Змагарныя дарогi
Шрифт:
Гэтак хутка разьмяркаваўшы людзей, група, ужо гатовая да бою, рушыла наперад. Вiтвiцкi з кулямётчыкамi, амунiцыйным i панцырфаўстамi пасоўваўся асьцярожна каля сьцен хатаў на вулiцы. Вёска была зусiм мёртвай. Сымон з Вiктарам накiравалiся паўз агароды з правага боку. Яны сачылi за вулiцай, а мо не найменш i за агароднiнай ды якой садавiнай.
– Ну, куды цябе пагнала? Хадзi хутчэй!
– спанукаў Сымон сябру, якi заскочыў пад яблыню, каб паглядзець, цi не захаваўся дзе якi познi ападак.
– А табе куды спяшацца? Бяжы, як хочаш.
– Але-ж калi ўжо ня хочаш бiцца, дык хаця ўдаваць мусiш. А то што будзе, як пабачыць Вiтвiцкi?
Хлопцы, туляючыся паўз гаспадарскiя будынкi й пераскокваючы цераз платы, паволi пасоўвалiся наперад. Затрымалiся, паслухалi. Мёртвая цiшыня. Iзноў кранулiся наперад. Раптам са званiцы зарагатаў кулямёт. Хутка пасьля гэтага на вулiцы пачуўся крык. Сымон i Вiктар кiнулiся туды,
– На, трымай гэтую балдавешку, - аддаў адзiн зь iх Вiктару панцырфаўст.
– Што там сталася?
– Як сыпануў вунь са званiцы, дык i хавацца ня было дзе.
– Дзе ранiлi?
– У нагу.
З боку могiльнiка чуваць была перастрэлка. Вiтвiцкi, вiдаць, спрабаваў адбiвацца, але ручны аўтамат не раўня быў кулямётам танкавым i тым, са званiцы. Хутка паказаўся й ён ды, махнуўшы ўсiм рукой, загадаў iсьцi назад у Гальфiнгэн. Параненаму сяк-так перавязалi вышэй калена нагу, палажылi на захопленую ў адным панадворку кароткую драбiнку, што служыла за ношкi. Дарога назад выдавалася шмат цяжэйшай, бо трэба было валачыць параненага.
Тое, чаго не змаглi зрабiць канюхi пад камандаю Вiтвiцкага, зрабiў нямецкi танк "Тыгр" на наступны дзень. Ён прыехаў дзесь ззаду й адно ўспеў паказацца ў Гаймсбрун, як абодва "шэрманы" кiнулiся наўцёкi. Ведама, "шэрман" "тыгру" не раўня, i ў такiх выпадках тым, што сядзяць у "шэрмане", добра мець зручнага шафёра. "Тыгр" дагнаў i спалiў аднаго, а другi ўцёк у бок фронту. Дарога праз Гаймсбрун iзноў была адкрытая.
ЧАЛАВЕК, ЯКОГА НЕМЦЫ НЕ МАГЛI ЗАСТРЭЛIЦЬ
I
Вiктар Сянькевiч пастанавiў шукаць нейкага прытулку. Ноч была дажджыстая. Малады юнак палохаўся кугаканьня соваў i iншых лясных жыхароў, але найбольш баяўся немцаў. Не ўгадаеш, дзе можаш на iх наткнуцца. Здавалася Вiктару, што прырода й людзi - усе разам змовiлiся супраць яго. Змочаны, дрыжучы ад холаду, галодны, ён ледзь цягнуў ногi, наўздагад выбраўшы кiрунак. Заўсёды, зрабiўшы колькi крокаў, затрымоўваўся, прыслухоўваўся ўважна навакольным гукам i ўпiваўся зрокам у цемру, хочучы супакоiць сябе, што небясьпека аднiкуль не пагражае. Ня надта верыў Вiктар, што ў чужым лесе, у нейкiх няведамых гарах ды ў дажджлiвую ноч удасца знайсьцi нейкi прытулак. Калi-б тады нехта й папытаў яго, якi прытулак меў наўвеце, пэўна, не патрапiў-бы адказаць. Абы што-небудзь: хату якую, пастухову будку або навет нейкую сухую нару - усё было-б добра, адно каб схавацца ад гэтага праклятага настырлiвага дажджу, што да касьцей прабiраў зябам. Колькi разоў здалося Сянькевiчу, што непадалёк пачулiся людзкiя галасы, i ўжо ўяўленьне малявала сiлуэты немцаў. Затрымоўваўся, устрывожаны, на месцы й з палёгкай уздыхаў, калi побач ня бачыў ворага.
Над ранiцай выйшаў на скрай лесу й непадалёк, цераз поле, убачыў будынкi. Па змучаным бяссоньнiцай твары прабег цень задаваленьня. Пастанавiў iсьцi ў вёску. У самай крайняй хаце сустрэлi Вiктара зь недаверам i пытаньнем. Сям'я складалася з сярэдняга векам чорнага тоўстага мужчыны, ягонай хударлявай жонкi й дзяўчынкi, векам каля гадоў дзесяцi.
Вiктар, як умеў, так пытаўся, цi ёсьць у вёсцы немцы. Гаспадар некалькi разоў хiтнуў галавой у знак запярэчаньня. Толькi калi Сянькевiч даў яму зразумець, што ён ня немец i што ўцёк да макiсаў, твар у француза праясьнеў, i ён паглядзеў на юнака больш прыхiльна. Ноздры Вiктаравага носа казытаў пах нейкай стравы, а вочы, здавалася-б, каб маглi, дык умiг зьелi-б толькi што пачатую баханку белага хлеба на стале. Ён ужо быў i наважыўся папрасiць есьцi, але гаспадар папярэдзiў, сказаўшы iсьцi разам зь дзяўчынкай, якая завядэе Вiктара ў добрыя рукi да макiсаў.
Хата, у якую прывяла Сянькевiча дзяўчынка, знаходзiлася ў адлегласьцi мо паўкiлямэтра ад галоўнай дарогi. Гаспадыня была палячкай, а муж ейны, як пасьля выявiлася, шэфам правiнцыйнай партызанкi. Нiштаватая з выгляду, гадоў трыццацi, жанчына была даволi гаваркая. Вiктар даведаўся ад палячкi, што ён ужо другi, якi прыйшоў прасiць "азылю". Першы быў нейкi паляк, якi, згодна словаў гаспадынi, саскочыў з нямецкага аўта ды ўцёк сюды да партызанаў. Паляк называўся Зэмбэк, i гаспадыня хутка Вiктара зь iм пазнаёмiла. Быў гэта сярэдняга росту бляндын, даволi ветлiвы й бесклапотнай натуры сiлезьняк. Гаварыў дыялектам Сiлезii.
Перш за ўсё Вiктар зьвярнуў самую асноўную ўвагу на яду, якой палячка наставiла цэлы стол. Было там мяса й бульба, малако й белы хлеб i шмат iншага. Пасьля колькi-дзённай галадоўкi юнак накiнуўся на яду, й на працягу нейкай паўгадзiны для яго нiчога на сьвеце, акрамя стала са стравамi, не iснавала. Аж павесялеў хлапец, адсапнуўшы пасьля ежы. Другое, што ўсьцешыла Вiктара, гэта тое, што ў хаце знайшлося тое-сёе з цывiльнай вопраткi. Гэткiм чынам, ськiнуўшы зь сябе ўсё мокрае i вашывае,
Вiктар прасiў гаспадыню, каб спалiла нямецкую вопратку разам з вошамi, якiх, пэўна, было там сотнi. Хоць яно ня ўсё так пасавала, як хлапцу хацелася-б, усё-ж таўсты й цёплы сiнi свэтар, а таксама суконныя штаны й шэры падношаны гарнiтур былi не найгоршай здабычай, бяручы на ўвагу, што дасталiся з ласкi добрых людзей. Для пакрыцьця галавы атрымаў Вiктар зусiм на сваю меру капялюш з даволi высокай стрэшкай. Ён нiколi ня мог падазраваць, што высокая стрэшка капелюша некалi ўратуе яму жыцьцё. Паляк i беларус былi адведзеныя ў лес. Тут iм, як казалi французы, амаль зусiм ня будзе пагражаць небясьпека. Атрымалi па некалькi коцаў для спаньня, i кожны дзень прыносiлi iм есьцi. Дэзэртыры спадзявалiся, што гэтак выгадна, у лясной яме пад прыкрыцьцём галiнаў, пралежваючы цэлыя днi й спажываючы чужыя харчы, дачакаюцца прыходу хаўрусьнiкаў. На вялiкi жаль, гэтак не сталася.II
Прайшло некалькi дзён. Аднойчы ва ўмоўлены час нiхто ня прынёс яды. Наагул нiхто не паказаўся да гадзiны пятае. Уцекачы здагадалiся, што нешта не ў парадку. Дзень быў дажджлiвы й вельмi ветраны. Раптам пачулi шмат людзкiх галасоў i заўважылi сярод дрэваў, даволi далёка яшчэ, нямецкiх жаўнераў, што йшлi шнурам са зброяй напагатове. Гэта быў адзьдзел, што ачышчаў лес ад партызанаў. Уцекачы кiнулiся бегчы, пакiнуўшы ў сваiм мярлогу кацялкi, коцы й iншыя драбнiцы. Немцы не заўважылi ўцекачоў, толькi, знайшоўшы iхны сьвежы мярлог, не маглi разгадаць, як гэта так сталася, што здабыча ўцякла з-пад носу. Сянькевiч i Зэмбэк, зашыўшыся ў гушчар, прасядзелi да позьняй ночы. Дождж ня пераставаў. Хлопцы пастанавiлi йсьцi далей. Вылезшы з гушчару, накiравалiся да той хаты, дзе Вiктар упяршыню навязаў лучнасьць з французамi. Прайшлi адно пару сот мэтраў, як збоку пачулася вострае: "Гальт!" Наскочылi на нямецкi патруль. Колькi мага силаў у нагах, двойка рванула назад. За плячыма зарагатала аўтаматычная зброя. Пад час уцёкаў Вiктар Сянькевiч згубiў Зэмбэка. Упацёмку, моцна перапалоханы, Вiктар бег туды, куды ногi кiравалi. Галоўнае было - бегчы, чым далей ад куляў, ад немцаў...
Па дарозе Сянькевiч натрапiў на нейкую глыбокую канаву, напоўненую вадой. Па каленi ў вадзе прасядзеў там колькi хвiлiн, пасьля памаленьку, амаль вобмацкам, асьцярожна, каб не рабiць шуму, Вiктар цi то плыў, цi то йшоў, абы як надалей хаця ад вартаўнiкоў. Нарэшце ўдалося выкарабкацца з вады. Увесь мокры ў нiжняй палавiне, заглыбiўся зноў у лес. Жывячыся арэхамi, ягадамi й сьлiмакамi, удалося Сянькевiчу праседзець там пару дзён. Адылi надта пачынаў дакучаць голад. Навокал нiчагусенькi ня было чуваць: нi стрэлаў, нi галасоў. Здавалася юнаку, што ўсё замерла цi прытаiлася й чакала на ягоны наступны крок. Навет совы й тыя прыцiхлi.
Вiктар ня мог ведаць, што сталася. Мяркаваў, што, мабыць, немцы адступiлi й запанавала мiжфрантавая цiшыня. Нейкая сiла зноў пхала юнака наперад. Ды ўжо й нястачы цярпеў вялiкiя: трэба было чаго-небудзь добра пад'есьцi й падсушыць вопратку.
III
Вiктар выйшаў зь лесу й накiраваўся ў вёску. Зiрнуў на свой ручны гадзiньнiк, якi добра трымаў час, нягледзячы навет на тое, што быў замочаны пад час уцёкаў i боцьканьня ў вадзе. Была адзiнаццатая гадзiна. Юнак прыгадаў, што была гэта нядзеля. Прайшоўшы пару сотняў мэтраў, пабачыў тую самую хату, дзе першы раз заглянуў да французаў i адкуль яго накiравалi да палячкi. Стаў як укапаны i думаў, што рабiць. Iсьцi цi ня йсьцi? Аглянуўшыся навокал i ня ўбачыўшы нiдзе немцаў, iшоў далей па аўсянiшчы. Заўважыўшы па дарозе адзiнокi сноп аўса, што, быццам сiрата, ляжаў на апусьцелай нiве, Вiктар, як сялянскi сын, навет па прывычцы, бязь лiшняй думкi ўзяў сноп пад паху. Ужо наблiжаўся да хаты, як раптам перад носам заварушылiся нямецкiя жаўнеры. Было iх там каля сотнi, калi ня больш. Сядзелi ў вакопах i, зразумелая рэч, даўно бачылi Сянькевiча. Хлапец на адзiн дроб часiны захiстаўся ў сваёй хадзьбе. Зусiм не разгубiўшыся, ён маланкава пастанавiў, што трэба ўдаваць нейкага сына францускага селянiна, што йдзе наведаць свайго дзядзьку дзесь далей каля дарогi. Немцы Вiктара не зачапiлi, а ён стараўся выглядаць зусiм бесклапотным i навет крыху здзiўленым, што пабачыў у адным месцы столькi жаўнераў.
Калi ўвайшоў у хату, тоўсты чорны мужчына й ягоная хударлявая жонка адразу пазналi ранейшага наведвальнiка, хоць цяпер ён быў у цывiльнай вопратцы. На тварах iхных адбiўся вялiкi перапалох. Француз зь няскрыванай трывогай махаў рукой, паказваючы на дзьверы. Сянькевiч зiрнуў на гаспадыню й папрасiў хлеба й малака, але тая дала зразумець, што ня можа яго цяпер кармiць. Нiчога не заставалася, як адно пакiнуць хату. Выйшаўшы на двор, Вiктар ужо павярнуў направа й наважыў iсьцi да палячкi, але не зрабiў i пяцi крокаў, як пачуў ззаду шурпаты голас: "Наlt, Меnsch!"* Быццам ня чуючы таго голасу, iшоў далей. Раптам за самай сьпiной пачуў выстрал. Стаў i азiрнуўся. Да яго падышлi тры немцы.