Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Я з вогненнай вёскі...

Калеснік Уладзімір

Шрифт:

Яшчэ ў тыя гады пасадзіў Кандрат Лапец на сваім пляцы бярозу. Не для пажытку, для красы. I любаваўся дрэўцам чалавек, не падазраючы, што неўзабаве яно стане помнікам на яго магіле.

28 студзеня 1943 года карнікі напалі на Чырвоную Старонку, Гандарэва, Старэва, Лазараў Бор і іншыя вёскі і вёсачкі наваколля. Папалілі іх, моладзь пабралі ў Германію, а старых пабілі. Партызанскі сувязны Іван Лапец, Кандратаў сын, прыйшоў на сваё пажарышча, знайшоў нежывога бацьку і, аплакаўшы, пахаваў на падворку пад бярозай, як здавён хавалі людзей, забітых громам. Пасля вайны Іван Кандратавіч пабудаваўся на другім баку вуліцы, старое котлішча пустуе. Ад той бацькавай бярозы насеяліся дрэвы-дочкі, яны абкружылі

магілку гаспадара. Надмагільны камень, пастаўлены сынам, згубіўся паміж жывых абеліскаў-бяроз.

У вёсцы Казіміраўка на Мазыршчыне пажылая, смуглявая жанчына з вялікімі, як на старых іконах, вачыма падвяла нас да шэрага каменя пад яблынькай у агародзе. Там магіла яе сям'і, замардаванай фашыстамі. Пра трагічную пагібель родных і сваё выпадковае ацаленне Улляна Казак расказвала неяк надзіва стрымана і паслядоўна, хоць папярэджвала нас, што находзіць часам на яе зацьменне, забыццё. Калі мы фатаграфавалі яе тут, каля яблынькі, жанчына стаяла спакойна, як бы не бачыла нас, а потым падняла некалькі яблыкаў з муравы і падала нам — частуйцеся. Сцішнавата выглядала гэтае нечаканае запрашэнне прычасціцца да памяці нябожчыкаў. Але для нашай шчырай субяседніцы, сялянкі з сухімі, пацямнелымі ад працы рукамі, усё тут было, відаць, натуральна. Тыя, што тут ляжаць, садзілі яблыню, пра іх яна напамінае сонечнымі пладамі.

У свой час давялося нам бачыць на брэсцкім Палессі абгарэлыя дубы на котлішчах вёскі Тупічыцы на беразе Бабровіцкага возера. Не шмат засталося гэтых дрэў-ветэранаў: толькі тыя, што раслі наводшыбе ад сяла, далей ад пажарышча, толькі яны захавалі ў тоўшчы магутных камлёў пад бранёю кары рэшткі жыццёвай сілы. Ім паабпальвала голле, агонь павыядаў чорныя дуплы ў падсохлых ствалах, — яны зеўраюць абвугленымі проймамі, уражваюць удзень, палохаюць уначы. Гэтыя абвугленыя галіны-рукі, абгарэлыя карнявішчы-ногі і ствалы-тулавы надаюць сілуэтам дрэў выраз трагедыйнай велічнасці…

I ўсё ж не толькі ў гэтым сутнасць.

Тупічыцкія дубы сталі помнікамі не толькі таму, што яны судакраналіся з агнём і трагічным лёсам тых гаспадароў, што загінулі тут. Помнікамі зрабіла і робіць гэтыя маўклівыя дрэвы пашана жывых, памяць нашчадкаў. Людзі, тыя, што засталіся, што цудам уцалелі, і тыя, што пераехалі сюды з блізкіх і далёкіх сёл ды гаспадараць на другім беразе возера ў вёсцы Бабровічы, а таксама дзеці іх, што нарадзіліся ўжо ў мірны час, — яны шануюць тупічыцкія дубы, як прынята шанаваць памяць пра сваіх продкаў. Ніхто не смее падысці да дубоў-ветэранаў з пілой ці сякерай.

Помнікі чалавек стварае для людзей. А з чаго яны — не так істотна: з жывых, зялёных дрэў ці з моцнага граніту, бронзы, бетону або, можа, з гучнага слова ці ўзнёслай мелодыі, якія не горш за граніт могуць захаваць на векі вечныя памяць і думку пра жыццё, смерць і несмяротнасць.

Уражваюць, палохаюць і адначасна супакойваюць, узвышаючы душу, помнікі-дрэвы. Нам, людзям, бачыцца ў іх пратэст зямлі, голас-крык маці-прыроды супраць сляпое жорсткасці. I ў гэтым глыбінным пратэсце — супакаенне нашай душы: прырода заадно з намі, яна супраць смерці, яна — за чалавечнасць.

А побач з помнікамі-дрэвамі чалавечыя помнікі-манументы, мемарыяльныя дошкі, абеліскі, крыжы, рэквіемы, элегіі, эпітафіі і народныя паданні, сказы, успаміны, усё гэта — за жыццё і чалавечую годнасць супраць смерці і прыніжэння.

Вось на вялікай паляне, што зарастае маладым сасоннікам, зазіхацеў на сонцы, як белы неспадзяванак, велічны мемарыял. Тут была вёска Расоха, адна са шматлікіх у Беларусі, ды і тут, у Асіповіцкім раёне, не адзіная партызанская сталіца, лясная «Масква». Тут былі хаты, потым зямлянкі, тут быў партызанскі могільнік і могільнік мірных людзей, пабітых ворагамі ў часе блакад. Карнікі разбуралі і зямлянкі, знішчалі і надмагільныя

знакі, наспех пастаўленыя людзьмі па сваіх блізкіх. Калі блакады знімаліся, тыя, хто застаўся жывы, вярталіся ў Расоху, аднаўлялі магільныя курганкі і насыпалі новыя. Пасля вайны родзічы паставілі некаторым з ахвяр фашысцкай навалы бетонныя або нават гранітныя абеліскі з партрэцікамі на эмалі. З гэтых самаробных наіўнапрасцецкіх абеліскаў глядзяць, усміхаючыся, маладыя хлопцы і дзяўчаты, якім толькі б сысціся ў круг, распаліць агонь і заспяваць песню! А навокал лес, прыцішаны сасновы пошум.

I мабыць, захацелася заказчыкам і выканаўцам агульнага мемарыяла на месцы вёскі Расоха, каб савецкія хлопцы і дзяўчаты, партызаны і іх сяброўкі, гаспадары і гаспадыні, якія давалі ім гасцінны кут, абмывалі і абшывалі, кармілі іх і турбаваліся за іх жыццё, каб усе яны разам, калісьці такія жыццярадасныя, цяпер гаварылі з жывымі. I яны гавораць. I слухаюць гаворку жывых.

Найбольш вымоўныя на жалобных помніках — прозвішчы тых, што загінулі. Калонкі аднафамільцаў на дошках мемарыяла. Дзесяць, дваццаць і сорак аднолькавых… Хіба можна паставіць побач з гэтым нейкі надпіс? Але гэта прыкмячаецца толькі потым, калі спадае высокае хваляванне, навеянае гэтым помнікам у глухім, далёкім лесе.

Адхонныя прыступкі перад узгоркам, над імі на тэрасе пяць квадратных, сіметрычна расстаўленых бетонных скрыжаляў, запоўненых барэльефамі і надпісамі. На цэнтральнай пліце два маладыя шыракаплечыя партызаны ахоўваюць ад ворага жанчыну з малым хлопчыкам. У розныя бакі глядзяць узброеныя людзі — вораг можа з'явіцца адусюль. У аднаго юнака рука сціснутая ў кулак… Так, хоць не заўсёды хапала партызанам сілы абараніць свае сем'і і ўсё насельніцтва ў зонах дзеяння, аднак усё, што маглі, рабілі, — папярэджвалі, прымалі баі, давалі прытулак уцалелым, лячылі параненых і хворых. Было вострае адчуванне абавязку ратаваць людзей, а ў насельніцтва — адчуванне еднасці лёсу са сваімі хлопцамі-партызанамі, са сваімі заступнікамі і мсціўцамі.

Мабыць, найбольш хвалююць тыя выпадкі, калі чалавек у сваім натуральным імкненні ўшаноўваць памяць блізкіх, знаходзіць агульную мову з прыродай, з яе гатоўнасцю быць помнікам чалавеку, які пры жыцці сваім яднаўся з ёю дзень за днём у працы. Літоўскі скульптар Г. Якубоніс глыбока адчуў сілу гэтай жывой сувязі працоўнага чалавека з прыродай. Славуты мемарыял у вёсцы Пірчупіс ён склаў з гранітных валуноў, узятых проста з навакольнага поля. Паставіўшы пяць ярусаў гранітных глыбаў, мастак высек у іх незабыўны вобраз Маці, літоўскай сялянкі, простай і велічнай у сваім горы, мужнай у жалобе.

Постаць маці — найбольш часты вобраз на брацкіх магілах памардаваных фашыстамі людзей і ў нас, на Беларусі. Гэта найвымоўнейшая постаць. Яна жывою сувяззю злучае пратэст чалавека з пратэстам прыроды супраць смерці. I як бы ні быў выкананы вобраз маці — з прафесійным майстэрствам, у бронзе, граніце, мармуры, — як, напрыклад, у вёсцы Засоўе на Лагойшчыне ці на котлішчы вёскі Пераходы на Случчыне, — або з аматарскай наіўнасцю і непасрэднасцю ў сціплым бетоне, як у Лозках Калінкавіцкага раёна, — вобраз гэты нязменна хвалюе самой прысутнасцю на памятнай жалобнай мясціне.

Лагойшчына. Насупраць вёскі Жардзяжы з асфальту Мінск — Віцебск збочвае глухі лясны тракт, які вядзе ў былую вёску Дальву. Там, дзе сасновы бор расступаецца сонечнымі палянамі, што некалі, напэўна, былі полем, усюды абапал дарогі ляжаць крушні камення. Адшліфаваныя вятрамі, яны падобны на велічэзныя бульбіны. Мясцовасць лясістая, патайная. Сасоннікі, нібы роты салдат, што строем спусціліся з узгоркаў і раптам, як па камандзе, замерлі.

У такім вось часцерніку размяшчалася некалі стаянка-схованка сялян вёскі Дальва. Яны хаваліся там ад фашыстаў у чэрвені 1944 года.

Поделиться с друзьями: