Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Змагарныя дарогi
Шрифт:

СКРЫГОТЫ I ЎЗДРЫГI

I

У вялiкай канцылярыi базы сёмай дывiзii ў Сан-Базыльё поўна людзей. Сюды й туды снуюць меншыя й большыя начальнiкi, скрыпяць дзьверы, шоргаюць падковы, нярэдка чуваць стук запяткаў. Пры двух шэрагах сталоў сядзяць пiсары. Капаюцца ў паперах, прыводзяць у парадак гэтак званую эвiдэнцыю - пэрсанальныя гiсторыi рэкрутаў. У невялiкiм шэрым сшытку жаўнер А цi Б мае запiсанае ў асноўным усё, што датычыцца ягонага паходжаньня, адукацыi й шмат iншага ад часу нараджэньня. Шэрыя сшыткi, званыя эвiдэнцыйнымi, пасьля будуць стала папаўняцца: там будуць значыцца ўсе зьмены ў вайсковым статусе А цi Б, водгукi афiцэраў, поступы па вайсковай лесьвiцы,

удзелы ў баях, мэдалi й iншае.

Перад самым крайнiм сталом канцылярыi ад раньня стаiць чарга. Рэгiструюцца найнавейшыя "ахвотнiкi" другога корпусу - тыя, што трапiлi сюды з-пад сьцяга свастыкi. Адзiн капрал, не сьпяшаючыся, выпаўняе фармуляры, другi выпiсвае вайсковыя кнiжкi. Iдуць пытаньнi й адказы.

– Ваша iмя й прозьвiшча?

– Спарыш Сымон.

Пасьля йдзе месца й дата нараджэньня.

– Веравызнаньне?

– Праваслаўны.

Капралава пяро асьцярожненька крутлымi прыгожымi лiтаркамi запiсвае адказы. Сымон сочыцць за ягоным кончыкам. Калi яно пад рубрыкай "нацыянальнасьць" пачынае "п", "а" i ўжо пераходзiць да "л", з вуснаў юнака зрываюцца словы:

– Хвiлiнку, пане капрал!

– Што такое?

Пяро адрываецца ад недакончанага "пал" i павiсае ў паветры.

– Я па нацыянальнасьцi беларус, а не паляк.

Твар капрала выражае зьдзiўленьне. Глядзiць на Сымона, быццам на вар'ята, i, нарэшце, зьвяртаецца да лейтананта, загадчыка секцыi:

– Пане лейтанант.

– Слухаю вас.

– Можна да пана з пытаньнем?

– Калi ласка.

Капрал падыходзiць да афiцэра з фармулярам у руцэ ды кладзе на стале перад носам.

– Гэты рэкрут кажа, што ён не паляк, а беларус. Як маю пiсаць?

Афiцэр адказвае не адразу. Перш глядзiць на фармуляр, пасьля акiдвае зрокам Сымона.

– Праваслаўны? Гм...
– мармыча пад носам.
– Запiшыце яго беларусам.

Капрал вяртаецца да свайго стала. Пяро перачырквае тое незакончанае "пал" i выводзiць слова, да напiсаньня якога рука надта нязвыклая. Сымон уздыхае з палёгкай i пазiрае на сяброў, што стаяць за iм. "Ага, бачыце, як трэба? Крышку сьмеласьцi - i ўсё будзе ў парадку. Паспрабуйце-ж цяпер вы запiсацца палякамi", - гаворыць ягоны зрок.

Наступны!
– загадвае капрал.
– Як прозьвiшча?

– Жалудовiч.

– Жолондовiч?

– Не Жолондовiч, а Жалудовiч.

– Па-польску будзе Жолондовiч, - нецярплiвiцца капрал.

– Я-ж не казаў, што хачу зьмянiць прозвiшча.

– То ня зьмена. Вы былi раней Жалудовiчам, а цяпер будзеце Жолондовiч! гаворыць капрал з нацiскам, якi не пакiдае нiякiх сумлеваў, што пытаньне вырашана.

Жалудовiч, заклапочаны, цярэбiць за вухам, аглядаецца на сяброў, што ледзь заўважна ўсьмiхаюцца, i ня ведае, што рабiць.

Капралава пяро прыгожымi роўненькiмi чорнымi нiтачкамi напiсала пад рубрыкай "прозвiшча" Жолондовiч.

– Як iмя?

– Аляксандар.

– Веравызнаньне?

– Каталiк.

– Рыма-каталiк?

– Так.

– Нацыянальнасьць - паляк?
– глядзiць капрал на Жалудовiча з усьмешкай, што быццам гаворыць "Папрабуй-жа сказаць, што не".

– Не паляк, а беларус.

– Пёрруне!
– лае пiсар, злосна кiдаючы асадку аб стол.
– А цо то за звежэ? Рыма-каталiк i беларус? Як то можа быць?

– Звычайна, - не трацiць раўнавагi "Жолондовiч".
– Рэлiгiйная прыналежнасьць - рыма-каталiк, а нацыянальнасьць - беларус.

– Няма каталiкоў беларусаў!
– злосна трымае сваё капрал.
– Усе каталiкi гэта палякi.

– Так?
– зь iронiяй адказвае "Жолондовiч".
– Дык тады запiшыце, пане капрал, i

ўсiх французаў, iтальянцаў i гiшпанцаў палякамi. Яны-ж таксама каталiкi.

Пiсар, зьдзiўлены й анямелы, талопiцца ў Жалудовiча, быццам яму хто мокрай анучай зьехаў па твары.

– Пся крэў!
– гарачыцца ён бездапаможна. Падбягае зноў да лейтананта, й абое паўголасам доўга абменьваюцца думкамi. Капрал вяртаецца да свайго стала, i ў эвiдэнцыйным фармуляры польскае армii родзiцца яшчэ адзiн беларус.

II

База другога польскага корпусу, званая "сёмкай" у Сан-Базыльё, займала звыш трохсот гактараў плошчы. Заўсёды была па берагi перапоўненая рэкрутамi, што вялiкiм адмiнiстрацыйным апаратам дзялiлiся тут на розныя зброi й адзьдзелы, i або на месцы атрымоўвалi перашкаленьне ў майстэрстве пяхотнае зброi, або высылалiся, пасьля сэгрэгацыi, у iншыя цэнтры шкаленьня. Камянiстая раўнiна была ўсеяна тысячамi палатак. З паўдзённага боку абозу шыракаваты каменны вал адзьдзяляў абоз ад нiкому няпрыдатных карлаватых кустоў-зарасьнiкаў.

У цэнтры абозу, пасярод вялiкае плошчы, знаходзiўся даволi вялiкi, збудаваны зь белых вапнякоў будынак. У буднiя днi быў ён кiнатэатрам, у нядзелю - касьцёлам. Пры польным алтары ксяндзы па чарзе служылi там iмшу. Войска не магло памясьцiцца за адзiн раз у будынку, й дзеля таго iмша паўтаралася.

Адылi ня ўсе жаўнеры iдуць у касьцёл. Праваслаўныя маюць сваю каплiцу побач галоўнае шашы. Iх невялiкая жменя, дый тая пад час службы не мае даволi месца ў палатцы, дзе ледзь памясьцiўся алтар. Сьвятар, стары сiвенькi 70-гадовы мужчына, прыбыў сюды з палякамi, вывезенымi калiсьцi з акупаваных Польшчаю зямель Заходняй Беларусi i Ўкраiны ў глыб Савецкага Саюзу. Як i ксяндзы, ён мае ступень капiтана й бярэ капiтанскi "жолд". Заданьне ягонае духовая апека над праваслаўнымi "палякамi" й iншымi.

Сьвятар служыць лiтургiю па-славянску, а казаньнi гаворыць па-польску. Язык змагаецца зь няпрывычнай мовай. Выходзiць зусiм ня гладка. Здаецца, што ў кожны момант накiнутая сiлай у царкву польшчына заглохне ў вуснах старога, язык адмовiцца слухаць гаспадара й пераключыцца на чысьцюсенькую расейшчыну.

Мiж наведвальнiкаў праваслаўнае каплiцы бальшыня радавых. Рэдка стрэнеш падафiцэра, а афiцэраў хоць ты са сьвечкай шукай. На грамнiчнае сьвята 1945 года сабралася каля сямiдзесяцi чалавек. Некаторыя ўцiснулiся ў каплiцу, iншыя прыслухоўваюцца да службы блiзка ўваходу, а бальшыня стаiць групкамi воддаль. Мова ў бальшынi польская, рэдка беларуская або ўкраiнская. Адно самыя сьмелыя й сьвядомыя ня толькi не хаваюцца, а быццам наўмысьля дэманструюць сваю няпольскую нацыянальнасьць.

Усё гэта выдаецца нейкiм нярэальным. Сказалi-б вы, што перад вамi стаяць ценi людзей, якiя баяцца самiх сябе. Выкрыўленая сьвятаром мова камiчна пераплятаецца з калечаньнем яе вернiкамi. Адчуваецца, што нечая нябачная рука прыдушыла, але зусiм не зламала яшчэ гэтых людзей. Дзесьцi ў глыбiнi сэрца засталiся родныя парасткi, якiм дай добрую пажыву, сонца й глебу - вырастуць i зацвiтуць сваiм родным.

Зусiм зразумела, што Сымона Спарыша цiкавiць, якiя тут людзi. Дзе-ж ужо тады, калi ня тут сваiх шукаць. Ён i цяпер, паслухаўшы й пэўна ацанiўшы сьвятара, лянiва блукае мiж малымi групкамi й прыслухоўваецца. На вока трапiла тройка, якiх па веку й выгляду назваў-бы спарахнелымi грыбамi. Па iх рухах i павольнай сьпеўнай гутарцы, па берэтах, што, быццам тыя сялянскiя круглыя аладкi, нязграбна ляжаць на пасiвелых галовах, Сымон дагадваецца, што гэта дзядзькi-сяляне. Капрызны лёс некалi адарваў iх ад плугоў, кiнуў на Сiбiр цi ў Нямеччыну, а пасьля прынёс аж сюды.

Поделиться с друзьями: