зямлянкі. У першую зямлянку пайшлі старухі нейкія. Мы адышліся метраў трыццаць — ужо гэтая першая — др-др-др! — гарыць. Хто ў другую пойдзе? Сталбом сталі людзі. А ў іх палкі былі — ці яны павыразалі, ці ім давалі гэткія, чорт іх ведае. Лупцуюць ззаду там.

Гляджу — мая маці першая пайшла ў гэтую зямлянку. Ну, раз мама пайшла, мусіў і я. Я за ёю другі — шмыг. Яна як ішла — было два перарубчыкі, паленцы такія. Нехта картошку сыпаў, ці што. Яна лягла туды так во неяк. (Паказвае.) А я сеў. Тут яшчэ старушка… Ці яны ўкідалі іх — хто іх ведае. Мы не відзелі. Мусіць, маёй маме першай папала, дык яна і шмыганула сюды… Насела, насела, насела людзей — дзеці і бабы старыя. Я сеў, і мне думка такая цюк у галаву: «Я знаю, што заб'юць, дык няхай з мамай заб'юць». Ён толькі стаў у дзвярах… Нешта там стаў пароцца ў аўтамаце. Пачаў ён ляскаць, а я гэтым маментам брык за маму. Так во лёг і слухаю, як у мяне будзе пуля… Яшчэ не разбіраўся, — думаў, што яна будзе як чарвяк тачыцца, гэтая пуля. Можа, я так мінуту паляжаў. Ён — др-др-др! — пачаў страляць. Пастраляў… Толькі ў маёй братавай — а брата там забілі, на поплаве, — было дзіцёначка малое на грудзях прывязанае, дык тое толькі «кува! кува!» закрычала…

Усё. Кончылася.

Прыносяць салому сюды, у гэтую зямлянку. Салома чуваць… Я ж то жывы. Салому — шарах сюды і запаліў. Дым гэты тут пайшоў. Ляжу я так во, зажымаюся. Згарэла гэтая салома.

— Ё. т. м., не гарыць!

I гергечуць па-нямецку.

Згарэла салома, адышліся, мінуты дзве — гранату сюды. Граната гэтая разарвалася. Тут усё гэтае — паленне, бочка нейкая ляжала, жалеззе — усё на нас узвярнула. У дзверы ён туды папаў. Тыя, што былі пабітыя, тых паразрывала. Другую яны ўкінулі. Але гэта я ўжо мала чуў: як выстрал нейкі, як пісталетны. Я яшчэ пачуў гэта. Маці, не ведаю, чула ці не…

Добра. Праляжалі… Колькі мы там праляжалі?.. Я чую: матка дышыць, жывая!.. Я ўжо яе прашу:

— Мамачка, не дыхай. — Такі страх дзіцёнку, што я кажу: — Мамачка, не дыхай.

Добра. Тут падойдуць, палічылі гэта: «Айн, цвай, драй, фір, зэгс…»

Тут дзеўкі едуць… Каровы рыкаюць. Здаецца, устаў бы і пайшоў, каб толькі не чапалі… Яны адступалі гэта ўжо, немцы, на Усохі ехалі. I паліцаі з імі. Каровы рыкаюць, дзяўчаты пяюць ваўсю…

Пытанне — А што за дзяўчаты?

— Адкуль жа я магу знаць? Я ляжу. Як толькі пачуў, што зямля дух-дух-дух, дык я пробаваў уставаць. Матка не ўставала. Я ўстану, толькі чую: зямля дух-дух-дух. Я кажу:

— Мамачка, ідуць ужо ізноў!

Я ўсё страх даваў ёй. I сам баяўся… Я раскажу вам яшчэ адно… Гэта я прапусціў. Падыходзяць да зямлянкі гэтай, дзе пабітыя.

Гавораць:

— Тут міны наведзены.

А мне, малому, думалася, што гэта яны яшчэ і міны пры гэтым навялі. Я чую. Якое ж тут расстаянне? Я глядзець толькі не магу: не крануся ніяк. Гэтыя немцы не заходзілі, пайшлі. Сяйчас прыходзяць два немцы яшчэ. Людзі пабіты. Гранаты парвалі. Усё. А яны там нешта ляп-ляп нечым. Жалеззе… I самі з сабой: «Гер-гер, гер-гер…» Але дыхання то мы не здзержым! Я ляжаў так во носам у зямлю, а маці трошкі бокам ляжала. Дзе ж ты здзержыш дыханне! Яны забавіліся неяк доўга. «Ляп-ляп-ляп!..» Маці вазьмі ды чхнула… I адзін пачуў.

Поделиться с друзьями: