Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Жураўліны крык

Быков Василь

Шрифт:

– Аўсееў, – глухаватым, але рашучым голасам пасля паўзы сказаў Карпенка, – бяры вінтоўку – і на варту.

Аўсееў крута павярнуўся на падлозе.

– А чаго я? Што я, горшы за ўсіх?

– Без размоў.

– Давай, давай, паніч, – загаварыў Свіст. – Не бойся, кашы не празяваеш. Пакінем, клянуся салёным агурком з хвастом асяледца.

Аўсееў пасядзеў яшчэ, пасля нетаропка зашпіліўся і неахвотна выйшаў, мацней чым трэба прыстукнуўшы дзвярыма.

Каша выдалася надзіва смачная. Свіст неўзаметку паклаў на спод кацялка выцягнутае ў Пшанічнага сала, ад чаго ўсё гэта несалёнае месіва атрымалася вельмі тлустае і наварыстае. Елі ўсе разам, з адной пасудзіны, згодна шкрэбаючы драўлянымі і алюмініевымі лыжкамі, а Свіст – нават трафейным відэльцам на тронку лыжкі. Калі ўжо на сподзе засталося нямнога, Карпенка аблізаў лыжку і сказаў:

Годзе. Рэшта Аўсееву і Фішару...

– Ну, братка Мурло, як кашка? – хітравата спытаў Свіст.

– А нішто. З галадухі сама ў роце растае, – задаволена сказаў Пшанічны. На яго мардаты, з тлустымі вуснамі твар лягла ленаватая сытасць.

– За гэта дзякуй самому сабе. Добрае ў цябе было сальца.

Пшанічны здзіўлена залыпаў вачыма, здагадаўся і адразу ўхапіўся за торбу.

– Зладзюга ты, Свіст, вось хто, – злосна кінуў ён з цемры, мацаючы свой напакаваны мяшок. – За такія ўчынкі табе трэба морду біць, блатняга.

– Для твайго ж бруха, дзівак, – жартаваў Свіст. – А то кокнулі б цябе заўтра, галоднага, і які-небудзь Ганс пакроіў бы тваё сала тоненькімі скрылікамі на свой бутэрброд. А так вось і жысць павесялела, бы сто грамаў прапусціў.

Пшанічны яшчэ бурчаў нешта ў сваім куце, а размораны сытасцю Свіст соладка разлёгся на падлозе, раскінуўшы крываватыя ногі.

– Ну вось і цудоўна, – казаў ён, пагладжваючы свій жывот. – Даўно такой асалоды не меў. Хіба тады, як з лагера выйшаў, от.

– Слухай, Свіст, а завошта ты ў лагер трапіў? – спытаў Карпенка, скручваючы цыгарку.

Ён зноў размясціўся на тапчане, таксама падабрэў ад цяпла і ежы і стаў па-хатняму просты, свойскі, прыязны – такі, як і ўсе.

– Ат, доўгая гісторыя. Гісторыя з геаграфіяй. Была справа, ага.

– Можа, нізавошта?

– Не скажу, – адразу пасур’ёзнеўшы і нешта ўспамінаючы, сказаў Свіст. – Было за што. Маглі б і болей прыпаяць, адбрыкаўся двума гадамі. Магу расказаць, калі цікавіць.

Ён памаўчаў, пазіраючы ў задымленую столь, услухаўся ў гукі непагоды знадворку, пасля ўздыхнуў і пашураваў у грубцы. Там нешта стрэльнула ў прыску, ярчэй загарэліся дровы, асвяціўшы насупленага ў куце Пшанічнага, цікаўны кірпаты твар Глечыка і задуменныя твары астатніх байцоў.

7

– Дурны я чалавек... вось. Шалёны, безгаловы... – казаў Свіст. – Наогул абармот. Толькі цяпер зразумеў гэта. Як кажуць, не вошы мяне заелі, а маладосць загубіла. Жыў у Саратаве, на Манастырцы. Любата гарадок, скажу вам, першы сорт – Саратаў... так... – Ён памаўчаў, летуценна прыпамінаючы штось і ўсё пазіраючы ў грубку– Чатыры гады ўжо як не быў, душа занылася. Так... Дык вось, вучыўся троху. Вучыцца не любіў. Ды і з дысцыплінай не ладзілася. Матка, бывала, ходзіць, ходзіць у школу па выкліках, лупіць мяне, а толку мала... А наогул мала біла. Трэба было б болей, тады, можа, і чалавек выйшаў бы, а так – аскалёпак.

Падрос крыху, зашыўся ў кампанію – дружкі-мілушкі, ярына зялёная. А ўсё ж ладны быў час. Раздолле, асабліва ўлетку. Маці на працы (на падшыпнікавым заводзе рабіла), а я – бы ў раі. Па могілках у вайну гуляем – дарэчы, там у нас Чарнышэўскі, пісьменнік, пахаваны, – дзелавіта паведаміў Свіст, паварочваючыся да Карпенкі. – Такі помнік вялізны, як будан, стаіць. Дык вось – на могілках, на Лысай гары, у сасняку, а калі вырвемся і на Волгу. От, браце, шчасце, ярына зялёная, сто чарцей і бочка рому. Ніхто там не бачыў Волгі? Не? О, гэта ёсць на што паглядзець. Шыр, прастор, вада, сонца, неба і, каб вы ведалі, райскі куток – Зялёны востраў насярэдзіне. Схопім чыю лодку, перабяромся туды і – забаў на два дні. Маці шукае – і ў міліцыі, і ў калоніі, і ў турме, а мы на востраве кінжалы выстружам і разбойнікаў строім.

Пасля пайшоў працаваць. – Віцька ўздыхнуў, запхнуў у грубку канец нейкай дошкі, заклапочана пашураваў там шчэпкай. – Спачатку Рыгор Сымонавіч, сусед наш, мяне да такарнай справы прыладзіў. Працаваў на тым жа падшыпнікавым, утулкі рабіў. Спярша нішто, а пасля абрыдлі – гарчэй за рэдзьку. Уранку – утулкі, увечары – утулкі, учора – утулкі і заўтра – утулкі, зімой і летам – адны ўтулкі. Ужо гэтыя кольцы ды дзіркі сніцца ўначы пачалі – атрута! З нуды да гарэлкі прыладзіўся. Выпіваў. Неяк у піўной пазнаёміўся з адным чалавекам – Фраловым звалі, каб яму дышла ў пуза! Так лоўка да мяне пад’ехаў, і так і сяк, гляджу –

мілы чалавек. I грошай не шкадуе. Пілі. Спрытна ён мне жытуху атруціў, і не прыкмеціў, як ачмурыў дурня. Ты, кажа, свой хлопец, нашто табе мазоль натруджваць? Хочаш уладжу, работка – лахва. I што ж? Уладзіў прадаўцом у хлебны магазін. Працую месяц, другі. Не скажу, каб вельмі падабалася. Праўда, наеты (а тады галаднавата было на Волзе), а так амаль як і на падшыпнікавым – нудная праца, знай, рэж кілаграмы. Пяць тон сёння, пяць тон заўтра. Не глядзі, што хлеб, а нарэжашся за дзень, дык горш, чым на заводзе, зняможаш.

Хацеў ужо драла даць з гэтага шчасця, ды аднойчы з’явіўся гэты Фралоў. Кажа, прыходзь у «Паплавок», справа будзе. Прыходжу. Сядзяць у куце пад пальмай – мой Фралоў і яшчэ адзін, дзядзькам Агеем звалі. Што, думаю, за справа? Выпілі, закусілі, нічога не кажуць, яшчэ выпілі, закусілі – маўчаць. Яшчэ і яшчэ. А пасля Агей і кажа: так і так, маўляў, падкінем пару пудзікаў звыш накладной – прадасі? Прадам, кажу, не залежыцца: тавар ходкі. Ну вось, парадачак, хлопец свойскі, цешыцца Агей. А мне з п’янкі і не ўпрыцям, што гэта – першы мой крок быў чорту ў зубы. Добра на душы, смеласць так і прэ, дагадзіць хочацца людзям – вось і згадзіўся. А не ведаў таго, ярына зялёная, што сёння – пару пудоў, а заўтра – дзесятак, а пасля – тонамі падкідваць мне хлябец будуць. Прыйдзе машына, пачнуць згружаць – гэты самы Агей і яшчэ адзін, гляджу на вазе – дзве тоны. А накладную даюць на паўтары. Астатняе – наша. Грошы лішкі – усё ім аддаваў. А яны дзяліліся. Спачатку скрабло ў мяне на сэрцы, думаю – да дабра не дойдзе. Але пасля грошы тыя збілі з панталыку – павалілі кучай. Не прывык столькі мець, што рабіць з імі? Не прап’еш: паўлітэрка шэсць рублёў, і толькі.

– Ну, гэта ты брэшаш, – уставіў Пшанічны. – З грашмі яшчэ ніхто не меў клопату.

– Не меў? – з’едліва перапытаў Свіст. – Што ты разумееш, Мурло, душа капеечная...

– Ладна, годзе вам. Давай далей, – абарваў сварку Карпенка.

– Ага. Ну, тут разгарэлася мая фантазія, захапіўся я фота. Купіў апарат, усякія да яго прычындалы, пачаў псаваць паперу і пласцінкі. Знімаў. I на Волзе, і на Зялёным востраве, і ў парку. Налаўчыўся з часам – нішто выходзіла. Падумаў быў – ці не паступіць мне ў фотаарцель? Сказаў аднойчы Фралову – той толькі зубамі заскрыпеў. Спрабуй, кажа.

Так, жыву далей. Абрыдла фота, купіў байдарку і ўвечары, у выхадныя – на Волзе. О, гэта я любіў. Відаць, душа такая: заўсёды на прастор лезе. Фралоў з Агеем таксама калі прыходзілі, катаў. Пасля прадаў байдарку, купіў маторку. Зноў Зялёны востраў, ды ўжо – не разбойнікі, а жулікі і не гульня, а на самай справе. П’ём, рыбу ловім. Туды ж адзін раз прывезлі яны Лёльку. Дзеўка, брат, такая, ярына зялёная, во! Пальчыкі абліжаш. Агнявая, баявая, вясёлая, і захмялела мая галава ў адзін вечар – і гарэлкі не трэба. Купаліся, пілі, і там, у кустах, налаўчыўся я, згроб яе і пацалаваў. Думаў, у морду ляпне, а яна куды там – абхапіла мяне аберуч за шыю, упілася ў вусны, і дух мне заняло, быццам у якую прорву рынуў.

Закруціла мяне любоў з гэтай Лёлькай, месца сабе не знайду. Кажу, давай пажэнімся, жыць будзем па чэсці, а яна толькі смяецца. Ходзіць да мяне на спатканні, цалуецца, але ўсё тайком, каб Фралоў не ведаў. Што ты, кажу, малая ці ён – бацька твой, чаго баішся? Нельга, кажа, каб ведаў, і ўсё. Не ведаю, чым бы гэта скончылася, каб аднойчы такая гісторыя не сталася.

У нейкае свята дамовіліся сустрэцца, прыходжу, а яна стаіць ля танцпляцоўкі ў парку з гэтым самым Фраловым. Пачуў я нядобрае, але падышоў, а Фралоў бярэ мяне за локаць і выводзіць на бакавую алейку. Думаю, нешта будзе, а ён гэтак мне кажа: кінь Лёльку, не чапай – не твая. Лютасць ва мне забушавала. А чыя, кажу, мо твая? Мая, кажа, і вочы, як у воўка, гараць, а рука ў кішэні нешта намацвае. Ну, я не зважыў на гэта, злаўчыўся ды ладна яму садануў у скулу. Распачалі мы бойку, парнуў ён мяне фінкаром у лапатку, але і я кулака адважыў. Пазбягаліся людзі, закрычала Лёлька, ну, нас і ўзялі. Прывялі ў аддзяленне – пратакол і так далей. Гляджу – гэты сабака чужое нейкае прозвішча падстаўляе за сябе і дакумент у яго адпаведны ў кішэні. Узбунтавалася ва мне кроў – ах ты, гад, думаю, зноў некім засланіцца хоча. Вядзі, кажу канвою, да галоўнага. Паклікалі начальніка, узяў я і расказаў усё – і пра хлеб, і пра Агея, і пра нашы шахер-махеры. Нічога не ўтаіў – утаіў толькі Лёльку. Чула маё сэрца, што і яна не так сабе, таксама ў гэтым кодле, а назваць не мог. Не назваў...

Поделиться с друзьями: