Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Званы Нямігі

Бутэвіч Анатоль

Шрифт:

Пасля таго, як іх на самым пачатку вясны адшуквалі ў вялізных сасновых лясах, што густа атулялі Смаргонь, не марудзячы прыступалі да справы. Дзеля гэтага будавалі спецыяльныя класы. Часта гэта была прасторная хата, падлогай якой служыў чэран вялікай печы. Мядзведзяў навязвалі да слупа ў цэнтры, а ў печы распальвалі агонь. Заднія лапы вучняў абувалі ў лапці, абгарнуўшы папярэдне анучамі. Печ награвалі да той пары, пакуль малады звер не станавіўся на заднія лапы. А калі не ўратоўвалі і лапці, ён пачынаў падтанцоўваць -- пераступаць з адной лапы на другую. Настаўнік у гэты час біў у бубен альбо граў на дудцы. Рытм музыкі супадаў з рытмам таптання мядзведзя. Заняткі праводзіліся штодзённа. Так доўжылася ад аднаго да двух месяцаў – у залежнасці ад здольнасці вучняў і настойлівасці

дрэсіроўшчыка.

Пасля гэтага мядзведзяў выводзілі з хаты на волю. Тут іх зноў цешылі бубнам альбо дудкай. Але, навучаныя клеткай-хатай, звяры не чакалі, пакуль гарачы чэран падсмаліць пяты, і пачыналі адразу танцаваць. За такую стараннасць іх частавалі пернікам. Ды яшчэ пыталіся: “А скажы, Міхале, ты любіш пернікі?” Калі той ківаў у знак згоды галавой, атрымліваў яшчэ адзін.

Дзеля важнай справы навучання скарыстоўвалі і “французскія пагоркі”, якіх было шмат у ваколіцах Смаргоні. Казалі, што яны засталіся ад імператара Напалеона. Тут зрабіў ён апошні прыпынак, перш чым кінуў рэшткі сваіх маршалаў і гвардзейцаў і ў звычайных санях уцёк з негасціннай беларускай зямлі.

А “французскія пагоркі”, што засталіся ля Смаргоні, прыдаліся для акадэмічных класаў. На іхніх вяршынях капалі трохметровыя ямы. У іх апускалі жалезныя клеткі з мядзяным дном. Збоку пракопвалі ход і знізу раскладвалі вогнішча. У клетку ўпускалі 2 – 3 медзвядзянят. Далейшае навучанне вялося ўжо вядомым спосабам.

Вытрымаўшы выпускныя экзамены, акадэмікі-скамарохі разам са сваімі павадырамі разыходзіліся па гарадах, вёсках і мястэчках беларускай зямлі. Траплялі ў Расію, Польшчу, Францыю, Германію. Даходзілі нават да Венгрыі, дзе хапала і сваіх вучаных мядзведзяў. Аднак выпускнікі Смаргонскай акадэміі былі больш спрытныя і пацешныя. Чаго толькі яны не вытваралі. Умелі танцаваць, паказваць, як п’яны мужык з кірмашу дамоў вяртаецца, як чарку куляе, як бабы ідуць на паншчыну і з паншчыны. Умелі насіць ваду на каромысле, калоць дровы, частаваць гасцей, гнуць дугі. Заўзята барукаліся, абдымаліся і цалаваліся. Так французы, немцы, палякі і іншыя насельнікі Еўропы знаёміліся са звычаямі, характарам і заганамі беларусаў.

А калі заканчваўся пацешны сезон, недзе ў лістападзе артысты разам са сваімі павадырамі вярталіся дамоў. Гэта было абавязковай умовай захавання працаздольнасці чацвераногіх скамарохаў. Хоць прафсаюзаў тады і не было, а правы працоўных стараліся аберагаць. Дома іх чакалі загадзя падрыхтаваныя зімовыя кватэры, дзе, як і ў кожнай роднай хаце, было і ўлежна, і ўежна. Спячка доўжылася да пачатку вясны. З першымі цёплымі днямі ўсё пачыналася нанава. Кароткае паўтарэнне пройдзенага і разам з навічкамі бывалыя артысты выпраўляліся ў блізкія і далёкія паходы па гасцінцах, дарогах, сцежках. Смаргонскія вучні ішлі весяліць людзей, пацяшаць іх і разносіць па свеце славу пра знакамітую Смаргонскую акадэмію. І пра Радзівілаў, ейных гаспадароў і апекуноў, -- таксама. Апекуны ж мелі з гэтага не толькі маральнае задавальненне.

Ды і самі Радзівілы якіх толькі пацех і забаў не выдумлялі. Кажуць, самыя смелыя з іх, аматары паштукарыць ездзілі на запрэжаных у карэту мядзведзях ажно ў Варшаву. Іншыя звыкла прагульваліся на таптыгіных па сваіх вотчынах, адведвалі суседзяў. Некаторыя нават летам запрагалі мядзведзяў у сані, пасыпалі соллю дарогі і каталіся да знямогі. А соль тая пасля станавілася каштоўным здабыткам простых людзей.

Аднак часам гэткага здзеку не вытрымлівалі нават паслухмяныя мядзведзі. Аднойчы князь Радзівіл вырашыў наладзіць дочкам агляд спрыту і кемлівасці вучняў акадэміі. Прыехалі яны ў Смаргонь, мядзведзі перад імі стараюцца, як збяднелыя мужыкі перад панам. Але адзін, дужы і вялікі, быў чамусьці сярдзіты. Князь хацеў даведацца, у чым справа, а гэты Чорт (так звалі мядзведзя) усім сваім цяжарам накінуўся на князя. Відаць, паквапіўся на залатыя гузікі. Каб не вартаўнік Саўка са сваімі пудовымі кулакамі, не жыў бы князь. Аднак не дачакаўся Саўка падзякі за паратунак, а Чорта таго застрэлілі, каб іншым гузікі не абрываў.

Смаргонская вучэльня запачаткавала і яшчэ адну цікавую справу – выраб першых

беларускіх абаранкаў, якія вельмі хутка набылі пашырэнне і ў Еўропе. Мядзведжым павадырам у дарозе патрэбен быў харч. Вось і прыдумалі яны замест хлеба смачныя і хрумсткія абаранкі.

Мядзведжая акадэмія ў Смаргоні існавала ледзь не да паловы ХІХ стагоддзя. Шмат таленавітых артыстаў выйшла з яе класаў. Яшчэ мо і сённяшнія цыркавыя мядзведзі з’яўляюцца праўнукамі тых славутых акадэмікаў.

Што ўсё тое не прыдумка, засведчыла выдадзеная ў 1896 годзе расійская Вялікая энцыклапедыя: “Смаргонь – заштатны горад Віленскай губерні. Некалі атрымаў даволі гучную вядомасць існаваўшым тут промыслам навучання мядзведзяў. Яшчэ сто гадоў таму мядзведзі, якіх у насмешку празвалі вучнямі “Смаргонскай акадэміі”, хадзілі з павадырамі не толькі па Расіі, а і па ўсёй Еўропе”.

БРЭСКАЯ КРЭПАСЦЬ

Даўняя гісторыя нашага краю шматкроць абвуглена зыркім полымем знішчальных войнаў. Пра апошнюю з іх нагадвае Брэсцкая крэпасць. Гэта адзінае на беларускай зямлі абарончае збудаванне, якому выпала выканаць сваё прамое прызначэнне толькі праз цэлае стагоддзе пасля ўзвядзення.

У кастрычніку 1830 года расійскі імператар Мікалай І зацвердзіў план, а 1 чэрвеня 1836 года быў закладзены першы камень будучай цытадэлі над Бугам. Архівы сведчаць, што калі цар пабываў на будоўлі, ён спытаў у аднаго са сваёй світы:

– З чаго зроблена гэтая цагліна?

– Мяркую, з гліны, ваша вялікасць.

– Не, з чыстага золата. Ва ўсякім разе я так за яе заплаціў.

26 красавіка 1842 года над мурамі быў урачыста ўзняты крапасны сцяг. Падперазаная рукавамі Мухаўца і Буга, крэпасць месцілася на 4 астравах і мела цэнтральную частку – Цытадэль, а таксама тры прадмесныя ўмацаванні: Цярэспальскае, Валынскае і Кобрынскае.

Старажытны горад Бярэсце, вядомы з 1019 года, вымушаны быў адсунуцца на тры кіламетры на ўсход. Цэрквы, кляштары, касцёлы, што некалі ўпрыгожвалі летапіснае Бярэсце, былі разбураны. Напамінкам пра былую веліч застаўся толькі Белы палац, у якім 3 сакавіка 1918 года Савецкая Расія падпісала з Германіяй цяжкі Брэсцкі мір.

Крэпасць з’яўлялася першакласным ваенна-фартыфікацыйным збудаваннем. Амаль двухкіламетровая двухпавярховая абарончая казарма мела замкнутую форму. У 500 казематах з двухметровымі сценамі маглі размясціцца больш за 12 тысяч воінаў. Цярэспальскія вароты мелі самы доўгі ў Расіі падвясны канатны мост цераз Буг. Крэпасць плошчай 4 квадратныя кіламетры абкружаў земляны вал да 10 метраў увышкі і роў з вадой.

Як вядома, чалавецтва цягам усёй сваёй гісторыі толькі тое і рабіла, што адна палова яго бясконца дасканаліла мячы, а другая – шчыты. Не абмінулі шматлікія мадэрнізацыі і Брэсцкую крэпасць. Аднак пастаянныя пераробкі не маглі паспець за ўсё больш вытанчанымі і вычурнымі спосабамі знішчэння чалавека. У канцы 30-х гадоў мінулага стагоддзя крэпасць канчаткова абяссілела.

Хоць гады, як скрыпучыя старадрэвіны, лічылі крапасны век ад вайны да вайны, сама яна цягам свайго доўгага існавання ні разу не ваявала. Ды лёс спаўна прыпас для яе пакут і выпрабаванняў. Яшчэ восілкай з мамінага вядра выгіналася на небе вясёлка, а ўжо ведзьмілася над нашай зямлёй вайна.

22 чэрвеня 1941 года мірная досвіткавая цішыня рассыпалася клёпкамі рассохлага вядра, узарвалася выбухамі, стогнамі, крыкамі, смерцю. Прапахлы мурагом чэрвень у 4 гадзіны разбудзіў заспаную нядзельную раніцу не вераб’іным чырыканнем, а густым ціўканнем куль і свістам асколкаў.

Пражорлівымі жорнамі загрымеў гарматны гром. Патушыўшы ранішнія зоркі сваімі чырвонымі і зялёнымі агнямі, зацьміўшы неба чорнымі крыжамі, ненажэрным груганнём абрынула на галовы абаронцаў, якіх заставалася ў крэпасці каля 8 тысяч, сваю злавесную заранку нямецкая авіяцыя. Не купальскія кастры, а смяротныя вогнішчы пажараў разгараліся над крэпасцю.

І захлынуўся ад пякельнага полымя жаўранак.

І сасмяглая каня над бурапеннымі ад выбухаў водамі Мухаўца не дапросіцца піць.

Уся апраметная вайны сваёю смяротнай жудасцю абрынулася на крэпасць.

Поделиться с друзьями: