Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Жураўліны крык

Быков Василь

Шрифт:

Такія звычкі ён набыў даўно, яшчэ ў школе, калі ўразумеў, што большага часам можна дасягнуць малымі сродкамі. Ён шмат чытаў, вучыўся лёгка і сярод настаўнікаў і таварышаў лічыўся здольным, развітым вучнем. Без асаблівых турбот даваліся яму гуманітарныя навукі, матэматычныя ён таксама ведаў, але чым далей вучыўся, тым болей іх недалюбліваў. Яны патрабавалі крапатлівасці, настойлівасці, уедлівасці да дробязей, а гэта было не па нутры легкадумнай натуры Аліка. Бясконцыя хатнія заданні па алгебры, трыганаметрыі, фізіцы атручвалі яго вольны час, які патрэбны быў для спорту, асалод і забаў. I ён змовіўся з аднакласнікам Шугайлам – недалёкім перарослым вучнем, які нядрэнна спраўляўся з матэматыкай і другагоднічаў у восьмым

класе з-за абсалютнай няздольнасці да моваў. Гэты Шугайла рабіў за Аліка ўсе хатнія заданні па матэматыцы, пісаў за яго кантрольныя, аблягчаў усе яго матэматычныя абавязкі. Алік дапамагаў яму на дыктантах і сачыненнях, але рабіў гэта хітра, і калі па матэматыцы адзнакі ў іх былі аднолькавыя, то па моўных работах ацэнка ў Шугайлы мала калі ўзнімалася да «4». Алік жа чацвёркі меў рэдка, ён быў выдатнік.

Бацька яго, ваенны ўрач трэцяга рангу Аўсееў, у справы юнака-сына ўмешваўся мала, ён быў поўны ўласных клопатаў, затое маці, ужо немаладая і вельмі сардэчная жанчына, даглядала адзінага свайго сынка за пяцярых бацькоў і пяцярых матак. З маленства яна бачыла ў Аліку тысячу талентаў і незвычайных здольнасцей. Варта было малому, дурэючы, крануць клавішы піяніна, як маці ўжо захаплялася і хвалілася перад бацькам, суседзямі, знаёмымі: «Ён жа цуда-дзіця – узяў акорд! О, ён будзе кампазітар!» Калі Алік пэцкаў на паперы пасліненым алоўкам якія крывулякі, маці падхоплівала тую паперку і бегла паказваць іншым – во якія здольнасці ў яе сына! Калі сынок крыўдзіў каго з малых на дварэ і на яго скардзіліся суседкі, тая, зачыніўшы дзверы, казала: «Малайчына, сынок. Не дазваляй, каб над табою бралі верх».

Падросшы, Алік пайшоў у музычную школу, няблага правучыўся там два гады, але затым кінуў. Маці вельмі пакутавала ад таго, здзіўляліся педагогі, чаму гэта ён, здольны да музыкі хлопец, раптам згубіў да яе ахвоту. Аўсееў нікому не тлумачыў нічога, але сам ведаў пэўна, што зрабіў правільна. «Лепш быць першым у Галіі, чым другім у Рыме», – вычытаў некалі Алік і зразумеў, што ў музычнай школе яму ніколі не быць першым. Першай там была Ніна Машкова, а на іншае месца для сябе Алік не мог пагадзіцца.

Праз месяц ці два Аўсееў запісаўся ў студыю выяўленчага мастацтва, купіў вялізны альбом, мядовыя акварэльныя фарбы і ўсю зіму пісаў нацюрморты. Аліку здавалася, што яго малюнкі не горшыя за працы іншых студыйцаў, але выкладчык Леанід Яўгеньевіч, старэнькі чалавек у зашмальwаванай талстоўцы, часам, спыніўшыся ля яго мальберта, wерабіў вузенькую бародку і невядома чаму пытаўся:

– Вы, Аўсееў, спорт паважаеце?

– Паважаю, – жвава паварочваючыся да яго, казаў Алік, і настаўнік згодна ківаў бародкай.

– Правільна, футбол, напрыклад, – цудоўны занятак для юнака.

Спярша Аўсееў не разумеў, а пасля здагадаўся пра тыя цьмяныя намёкі і перастаў наведваць студыю. Якраз пачыналася вясна, прыгравала сонца, на дзіцячым стадыёне да позняга вечара бухалі мячы, і Алік Аўсееў аддаўся спорту.

Пасля некалькіх трэніровак яго залічылі ў юнацкую футбольную каманду раёна, якая затым у спаборніцтвах на першынство горада заняла першае месца. Здымак каманды-пераможцы надрукавалі ў мясцовай газеце. Алік у рашаючым матчы забіў два галы і адчуў у сабе такое, быццам ён намнога пасталеў за свае 16 гадоў. Яго перасталі цікавіць аднакласнікі і нават настаўнікі, якія выказвалі да юнака-спартсмена прыкметную ўвагу. Ён убачыў, як дзяўчаты пазіралі на яго закаханымі вачыма і таварышы згаралі ад зайздрасці да яго поспехаў. Усё гэта прыемна казытала яго пачуцці, і Алік пачынаў ужо думаць, што знайшоў сваю каляіну ў жыцці, калі ў пачатку лета на іхнюю каманду пасыпаўся шэраг няўдач. Тры разы запар на адказных спаборніцтвах яны ганебна прайгралі, аднойчы Аліка вывелі з ігры за грубасць і ўрэшце замянілі другім хлопцам.

Доўга пасля таго Аўсееў самотна перажываў свае жыццёвыя няўдачы, але маці суцяшала сына, даводзячы,

што ён вельмі здольны, усебакова таленавіты, трохі ленаваты, а калі пастараецца, то будзе проста геніяльны чалавек. Гэты засвоены з дзяцінства довад пакрысе супакойваў Аліка, напаўняў яго пагардай да іншых і даваў падставу глядзець на сябе як на выключнасць. Але людзі чамусьці ўпарта не хацелі заўважаць выключнасці Аўсеева і зусім не так, як таго патрабавала яго натура, ставіліся да маладога чалавека. Асабліва гэта праявілася, калі Алік Аўсееў прыехаў у Ленінград і паступіў у артылерыйскае вучылішча.

Вучачыся ў дзесятым класе, Алік зразумеў, што мастацтва – музыка, жывапіс, а таксама спорт – гэта не яго стыхія, бо там трэба фанатычныя бязлітаснасць да сябе, упартасць і праца. А ўсё тое, што даецца вялізным намаганнем, праз цяжкасці, тое – ведаў Аўсееў – перастае несці асалоду, радасць таго засмучаецца цяжарам дасягнення. Вайсковае ж вабіла яго рамантыкай быту і прыгажосцю формы. Ён любіў глядзець на чырвонаармейскі строй у час парадаў, яму падабаўся зухаваты выгляд маладых камандзіраў, апяразаных рамянямі, з сумкамі і пісталетамі на баку, любіў магутнасць баявых машын і захапляўся пазнанымі з кніг геройскімі ўчынкамі ў часе вайны. Бацька не пярэчыў супраць гэтай схільнасці юнака Аўсеева, маці ж, ва ўсім дагаджаючы сыну, саступіла са сваіх ранейшых жаданняў наконт яго бліскучай мастацкай будучыні, і за год да вайны Аўсееў стаў курсантам ваеннага вучылішча.

Але сталася так, што з першых жа дзён свайго вайсковага жыцця курсант Аўсееў адчуў расчараванне. Камандзірам аддзялення, у якое залічылі Аўсеева, назначылі мешкаватага тугадума Тодарава. Гэты няўклюдны чалавек з тупой упартасцю і асаблівым стараннем імкнуўся выканаць усё, што ад яго патрабавалася, не зважаючы ні на чые і ні на якія перавагі. Ён зусім не хацеў бачыць, што Аўсееў разумнейшы за яго і за шмат каго з курсантаў, што ён болей развіты і спрытнейшы, куды лепш выхаваны. Дарэчы, гэтага не хацелі заўважаць і старшына, і камандзір узвода – яго школілі так, як і ўсіх. I калі ён спрабаваў вылучыцца, паказаць свае веды і здольнасці, даказаць, што ён варты лепшага, тады яго не злюбілі таварышы.

Праўда, тыя нягоды хутка скончыліся. Улетку, калі пачалася вайна, яго ў ліку вялікай групы курсантаў адклікалі з вучылішча і з маршавай ротай накіравалі на фронт. Аўсееў спачатку ажно ўзрадаваўся і, па пыльных дарогах дабіраючыся да перадавой, быў поўны рашучасці на які-небудзь геройскі ўчынак, усё карцела яму паказаць людзям, на што здатны Аўсееў. Але ў першым жа баі яго аглушыла грымоццем страляніны, асляпіла страхам блізкае смерці, апаліла болем няўдачы і разгрому. «Не, – сказаў сабе Аўсееў, – гэта не для мяне» – і далей ужо толькі і дбаў, каб як уцалець.

Дагэтуль яму сяк-так шанцавала, але, здаецца, прыйшоў канец яго ўдачам. Аўсееў вельмі непакоіўся, чула яго сэрца – будзе непапраўнае ліха, і ўсё думалася, што зрабіць, каб як абмінуць пагібель.

Так, стоячы пад застрэшкам і марна думаючы, як выйсці цэлым з гэтай бяды, Аўсееў і не заўважыў, калі сціх дождж. Уначы пацішэла, перасталі ляскатаць кроплі па даху, здаецца, патроху сунімаўся і вецер. Невядома, колькі было часу, Аўсееў адчуваў млявую знямогу ва ўсім целе і, злосна падумаўшы пра тых, у старожцы, якія гэтулькі часу не змяняюць яго, адчыніў дзверы.

9

Са старожкі шуганула цяплом, дымам, кіслай парнасцю мокрых салдацкіх шынялёў. Не пераступаючы парога і трымаючы насцеж расчыненыя дзверы, Аўсееў запытаў:

– Ну што? Вы мяне зменіце сёння?

– Нешта ты хутка, – сказаў з тапчана Карпенка. – Яшчэ, мабыць, і дзвюх гадзін не мінула.

Ён нетаропка выцягнуў з кішэнькі стары «кіраўскі» гадзіннік на ланцужку, угледзеўся, павярнуўшыся да скупога святла з грубкі.

Поделиться с друзьями: