Я з вогненнай вёскі...
Шрифт:
(Тэкля Круглова з гарадскога пасёлка Акцябрскі.)
«…Запалілі Кавалі. На гэтым маменце. I гэтыя ж мужчыны паўзлазяць на крышу, глядзяць і бачаць, як лаваюць дзяцей і кідаюць у агонь…»
(Матруна Грынкевіч з вёскі Курын Акцябрскага раёна.)
«…Той канец дзярэўні заняты, а наш канец яшчэ свабодны. Мы і пайшлі на пасёлак, што каля самага лесу. Потым у алешнічак. I тут нас мо баб пятнаццаць ляжала ў гэтым алешніку. Ужо ўпалі і ляжалі. Не бачылі, як яны палілі… Толькі чутна — сільна крычалі, народ крычаў. Не чутна, што яна там адна гаворыць, толькі: «А-а-а-а!» Толькі голас ідзёт, ідзёт голас, а потым і ўсё — анямелі…»
(Ганна Падута з Лаўстыкаў на Акцябршчыне.)
«…Я адпаўзла так метраў, можа, са сто ад вёскі і ляжу ў жыце… Я далекавата была ад іх, адтуль, дзе
А потым, калі аціхла ўсё, я ў жыце ўстала, вярнулася на сваё селішча і пагукала, можа, дзе хто ёсць. Аніхто не адзываецца, толькі тавар раве, ды каты мяўкаюць, ды сабакі брэшуць…»
(Кацярына Крот з Лозкаў Калінкавіцкага раёна.)
Гэта ўсё ў нашых людзей вельмі ж блізка, на самым кончыку памяці:
«Калі так цягнецца, — гаварыла нам жанчына ў мазырскіх Касцюковічах, — дык думаеш, мо гэта ўжо скончылася. Аяк зноў, вось так напомняць… здаецца, што зноў пачынаецца…»
Тыя тысячы кіламетраў, якія малады шафёр Мікола Сулейка накруціў на колы абкомаўскага «газіка», пакуль мы ездзілі па Гомельшчыне, калі перанесці іх на карту, выцягнуцца ў ламаную лінію, на канцах і вуглах якой Гомель — Рэчыца — Калінкавічы — Мазыр — Лельчыцы — Петрыкаў — Капаткевічы — Азарычы — Акцябрскі… I калі гэта палічыць ствалом дрэва, дык галіны і галінкі яго — ужо тыя вёскі, куды нам якраз і трэба было ўвесь час адгаліноўвацца: Горваль — Глыбаў — Першамайск — Крынкі — Ліскі — Алексічы — Лозкі — Прыбылавічы — Вялікія Сялюцічы — Тонеж — Капцэвічы — Навасёлкі — Вялікае Сяло — Лучыцы…
Асабліва многа такіх вёсак вакол Акцябрскага — больш за трыццаць.
«Фільтрацыя», «акцыя», «экспедыцыя» — па-рознаму яно называлася ў розных раёнах Беларусі, але азначала адно: масавае знішчэнне насельніцтва, запланаванае загадзя.
I Гітлер і яго памагатыя па разбоі і расісцкім канібальстве многае гаварылі адкрыта. Але яшчэ больш хавалі да той пары, «калі можна будзе» (пасля перамогі над галоўнымі праціўнікамі) прыступіць да «канчатковага ўрэгулявання».
Гітлер:
«Цяпер важна, каб мы не раскрывалі сваіх мэт і ўстановак перад усім светам. Да таго ж гэта і непатрэбна зусім. Галоўнае, каб мы самі ведалі, чаго мы хочам… Матывіроўка перад светам нашых дзеянняў павінна зыходзіць з тактычных меркаванняў. Значыцца, мы зноў будзем падкрэсліваць, што мы вымушаны былі заняць пэўны раён, навесці там парадак і ўстанавіць бяспеку. Мы былі вымушаны ў інтарэсах насельніцтва клапаціцца пра спакой, харчаванне, камунікацыі і г. д. Адсюль і ідзе наша рэгуляванне. Такім чынам, не павінна быць разгадана, што справа датычыцца канчатковага ўрэгулявання. Тым не менш мы ўсё ж будзем ужываць усе неабходныя меры — расстрэлы, высяленні і г. д.».
I яшчэ:
«Рускія ў сучасны момант аддалі загад аб партызанскай вайне ў нашым тыле. Гэта партызанская вайна мае свае перавагі: яна дае нам магчымасць знішчаць усё, што паўстае супраць нас».
Борман:
«Пагроза, што насельніцтва акупіраваных усходніх абласцей будзе размнажацца хутчэй, чым раней было, вельмі вялікая… Менавіта таму мы павінны прыняць неабходныя меры…»
Меры?.. Страляць кожнага, хто хоць бы коса глянуў! — крычыць яфрэйтар Шыкльгрубер — Гітлер. А Кейтэль перакладае гэта на генеральскую мову загаду:
«Фюрэр распарадзіўся ўсюды пусціць у ход самыя крутыя меры… Пры гэтым трэба ўлічваць, што на адзначаных тэрыторыях чалавечае жыццё нічога не значыць, а запалохаць можна толькі незвычайнай жорсткасцю…»
I вось нямецкія рэгулярныя войскі пачалі тут, на Акцябршчыне, рэалізоўваць тую «зручную магчымасць»: пад выглядам барацьбы з партызанамі выконваць даўні і галоўны свой «план».
Для ваенных і гаспадарнікаў «зручна» было, што і партызан, як яны спадзяваліся, паменшае, мясцовасць стане «чыстай», даступнай. Але галоўнае — наогул менш будзе гэтых славян, гэтых беларусаў, рускіх, украінцаў… Яшчэ ў пачатку 1941 года, выступаючы ў Вевельсбургу, Гімлер выклаў мэту «рускай кампаніі» ў такіх лічбах: расстрэльваць «славянскае насельніцтва» — кожнага дзесятага, каб паменшыць іх колькасць на трыццаць мільёнаў. Чаму б загадзя, не чакаючы канчатковай перамогі,
не пачаць на справе «зніжаць біялагічны патэнцыял» усходніх народаў? Справа гэтая ўжо распачата — у канцлагерах і ў лагерах для ваеннапалонных. Перанесці гэта і ў вёскі, адкуль кожная нацыя чэрпае найбольш «чалавечых рэсурсаў».«Згодна з планам, — гаварылася на адной з нарад у стаўцы Гітлера, — прадугледжваецца высяленне 75 працэнтаў беларускага насельніцтва з тэрыторыі, якую яны займаюць».
I «высяленне» пачалося. З першых дзён вайны, акупацыі. Масавае знішчэнне і высяленне людзей з раёна Белавежскай пушчы, карная аперацыя «Прыпяцкія балоты» ў ліпені — жніўні 1941 года. Яшчэ больш жудасны размах набыло гэта ў Акцябрскім раёне, дзе пачалося з вёскі Хвойня. Праўда, належала гэтая вёска да суседняга Капаткевіцкага раёна, але на нямецкіх картах быццам лічылася за Акцябрскім. I таму з яе пачалі. Расклад, інструкцыю, план выконвалі са злавеснай дакладнасцю. Прыехалі і забілі 1350 чалавек. За што? Бо на іхняй карце Хвойня — Акцябрскага раёна. Так і тлумачылі гэта і паліцаі і самі немцы. Тлумачэнні павінны былі падтрымліваць у насельніцтва веру, спадзяванні, што знішчаюць, караюць «за віну», а не «ўсіх падрад». Фашыстам, вядома, не хацелася, каб людзі кінуліся ў лясы. Дастань іх потым адтуль! Вось і «тлумачылі». Забілі Алексічы, вялікую вёску каля Хойнікаў, і пусцілі чутку: памылкова, не тую хацелі, а зусім у іншым раёне — таксама Алексічы, але тыя сапраўды «вінаватыя»! Знішчылі Лозкі і зноў: мы хацелі Галявічы, бо каля іх партызаны цягнік падарвалі, да іх гэта бліжэй было. А тут, у Лозках, памылачка выйшла!
Не толькі іх жудасныя справы, але і гэтыя ідыёцкія «тлумачэнні» лішні раз паказваюць, што і Хвойня, і Лозкі, і Алексічы, і ўся Акцябршчына, і сотні іншых вёсак у другіх раёнах знішчаны, забіты за адну-адзіную «віну». У вёсках гэтых жылі савецкія людзі, якіх «перавыхаваць» на пакорлівых нявольнікаў фашысты не спадзяваліся. Таму галоўная задача: «высяляць». А што азначала гэта — адна з самых першых адчула Хвойня, а за ёю — амаль усе вёскі Акцябршчыны.
Было тады ў Хвойні больш за трыста двароў. На іх месцы цяпер — шэсцьдзесят. Бязладна рассыпаліся гэтыя шэсцьдзесят хат па пясчаных узгорках. Па сыпучым пяску ідзеш і да брацкіх магіл, у якіх пахавана былая Хвойня — 1350 чалавек…
Што з імі зрабілі, з тымі людзьмі, расказваюць нам муж і жонка Рэпчыкі — Мікалай Іванавіч і Вольга Піліпаўна.
«…Значыцца, рана мы ўсталі і зірнулі ў акно, — пачынае Мікалай Іванавіч, — як цёмная хмара яны былі на той бок рэчкі. Куды яны едуць — чорт іх ведае. Многа народу кінулася ў лес, мужчыны найбольш. Бабы з дзецьмі засталіся. Ну, і мужчын засталося многа. Што робіцца? Прыехалі яны, ахапілі вёску, занялі з канца і гоняць — і дзяцей, і малых, і вялікіх, і старых. Хто не можа ісці, з хаты не выганяюць. Астаюцца. Я тады акалечаны быў, мне перабіла нагу, і я ў гіпсе ляжаў. Ну, думаю, што будзе, то будзе. Бачу, пагналі людзей. Мужчын аддзялілі і дзяцей з жанкамі. Мужчын загналі ў гумно і запалілі — я ўжо бачу, што агонь гарыць. Бачу — з гары гоняць пачкамі жанок, дзяцей. А гумно гарыць. Тое гарыць, каторае далей. А іх гоняць у другое. Кончылі гнаць сюды — раз, дзверы закрылі, аблілі бензінам і падпалілі. А мне ўсё гэта з акна відна. Я гавару на сваю сям'ю:
— Ведаеце што — хто куды! Не хавайцеся толькі ў будынку, а дзе якое калоддзе або карчы. I ў стагі не хавайцеся, бо ён запаліць, будзем гарэць.
Гэтыя бабы што робяць? Папужаліся! А ў мяне зямлянка была. Так во хата, а ад хаты так во зямлянка. Я сказаў ім, а сам па іх слядах іду, бо забыліся яны на мяне, што і я тут. Дык я ўзяў тады повад пачапіў — быў у мяне повад такі, — спусціўся з ложка, нагу сяк-так уматаў і пайшоў. Перапоўз я парог, гляджу, куды яны пайшлі. Бачу — у зямлянку. Дапоўз я туды. Але ўжо к маёй хаце немцы не падышлі. Так мы і засталіся.
Хто быў дзе ў хаце, тых пабілі, запалілі, гараць у хаце. Увойдуць у хату — людзі ляжаць, а хто ўцякае — страляюць. Валы ходзяць, каровы ходзяць, свінні пішчаць, а вёска гарыць. Людзей няма, а тавар па сяле гоняць, скот павыганялі.
Мужчын спачатку па пяску ганялі, патамілі іх, а тады ўжо загналі ў гумно. Жанок гналі пасцяпенна, пачкамі. А мужчын ганялі, каб аслабелі яны, каб не маглі супраціўляцца.
Палілі нас у сорак другім годзе, напрадвесні. Гэта эсэсаўцы былі. З чарапамі».