Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Я з вогненнай вёскі...

Калеснік Уладзімір

Шрифт:

Але жывуць сярод людзей тыя, хто можа расказаць, як гэта рэальна было і як гэта было б, калі б здарылася самае жудаснае і фашызм вырваў з рук чалавецтва будучыню.

Што б мы ні ведалі, ні чыталі пра фашызм, гэтыя людзі фашызм убачылі бліжэй за нас, убачылі зусім ужо зблізку, — выскал «звышзвера» ў той момант, калі ўжо нішто не стаяла паміж фашыстам і яго ахвярай і той адкрываўся ўвесь, з усім, што ў ім было і чаго больш не было…

Хатынь — сімвал забітых фашыстамі беларускіх вёсак. Тут загінула ў агні 149 жыхароў. У другіх Хатынях — больш, у некаторых — менш. Чым вымераць пакуты нават адной сям'і, дзе боль маці, бацькі ў мільён разоў памножаны

на боль і жудасць іх дзяцей, якія побач… Спытайцеся ў любой жанчыны: колькі чалавек забілі ў вёсцы? — і заўсёды пачуеце, што «шмат! шмат!». Ці тысячу, ці сто, ці дзесяць забілі, спалілі — гаворыцца з аднолькава вялікім болем, вострым шкадаваннем. Гэта — народнае разуменне, адчуванне, стыхійна гуманістычнае.

А калі не адна, а сотні сямей — 1843 чалавекі! Як у вёсцы Боркі.

Гэта была вялізная вёска на Бабруйшчыне, а дакладней, некалькі вёсак-пасёлкаў, якія аб'ядноўвала жыццё аднаго калгаса.

А ў той ліпеньскі дзень 1942 года іх аб'яднала смерць.

У цяперашніх Борках, пасляваенных, жывуць зусім іншыя людзі. I толькі некалькі чалавек — з ранейшых, забітых. Яны вам і раскажуць, як было ў той дзень.

Некаторыя і сёння задыхаюцца, як ад невыноснага цяжару, калі пачынаюць свой расказ. Ад немаладой ужо, хваравітага выгляду жанчыны Марыі Піліпаўны Закадыніцы мы пачулі ўсяго некалькі фраз: не хапае чалавеку дыхання, каб сказаць яшчэ нешта. Памяць сціскае горла…

«…Я ўжо не магу нават і гаварыць, што не яны дужа і білі, і хлопчыкаў маіх. У мяне трое было… Дык я кажу: Не хадзіце за мной…» Я ўжо гэтых дзяцей кідаю на беразе, а сама ў возера, у ваду, дзеці гэтыя плачуць, а я ў ваду, ну, думаю, утаплюся, і ўсё. Не, потым дзяцей гэтых узяла і ляжу, ляжым, а аднаго ў руках дзяржу, як бачым: ідуць зноў немцы…

Не, не падышлі. I я ляжала, ляжала…

Пытанне: — Аяны хадзілі з хаты ў хату?

— Бяруць і ў хату, калі на дварэ' — і ў хату! I ў кожнай хаце так. I маю сястру, і маці, і ўсіх маіх… А потым хаты спалілі. А потым у лес пайшлі, хто застаўся, і там жылі, дзеці мае траву елі.

Багата людзей пабілі, ой багата! Шчытайце, усю дзярэўню».

У Анастассі Іларыёнаўны Касперавай і здароўя трохі застаяося, і бачыла яна больш. Памятае жанчына надзіва дакладна і многа. Ясныя вочы, светлы адкрыты твар, расказвае яна гучна, нараспеў — і чым далей, тым гучней…

«…Ну, як началося… Мы ляглі спаць. Вутрам мая мама вышла на двор і гавора:

— Знаеш што, дачка, узбудзі хазяіна.

А мой хазяін, калі едуць немцы, — мы жылі на тым пасёлку, — удзірае. Гэта мой хазяін устаў, выйшаў на двор, заходзіць назад у кварціру і гаворыць:

— Ужо нельзя ў лес выйсці. Ужо ацапілі кругом нас.

Ну, мы ўжо і сядзім. Толькі вутра стала — сяйчас матыцыкл ідзе па вуліцы. Проста адзін так. Абыйшоў усе пасёлкі. У нас тут, мусіць, сем было іх, пасёлкаў. Ён вакруг усе і абыйшоў. Я кажу:

— Што-та будзе. Мой хазяін кажа:

— Гатуйце вы снеданне.

Ну, мы ў печы запалілі. У мяне трое дзяцей было, хазяін і мама. Я пайшла па ваду, узяла вядро, а калодзеж во тут у нас. Цягаю ваду — што-та паўз мяне пулі свішчуць: «і-і-і-і», вот проста: «ці-і-ў!» Яны, мусіць, на апушцы лесу былі і мяне ўжо бралі ў бінокль і па мне, мусіць, стралялі. Ну, я набрала вады і прышла.

— Знаеце што, прама на мяне страляюць. Проста пулі паўз мяне ціўкаюць! Ну што ж, — кажу, — у нас ужо так было, што людзей бралі, можа, зноў будуць браць, можа, куды зганяць будуць?..

Саветуемся ў кварціры, не знаем што. I відзім: па той дарозе, з таго Дзяржынскага пасёлка народ ідзець. Паліцэйскія вядуць свае сем'і…

Пытанне: — У вас паліцэйскія былі ў Борках?

— Гарнізона

не было, а паліцэйскія былі. Тут яны сабіраліся, свае і адусюль. Тут ужо яны хаваліся, ці не знаю, баяліся партызан. Хаваліся дзе па хатах.

Ну, дык мой хазяін кажа:

— Павялі дзяржынскія паліцэйскія свае сем'і. Патом мы чуем, што палучыўся выстрал у школе.

Каля школы такі выстрал, што проста страшна! Мой хазяін вышаў на вуліцу і другі сусед. Сядзім. I сяйчас ідзе машына. А ў мяне етая, ятроўка, як вам сказаць, гуляе, дык ятроўка кажа:

— Знаеце што, мусіць, і нас паб'юць.

I прышоў яе мальчык. I абутыя ногі яго ў лапцях, у гэтых, у разінавых. У вайну абувалі ў разіну. Дык яна кажа:

— Сынок мой, сынок, што ж ты ў гэтую разіну абуўся. Твае ж дужа будуць ножкі доўга гарэць. Ў разіне.

А я кажу:

— Што ты гаворыш, Вольга, што ты гаворыш! — кажу.

— Чуствуяцца, што будзем гарэць, што нас паб'юць.

А я ёй кажу:

— Не-а!

Вот скажэце: можа, сэрца… Я вот як чуствую, што жыва буду. Я ёй адвячаю:

— Мы, — кажу, — жывы будзем. А яна кажа:

— Я чуствую — паб'юць.

Пытанне: — А колькі таму хлопчыку было?

— А лет так, можа, восем. Тады, бачым, машына прыходзіць. I адразу гэта машына паварачваецца арудзіем, ці як яго. I мы так гэта заплакалі і кажам:

— Ой, будуць біць, біць, мусіць, па дзярэўні. Спугаліся. А мая свякроўка кажа:

— Пайду, мусіць, яны па яечкі прышлі, дык пайду я, — кажа, — хоць яечкі сабяру ды аддам ім.

Ужо адкупліваліся. Душу… Яна пашла, і ета з хлопчыкам — услед. Як яны пашлі, і к нім пашлі тры немцы. I ў іх, у свёкра палучыўся выстрал. Мы во так, як за частаколам, жылі. Як палучыліся выстралы ў іх кварціры, мы плакаць усе сталі.

— Не плачце, — кажа мой хазяін. — Гэта не па вас машына прышла, а па мяне.

Ён думаў, як раней забіралі.ў нас мужчын у лагер, так і цяпер. А я яму адказваю:

— Па каго яна ні прышла, а нам усё адно плакаць. Тады ён гавора:

— Ну, пільнуйма, можа, гэта яны курэй б'юць. Можа, у хляве кабана, вышлі, б'юць.

Не-а, і кабан выскачыў, і куры ходзяць. Не, свёкра сям'ю пабілі. I сяйчас як пабілі — ідуць утрох к нам. Вот жа радам так. К нам прышлі…

Гэта — як каму жыць нада. Ідуць, і мы так усе рукі стала ламаць, што ўжо трэба расстацца з светам з естым, ідуць жа… Падышлі к калітцэ к нашай і так нешта цоп… Не, не так. Ішлі яны і нешта вярнуліся на ганак. Мусіць, там яшчэ не забілі душу. Мы ўжо понялі самі пасля. Яны гэта… Душа адна… Ета дзевачка, яна, мусіць, як аджыла — прыглушылі, ці што, — яна заплакала. Назад вярнуліся, і чую — выстрал палучыўся, — яны дабілі етую дзевачку. I пайшлі назад. А мы ўсё адно стаім, дажыдаем. I самі расцяраліся і не знаем, што дзелаць. Патом ідуць яны назад — прама к нам у калітку. Ідуць і сталі ля каліткі. А мы так на іх у акно смотрым, а яны на нас — і так плачам мы! Патом яны нешта… А задні адзін загергетаў, па-нямецку гаварыць стаў — і пашлі назад цераз вуліцу. Бо там крайні астаецца яшчэ двор. Яны мінаюць яшчэ двор. Дык яны пайшлі ў той двор, а ў тым дварэ, мы знаем, што нікога няма, там ужо выйшлі, уцяклі з таго двара. Дык я кажу… Не, ён кажа:

— Валечка, — гэта ў нас дачка, — схадзі паглядзі, што ў дзеда ё.

Яна пайшла — яна не магла атцу адмовіць і пайшла. Гэта калі яны пайшлі ўжо. Паглядзела: а там усе пабітыя, дзевачка тая, мусіць, хацела ў дзверы, яны яе тут і ўбілі. Як бяжыць наша Валечка:

— Татка мой!.. (Лезець цераз забор і так во!) Папачка мой!..

Паказвае нам: уцякайце! Ускочыла ў хату:

— Пабілі ўжо ўсіх, папачка, у дзедушкі. Уцякайма, папка!..

А дзед, кажа, ляжыць каля стала, і так цераз усю комнату кроў цячэ…

Поделиться с друзьями: