1984
Шрифт:
— Тут пяць пальцаў. Бачыце пяць пальцаў?
— Так.
І ён сапраўды бачыў іх нейкі няўлоўны момант, пакуль вобразы ў яго свядомасці не змяніліся на іншыя. Ён бачыў пяць пальцаў, і гэта была не памылка. Пасля зноў усё навокал сталася нармальным, і тады стары страх, нянавісць і замяшанне зноў вярнуліся да яго. Але да гэтага быў момант — ён не ведаў, колькі ён цягнуўся, можа, паўхвіліны, — прамяністай яснасці, калі кожнае новае слова О'Браэна запаўняла пустку ў свядомасці і рабілася абсалютнай ісцінай, калі двойчы два магло з лёгкасцю раўняцца і тром, і пяці, калі гэта неабходна. Гэтае адчуванне знікла яшчэ перад тым, як О'Браэн апусціў руку; і хоць ён не мог вярнуць яго, ён мог пра яго памятаць, як нехта памятае пра нейкі цікавы выпадак з далёкага перыяду
— Цяпер вы бачыце, — сказаў О'Браэн, — што, ва ўсялякім разе, гэта магчыма.
— Так, — адказаў Ўінстан.
О'Браэн устаў задаволены. Злева за яго спінай Ўінстан убачыў, як чалавек у белым халаце абламаў ампулу і набраў яе змесціва ў шпрыц. О'Браэн павярнуўся да Ўінстана і ўсміхнуўся. І амаль як некалі, ён паправіў акуляры на носе.
— Памятаеце, як аднойчы вы напісалі ў вашым дзённіку, — сказаў ён, — што не істотна, сябар я вам або вораг, бо я чалавек, які, прынамсі, вас разумее і з якім можна пагаварыць? Вы мелі рацыю. Я люблю гаварыць з вамі. Ваш розум мяне цікавіць. Ён падобны да майго розуму, з той толькі розніцай, што ваш — нездаровы. Перш чым скончыцца сеанс, вы можаце задаць мне некалькі пытанняў, калі хочаце.
— Любыя пытанні?
— Любыя, — ён убачыў, што Ўінстан глядзіць на шкалу. — Прыбор выключаны. Ваша першае пытанне?
— Што вы зрабілі з Джуліяй?
О'Браэн зноў усміхнуўся.
— Яна здрадзіла вам, Ўінстан. Адразу, не чакаючы. Я рэдка бачыў, каб нехта пераходзіў на наш бок так хутка. Вы наўрад ці пазналі б яе, калі б пабачылі. Уся яе бунтоўнасць, уся хітрасць і безразважнасць, уся непрыстойнасць — усё было ўмомант выпалена з яе. Гэта было дасканалае наверненне, хрэстаматыйны выпадак.
— Вы катавалі яе?
О'Браэн не адказаў.
— Наступнае пытанне, — сказаў ён.
— Ці існуе Вялікі Брат?
— Вядома ж, ён існуе. Партыя існуе, Вялікі Брат — увасабленне Партыі.
— Ці існуе ён гэтаксама, як існую я?
— Вы не існуеце, — адказаў О'Браэн.
І зноў яго агарнула пачуццё бездапаможнасці. Ён ведаў або мог сабе ўявіць усе аргументы, што даводзілі яго няіснасць, але яны былі бяссэнсіцай, гульнёй слоў. Ці не змяшчала ў сабе сцверджанне «Вы не існуеце» лагічнай абсурднасці? Але што было пра гэта гаварыць. Яго мозг сціснуўся ад адной думкі пра тыя неаспрэчныя, вар'яцкія аргументы, якімі О'Браэн раздушыць яго.
— Я думаю, што я існую, — стомлена сказаў ён. — Я ўпэўнены ў сваёй сапраўднасці. Я нарадзіўся, і я памру. У мяне ёсць рукі і ногі. Я займаю пэўнае месца ў прасторы. Ніводнае іншае цвёрдае цела не можа адначасова займаць тое самае месца. Ці існуе Вялікі Брат у гэтым сэнсе?
— Усё гэта не так важна. Ён існуе.
— Ці можа Вялікі Брат калі-небудзь памерці?
— Вядома ж, не. Як жа ён можа памерці? Наступнае пытанне.
— Ці існуе Братэрства?
— Пра гэта, Ўінстан, вы не даведаецеся ніколі. Калі, скончыўшы з вамі працаваць, мы вырашым вас вызваліць і калі вы дажывяцё да дзевяноста гадоў, вы ўсё роўна ніколі не будзеце ведаць адказу на гэтае пытанне. Пакуль вы жывы, гэта застанецца ў вашай свядомасці неразгаданай загадкай.
Ўінстан ляжаў моўчкі. Яго дыханне пачасцілася. Ён усё яшчэ не мог задаць пытанне, якое першае прыйшло яму ў галаву. Ён мусіў спытацца, але язык адмаўляўся вымавіць гэтае пытанне. Твар О'Браэна засвяціўся задавальненнем. Здавалася, што нават яго акуляры іранічна бліснулі. «Ён ведае, — раптам падумаў Ўінстан, — ён ведае, пра што я збіраюся запытацца!» Пры гэтай думцы словы самі вырваліся ў яго з вуснаў:
— Што адбываецца ў Пакоі 101?
Выраз твару О'Браэна не змяніўся. Ён суха адказаў:
— Вы ведаеце, што адбываецца ў Пакоі 101, Ўінстан. Усе ведаюць, што адбываецца ў Пакоі 101.
Ён зрабіў знак пальцам чалавеку ў белым халаце. Відаць, сеанс скончыўся. Іголка ўтыркнулася ў руку Ўінстану. І амаль адразу ён патануў у глыбокім сне.
3
— Вашае лячэнне
будзе складацца з трох стадый, — сказаў О'Браэн. — А менавіта: павучанне, зразуменне, прыняцце. Цяпер якраз настаў час перайсці да другой стадыі.Як заўсёды, Ўінстан ляжаў на спіне. Але апошнім часам яго прывязвалі слабей. Ён усё яшчэ быў прымацаваны да ложка, але мог ужо варушыць каленямі і паварочваць галаву, а таксама трошкі прыўзнімаць рукі ў локцях. Шкала таксама была ўжо не такая страшная. Ён ужо мог пазбегнуць болю, калі быў дастаткова кемлівы: звычайна О'Браэн націскаў на рычаг, калі Ўінстан выяўляў неразумнасць. Часам яны за ўвесь сеанс ні разу не ўжывалі страшнай прылады. Ён не памятаў, колькі ўсяго ўжо было сеансаў. Увесь працэс расцягнуўся на доўгі, бясконцы час — цэлыя тыдні — а перапынкі паміж сеансамі складалі часам некалькі дзён, а часам адну-дзве гадзіны.
— За час, што вы лежыцё тут, — сказаў О'Браэн, — вы часта задумваліся — вы нават пыталіся ў мяне пра гэта — чаму Міністэрства Любові траціць на вас столькі часу і клопатаў. Дый калі вы былі на свабодзе, вас займала амаль тое самае пытанне. Вы маглі зразумець механізм грамадства, у якім вы жылі, але не маглі зразумець яго матываў. Памятаеце, як вы напісалі ў дзённіку: «Я разумею як, я не разумею чаму»? Якраз калі вы думалі пра «чаму», вы сумняваліся, ці ўсё ў парадку з вашым розумам. Вы чыталі Кнігу, кнігу Гольдштэйна ці, прынамсі, часткі з яе. Ці знайшлі вы там штосьці, пра што не ведалі дагэтуль?
— А вы чыталі яе? — спытаўся Ўінстан.
— Я напісаў яе. Дакладней кажучы, удзельнічаў у яе напісанні. Вы ж ведаеце, ніводная кніга не пішацца адным чалавекам.
— Ці праўда тое, што там напісана?
— Само апісанне — так. А праграма, якая там выкладзена, — чыстая бязглуздзіца. Патаемнае назапашванне ведаў — паступовае пашырэнне асветы — урэшце, пралетарскае паўстанне — звяржэнне ўлады Партыі. Вы самі маглі прадбачыць, пра што там будзе напісана. Усё гэта бязглуздзіца. Пралетарыі ніколі не паўстануць, ні праз тысячу гадоў, ні праз мільён. Яны не могуць. І мне не трэба казаць вам прычыну — вы яе ўжо ведаеце. А калі вы яшчэ песціце надзеі на бурнае паўстанне, дык пакіньце іх. Партыю ніяк нельга звергнуць. Партыя будзе панаваць вечна. Прыміце гэта зыходным пунктам сваіх разважанняў.
Ён падышоў бліжэй да ложка.
— Вечна! — паўтарыў ён. — А цяпер вернемся да пытання пра «як» і «чаму». Вы даволі добра разумееце, як Партыя ўтрымлівае ўладу. Цяпер скажыце мне, чаму мы трымаемся за ўладу. Чым мы кіруемся? Чаму мы жадаем улады? Ну давайце, кажыце, — дадаў ён, бо Ўінстан маўчаў.
Аднак Ўінстан не спяшаўся з адказам. Яго ахапіла пачуццё страшэннай стомы. Ледзь заўважны прамень вар'яцкай радасці зноў бліснуў на твары О'Браэна. Ён загадзя ведаў, што скажа О'Браэн. Што Партыя дамагаецца ўлады не дзеля сваіх мэтаў, а дзеля агульнага дабрабыту. Што яна дамагалася ўлады, бо людзі ў цэлым — кволыя баязлівыя стварэнні, якія не выносяць свабоды і не могуць глядзець у вочы праўдзе, і таму іншыя, мацнейшыя за іх, павінны імі кіраваць і сістэматычна іх падманваць. Што чалавецтва стаяла перад выбарам паміж свабодай і шчасцем і што для большасці чалавецтва шчасце было важнейшым. Што Партыя была адвечным абаронцам слабых, утаямнічанай сектай, якая чыніць злое, каб з яго выйшла добрае, ахвяруючы сваё шчасце дзеля шчасця іншых. Самым жахлівым, думаў Ўінстан, было тое, што, калі О'Браэн скажа гэта, ён гэтаму паверыць. Гэта было напісана ў яго на твары. О'Браэн ведаў усё. У тысячу разоў лепш за Ўінстана ён ведаў, што ўяўляе сабой навакольны свет, у якім убостве жывуць велізарныя масы чалавечых істот і якой хлуснёй і зверствамі Партыя ўтрымлівае іх у гэтым убостве. Ён усё гэта зразумеў, усё ўзважыў, усё гэта было не істотна: усё апраўдвалася канчатковай мэтай. Што ж ты зробіш, думаў Ўінстан, з гэтым вар'ятам, які разумнейшы за цябе, які спакойна выслухоўвае твае аргументы і зноў упарціцца ў сваім вар'яцтве?