Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Я з вогненнай вёскі...

Калеснік Уладзімір

Шрифт:

— Каб вас у агонь паўкідаў, як вы нашых дзяцей кідалі!..

Так яны і пасунуліся ад агню далей…»

Пасля, у той самай хаце, пра тое самае расказвала Настасся Шыла. Семдзесят шэсць гадоў. Высокая, суровая, гучнагалосая, як прарочыца. Але, расказваючы, сяды-тады нервова засмяецца… I пачала з такога смеху — сцішнаватага:

«…Ха-ха-ха! Па парадку кажаце? Я ўжо баяла гэты парадак. Прыязджалі ўжо следавацелі і да вас…

Ну, як было… Казалі людзі, што падарвалі машыны, пяць вёрст адгэтуль, а потым забілі народніка на пуці. А мы былі ў лесе, каля ракі, і яны нас, немцы, знайшлі там. Гэта як першая блакада была. Гэтага

забітага прывязлі ў дзярэўню і сказалі пахараніць. Мужчын у нас многа было, яны зрабілі гроб і абабілі белым. Тады яны пастаялі каля гэтага гроба і сказалі:

— Ляжа вас дзвесце чалавек.

Народнікі гэтыя. Я сама стаяла. Поўна людзей на вуліцы было. Дык я і чула, як яны казалі. Не зманю.

Тут каля Сінічына самалёт спусціўся… Два іх спусцілася, але я ўжо буду казаць, што адзін. Бралі нашых мужчын у падводы. Усіх пабралі і майго хазяіна ўзялі. Я з дзяцьмі. Пяцёра ж дзяцей. I ночы я не спала, і дзень хадзіла…

Аж яны і прыехалі біць. Я ўстала. Сем машын іх прышло. А тут уздумалі, што будуць забіраць у Германію. А мой хлопец адзін ужо ўзрослы. Дык я кажу:

— Ну, дзеткі, паехалі, пэўна, пагоняць ужо ў Германію ці паб'юць.

Палажыла большага сярод меншых, а сама за вядро і пайшла. А бабы, суседкі, і будуць казаць:

— Вот нам цяпер смерць. А я кажу:

— Бабы, не валнуйцеся, бо ў Саёх занялі, але не пабілі.

Во як я бабам гаварыла. Яны ад мяне пайшлі. А ўжо мяне немец і злавіў, бо я ішла ўжо да сястры, да Марылі. А ён даганяе мяне і крычыць:

— Капут, капут!

Тады я іду, аж ужо нашых сагналі. Яны вось і плачуць некаторыя, а мы вось з гэтай Юлькай. (Паказвае на гаспадыню, Юлію Сушко.) Ён стаіць, на вінтоўку апёршыся… А ўжо ўсе нашы прышлі. I дзеці мае. Пяцёра дзетак ка мне прышло. Я во так іх згарнула, — яны ж яшчэ невялікія, — а мой хлопец, большы, узяў і пабег! Уцёк. Ён на кладбішча ўцёк. I неяк прабраўся, і другога пазваў, і ўцёк. Ну, а гэтых чацвёра ля мяне.

Юлька гэтая падышла яшчэ і кажа:

— Пан, ці нас заб'юць? А я кажу:

— Што ты просіш гэтага калка? Стаіць вот. I нічога не гаворыць.

I мы адхінуліся.

Калі я гляджу — аж ужо стаіць лёгкавушка і яны, чалавек шэсць, стаяць. Ды гэтыя плашчы вялікія, ды рукавіцы чорныя…

Дык мы во гэтак падышлі, а я думаю: «Не пайду наперад, бо заб'ець».

А старшына наш (смяецца)… ці стараста, — чорт яго ведае, — дык гэты хацеў з імі ехаць. А яны плюнулі на яго і не ўзялі: дзяцей многа… Старасту першага і забілі, Лявона.

Ён паваліўся, а я не лезу наперад. Аж гляджу — пабеглі ўсе, дык і я па полі… Вуліцай во так, у жыта. I я бегла. I братавая мая бегла. Мы ўдзвёх з ёю. Дык яна павалілася і ляжыць. А я глянула во гэтак… Ці паверыце вы мне? Я ж не маню, — я глянула, што яна ляжыць, і я пабегла, у плот ушчамілася, за хлеўчыкі, і засталася я жывая. Тры сялібы перабегла. За хлявы. Густа была будоўля.

Тады я гляджу — ажно мая дзяўчынка, во гэтачкая, бяжыць! Бяжыць з таго жыта. Ужо яны радзей стралялі. Дык я тады за гэтую дзяўчыну ды кажу:

— Ай, дачушка, ужо ж нам усё! А чацвёра ж дзе яшчэ?

Тады я схапіла гэтую дзяўчыну, а з ёю так во ватовачку, а сама ў жыта. А яно счарнела ўжо, маё дзіцятка, на мяжы…

I я пералежала ў жыце з гэтай дзяўчынай.

Як ужо білі!.. Ай, білі!.. Лес шумеў і зямелька стагнала, як білі! Хто дзе…

Колькі нас адбеглася? Бабы дзве толькі. А то ўсё дзеці. Яны пусцілі з пулямётаў

у рост, а дзеці маленькія, і засталіся, гадоў па пяць, па шэсць каторыя.

Я была здаровая, дык я бегла, я б цяпер так не пабегла…

Пытанне: — А вашы дзеткі?

— А мае дзеткі недзе чацвёра. Толькі адна каля мяне. Меншая самая. Яны там, немцы, доўга стаялі. Я во так падсунулася да мяжы, каб паглядзець, а яна:

— Ай, мамачка, не кідай мяне!..

Я падсунулася — аж мая хата, роўна акон, гарыць!.. I паехалі яны, бачу я. Тады я пабегла і знайшла… Каго я знайшла? Крысціну. У яе на руцэ дзяўчыну забілі. Кулю Цыганаву знайшла. I дзяўчынку Шурку. Вот колькі нас. Пабеглі мы ў лес. А тады я ішла, дзяцей гукала, аж во гэта, раненая… (Да гаспадыні.) Ты, Юлька, ляжала, а я цябе знайшла. Знайшла яе, каля яе было чацвёра… А гразь такая!

— Хто там? — кажу я. — Хадзіце ка мне! А яны кажуць:

— Вы хадзіце к нам!

Вядома, невялікія дзяўчата. Я ўзяла к ім прышла. А во гэтая Юлька ляжыць, чуць жыва. Я так нагнулася, кажу:

— Ах, Юлечка!

А яна ўзяла ды хліп-хліп… А дзяўчына гразі ўзяла ды на яе. Гэта там вада такая была — адна гразь. Сёмы годзік дзяўчынцы было, а маці, Юлька гэта, стане што папала гаварыць, дык яна вады на яе. Так ратавала яе. Пракапала ямку і брала з яе ваду. Юлька голая ляжала, дык яна ёй на грудзі вады, на твар…»

Разліцце — вёсачка «бесперспектыўная». Так нам сказалі на двух узроўнях, у сельсавеце і ў раёне. Прапанавалі цёткам з гэтых сумных хатак перабірацца ў цэнтр калгаса, гарантавалі, як гэта робіцца, дапамогу, а яны — не хочуць.

Дзіўна? Не вельмі.

Гадоў некалькі перад гэтым на Гродзеншчыне нам здарылася сустрэць штосьці падобнае. Куды там падобнае — курную хату!.. Не ў музеі ці на карціне, а ў Лідскім раёне, на тэрыторыі багатага саўгаса «Малое Мажэйкава». Саўгас пабудаваў двухпавярховы дом, а бабку з курнай хаты ніяк не маглі ўгаварыць перайсці ў кватэру з усімі выгодамі. Дырэктар напісаў яе сыну ў Ленінград, на Кіраўскі завод, што саўгас аплоціць камандзіроўку, абы толькі хлопец угаварыў маці не ўпарціцца. Цэлая казка, калі хто недаверлівы… Ашто ж у бабкі была за прычына не пераходзіць? Старая ліпа перад акном, а пад ліпай — крынічка… Так яна, бабка, сама гаварыла.

Разліцце — нейкія тры хаты, хлявочкі, платы, агароды… I лета сваёю раскошай сумоты такой не прыкрашвае. Бабулю Настассю Шыла дачка была забрала ў Казахстан, дзе яна працуе бухгалтарам, але старая там не прыжылася. Тут трымаецца, а пры ёй, як пры маці, і Юлія Сушко. Для гэтай вернасці роднаму кутку знешніх прычын асаблівых няма. Старэюць хаты, старэюць маці. Над тым калодзежам, у якім быў схаваўся адзін з двух ацалелых мужчын, зруб зноў струхлявеў і сам, кавалкамі ды парахнёй, абвальваецца ў недалёкую ды падазроную ваду.

«Заўтра якраз трыццаць год з таго дня», як загінуў яе сынок, і яна туды пойдзе, на тую магілу, і «буду дзень там плакаць»…

Таму і з Разліцця нікуды перабірацца не хоча, і ад дачкі таму вярнулася — з той цаліннай выгоды.

Памяць

Быў на Случчыне засценак Падлявішча, прыгожы засценак, двары шырокія, у садах, як у вянках, дамы на высокіх падмурках, крытыя гонтай. Калгас тут хутка ўвабраўся ў сілу, і назву вёсцы далі новую, савецкую — Чырвоная Старонка.

Поделиться с друзьями: