Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Оруэлл Джордж

Шрифт:

— Пацук, — сказаў О'Браэн, зноў звярнуўшыся да нябачных слухачоў, — жывёліна мясажэрная, хоць і належыць да грызуноў. Вы гэта ведаеце. Вы, напэўна, чулі пра выпадкі, што здараюцца часам у бедных кварталах гэтага горада. На некаторых вуліцах жанчыны баяцца пакінуць сваіх дзяцей адных дома нават на пяць хвілін. Бо пацукі абавязкова нападуць на іх. За некалькі хвілін яны абгрызуць іх да касцей. Яны таксама нападаюць на хворых або на тых, хто памірае. Яны праяўляюць неверагодную кемлівасць, ведаючы, калі чалавек знаходзіцца ў бездапаможным стане.

З клеткі данесліся дзікія крыкі. Здавалася, што яны далятаюць да Ўінстана аднекуль здалёк. Пацукі біліся, яны спрабавалі напасці адзін на аднаго праз перагародку. Ён пачуў

глыбокі стогн роспачы. І гэта таксама данеслася аднекуль здалёк.

О'Браэн узяў клетку і нешта ў ёй націснуў. Штосьці пстрыкнула. Шалёным намаганнем Ўінстан паспрабаваў вызваліцца з крэсла. Гэта было безнадзейна, усё цела, нават галава, былі нязрушна прымацаваныя. О'Браэн паднёс клетку бліжэй. Цяпер яна была менш чым за метр ад твару Ўінстана.

— Я націснуў на першую кнопку, — сказаў О'Браэн. — Вы зразумелі канструкцыю гэтай клеткі. Маска надзенецца вам на галаву, не пакінуўшы ніякай адтуліны. Калі я націсну на другую кнопку, дзверы ў клетцы расчыняцца. Гэтыя галодныя звяры паляцяць, як кулі. Ці вы калі бачылі, як пацук скача на здабычу? Яны скокнуць вам у твар і ўгрызуцца ў яго. Часам яны спачатку нападаюць на вочы. А часам праядаюць шчокі і выгрызаюць язык.

Клетка была ўжо зусім блізка. Ўінстан чуў віскатлівыя крыкі, здавалася, яны нараджаліся недзе ў паветры ў яго над галавой. Але ён зацята змагаўся са страхам. Думаць, думаць, нават калі застанецца толькі адно імгненне — думаць. У гэтым была апошняя надзея. І раптам агідны пракіслы пах жывёлін ударыў яму ў ноздры. Яму зрабілася млосна, і ён ледзь не страціў прытомнасць. Уваччу ўсё пачарнела. На хвіліну ён ператварыўся ў вар'ята, у здзічэлую жывёлу. І ўсё ж ён выкараскаўся з цемры, учапіўшыся за адну думку. Была адна, толькі адна магчымасць уратавацца. Трэба паміж сабою і пацукамі выставіць іншага чалавека, цела іншага чалавека.

Маска была ўжо так блізка, што закрывала ад яго вачэй усё астатняе. Драцяныя дзверкі былі ўжо за пару пядзяў ад яго. Пацукі ўжо ведалі, што зараз будзе. Адзін з іх скакаў сюды-туды, другі, састарэлы валадар сцёкавых канаў, стаяў, трымаючыся ружовымі пярэднімі лапамі за пруты клеткі, і драпежна нюхаў паветра. Ўінстан мог бачыць вусы і жоўтыя зубы. І зноў яго ахапіў чорны жах. Ён быў сляпы, бездапаможны, безразважны.

— Гэта было звычайнае пакаранне ў Кітайскай імперыі, — сказаў павучальна О'Браэн.

Маска наблізілася да твару. Дрот дакрануўся да шчакі. І тады — не, гэта была не палёгка, толькі надзея, маленькая, ледзь заўважная надзея. Запозна, мабыць, ужо запозна. І раптам ён зразумеў, што ва ўсім свеце быў толькі адзін чалавек, на якога ён мог перанесці гэтае пакаранне, — толькі адно цела ён мог прасунуць паміж сабою і пацукамі. І ён закрычаў немым голасам:

— Зрабіце гэта Джуліі! Зрабіце гэта Джуліі! Не мне! Джуліі! Мне ўсё роўна, што вы з ёю зробіце. Раздзярыце ёй твар, абгрызіце да касцей. Толькі не мне! Джуліі! Не мне!

І ён праваліўся назад, у нязмерныя глыбіні, далей ад пацукоў. Ён усё яшчэ сядзеў на крэсле, але ён ужо праваліўся праз падлогу, праз сцены будынка, праз зямлю, праз акіяны, праз атмасферу, у адкрыты космас, у міжзорную прастору — далей, далей, далей ад пацукоў. Ён быў за светлавыя гады адсюль, але О'Браэн па-ранейшаму стаяў побач з ім. Ён усё яшчэ адчуваў халодны дотык дроту да шчакі. Але праз цямноцце, што ахінула яго, ён пачуў, як нешта яшчэ раз металічна пстрыкнула, і зразумеў, што дзверы ў клетку не расчыніліся, а зачыніліся.

6

У «Каштане» было амаль пуста. Косыя промні сонца высвечвалі жоўтыя плямы на пыльных століках. Была пятнаццатая гадзіна, паўсюль было ціха. З тэлеглядаў лілася духавая музыка.

Ўінстан сядзеў у сваім звычайным кутку,

пазіраючы ў пустую шклянку. Зноў і зноў ён паднімаў вочы на вялікі твар, што глядзеў на яго з супрацьлеглай сцяны. ВЯЛІКІ БРАТ ГЛЯДЗІЦЬ НА ЦЯБЕ, казаў надпіс пад партрэтам. Без ніякай замовы прыйшоў афіцыянт і напоўніў шклянку джынам «Перамога», капнуўшы туды пару кропляў з другой бутэлькі праз саломінку, што тырчала з корка. Гэта быў сахарын, прыпраўлены гваздзікай — фірменная асаблівасць кавярні.

Ўінстан слухаў тэлегляд. Пакуль што з яго гучала толькі музыка, але ў любы момант маглі пачаць перадаваць спецыяльныя паведамленні Міністэрства Міру. Навіны з Афрыканскага фронту былі надзвычай трывожныя. Думкі пра гэта непакоілі яго ўвесь дзень. Эўразійская армія (Акіянія ваявала з Эўразіяй — Акіянія заўсёды ваявала з Эўразіяй) пасоўвалася на поўдзень з жахлівай хуткасцю. Паўдзённы выпуск навінаў не згадаў ніякіх канкрэтных тэрыторый, але было цалкам верагодна, што баі ідуць ужо ў дэльце Конга. Бразавілю і Леапольдвілю пагражала небяспека. Не трэба было глядзець на карту, каб зразумець, што гэта значыць. Гаворка тут ішла не проста пра страту Цэнтральнай Афрыкі: упершыню за ўсю вайну тэрыторыя самой Акіяніі была пад пагрозай.

Гвалтоўнае пачуццё, не так страху, як нейкай няпэўнай узрушанасці, успыхнула ў ім, а пасля зноў патухла. Ён перастаў думаць пра вайну. Апошнімі днямі ён не мог засяродзіць сваёй увагі на нечым адным больш чым на некалькі хвілін. Ён падняў шклянку і асушыў яе адным глытком. Як заўсёды, джын прымусіў яго здрыгануцца і адрыгнуць. Гэта была страшэнная бурда. Гваздзіка і сахарын, самі па-свойму агідныя, не маглі заглушыць алеістага смуроду джыну; і што самае страшнае — пах джыну, які неадчэпна спадарожнічаў яму ўдзень і ўначы, быў з невядомае прычыны змяшаны ў яго свядомасці з пахам тых…

Ён ніколі не называў іх, нават у думках, і, наколькі гэта было магчыма, ніколі не ўяўляў іх візуальна. Яны былі нечым прывідным, што заўсёды лунала недзе побач з тварам, яны былі пахам, што лез няспынна ў ноздры. Калі джынавыя выпарэнні падняліся да горла, ён адрыгнуў праз барвовыя вусны. З таго часу, як яго выпусцілі, ён патаўсцеў і да яго вярнуўся былы румянец — і нават болей чым вярнуўся. Рысы твару ў яго пагрубелі, скура на носе і на скулах пачырванела, нават лысы чэрап зрабіўся цёмна-ружовы. Афіцыянт, зноў без запрашэння, прынёс шахматную дошку і свежы нумар «Таймз», адгорнуты на шахматнай старонцы. Пабачыўшы, што шклянка ў Ўінстана пустая, ён прынёс бутэльку з джынам і напоўніў яе. Замовы былі непатрэбныя. Тут ведалі яго звычкі. Шахматная дошка заўсёды яго чакала, яго столік у кутку быў заўсёды зарэзерваваны; нават калі ў кавярні было поўна, столік быў вольны, бо ніхто не хацеў быць заўважаным побач з ім. Ён нават ніколі не лічыў, колькі выпівае. Час ад часу яму паказвалі брудны абрывак паперы, які яны называлі рахункам, але яму здавалася, што яго заўсёды аблічвалі. Зрэшты, яму было ўсё роўна. Цяпер у яго было багата грошай. У яго нават была праца, сінекура, за якую яму плацілі значна болей, чым за колішнюю.

Музыка ў тэлеглядзе змоўкла, яе змяніў голас дыктара. Ўінстан падняў галаву і прыслухаўся. Аднак гэта было не паведамленне з фронту, а проста кароткая абвестка Міністэрства Дастатку. У мінулым квартале, як аказалася, план Дзесятай Трохгодкі па вытворчасці матузкоў на чаравікі быў перавыкананы на 98 адсоткаў.

Ён праглядзеў шахматную задачу і расставіў фігуры. Гэта была хітрая канцоўка з удзелам двух коней. «Белыя пачынаюць і ставяць мат за два хады». Ўінстан падняў вочы на партрэт Вялікага Брата. Белыя заўсёды ставяць мат, падумаў ён з няяснай таемнасцю. Заўсёды, без выключэнняў, усё абладжана так. Ні ў воднай шахматнай задачы ад стварэння свету ніколі не выйгравалі чорныя. Ці не сімвалізавала гэта адвечны і неадменны трыумф Добрага над Злым? Вялізны твар глядзеў на яго, поўны спакойнае велічы. Белыя заўсёды выйграюць.

Поделиться с друзьями: