Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Змагарныя дарогi
Шрифт:

Каля даўгога стала сядзеў старшына роты сяржант Налепа й каля дзесятка хлапцоў, што чысьцiлi зброю, рыхтуючыся йсьцi на варту. У лiку iх з колiшняй афiцэрскай школы БКА былi Пiсаронак, Войнiк, Вiктар Караткевiч, Жылякоўскi й Сымон Спарыш. Усе iншыя служылi ў Беларусi ў палiцыi. Да iх належаў Курленя, што, паводле ягоных-жа словаў, быў калiсьцi капралам у польскiм войску, Земет - зусiм неадукаваны селянiн-паляшук, Шэмет, якому таксама варта было-б скончыць, прынамсi, пачатковую школу й якi вырозьнiваўся адно высокiм ростам i даўгiмi нагамi, ды Гвардзейчык - малажавы хлапец, што вельмi любiў парадак i чысьцiню,

як у вопратцы, так i ўсюды. Гаварылi аб дробных штодзённых справах. Гутарка не вязалася.

– Але ты, Гвардзейчык, гаворыш па-расейску, якраз як паляк, - сказаў Сымон.
– Можа, ты й ёсьць паляк?
– спытаў ён.

Гвардзейчык ледзь заўважна пачырванеў.

– Адкуль ты ўзяў, што я гавару, як паляк?
– адказаў пытаньнем.

– Акцэнт дык у цябе, братка, якраз як у паляка, што вось толькi што наламаўся па-расейску. Вось няхай-жа iншыя скажуць.
– Пры гэтых словах Спарыш зiрнуў уважна на сяброў, быццам спадзяючыся iхняй падтрымкi.

– Чорт яго знае, - адказаў Гвардзейчык, - язык зьмяшаўся, й сам ня ведаеш, як гаворыш.

– Ты кажаш, - зьвярнуўся да Сымона Земет, - што ён гавора, як паляк. А ты-ж як гаворыш?

– Па-беларуску.

– Так, ты гаворыш па-беларуску... Ты сам ня ведаеш, як гаворыш.

– Ён-то ведае, - падтрымаў Сымона Вiктар.
– Ён гавора па-беларуску. Але ты ведаеш? Наагул, цi ведаеш, хто ты ёсьць?

Земет натапырыўся.

– Я гавару так, як усе гавораць, а па якому...

– Ты й сам ня ведаеш, - дакончыў за яго Пiсаронак, i ўсе навокал засьмяялiся.

– Нейкай ломанай мовай, - казаў далей Земет, - пэўна-ж, i не па-беларуску. Чорт яе тую беларускую мову ведае. Гаварыць гэтак, як цяпер пiсалi ў беларускiх газэтах, дык можна й язык паламаць. Нейкi-ж дурань такое выдумаў.

– Дурань, кажаш, выдумаў?
– заатакаваў Земета Вiктар Караткевiч.
– Цi ведаеш ты, такi разумны, сам хто ты ёсьць?

– А цiкава, цi ведаеш, хто ты ёсьць?
– памог Пiсаронак.

– Зь якога ты гэта народу?

Як быў дома, дык казаў, што тутэйшы, а тут дык i ня ведаю, - тлумачыў паляшук.

– А цяпер, мусiць, таксама тутэйшы!
– укiнуў сваю капейку Гвардзейчык.

Усе голасна зарагаталi.

– Эх, брат, дык, мусiць, твая нацыянальнасьць тады залежыць ад месца жыхарства, калi ты ўсюды тутэйшы, - рагатаў Жылякоўскi.

– Беларусь ваша...
– умяшаўся Курленя.
– Вы, як сядзелi там на месцы, тады, мусiць, i Беларусь будавалi, а як самiм давялося пацярпець, дык, мусiць, i нiчога не здабудзеце. Як немец устанавiў быў нейкую там Беларусь, дык тады й начальнiкаў хоць адбаўляй. Тады яны былi ласымi на гатовенькае. А саветы як ударылi, дык усе, як мышы, паразьбягалiся. Дзе-ж ваш Астроўскi? Чаму аб Кушалю нiчога ня чуваць? Дык цяпер нас, дурненькiх, ваяваць выпраўляюць, а начальнiчаць, дык iх было поўна.

Гэту тыраду Курленi падтрымлiвалi Шэмет i Земет. Варта заўважыць, што, згодна з апавяданьнямi iншых, брат Земета пайшоў у польскiя партызаны ў раёне Лiдчыны.

– А ты, мусiць, хацеў, каб Астроўскi цi Кушаль з табою пад адным вашывым коцам спалi?
– адпалiў Курленю Сымон. Некаторыя засмяялiся.
– Цi твой прымiтыўны розум можа хаця ўявiць клопаты тых людзей?

– А якiя-ж яны маюць клопаты? Зашылiся недзе ў спакойны куток i

сядзяць, як мышы пад мятлою. Клопаты ў iх! Ня маюць чаго рабiць, дык няхай-бы хоць сюды пару слоў сказаць прыехалi.

– Але-ж, але! Чулi вы?
– перадражнiваў Курленю Вiктар.
– Курленя, важная пэрсона, загневаўся, што да яго Астроўскi на пацеху й падтрымку штаноў ня прыехаў.

Усе зарагаталi.

– Чаго ты смяешся, дурань ты!
– Пры гэтых словах Курленя сакавiта лаяў. Старшына Налепа ад некаторага часу сядзеў на сваёй пасьцелi насупраць стала й моўчкi прыслухоўваўся да гутаркi.

– Астроўскi - вялiкi пан!
– цягнуў Курленя.
– Нiдзе аб iм i ня чуваць. Калi вы яго бачылi цi чулi ад яго хоць адно слова?

– Чаму-ж не, - адказаў Караткевiч, - прыязджаў да нас у Вiльню ў гiмназiю, гаварыў, i мы чулi.

– Што-ж ён вам гаварыў?
– пацiкавiўся Земет.

– Ён сказаў нам коратка й ясна, - тлумачыў Сымон, - сьцеражыцеся нягоднiкаў.

Усе вельмi голасна зарагаталi. Земет узлаваўся.

– Iш ты, скалазуб! Толькi сьмяяцца, а каб што дзельнага сказаць, дык ты ня можаш, - бурчэў ён, гледзячы на Сымона.

– Так, Беларусь збудавалi, - пачаў пагардлiвым тонам Курленя, - а як прыйшлося самiм пацярпець, дык усе начальнiкi ў лес пайшлi.

– Хацелi збудаваць, чаго ня было й ня будзе, - дапамог Земет.

– Пэўна-ж, што на гэткiх дурнях, як вы, нiчога не збудуеш. Вы нiкому ня служылi, ня толькi Беларусi. Толькi й здольныя былi самагонкаю залiвацца ды людзей аграбаць!
– падсыпаў жару Жылякоўскi.

– Бачыш ты, якi патрыёт знайшоўся!
– апраўдваўся першы.
– Калi ты стаў гэткiм? Вам, мусiць, у гэных школах у галовы дурнаты набiлi.

– Вось у тваю дык, мусiць, нiчога не наб'еш, бо зараз усё зь яе выляцiць, - адказаў Жылякоўскi.

– Слухай, Земет, i ты, Курленя, - пачаў Гвардзейчык, - ты думаеш, што гэткая дзяржава, як Беларусь, магла так хутка стаць на ногi i ўтрымацца? Калi яна атрымала дазвол на арганiзацыю свае армii? Аж напрыканцы сорак трэцяга года. А ты глянь, якiя ўжо добрыя былi пачаткi...

– Ды што ты там пустое пляцеш, - не даў Гвардзейчыку дакончыць Курленя, я сам бачыў, што выраблялi беларускiя начальнiкi. У нас быў адзiн афiцэр, якога западозрылi ў палiтычных зносiнах з бальшавiкамi. Я там дакладна ня ведаю, як тое было, але ён нас усiх хацеў немцам выдаць i ўсю вiну звалiў на нас. Добра, што памяшаў гэтай справе адзiн, што знаў усё, дык мы й засталiся жывымi, а так...

– Чакай хвiлiнку, - укiнуў слова старшына Налепа, - дык гэты афiцэр, цi хто там, пэўна, камунiст быў, няйначай. Па тваiх словах гэтак выходзiць.

– Якi-ж ён камунiст, калi быў у нас у войску? Гэта-ж было цяпер, а не пры саветах.

– Дык што-ж ты думаеш, што цяпер камунiст ня мог у войска залезьцi? трымаў сваё Налепа.

– Мусiць, Курленева галава зацеснаватая, каб такую магчымасьць мог уявiць, - засьмяяўся Караткевiч.

– Ты-ж перш казаў, што гэта там за нейкую дзяўчыну выйшла, - дапёк Курленю Гвардзейчык.

– Дзе там за дзяўчыну! За якую табе дзяўчыну...

– Ага, за якую... Ты й сам ня ведаеш, што гаворыш. Сягоньняшняе ня ведае, што ўчарашняе плявузгала. Усе голасна смяялiся з Курленi. Зьбiты з панталыку былы палiцай яшчэ спрабаваў агрызацца.

Поделиться с друзьями: