1984
Шрифт:
Яму прыйдзецца пачынаць усё спачатку. Можа, на гэта пойдуць гады. Ён правёў рукою па твары, спрабуючы прызвычаіцца да новых абрысаў. Шчокі былі парэзаны глыбокімі барознамі, скулы тырчалі, нос прыплюснуўся. Апроч гэтага, з таго часу, як ён апошні раз глядзеўся ў люстэрка, яму выдалі новы зубны пратэз. Было вельмі цяжка захоўваць непранікальнасць твару, калі не ведаеш, як твой твар выглядае. Ва ўсялякім разе, простага кантролю над тварам было недастаткова. Упершыню ён зразумеў, што, калі хочаш захаваць таямніцу, ты мусіш хаваць яе і ад самога сябе. Мусіш ведаць заўсёды, што яна з табой, але пакуль не надыдзе патрэба, яна не павінна ўсплываць у тваёй свядомасці ні ў якай выразнай форме. Адгэтуль
Аднойчы яны вырашаць яго расстраляць. Немагчыма сказаць, калі гэта адбудзецца, але за некалькі секунд перад тым можна здагадацца. Заўсёды ззаду, калі вядуць па калідоры. Дзесяці секундаў было б дастаткова. За гэты час свет унутры яго мог бы перавярнуцца. І тады раптам, не кажучы ні слова, не прыпыняючы хады, не мяняючы выразу твару — раптам ён скіне камуфляж і — бабах! — стрэляць батарэі яго нянавісці. Нянавісць ахопіць яго, як нястрымнае разлютаванае полымя. І амаль у той самы момант — бабах! — грымне стрэл, занадта позна ці занадта рана. Яны выб'юць яму мазгі, так і не выправіўшы іх. Ерэтычная думка застанецца непакараная, нераскаяная, назаўсёды для іх недасягальная. Застрэліўшы яго, яны прастрэляць дзіру ў сваёй дасканаласці. Памерці, ненавідзячы іх, — вось у чым была свабода.
Ён заплюшчыў вочы. Гэта было цяжэй, чым пагадзіцца на разумовую дысцыпліну. Тут трэба было ўжо прыніжацца, калечыць самога сябе. Ён мусіў акунуцца ў самы агідны і мярзотны бруд. Што было найстрашнейшае, найагіднейшае? Ён падумаў пра Вялікага Брата. Вялізны твар (бачачы яго паўсюль на плакатах, ён заўсёды ўяўляў яго сабе на метр шырынёю) з густымі чорнымі вусамі і вачыма, што сочаць за табою, куды б ты ні пайшоў, міжволі ўзнік у яго свядомасці. Якія былі яго сапраўдныя пачуцці да Вялікага Брата?
Пачуўся грукат ботаў па калідоры. Сталёвыя дзверы з бразгатам расчыніліся. О'Браэн увайшоў у камеру. За ім стаяў афіцэр з васковым тварам і ахоўнікі ў чорным.
— Устаньце, — загадаў О'Браэн. — Хадзіце сюды.
Ўінстан стаяў насупраць яго. О'Браэн паклаў Ўінстану на плечы свае дужыя рукі і ўважліва паглядзеў на яго.
— Вы хацелі падмануць мяне, — сказаў ён. — Гэта было неразумна. Станьце роўна. Паглядзіце мне ў вочы.
Ён памаўчаў, пасля сказаў ужо мякчэй:
— Вы ідзяцё на папраўку. Інтэлектуальна вы ўжо амаль здаровы. А вось што да эмоцый, дык тут вам не ўдалося зрушыцца з месца. Скажыце мне, Ўінстан — але памятайце: не маніць, бо вы ведаеце, што я адразу распазнаю ману, — скажыце мне, якія вашы сапраўдныя пачуцці да Вялікага Брата?
— Я ненавіджу яго.
— Вы ненавідзіце яго. Добра. Значыць, настаў час, каб вы зрабілі апошні крок. Вы павінны палюбіць Вялікага Брата. Мала проста падпарадкоўвацца яму — вы павінны палюбіць яго.
І ён лёгенька падштурхнуў Ўінстана да ахоўнікаў.
— Пакой 101, — сказаў ён.
5
На кожнай стадыі свайго зняволення ён ведаў ці яму здавалася, што ён ведае, у якой частцы глухога будынка ён знаходзіўся. Можа, ён адчуваў нязначную розніцу атмасфернага ціску. Камеры, дзе яго білі ахоўнікі, былі пад зямлёй. Пакой, дзе яго дапытваў О'Браэн, быў высока, пад самым дахам. Месца ж, дзе ён быў цяпер, знаходзілася пад зямлёю, так глыбока, як толькі можна было апусціцца.
Памяшканне было большае за камеры, у якіх ён быў дагэтуль. Але ён не надта зважаў на тое, што было навокал. Усю яго ўвагу прыцягвалі два столікі якраз насупраць яго, абодва
засланыя зялёным сукном. Адзін быў усяго за пару метраў ад яго, другі — трохі далей, каля дзвярэй. Ён быў прывязаны да крэсла ды так моцна, што не мог паварушыць ніводнай часткай цела, нават галавой. Нешта накшталт падушкі моцна трымала галаву ззаду, змушаючы яго глядзець проста перад сабой.Нейкую хвіліну ён быў адзін, пасля дзверы адчыніліся, і ў пакой увайшоў О'Браэн.
— Некалі вы ў мяне спыталіся, — сказаў О'Браэн, — што адбываецца ў Пакоі 101. Я сказаў вам, што вы ўжо ведаеце адказ. Яго ведаюць усе. У Пакоі 101 адбываецца найгоршае, што толькі ёсць у свеце.
Дзверы зноў адчыніліся. Увайшоў ахоўнік. У руках ён нёс нешта сплеценае з дроту, нейкую скрынку ці кошык. Ён паставіў гэта на дальні стол. Што гэта было — Ўінстан бачыць не мог, бо перад ім стаяў О'Браэн.
— Што ёсць найгоршае ў свеце, — сказаў О'Браэн, — залежыць ад індывіда. Гэта можа быць пахаванне жыўцом, або смерць у агні, або патапленне, або пасаджэнне на кол, або дзесяткі іншых спосабаў забіцця. А часам гэта зусім звычайная, нават не смяротная рэч.
Ён трошкі адышоўся ўбок, каб Ўінстану было лепш відаць, што стаіць на стале. Гэта была драцяная клетка з ручкай зверху, каб несці. Спераду да яе было прымацавана нешта накшталт фехтавальнай маскі, угнутым бокам вонкі. І хоць ён сядзеў за тры-чатыры метры, ён усё ж мог бачыць, што клетка была падзелена ўздоўж на два аддзяленні і ў кожным з іх сядзела па нейкай жывёліне. Гэта былі пацукі.
— У вашым выпадку, — сказаў О'Браэн, — найгоршае ў свеце — гэта пацукі.
Нейкі трывожны дрыгат, страх перад нечым няпэўным прабег па целе Ўінстана, калі ён першы раз глянуў на клетку. І ў гэты момант да яго раптам дайшло, што значыць гэтае падобнае да маскі прыстасаванне спераду клеткі. У яго пахаладзела ўнутры.
— Вы не зробіце гэтага! — пранізліва закрычаў ён. — Вы не зробіце, не зробіце! Гэта немагчыма!
— Памятаеце тыя страхі, — сказаў О'Браэн, — што мучылі вас у сне? Перад вамі была сцяна цемры, а ўвушшу гучаў страшны рык. Па той бок сцяны было нешта жахлівае. Вы ведалі, што ведаеце, што там было, але вы не наважваліся зазірнуць за сцяну. Па той бок сцяны былі пацукі.
— О'Браэн, — сказаў Ўінстан, намагаючыся заставацца спакойным, — вы ведаеце, што ў гэтым няма неабходнасці. Што вы хочаце са мною зрабіць?
О'Браэн не даў канкрэтнага адказу. Ён пачаў гаварыць настаўніцкім тонам, як часам здаралася і раней. Ён задуменна глядзеў удалеч, нібы звяртаючыся да некага за спінай у Ўінстана.
— Аднаго толькі болю часам бывае недастаткова, — сказаў ён. — Бываюць выпадкі, калі чалавек будзе трываць боль, аж пакуль не памрэ. Але для кожнага чалавека існуе нешта нясцерпнае, на што ён не можа нават глядзець. Смеласць ці баязлівасць тут ужо ні пры чым. Калі вы падаеце з вышыні, не будзе баязліўствам учапіцца за вяроўку. Калі вы вынырваеце з-пад вады, не будзе баязліўствам набраць у лёгкія паветра. Гэта проста непераможны інстынкт. Тое самае з пацукамі. Для вас яны невыносныя. Для вас яны — форма ўціску, якому вы не здолееце супрацьстаяць, нават калі б захацелі. Вы зробіце ўсё, што ад вас запатрабуюць.
— Але што? Што? Як жа я гэта зраблю, калі я не ведаю, што ад мяне патрабуецца?
О'Браэн узяў клетку і перанёс яе на бліжэйшы столік. Ён старанна ўладкаваў яе на зялёным сукне. Ўінстан чуў, як кроў гудзе ўвушшу. Яму здалося, што ён невымоўна самотны. Ён сядзеў пасярод вялікай пустой раўніны, бясконцай плоскай пустэльні, прапаленай сонцам, праз якую ўсе гукі даляталі да яго з далёкіх даляў. Клетка з пацукамі па-ранейшаму была за пару метраў ад яго. Пацукі былі вялізныя. Яны былі ў тым узросце, калі пыса робіцца грубая і ашчэраная, а поўсць з шэрай мяняецца на бурую.