Званы Нямігі
Шрифт:
А яна змагалася. Жменька савецкіх воінаў з вінтоўкамі – супраць дзесяцікроць большай і першакласна ўзброенай, перамогамі вышкаленай нямецкай арміі. Вораг разлічваў захапіць крэпасць з ходу, аднак здолеў акружыць яе толькі а 9-й гадзіне раніцы.
Сканала ноч. Канае дзень.
Адзін, другі... Дзесяты…
А крэпасць
Маёр Пётр Гаўрылаў. Капітан Уладзімір Шаблоўскі. Палкавы камісар Яфім Фамін. Радавы Аляксандр Філь. Капітан Іван Зубачоў. Лейтэнант Андрэй Кіжаватаў. Намеснік палітрука Самвел Матэвасян. Лейтэнант Аляксей Наганаў…
24 чэрвеня: захоплены Вільнюс.
28 чэрвеня: акупаваны Мінск.
А Брэсцкая крэпасць усё яшчэ супраціўляецца напору танкаў, нахабству звышмагутных гарматных установак.
10 ліпеня: пачалося наступленне на Ленінград.
16 ліпеня: немцы ўвайшлі ў Смаленск.
26 ліпеня: пасля працяглай абароны акупаваны Магілёў.
А крэпасць усё яшчэ жыве. Амаль да канца ліпеня не змаўкалі яе падвалы і казематы. Не задушыла абаронцаў злою ведзьмаю смага, не спапяліў пражорлівы шал агнямётаў – толькі расплаўленай цэглай сплывалі на дол падвальныя скляпенні.
На абвугленай уласнай крывёю цэгле, той, за якую цар плаціў золатам, абаронцы несмяротнага гарнізона выводзілі: “Паміраем не зганьбіўшы”, “Нас было трое, нам было цяжка, але мы не палі духам і паміраем як героі. 26 чэрвеня 1941 г.”, “ Я паміраю, але не здаюся. Бывай, Радзіма. 20/УІІ-41 г.”
А праз пакутныя чатыры гады тыя, хто “літасціва” заклікаў абаронцаў крэпасці здавацца, самі мусілі падпісаць поўную капітуляцыю. Тут яна пачыналася для фашысцкай Германіі – у аплаўленых казематах крэпасці-героя.
Нават
Гітлер і Мусаліні не стрымалі цікаўнасці. У жніўні 1941 года яны прыехалі ў Брэст, каб на свае вочы ўбачыць месца, дзе быў парушаны міф аб маланкавых перамогах нямецкай арміі.Яшчэ і да гэтай пары няўмольны лекар час не здолеў загаіць крапасныя раны. І сёння крывавяць сваёй чырвонасцю аплаўленыя сцены, васпаватыя ад густых асколкаў і куль.
Звечарэлая цішыня – ажно вушы закладвае – сцеражэ сонныя руіны мемарыяльнага комплексу Брэсцкая крэпасць-герой. Нястомны пярун жагнае іх бляскамі маланак. Асвяжальныя дажджы не даюць упылець металічным літарам некропаля, якія складваюцца ў 224 прозвішчы і 626 пякельна балючых слоў: “Невядомы”.
Травою памяці пазарастала трывога ў былых казармах і крапасных равах. Асмялелыя сінічкі дзюбаюць ваду з бетоннай каскі скульптурнай кампазіцыі “Смага”. Рахманыя зайцы (не баяцца нават 100-метровага штыка-абеліска) марознай ноччу грэюцца ля Вечнага агню перад манументам “Мужнасць”.
Шматзорны Млечны Шлях вачамі загінуўшых пазірае на месца пакут і геройства. Душы герояў-пакутнікаў бесцялеснымі анёламі злятаюцца на памінальны малебен у адноўленую гарнізонную Мікалаеўскую царкву.
Знявечаныя вайной целы салдат штогод прарастаюць крывава-чырвонымі ружамі на крапасных выжарынах…
Летам поле на маёй і тваёй Беларусі звініць умалотнымі каласамі; восенню тонкімі пасмамі курыцца над Мухаўцом туман; зімой дрыготкая поўня, як вядро над студняй, вісіць над заінелымі руінамі; вясной зялёнай талакой абступаюць крэпасць маладалістыя дрэвы, а я н ы заўсёды застаюцца ўтраіх —
ПАМЯЦЬ
МУЖНАСЦЬ
ВЕЧНАСЦЬ…