Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Змагарныя дарогi
Шрифт:

Цяжкiмi ёсьць пачаткi змаганьня за незалежнасьць без агульнага ўздыму, калi полымя сьвядомага, творчага, змагарнага патрыятызму не ахапiла яшчэ цэлы народ. Колькi-ж прыкладаў гэтага знойдзем, перагледзеўшы гiсторыю нашай краiны, пачынаючы хаця-б ад Кастуся Калiноўскага. Колькi дарэмных ахвяраў, неапраўданага й непраслаўленага гэройства, колькi неўзнагароджаных цярпеньняў, а з другога боку - нявыкарыстаных магчымасьцяў!

Катаклiзм Другой Сусьветнай вайны да самых асноваў скалануў беларускi народ. Побач зь нязьлiчонымi стратамi ў ваеннай завiрусе расьлi й множылiся ладныя шэрагi новых змагароў за вызваленьне й незалежнасьць Бацькаўшчыны. Адбываўся прысьпешаны працэс вырастаньня й гартаваньня новага беларускага сына - змагара за будучае шчасьце народу. Падрастала й гартавалася ў школах i

нацыянальных арганiзацыях моладзь, што высока ўзьняла бел-чырвона-белы сьцяг i крыж Ярылы, сьмела крочыла на змаганьне з варожай злыбядою. Гэтая моладзь, што расла ў самыя лютыя гiстарычныя часы, прасякла бязьмежнай любоўю да пакрыўджанай Бацькаўшчыны. Яна пераконвалася, што ратунак народу ляжыць толькi ў сваiх собскiх сiлах. Як не хацелася таго акупантам, зерне iмкненьня да волi й самастанаўленьня аб сваiм лёсе, пасеянае на ўраджайнай беларускай глебе, расло й буйнела.

Юнакi, што ў чэрвенi 1944 году зьехалiся ў Менск у Школу Камандзераў БКА, прыйшлi добраахвотнiкамi, каб ваяваць за вялiкую й несьмяротную iдэю, iмя якой - вольнасьць i незалежнасьць Беларусi. Маладыя гады, калi фармуюцца погляды й характары людзей, калi яны, быццам тая губка, што ўбiрае ў сябе ваду, насычвалiся ведамi й нацыянальнай сьведамасьцю, - гэтыя гады пражылi яны пад час вайны. Акрамя нармальнае навукi ў сярэднiх школах, дзе гадавалiся на добрых сыноў i сьвядомых грамадзянаў Бацькаўшчыны, мелi магчымасьць сачыць, як на iхных вачах рабiлася гiсторыя. Назiралi, як прыблуды-чужынцы тузалi на кускi, нiшчылi ўсё роднае, жывое, як з аднаго боку гiтлераўцы праводзiлi ў практыку iдэю Нiцшэ - "сiла ёсьць права, а права ёсьць сiла", а з другога боку расейцы яшчэ раз практыкавалi iдэi Iвана Грознага, Пятра Першага й Мураўёва-Вешацеля.

Якое-ж тады дзiва, што нянавiсьць да ворагаў-прыгнятальнiкаў, чужых прыблудаў i эксплуататараў радзiла ў сэрцах бязьмежную любоў i адданасьць да пакрыўджанае Бацькаўшчыны, радзiла патрыятызм, што часьценька пераходзiў аж у фанатызм? Iмкненьнi свае й адданасьць у службе для Бацькаўшчыны выказвалi энтузiязмам у вайсковай навуцы. Iхныя патрыятычныя пачуцьцi i любоў да ўсяго роднага ў штодзённай жыцьцёвай практыцы выказвалася даверам да сваiх родзiчаў, што йшлi тым самым шляхам; вялiкая й шляхотная iдэя, за якую прыйшлi змагацца, узносiла сэрцы iхныя вышэй за ўсякiя зямныя iнтрыгi, махлярства й зло. Зялёныя яшчэ ў практычным будзённым жыцьцi юнакi, лунаючы ў вялiкiх вышынях на крыльлях чыстае iдэйнасьцi, што скiравала iхныя крокi ў Менск, часта-густа ня ведалi аб розных практычных i варожых перашкодах, якiя лёс i лiхалецьце стаўлялi на iхным цяжкiм шляху.

Колькi-ж разоў прыйшлося гэтым юнакам падаць на шляху дзеля свае неспрактыкаванасьцi. Колькi разоў падымацца й зноў падаць! Лёс, як наўмысьля, ставiў розныя выпрабаваньнi. Гэты суровы лёс быў найлепшай школай. I слабыя памiж iмi падалi й больш не ўставалi. А самыя моцныя, што мелi найлепшыя задаткi ў сваiх характарах, мацнелi й мужнелi, раслi шчэ больш духова i фiзычна. А за тымi моцнымi падцягвалiся, падраўноўвалi шэрагi й слабейшыя. Такiм чынам, абсалютная большасьць трывала, вучылася, набiрала практыкi, дасьведчаньня й сiлы. А гэтай апошняй найбольш было трэба для беларускага народу. Гэтую простую праўду юнакi пазналi хутка. Сiла ў еднасьцi. Дзе еднасьць - там сiла!

Калi ўжо пакiнуць убаку iншыя прычыны, дзеля якiх юнакi пачалi хутка ненавiдзець сваiх нямецкiх iнструктараў, адну, самую асноўную, трэба яшчэ раз з поўнай сьвядомасьцю падчыркнуць: усе яны, бяз вынятку, прыйшлi ў армiю добраахвотнiкамi й прыйшлi змагацца за iдэю, а не за нямецкi хлеб. Калi паўстала думка аб пераходзе да францускiх макiсаў, то кожны разважаў, што калi прыйшоў добраахвотнiкам, дык i адысьцi можа сам, калi захоча. Наверх усяго, мяркавалi яны, прыйшлi-ж у беларускую армiю, а не ў нямецкую, ваяваць за беларускi народ, а не за нямецкi. Дык i за што-ж мелi змагацца яны, апынуўшыся ўжо ў Францыi, калi цэлая Беларусь была зноў у бальшавiцкiм ярме? Цi ня лепш было далучыцца да тых народаў, што змагаюцца супраць тыранаў? I якiя прэтэнзii маглi мець да iх немцы за такi цi iншы паступак? Яны-ж ня былi наёмнiкамi.

Ужо ў той час ясна вiдаць было, што немцы вайну прайграюць. Логiка падказвала, што ўсякая кропля крывi,

пралiтая на гэтым баку фронту, будзе дарэмная. Тым часам, перайшоўшы на другi бок, можна будзе зрабiць шмат чаго добрага для Бацькаўшчыны. А праца для Беларусi, змаганьне за яе вызваленьне i - у канцы - само вызваленьне й было iхняй мэтай.

II

Цэлы падвячорак 31 жнiўня, значыцца, таго самага дня, калi Сымон Спарыш вярнуўся са сваiх няўдалых уцёкаў у горы, iмжыў дробненькi густы дожджык. Хмары нiзка навiсьлi над гарызонтам, лахматымi жыватамi чапалiся за вышэйшыя вяршынi гораў. Пахаладнела. Там-сям яшчэ завiдна, бо вечарам было забаронена, жаўнеры параскладалi вогнiшчы. Кожнаму дасталося па глытку сьпiрту зь вячэрай. Здагадалiся, што сьпiрт паходзiў дзесьцi з францускага складу, бо немцы-ж чужым свайго алькаголю не раздавалi.

Адзьдзел быў разьмешчаны на шырокiм лузе даўжынёю каля двух кiлямэтраў, мiж шашою i рэчкаю. Каля самай рэчкi стаялi хурманкi й конi. Паабапал шашы вырас лес палатак. З паўночнага боку дарогi была нявысокая гара, зарослая густаватым хмызьняком. Лепшага месца для пераходу на другi бок нiхто й выдумаць ня мог-бы.

Дзесь па гадзiне адзiнаццатай, калi ўжо, як здавалася, усё ў абозе спала, толькi хрупалi й пырхалi конi, з палаткi дванаццатае роты вылезьлi дзьве постацi. У руках адной быў ручны кулямёт "дзегцяроў", другая тарабанiла дзьве скрынкi амунiцыi. Яны iшлi прыгнуўшыся, моўчкi, асьцярожна ступаючы ў кiрунку дарогi. Вартавыя, што паволi шпацыравалi па дарозе, кiўнулi iм галовамi, i двойка зьнiкла ў цемры ў кiрунку гор.

Мiнаў час. Была ўжо поўнач.

Раптам з таго кiрунку ў гарах, куды накiравалася двойка, пачулiся густыя кулямётныя стрэлы. Адна сэрыя, другая, трэцяя... Сьцiхне i зноў. Вартавы з дванаццатай роты i зь iншых па суседзтву стрэлiлi па пару разоў уверх на трывогу. Як быццам на агульную каманду, у абозе вырасла, ледзь не з-пад зямлi, вялiкая маса людзей. Падскоквалi ўверх малыя палаткi. Людзi былi апранутыя й трымалi зброю ў руках. Гэта былi тыя, што ня спалi, а, прытаiўшыся, чакалi ўмоўленага сыгналу. Маючы з сабой зброю, захапiўшы емiну й неабходныя рэчы, усе яны кiнулiся бегчы ў кiрунку гары, адкуль было чутно яшчэ тарахценьне "дзегцярова".

– Партызаны! Партызаны!
– чулася навокал.

Камандзер роты старшы лейтанант Петрык i ўсе нямецкiя iнструктары начавалi ў палатках па суседзтву. Калi Петрык пачуў стрэлы перш у гарах, пасьля ад вартавых i зараз-жа гоман i рух у абозе, ён хуценька ўсхапiўся, насунуў боты, накiнуў мундзiр i выглянуў на двор. Бачыў, як жаўнеры беглi ў кiрунку гары, чуў крык "партызаны".

"Але-ж то файнае войска, - падумаў ён, - так хутка пачулi небясьпеку й самi бягуць на змаганьне з партызанамi". Дзеючы больш пад iмпульсамi, чымся з развагай, ён хутка схапiў зброю, шлем i, клiкнуўшы падафiцэраў, каб не заставалiся ззаду, кiнуўся ў ведамым нам ужо кiрунку. Бегчы прыйшлося нядоўга. Неяк па дарозе яшчэ цюкнула ў галаву Петрыку сумлеўная думка: чаму гэтае войска так хутка апранулася й зусiм без майго ведама кiнулася ў бок стралянiны? Адкуль такi энтузiязм да наступу?

Петрыку доўга не давялося чакаць на адказ. Прайшоўшы цi прабегшы блiзу кiлямэтр праз падгорныя хмызнякi, рэдкiя дрэвы, ён апынуўся на нейкiм узбоччы сярод сваiх жаўнераў. За iм, засопшыся, цягнуўся й нямецкi iнструктар Будкэ. Толькi Кацынскi, што пры пачатку трывогi зьбiраў хлапцоў у групу, прыйшоў у баявым парадку. Раптам немцы заўважылi, што яны абкружаныя з усiх бакоў суцэльнай сьцяной жаўнераў. Юнакi трымалi зброю напагатове.

– Злажыце зброю!
– загадаў моцны ўпэўнены голас, i два чалавекi наблiзiлiся да немцаў. Тыя не супрацiўлялiся, толькi яшчэ зь нейкай зьбянтэжанасьцю, быццам вушам ня верачы, пазiралi навокал.

– Лейтанант Петрык, - пачаў той-жа цьвёрды голас, - мы ўсе, якiх тут бачыце, сяньня наважылi пакiнуць нямецкую армiю й перайсьцi да францускiх партызанаў...

– Чаму?
– вырвалася раптам у лейтананта.

– Самая галоўная прычына, калi хочаце ведаць, гэта тое, што мы пайшлi ў беларускую армiю, а не ў нямецкую. Мы пайшлi змагацца за Беларусь, а не за ваш нямецкi "фарфлюктар", i былi добраахвотнiкамi. Думаю, што мы добраахвотнiкамi можам i адыйсьцi, i вы, немцы, не павiнны за гэта крыўдзiцца. Зразумела вам усё?

Поделиться с друзьями: