Званы Нямігі
Шрифт:
Такім помнікам абарончага дойлідства з’яўляецца і Камянецкая альбо Белая вежа. Гэта першая ў Беларусі мураваная вежа-данжон. У ХІІІ стагоддзі на беларускіх землях атрымаў шырокую прапіску новы тып абарончых збудаванняў. Яны даўно мелі пашырэнне ў Цэнтральнай і Заходняй Еўропе, у Скандынавіі. Шмат’ярусныя вежы-данжоны служылі апошнім прыстанішчам для абаронцаў, былі сапраўднай цытадэллю. Гэта даказалі мураваныя вежы ў Камянцы, Бярэсці, Гародні, Тураве, Новагародку і іншых беларускіх гарадах. Аднак да нашых дзён дажыў толькі Камянецкі стоўп.
Як сведчыць Галіцка-Валынскі летапіс, горад Камянец быў заснаваны ў 1276 годзе валынскім князем Уладзімірам Васількавічам -- “вялікім кніжнікам і філосафам”. Уладзімір даручыў “майстравітаму мужу” Алексу падшукаць месца для будучага
Згадзіўся князь з выбарам Алексы, загадаў збудаваць тут горад-крэпасць. Нават сама назва мусіла сведчыць пра яе непрыступнасць. "Князь же Володимер в княжении своем многы городы зруби по отци своем. Зруби Берестий, и за Берестием зруби город на пустом месте, нарицаемом Лестне, и нарече ему имя Каменец, зане бысть камена земля. Созда же в нем столп камен высотою 17 саженей, подобен удивлению всем зрящим на нь». Вежу, якую называлі яшчэ стаўпом Уладзіміра, абкружаў глыбокі роў і вал з умацаваннямі. Але ў 1903 годзе падчас абнаўлення помніка ўсё гэта знікла.
Лёгкасць, стромкасць, гатычная зграбнасць робяць вежу асабліва велічнай і вабнай – сапраўднай шляхцянкай. Гэта падкрэслівае і своеасаблівы арнамент з вузкіх акенцаў-байніц, падобных на аркі ніш, стральчатых вокнаў. Галаву прыгажуні, як шахматную ладдзю, вянчае вялікая карона з 14 зубцоў. Кожны з іх пазначаны назіральнай шчылінай. Маючы 30 метраў увышкі, летапісны Камянецкі стоўп толькі на 5 метраў ніжэйшы за сярэдні неф знакамітага помніка готыкі сабора Парыжскай Божай Маці.
Па лесвіцы, што ўецца ўнутры тоўстай сцяны, можна трапіць на самы верх вежы, на яе былую баявую пляцоўку. Адсюль адкрываецца непаўторны краявід, можна працягнуць руку для павітання з сонцам альбо блізкімі адсюль знічкамі-зоркамі.
Калі вежу атуляе смуга альбо вяршыня яе хаваецца ў кудзелістых хмарах, тады здаецца, што няма ёй канца, што “столп камен” яднае грэшную зямлю з тым недасяжным сёмым небам, на якое безнадзейна імкнецца шмат хто з зямлян.
Калі жахае над ёй маланка і пагрозліва грукоча па небе сваёй калясніцай сівабароды Пярун, гэты стоўп, нібы грамнічная свечка, аберагае нашу зямлю і яе насельнікаў ад разбуральных праяў стыхіі і людской бяздумнасці.
Калі ж яе чырвоныя сцены лашчыць белымі палосамі-рукамі шчодры снегавей, тады ўяўляецца, што душы палеглых абаронцаў гэтай зямлі ўзносяцца ў неба, каб там стацца шчырымі малельнікамі за нашу з вамі бяспеку.
Камянец заўсёды меў асаблівае значэнне як памежнае ўмацаванне і важны гандлёва-рамесны цэнтр. Ён ляжаў на галоўным беларускім купецкім гасцінцы, які звязваў Брэст з Оршай. Адсюль гандлёвыя дарогі разыходзіліся на ўкраінскія, польскія і прыбалтыйскія землі. Праз Камянец праходзіў каралезўскі шлях з Кракава ў Вільню.
Зведаў Камянец і ваенную жорсткасць. Посвістам стрэл, звонам падкоў і мячоў, ваяўнічымі воклічамі не раз агучвалася ягонае наваколле. І душу веялі ад цела тут таксама не раз. Горад спусташалі крыжакі, прусы, шведы. Але адважныя камяняне дастойна адпомсцілі сваім крыўдзіцелям-крыжаносцам. У складзе Берасцейскай харугвы яны пераможна змагаліся пад Грунвальдам. Хоць горад быў неаднаразова спалены і разрабаваны, ды вежа Уладзіміра выстаяла, вытрымала. Сумленна зрабіў сваю справу “майстравіты муж” Алекса.
Набыўшы сёння першапачатковы цёмна-чырвоны колер, Камянецкая вежа працягвае сваю вартаўнічую вахту. Кожным трымцівым досвіткавым мроівам яна супакойным полымем свечкі ўзносіць маленне да неба – за мір і спакой на нашай зямлі, за мір і згоду, зладжанасць і суладдзе між людзьмі і ў іхніх душах. І рабіць гэта будзе да скону часу.
Берасцейскі паэт Мікола Пракаповіч у сваім вершы “Белая вежа” пісаў так:
На скрываўленых родных межах Чорны дым засцілаў зару, Ды стаяла Белая вежа, Прыкрываючы Белую Русь… Прарастае з нябыту памяць – І ў наструненай цішыні Белай птушкай плыве над намі Да тваёй святой вышыні.МІРСКІ ЗАМАК
Сапраўднымі залацінкамі беларускай зямлі з’яўляюцца шчодра паўсюль рассыпаныя і атуленыя шматлікімі легендамі і паданнямі замкі. Сярод іх найпершым дыяментам спавядліва лічыцца і дагэтуль велічны і высакародны амаль пяцісотгадовы Мірскі замак. Нездарма ў 2000 годзе ён першым з беларускіх помнікаў унесены ЮНЕСКА у спіс сусветнай культурнай спадчыны як з’ява неацэннага гістарычнага багацця народаў свету.
Калісьці, расказваюць, Мірскі і Нясвіжскі замкі былі злучаны між сабой глыбокімі падземнымі хадамі. А ў тых таемных лёхах хаваліся ад людскога вока самыя каштоўныя радзівілаўскія багацці. І толькі найбольш пашаноўным гасцям паказвалі свае набыткі гаспадары. А вазілі іх па падзямеллях дужыя мядзведзі, запрэжаныя ў залатыя карэты.
Ды з часам заблудзіліся мядзведзі ў вусцішных хадах-лёхах. Пылам забыцця пакрыліся цудоўныя скарбы. Нябачнымі сталі ўваходы ў падземнае царства. Толькі показкі пра тое і да сённяшняга дня не даюць спакою апантаным скарбашукальнікам.
З асяроддзя сваіх суродзічаў Мірскі замак вылучаецца тым, што гэта ледзь не самы старадаўні і першы буйны помнік прыватнага мураванага будаўніцтва. Калі Новагародскі, Гарадзенскі, Крэўскі замкі з’яўляліся дзяржаўнымі пабудовамі, дык Мірскі ўзведзены выключна на сродкі ягоных гаспадароў.
Ад спічастых, халодных і суровых збудаванняў ранейшага часу замак адрозніваецца большай цеплынёй, мастацкай аздобай і сваёй шматфункцыянальнасцю. Ён пабудаваны пасля 1510 года надворным маршалкам Вялікага княства Літоўскага берасцейскім старастам і ці не першым мецэнатам на беларускай зямлі Юрыем Іллінічам.
Галоўная адметнасць сярэдневяковых замкаў выяўлялася ў тым, каб не прывячаць пашаноўных гасцей, а адваджваць няпрошаных. Мірскі ж палацава-замкавы комплекс удала паяднаў абедзве гэтыя функцыі. Хоць, вядома, найперш замак быў абарончым збудаваннем. Гэта падкрэслівалі 4 вуглавыя вежы вышынёй 25—27 метраў. Яшчэ вышэйшая, пятая, уваходная вежа размяшчалася ў цэнтры заходняй сцяны. Уваход у замак зачынялі двое дубовых варот. Дадаткова яго пільнавала герса – каваная рашотка з заточанымі ўнізе палосамі. У выпадку небяспекі яна імгненна падала зверху, перакрываючы шлях. Пазней перад варотамі галоўнай вежы на італьянскі манер была дадаткова збудавана ахоўная падковападобная сцяна -- барбакан.
Замак меў тры баявыя ярусы, адзіныя ў Вялікім княстве Літоўскім машыкулі (навясныя байніцы), “варавыя вокны”, адкуль на галовы ворагаў ляцелі камяні, лілася гарачая смала. Сцены і вежы былі густа прарэзаны гарматнымі і ружэйнымі байніцамі.
Прыкметай адыходу ад суровых гатычных традыцый у абарончых збудаваннях стала наданне замку статусу загараднай рэзідэнцыі князёў Радзівілаў. У канцы ХVІ – пачатку ХVІІ стагоддзяў на замкавым двары быў збудаваны трохпавярховы палац. Пазней у ім месцілася гаспода Мірскага графства. Узведзены ў стылі рэнесансу, ён меў больш за 40 выдатна аздобленых пакояў. Паркетныя падлогі, цудоўныя печы з рэльефнай кафлі, каваныя з медзі падсвечнікі, скульптуры, разьба, габелены, карціны, дарагая зброя, каляровае шкло і вітражы ў вокнах, знакамітыя карэліцкія шпалеры – усё гэта мусіла сведчыць пра багацце ўладальнікаў.
На галоўнай вежы сваімі званамі адбіваў мірскі час вялікі гадзіннік.
Шматлікім еўрапейскім навацыям спрыяў Мікалай Крыштоф Радзівіл Сіротка. Наведаўшы падчас падарожжа ў Ерусалім Італію, ён “захварэў” на італьянскія манеры. Увасобіў іх не толькі ў самім замку. За знешнім валам быў закладзены багаты на рэдкія расліны “італьянскі сад”. Адных толькі цеплалюбівых дрэў з розных куткоў свету расло тут больш за 400. Былі збудаваны аранжарэя, каналы, ставы, млыны. Непадалёк з’явіўся звярынец.