Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Оруэлл Джордж

Шрифт:

Як звычайна, гэты голас загнаў Ўінстана ў стан бездапаможнасці. Да таго ж, ён увесь час з жахам думаў, што, калі ён будзе зацята пярэчыць, О'Браэн зноў пацягне за рычаг. І ўсё ж ён не мог маўчаць. Слаба, не маючы ніякіх аргументаў, нічога, што магло б яго падтрымаць, апроч немага жаху ад слоў О'Браэна, ён перайшоў у наступ.

— Я не ведаю — ну і напляваць. Неяк вы прайграеце. Нешта павінна перамагчы вас. Жыццё вас пераможа.

— Мы кантралюем жыццё, Ўінстан, на ўсіх яго ўзроўнях. Вам думаецца, быццам нешта, што завецца чалавечай натурай, будзе зняважана праз тое, што мы робім, і павернецца супраць нас. Але мы самі ствараем чалавечую натуру. Людзі — надзвычай падатны матэрыял. Ці, можа, вы вярнуліся да вашай старой ідэі, што пралетарыі або рабы ўзнімуцца і скінуць нас? Выкіньце гэта з галавы. Яны бездапаможныя, як жывёлы. Чалавецтва — гэта Партыя. Астатнія не маюць да справы ніякага дачынення.

— Усё

роўна. Урэшце яны разаб'юць вас. Раней ці пазней яны разгледзяць, якія вы ёсць і разарвуць вас на шматкі.

— Ці можаце вы прывесці якія доказы, што гэта адбудзецца? Або прычыны, з якіх гэта мусіць адбыцца?

— Не. Я веру ў гэта. Я ведаю, што вы прайграеце. Ёсць нешта ў свеце — не ведаю што, нейкі дух, нейкі прынцып — і вам яго не перамагчы.

— Ці верыце вы ў Бога, Ўінстан?

— Не.

— Дык што гэта тады за прынцып, што пераможа нас?

— Я не ведаю. Дух Чалавечы.

— А вы лічыце сябе чалавекам?

— Так.

— Калі вы чалавек, Ўінстан, дык вы апошні чалавек. Ваш род вымер, мы вашыя нашчадкі. Вы разумееце, што вы адзін? Вы існуеце па-за гісторыяй, вы няісны, — тон голасу змяніўся, і ён гаварыў ужо больш рэзка. — І вы лічыце сябе маральна вышэйшым за нас, з нашай хлуснёй і жорсткасцю?

— Так, я лічу сябе вышэйшым.

О'Браэн не сказаў нічога. Загаварылі іншыя галасы. Праз хвіліну Ўінстан у адным з іх пазнаў свой голас. Гэта быў запіс іх размовы з О'Браэнам у той вечар, калі ён уступіў у Братэрства. Ён чуў, як ён сам абяцае хлусіць, красці, падрабляць дакументы, забіваць, спрыяць наркаманіі і прастытуцыі, распаўсюджваць венерычныя хваробы, заліць кіслатою дзіцячы твар. О'Браэн зрабіў урывісты нецярплівы рух, быццам кажучы, што не варта было і слухаць. Тады ён выключыў запіс, і галасы сціхлі.

— Устаньце з ложка, — сказаў ён.

Яго кайданы самі па сабе аслаблі. Ўінстан спусціўся на падлогу і няўпэўнена стаў на ногі.

— Вы апошні чалавек, — сказаў О'Браэн. — Вы абаронца чалавечага духу. Дык паглядзіце на сябе. Раздзеньцеся.

Ўінстан развязаў матузок, на якім трымаўся камбінезон. Замок-маланка ўжо даўно быў зламаны. Ён не памятаў, ці ён калі здымаў з сябе ўсё адразу, з таго часу, як яго арыштавалі. Пад камбінезонам цела Ўінстана было абкручана бруднымі пажоўклымі рызманамі, у якіх можна было пазнаць рэшткі сподняй бялізны. Калі ён скінуў іх, ён заўважыў, што ў дальнім канцы пакоя стаіць люстэрка на тры створкі. Ён падышоў да яго і спыніўся як укапаны. Міжвольны крык вырваўся з грудзей.

— Ну, давайце, — сказаў О'Браэн. — Станьце паміж створкамі. Паглядзіце на сябе яшчэ і збоку.

Ён спыніўся, бо напалохаўся. Яму насустрач ішло нешта сагнутае, шэрае, падобнае да шкілета. Яго цяперашні выгляд быў страшны, і не толькі таму, што ён ведаў, што гэта ён сам. Ён падышоў бліжэй да люстэрка. З-за сагнутай паставы здавалася, што твар істоты выпінае наперад. Мізэрны твар зэка з пукатым ілбом, які пераходзіў у лысы чэрап, нос кручком, вострыя скулы, а над імі — гордыя і пільныя вочы. Шчокі былі парэзаныя зморшчынамі, а рот выглядаў западзінай. Без сумнення, гэта быў яго твар, але яму здалося, што твар змяніўся болей, чым ён сам змяніўся ўнутры. Пачуцці, адбітыя на ім, былі не тыя, што ён адчуваў. Ён аблысеў. Спачатку яму здалося, што ён зрабіўся шэры, але шэрай была толькі скура на чэрапе. Усё цела ягонае, апроч далоняў і твару, было шэрае ад даўняга ўкарэлага бруду. Сям-там пад брудам чырванелі зажывы ад ран, а варыкозная язва каля костачкі на назе была вялізнай ятрыстай плямай, з якой звісалі шматкі мёртвай скуры. Але сапраўды страшнай была змарнеласць яго цела. Грудная клетка была вузкая, як у шкілета; ногі ссохлі так, што ў каленях былі шырэйшыя, чым у клубах. Цяпер ён зразумеў, што хацеў сказаць О'Браэн, калі параіў паглядзець на сябе збоку. Неверагодна скрывіўся хрыбет. Худыя плечы выпнуліся наперад так, што ўгнуліся грудзі, тонкая шыя нібы сагнулася ўдвая пад цяжарам чэрапа. Як з выгляду, дык можна было сказаць, што гэтае цела належыць чалавеку гадоў на шэсцьдзесят, які пакутуе ад нейкай страшнай хваробы.

— Часам вам здавалася, — сказаў О'Браэн, — што мой твар — твар сябры Ўнутранай Партыі — выглядае старым і змардаваным. А што вы скажаце пра свой твар?

Ён схапіў Ўінстана за плячо і павярнуў, каб той стаў да яго тварам.

— Паглядзіце, якія вы сталі! — сказаў ён. — Паглядзіце на гэтае паскудства па ўсім целе. Паглядзіце на бруд між пальцаў на нагах. Паглядзіце на гэтую агідную цякучую рану на назе. Вы ведаеце, што ад вас смярдзіць, як ад казла? Можа, вы ўжо гэтага не заўважаеце. Паглядзіце, як вы здыхлелі. Бачыце? Я магу двума пальцамі абхапіць ваш біцэпс. Я мог бы перагрызці вам шыю, як морквіну. Ці ведаеце вы, што вы страцілі дваццаць пяць кілаграмаў з таго часу, як вы

ў нашых руках? Нават валасы ў вас выпадаюць пасмамі. Паглядзіце! — ён пацягнуў Ўінстана за валасы і вырваў цэлую жменю. — Раскрыйце рот. Засталося дзевяць, дзесяць… адзінаццаць зубоў. А колькі ў вас было, калі вас сюды прывезлі? Дый тыя, што засталіся, ужо выпадаюць. Глядзіце!

Ён схапіў сваімі магутнымі вялікім і ўказальным пальцамі адзін з ацалелых Ўінстанавых пярэдніх зубоў. Рэзкі боль працяў Ўінстанаву сківіцу. О'Браэн вырваў расхістаны зуб з коранем і шпурнуў яго ў канец камеры.

— Вы гніеце жыўцом, — сказаў ён, — вы развальваецеся на кавалкі. Што вы ёсць? Мех бруду. А цяпер павярніцеся і гляньце яшчэ раз у люстэрка. Бачыце вось гэта, што стаіць перад вамі? Гэта — апошні чалавек. Калі вы — чалавек, дык гэта — чалавецтва. А цяпер адзеньцеся.

Ўінстан пачаў адзявацца павольнымі няўмелымі рухамі. Дагэтуль ён, здаецца, не заўважаў, які ён быў схуднелы і слабы. Толькі адна думка круцілася ў яго ў галаве: ён прабыў тут значна болей, чым сабе ўяўляў. І тады раптам, калі ён заўважыў на сабе ўбогія лахманы, яго ахапіла пачуццё жалю за сваё зруйнаванае цела. Не паспеўшы зразумець, што ён робіць, ён зваліўся на невялічкі зэдлік, што стаяў побач з ложкам, і заліўся слязьмі. Ён разумеў, што гэта брыдка, агідна — убогі касцяк у бруднай сподняй бялізне сядзіць і румзае пад рэзкім белым святлом, — але не мог спыніцца. О'Браэн амаль прыязна паклаў яму руку на плячо.

— Гэта не будзе цягнуцца вечна, — сказаў ён. — Вы можаце вызваліцца, калі толькі захочаце. Усё залежыць ад вас.

— Гэта вы зрабілі! — хліпнуў Ўінстан. — Вы давялі мяне да гэткага стану.

— Не, Ўінстан, вы самі давялі сябе да такога. Вы пагадзіліся на гэта, калі паўсталі супраць Партыі. У гэты першы ўчынак уключалася ўсё наступнае. Не адбылося нічога, што не было б прадбачна.

Ён спыніўся, пасля працягваў далей:

— Мы білі вас, Ўінстан. Мы зламалі вас. Вы бачылі, да чаго падобнае цяпер ваша цела. Ваш розум у такім самым стане. Не думаю, што ў вас яшчэ засталося шмат колішняй ганарыстасці. Вас білі нагамі, лупцавалі бізуном, зневажалі, вы крычалі ад болю, вы качаліся па падлозе ў крыві і ванітах. Вы малілі аб літасці, вы здрадзілі ўсім і ўсяму. Ці ёсць яшчэ якая ганьба, да якой бы вы не апусціліся?

Ўінстан перастаў плакаць, хоць слёзы ўсё яшчэ каціліся па шчоках. Ён паглядзеў на О'Браэна.

— Я не здрадзіў Джуліі, — сказаў ён.

О'Браэн задумліва паглядзеў на яго.

— Так, — згадзіўся ён, — так, гэта праўда. Вы не здрадзілі Джуліі.

Асаблівая павага да О'Браэна, якую, як здавалася, нічога не магло пахіснуць, зноў напоўніла Ўінстанава сэрца. «Які ён разумны, — думалася яму, — які разумны». О'Браэн заўсёды разумеў усё, што яму ні казалі. Любы іншы адразу адказаў бы яму, што ён усё ж здрадзіў Джуліі. Бо чаго толькі яны не выціснулі з яго пад час катаванняў. Ён сказаў ім усё, што ведаў пра яе, яе звычкі, яе характар, яе мінулае жыццё; ён выдаў у самых найменшых дэталях усё, што адбывалася пад час іх сустрэч, усё, што ён казаў ёй, а яна яму, іх ежу з чорнага рынку, іх пахацімства, іх невыразныя планы змовы супраць Партыі — усё. І ўсё ж у тым сэнсе, як ён разумеў гэтае слова, ён ёй не здрадзіў. Ён не перастаў яе кахаць, яго пачуцці да яе засталіся тыя самыя. О'Браэн зразумеў, што ён хацеў сказаць, і не патрабаваў ніякіх тлумачэнняў.

— Скажыце мне, ці хутка мяне расстраляюць? — спытаўся ён.

— Можа, прыйдзецца і пачакаць, — адказаў О'Браэн. — У вас цяжкі выпадак. Але не губляйце надзеі. Усе раней ці пазней вылечваюцца. А пасля ўсяго мы вас расстраляем.

4

Яму было значна лепей. Ён дужэў і гладчэў з кожным днём, калі можна было гаварыць пра дні.

Белае святло і няспыннае гудзенне былі тыя самыя, што і раней, але камера была трошкі больш утульная за ранейшыя. На дашчаным ложку быў матрас і падушка, побач быў зэдлік, каб пасядзець. Яго адмылі і дазволілі даволі часта ўмывацца ў бляшанай умывальні. Яму нават давалі мыцца цёплай вадой. Яму выдалі новую бялізну і чысты камбінезон. Яго варыкозную язву змазалі заспакойлівай маззю. Яму вырвалі рэшткі зубоў і ўставілі новы зубны пратэз.

Прайшлі тыдні, а можа, і месяцы. Цяпер ён ужо мог бы вымяраць час, калі б гэта хоць трошкі яго цікавіла, бо яго кармілі праз рэгулярныя інтэрвалы. Ён еў, як ён мог меркаваць, тры разы на суткі; часам ён пытаўся ў сябе, калі яго кармілі — удзень ці ўначы? Ежа была надзіва смачная, праз кожныя два разы давалі мяса. А аднойчы прынеслі нават пачак цыгарэт. У яго не было запалак, але маўклівы ахоўнік, што прыносіў яму ежу, даваў яму запаліць. Калі ён першы раз паспрабаваў запаліць, яму зрабілася млосна, але ён упарта працягваў спробы і расцягнуў пачак на доўгі час, выкурваючы па паўцыгарэты кожны раз пасля ежы.

Поделиться с друзьями: