Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Змагарныя дарогi
Шрифт:

– Перастань ты, Курленя, ужо даводзiць, бо нiчога ня кемiш, - адазваўся Пiсаронак.

– Даволi вам, хлопцы, сварыцца. Для ўсiх па мэтру зямлi хопiць, - уткнуў свае пяць капеек Войнiк.

– Вось гэта дык разумна сказана.

Усе голасна засьмяялiся.

У роце даволi часта вялiся гутаркi на тэмы, зьвязаныя з Беларусьсю й беларускiмi справамi. Прычынаю была прысутнасьць юнакоў з калiшняй Школы Камандзераў БКА. Курленя, Земет i Шэмет - не адны, што вырозьнiвалiся тупасьцю й няведаньнем усяго, зьвязанага са сваёй Бацькаўшчынай i палiтычнымi справамi. Былi сотнi такiх. У роце, як i ў цэлым батальёне, было даволi ўкраiнцаў, зь якiмi

беларусы нiколi не ўваходзiлi ў калiзii, дыскутуючы палiтычныя тэмы.

Украiнцы былi беларусам добрымi сябрамi. Дружба выплывала з супольнага гiстарычнага лёсу абодвух народаў, што, маючы на працягу стагодзьдзяў супольных ворагаў з захаду i ўсходу, прывыклi, зжылiся з iдэяй, што яны браты ў нядолi й адзiн другога мусяць заўсёды падтрымоўваць. Гэта ня была тая хвальшывая, некiм зьверху накiнутая, дружба. Яна мела каранi ў сiвой мiнуўшчыне i ўважалася зьявай нармальнай, прост-напраст арганiчнай, штодзённай, аб якой навет i не ўспамiналася.

VI

У палове верасьня батальён Мураўёва пакiнуў вабоз над Рэйнам i спынiўся ў адлегласьцi нейкiх 25 км на захад у вёсцы Iльгойзэрн. Гэта была вялiкая вёска, прыкладна за 15 км ад першых хрыбтоў Вагезаў. Войска разьмясьцiлася па гаспадарскiх гумнах, а дзе каму ўдалося - дык i па хатах. Сымон Сларыш у гэтым часе атрымаў новую функцыю: ён быў вызначаны канюхом. Вярнуў назад сваю каламажку й малога гнядога конiка, што калiсьцi мы ўжо бачылi ў руках у Камовiча пры выхадзе зь Менску.

Прызнацца, Сымон быў задаволены сваёй новай павiннасьцю, бо канюхi мелi, акрамя шматлiкiх клопатаў, некаторыя выгады. Да гэткiх перш за ўсё належала тое, што заўсёды былi забясьпечаныя транспартам, ня мусiлi ў маршах валачыць на плячох сваiх рэчаў, тое-сёе здабытае збоку, прыкладам, гароднiну цi садавiну, маглi прыхаваць на возе, дый на заняткi не хадзiлi рэгулярна. Сымон адно стараўся знайсьцi прычыну, чаму яго вызначылi канюхом. Падазраваў, што калi-б сам папрасiў такой функцыыi, не атрымаў-бы яе. I прычыну няцяжка было адгадаць.

Камандзерам другой роты быў капiтан Вiньнiцкi - сярэдняга веку высокi ўкраiнец, якi асаблiва нiчым не вырознiваўся. У роце былi чатыры зьвязы й камандзерам кожнага быў афiцэр. Першым зьвязам, да якога належалi Сымон Спарыш i Вiктар Караткевiч, загадваў старшы лейтанант Рэшатаў - расеец самай чысьцюсенькай вады. Гэта быў дробненькi ростам, круглатвары, крышку курносенькi, з малымi зласьлiвымi вочкамi былы чырвонаармеец. Рэшатаў быў вельмi рухавы й энергiчны. Калi гаварыў да каго, вочкi ягоныя, быццам два сьвярдзельчыкi, здавалася, вярцелi яго наскрозь - нiчога ад iх не схаваецца. Малы маскалёк найбольш i даўся Сымону й Вiктару ў знакi, асаблiва-ж першаму.

Трэба зацемiць, што хлопцы давалi вялiкую волю сваiм языкам, будучы часьценька зусiм неасьцярожнымi. А асьцярожнасьць была асаблiва патрэбная, проста неабходная. Яшчэ ў абозе над Рэйнам аднойчы капiтан Вiньнiцкi прыпамiнаў роце, што нiхто ня мае права выказваць свайго незадаваленьня, шырыць розныя, шкодныя Нямеччыне чуткi. "Усе вы, - казаў капiтан, - прыйшлi ў гэты батальён добраахвотнiкамi. Мы раней пыталiся тых, што ня хочуць у нас служыць, каб выявiлiся. Для iх ёсьць шмат месца ў працоўных лягерах. Калi-ж вы засталiся, дык цяпер трымайцеся й не наракайце".

Папярэджаньне было пагрозьлiвае, бязь нiякiх недаказанасьцяў. Яно, адылi, не падзейнiчала анi на Вiктара, анi на Сымона. Яны й далей давалi поўную волю языкам. Сымон даўно заўважыў, што Рэшатаў чапiўся да яго без патрэбы. У войску-ж, ведама, як

трапiш свайму начальству на вока - яно будзе памятаць цябе цэлы час.

Гэтак i з крымiнальнiкам: хоць i адбудзе сваю першую кару, навет i будзе старацца паправiцца, палiцыя ўсё роўна цэлае жыцьцё будзе за iм сачыць. Калi здарыцца дзе што ў ваколiцы, яго першага правяраюць, паклiкаючы на допыты.

Рэшатаў-жа чапiўся да Сымона й Вiктара Бог ведае за што. Мо заўважыў, што iхныя языкi гладка хадзiлi, асаблiва-ж Сымонаў. Што Рэшатаў ня любiў Сымонавага языка - у гэтым юнак хутка пераканаўся. Гэтак аднойчы ў вёсцы Iльгойзэрн, хутка пасьля пераезду туды, хлапец паехаў на канi да батальённага вэтэрынара. Ня тое каб гнядому чаго не хапала цi хворы быў, але-ж вэтэрынар мусiў мець нейкi занятак, дый конi рэгулярна хадзiлi на праверку здароўя ў войску - так, як i людзi. Сымон затрымаўся ў гаспадарскiм панадворку, там, дзе кватараваў вэтэрынар, i, чакаючы яго, сядзеў на возе ды ад нечага рабiць жаваў саломiну. Вулiцаю праходзiў Стыкар i яшчэ пару вайсковых.

– А ты што тут робiш?
– спытаў Спарыша Стыкар.

– Адпачываю.

– Ты, Спарыш, там будзь больш асьцярожным. Учора чуў я, як обер-лейтанант Рэшатаў казаў, што трэба будзе цябе ўсьцiшыць, бо ты незадаволены й надта шумна сябе вядзеш. Тых чатырох ужо "форт"!
– пры гэтым апошнiм слове махнуў рукой. Стыкар гаварыў аб чатырох, што ў мiнулую нядзелю напiлiся гарэлкi ды, даўшы волю п'янаму ўяўленьню, зрабiлi засадку на камандзера чацвёртага зьвяза Юхневiча. Мелi намер яго забiць. Нехта, вiдаць, даказаў, бо штучка iм не ўдалася, i ўсiх чатырох выслалi ў рабочы лягер.
– Так што глядзi, - асьцерагаў Стыкар канюха, - крыху стрымайся.

– А чаму-ж Рэшатаў так гаварыў?

– Ды ў сувязi з высылкай тых чатырох.

Бачыш, што вырабляецца, разважаў Сымон. Прыйшло яму ў галаву, што Рэшатаў, пэўна, меў у роце сваiх давераных людзей, якiя ўсё яму даносiлi. Гэта й ня дзiва: у батальёне iснавала шпiёнская сетка. Афiцэры ў бальшынi паходзiлi з савецкае армii, дзе начальства мела сярод байцоў заўсёды надзейныя вочы й вушы. Чаму-ж i тут не практыкаваць старых прывычак?

Сымон надта-ж ненавiдзеў таго паршывенькага, як ён называў Рэшатава. I курносенькi маскалёк, калi зьвяртаўся да канюха, дык заўсёды са зьнявагамi, прычэпкамi. Вельмi-ж злосна бегалi малыя обер-лейтанантавы вочкi й моршчыўся, падымаўся курносенькi нос.

Чысьцiць, бывала, Сымон свайго гнядога гадзiнамi цэлымi. Загадаюць. Выглянцаваць мусiш так, каб аж зьзяў. От-жа i ўелася яму тая чыстка. Блiшчыць ужо конiк з усiх бакоў - здаецца, вычысьцiў так, хоць ты вядзi на выстаўку. Прыйдзе Рэшатаў ды плясь конiку па азадку. Возьме ды пацягне, прыцiскаючы, далоньню па баках, пад жывот навет злазiць. Пасьля выме з кiшэнi чысьцюсенькую белую хусьцiнку, уважна абатрэ даланю, i... тут ужо пачынаецца. Як гэта так? Чаму на чыстай хусьцiнцы цэлая жменя пылу?

– А это что? Чистил, говоришь? Да какая же это чистка? Ты почисти как сьледует, дурака-то валять мне нечего! Давай-ка опять за работу!

З такой лютасьцю й нянавiсьцю пазiрае тады Сымон на скрыўлены обер-лейтанантаў твар, так цярэбяцца рукi. "От бы-ж i зьехаў аплявуху, - думае хлапец, але паўстрымоўваецца ў пару.
– Каб ты здох, пракляты маскалюга!"

– Ну, чего стоишь?
– грымiць той.
– Давай-ка, поди. Берись за работу немедленно!

Сымон вурчыць, злуецца, плюе дый зноў пачынае ад конскай морды. Бывае, без малага цэлы дзень скрабе.

Поделиться с друзьями: