Жураўліны крык
Шрифт:
– Ну? – не сціхаў усё Пшанічны, звяртаючыся да насцярожаных прымоўклых людзей. – Што?
– Што ты нукаеш? Ну, што нукаеш, мурло? – злосна азваўся Свіст. – Дзе старшына?
– Фішара ў сакрэт павёў, – сказаў Аўсееў.
– А тое нукаю, што трэба нешта рабіць. Акружылі ж, вось і ну, – не збавіўшы тону, гарачыўся Пшанічны.
Яму ніхто не адказаў, усе стаялі і слухалі, апанаваныя наплывам благіх прадчуванняў. А там, у далёкай цемры ночы, усё разлягаліся чэргі, бухалі гранаты, ветрам разносілася ўдалячынь нягучнае здалёк рэха. Людзі змаркатнелі, самі сабой апусціліся долу іх натруджаныя рукі, ліхаманкавая трывога ўрывалася ў думкі.
У гэтай панылай маўклівасці і застаў іх старшына, які, цяжка дыхаючы ад доўгага бегу,
– Ну, што пасталі, як тыя слупы на ўзбочыне? Чаго спалохаліся? Га? Падумаеш: страляюць! Вы што – не чулі стрэлаў? Ну што, Глечык?
Глечык сумеўся ад таго грубаватага звароту, варухнуў у цемры плячыма.
– Ды вось акружаюць, таварыш старшына.
– Хто сказаў: акружаюць?– зазлаваў Карпенка. – Хто?
– Што акружаюць – факт, не булка з макам, – буркліва зазначыў Пшанічны.
– А ты маўчы, таварыш баец! Падумаеш – акружаюць! Колькі ўжо акружалі? У Тодараўцы – раз, у Баровічах – два, пад Смаленскам тыдзень выбіраліся – тры. I што?
– Дык то ж усім палком, а тут што? Шасцёра, – азваўся з цемры Аўсееў.
– Шасцёра! – перадражніў Карпенка. – А гэтыя шасцёра што, дзеўкі? Ці байцы Чырвонай Арміі? Нас вунь у фінскую на востраве трое засталося, два дні адбіваліся, ад кулямётаў снег да моху растаў, і нічога – жывы. А то – шасцёра!
– Дык то ў фінскую...
– А то ў нямецкую. Усё роўна, – ужо крыху спакайней сказаў Карпенка і змоўк, аддзіраючы ад газеціны на цыгарку.
Пакуль ён ладзіў папяросу, усе маўчалі, пабойваючыся выказаць невясёлыя здагадкі і пільна ўслухоўваючыся ў гукі бою. А там, здаецца, пакрысе рабілася цішэй, ракеты болей не ўзляталі, страляніна прыкметна радзела.
– Вось што, – сказаў старшына, слінячы цыгарку, – няма чаго мітынгаваць. Давай капаць кругавую. Ячэйкі злучым траншэяй.
– Слухай, камандзір, а можа, лепей адыдзем, пакуль не позна? Га? – памяркоўна спытаў Аўсееў, зашпільваючы шынель і бразгаючы спражкай сваёй папругі.
Старшына грэбліва гмыкнуў, даючы знаць, што яго здзіўляе такая незразумелая прапанова, і з прыкрасцю запытаў:
– Загад ты чуў? Закрыць дарогу на суткі. Ну і выконвай, няма чаго балбатнёй займацца.
Усе нявесела маўчалі.
– Ну, даволі. Давай капаць, – больш бадзёра і ласкава сказаў камандзір. – Акапаемся і заўтра як у мамкі за пазухай будзем.
– Як у Мурла ў торбе, – жартоўна зазначыў Віцька Свіст– I суха, і цёпла, і гаспадар шануе. Ха-ха! Пайшлі, паніч, давай брацца за справу, ярына зялёная, – тузануў ён за рукаў Аўсеева, і той нехаця падаўся за суседам у змрок ночы.
Глечык таксама пайшоў на сваё месца, а старшына моўчкі пастаяў, зацягнуўся разы два махорачным дымам і прыцішана-строга сказаў Пшанічнаму:
– А ты ў мяне наклічаш бяды. Я з цябе скуру спушчу за твае штучкі. Папомніш...
– Якія штучкі?
– Такія, – пачулася з цемры. – Сам ведаеш.
4
Злосны на старшыну за тую пагрозу і ўзрушаны небяспекай, Пшанічны нерухома пастаяў з хвіліну, разбіраючыся ў пачуццях, а потым, амаль раптам прыняўшы нейкае рашэнне, нягучна кінуў у цемру:
– Хопіць!
Так, хопіць. Хопіць мясіць гразь па гэтых разбітых дарогах, хопіць гібець на сцюжы, галадаць, хопіць пакутаваць ад страху, капаць-перакопваць зямлю, глухнуць у баях, дзе толькі кроў, раны і смерць. Даўно ўжо Пшанічны прыглядаўся, чакаў зручнага выпадку, вагаўся і баяўся, але цяпер, трапіўшы ў тую мышалоўку, канчаткова рашыўся. Свая рубашка бліжэй да цела, а жыццё для яго даражэй за ўсё, і захаваць яго можна, толькі кінуўшы
зброю і здаўшыся немцам. Авось не заб’юць, дарма, што столькі баюць пра іх – Пшанічны не дзіця і ведае, што і немцы – людзі.Вецер усё гудзеў у вушах, астуджаў твар, і, каб затуліцца ад яго і аддацца думкам, Пшанічны зноў схаваўся ў акопе. Траншэю ён вырашыў не капаць, хай гэта робіць Глечык, а ён ужо адкапаў сваё. Пакідаць тут яму не шкада нікога – старшына зубасты і згрызотны, як фельдфебель, Віцька Свіст – блатняк і брахун – усё Мурло ды Мурло. Праўда, ён і астатніх, апроч хіба Карпенкі, таксама называе аднымі мянушкамі – Аўсееў у яго паніч, Фішар – вучоны, Глечык – салага, – але ж яны ўсе маладзейшыя, а ён, Пшанічны, раза ў паўтара старэйшы за кожнага (хіба толькі Карпенка такога ж узросту). Аўсееў-то сапраўды паніч, распешчаны ў дзяцінстве беларучка, майстра на навуку і гультай у працы; Глечык – зусім дзіця зялёнае, паслухмяны, але як трэба не абстраляны, баязлівы, з такім не дужа весела ў баі; Фішар – падслепаваты кніжнік, з вінтоўкі стрэльнуць не ўмее, заплюшчвае вочы, калі націскае на спуск, – вось і ваюй з такімі. Хіба з імі адужаеш тых, абучаных, узброеных адменнай загранічнай, як цацка, зброяй, аўтаматамі ды кулямётамі, што страляюць, бы швейныя машынкі шыюць...
У зацішку акопа чутна, як непадалёку дзяўбе зямлю Глечык, зрэдку парыпваюць на ветры дзверы старожкі і шуміць, высвіствае сваю восеньскую песню ссохлы быльнёг у канаве. Пшанічны даеў вынятыя з кішэні рэшткі сала і, сашчапіўшы рукі, сцішыўся – аддаўся журбоце думак.
Няладна і гаротна склалася жыццё гэтага чалавека.
Першыя ўражанні крыўды ўчэпіста і доўга трымаюцца ў чалавечых пачуццях. Іван як цяпер памятае тое цяжкае галоднае лета, калі бабы з суседняй вёскі Альхоўкі з Вялікадня выходзілі на ўзмежкі – збіралі шчаўе, крапіву, пухлі з голаду дзеці і старыя, чорныя і маўклівыя ад гора, усю вясну хадзілі ў поле паўз хутар альхоўскія мужыкі. Людзі елі траву, таўклі кару з дрэў, церлі мякіну, рады былі якой жменьцы пазаддзя, каб падмяшаць у травяністую агідную страву, склеіць траўнікі. У іх на хутары таксама было не густа, але травы не елі – даіліся дзве каровы, і ў свірне ў засеках сёе-тое яшчэ мелася. У тое лета лёс звёў трынаццацігадовага Івана з вясковым дзецюком Яшкам. I ад таго, што ў свой час Пшанічны памыліўся ў выбары паміж ім і бацькам, усё жыццё пасля ён горка наракаў на сябе.
Аднойчы на нейкае свята – Пятра ці Сёмуху – у дрымотны летні адвячорак, калі паніжэлае сонца губляе свой спякотны напор, трынаццацігадовы Іванка вяртаўся на хутар. Незадоўга перад тым бацькі прыехалі з кірмашу, і ён адвёў на падлесак каня, спутаў і пусціў пасвіцца. Падыходзячы ўжо да высокае брамы панадворка, хлопец учуў гамонку ў двары, жаласны жаночы голас і рэдкае незадаволенае пакырхванне бацькі. Бацька ў новай святочнай сарочцы і камізэльцы сядзеў на прыступках ганка і пасопваў люлькай, а побач, згорбіўшыся і затуліўшы твар нізка завязанай хусцінкай, стаяла ўдава Міроніха – іх нейкая далёкая сваячка, – яна плакала і нечага прасіла.
У той час як Іван зайшоў на панадворак, якраз наступіла паўза, кабета з просьбай і страхам глядзела на бацьку, прыкрыўшы ражком хусткі рот, а бацька злосна – як адразу заўважыў хлопец – чмыхаў клубамі дыму і маўчаў.
– Ладна, – урэшце азваўся ён. – Хай прыйдзе. Дам з пуд. А заўтра на зорцы каб быў тут. Касы не трэба, касу маю возьме.
Кабета перастала плакаць, высмаркалася і пачала дзякаваць, а бацька ўзняўся і пайшоў з ганка.
Назаўтра ранічкай маці, як звычайна, ласкава разбудзіла Іванку на гары, падала завязаны ў ручнік сняданак – кавалак вяндліны і акраец хлеба. Ён заўсёды ў такую пару насіў бацьку ў поле снедаць, але гэты раз ежы было ўдвая болей, чым калі раней. Іванка здагадаўся, што гэта памагатару. Работнікаў яны наймалі і раней – у касьбу, жніво, малацьбу, але трымалі нядоўга: бацька быў патрабавальны, сам цягавіты ў працы, дужы, і мала хто мог дагадзіць яму.