1984
Шрифт:
— Перад якой вайной? — спытаўся Ўінстан.
— Вайна ёсць вайна, — неяк незразумела адказаў стары.
Ён падняў куфаль, яго плечы зноў выпрасталіся.
— Ваша здароўе!
Востры кадык на схуднелай шыі старога незвычайна рэзка таргануўся, і піва знікла. Ўінстан схадзіў да стойкі і вярнуўся з яшчэ двума паўлітрамі. Здаецца, стары забыўся пра свае перасцярогі што да цэлага літра.
— Вы значна старэйшы за мяне, — сказаў Ўінстан. — Калі я нарадзіўся, вы былі ўжо дарослым чалавекам. Вы яшчэ памятаеце старыя, дарэвалюцыйныя часы. Людзі майго веку, па сутнасці, нічога пра тыя часы не ведаюць. Мы можам толькі прачытаць пра іх у кнігах, але там можа быць няпраўда. Я б хацеў пачуць, што вы пра гэта думаеце. Падручнікі гісторыі сцвярджаюць, што жыццё да Рэвалюцыі было зусім іншае, чым цяпер. Тады панаваў жахлівы прыгнёт, несправядлівасць, беднасць — горш, чым
Твар старога раптам прасвятліўся.
— Цыліндры! — паўтарыў ён. — Дзіўна, што вы згадалі пра гэта. Учора я таксама думаў пра цыліндры, не ведаю чаму. Я якраз думаў — во ўжо колькі гадоў я не бачыў ніводнага цыліндра. Болей няма, ага. Апошні раз я надзяваў цыліндр, гэта было, як хавалі маю швагерку. Гэта было… не, ужо не помню, мо ўжо гадоў пяцьдзесят таму. Вядома ж, я яго браў напракат, самі разумееце.
— Цыліндры — гэта не так важна, — цярпліва працягваў Ўінстан. — Пытанне ў тым, што гэтыя капіталісты — ды яшчэ трохі суддзяў і святароў, што жылі за іх кошт, — былі гаспадарамі зямлі. Усё існавала для іх. Вы, звычайныя людзі, працоўныя, былі ў іх за рабоў. Яны маглі зрабіць з вамі ўсё, што хацелі. Яны маглі адправіць вас у Канаду, як жывёлу. Яны маглі спаць з вашымі дочкамі, каб хацелі. Яны маглі загадаць адхвастаць вас нечым, што звалася «дзевяціхвосты кот». Мінаючы іх, вы мусілі здымаць шапку. Усе капіталісты хадзілі паўсюль з хеўрай лёкаяў, якія…
Твар у старога засвяціўся зноў.
— Лёкаі, — сказаў ён. — Вось слова, якое я не чуў ужо так даўно. Лёкаі! Адразу прыгадваюцца даўнія часы, ну так! Памятаю, як… колькі ж гэта гадоў ужо? а, не ведаю. Часам я хадзіў у Гайд-парк вечарамі ў нядзелю, паслухаць, як там гавораць. Армія збаўлення, рыма-католікі, жыды, індусы. Каго толькі не было. Быў там адзін, імя я ўжо не помню, але ж добры прамоўца, надта прыгожа казаў! «Лёкаі! — казаў. — Лёкаі буржуазіі! Паслугачы кіраўнічае клясы!» «Паразіты», — таксама казаў. А яшчэ: «Гіены!»» Во, як ён іх называў. Вядома ж, гэта ён казаў пра лейбарыстаў.
Ўінстану здавалася, што ён гуляе ў сапсаваны тэлефон.
— Папраўдзе, я хацеў бы ведаць вось што… — сказаў ён. — Ці вы думаеце, што цяпер болей свабоды, чым тады? Ці вас болей лічаць цяпер за чалавека? У старыя часы багатыя людзі, людзі, што кіравалі…
У галаве ў старога бліснуў успамін.
— Палата Лордаў, — падказаў ён.
— Палата Лордаў, калі хочаце. Вось што я хачу спытаць: ці тыя людзі маглі лічыць вас ніжэйшымі за сябе толькі таму, што яны былі багатыя, а вы бедныя? Ці праўда, напрыклад, што вы мусілі іх называць «сэр» і здымаць шапку, калі сустракаліся з імі?
Стары глыбока задумаўся. Ён выпіў амаль чвэрць свайго піва і тады сказаў:
— Так. Яны любілі, каб з імі віталіся. Гэта паказвала павагу. Я гэтага не любіў, але таксама гэтак рабіў, даволі часта. Так было трэба, напэўна.
— Ці было звычайным, — я паўтараю толькі тое, пра што прачытаў у падручніках, — ці было звычайным, што гэтыя людзі і іх слугі спіхвалі вас з ходніка ў канаву?
— Адзін такі піхнуў мяне аднойчы, — сказаў стары. — Помню, быццам учора было. Быў вечар, якраз была Рэгата. Пад час тых рэгатных вечароў заўсёды было тлумна, і во я натыкаюся на нейкага маладзёна на праспекце Шэфтсберы. Такі шыкоўны быў. Кашуля, цыліндр, чорны гарнітур. Хістаўся ў бакі, дык я і наткнуўся на яго, не заўважыў. Ён кажа: «Што, не бачыш, куды ідзеш, га?» Я кажу: «А вы што, купілі гэты сраны тратуар?» Ён кажа: «Я табе адкручу галаву, калі будзеш са мной так гаварыць». Я кажу: «Вы п'яны, я вас пакладу праз паўхвіліны!» І вы не паверыце, ён паклаў мне руку на грудзі і гэтак піхнуў, што я ледзь не зваліўся пад колы аўтобуса. Але тады я быў яшчэ малады і мог бы яго адлупцаваць як след, але…
Ўінстана ахапіла пачуццё бездапаможнасці. Памяць старога была грудай дэталяў. Так можна было распытваць яго цэлы дзень і не атрымаць ніякай важнай інфармацыі. Партыйныя падручнікі па гісторыі маглі быць у нейкай ступені слушныя. Яны маглі быць нават цалкам слушныя. Ён зрабіў апошнюю спробу.
— Можа, я не
так ясна выказаўся, — сказаў ён. — Вось што я хачу сказаць. Вы пражылі доўгае жыццё. Больш за палову жыцця вы жылі да Рэвалюцыі. У 1925 годзе, напрыклад, вы ўжо былі дарослы. Ці не маглі б вы сказаць, грунтуючыся на ўспамінах, што жыццё ў 1925 годзе было лепшае, чым цяпер? Ці яно было горшае? Калі б вы маглі выбраць, дзе б вы хацелі жыць: у тых часах або цяпер?Стары задуменна паглядзеў на шчыт, куды кідалі дроцікі. Ён дапіў куфаль, павальней, чым папярэдні, і сказаў спагадна і філасафічна, быццам піва змякчыла яго:
— Ведаю, чаго вы ад мяне чакаеце. Вы чакаеце, што я скажу, што хацеў бы зноў стаць маладым. Шмат хто сказаў бы, што хоча стаць маладым, калі б у іх спыталіся. Дажыўшы да маіх гадоў, заўсёды скардзяцца на жыццё. У мяне нейкая немач у нагах, надта баліць, і мачавы пузыр таксама. Уначы паднімае мяне з ложка разоў шэсць ці сем. З другога боку, вельмі добра быць старым. Няма болей колішняга клопату. З жанчынамі няма нічога — вось што добра. Я не меў жанчын ужо гадоў трыццаць, можаце мне верыць. Нават больш — я ні разу іх не хацеў за гэты час.
Ўінстан абаперся на падваконне. Не было сэнсу працягваць. Ён пайшоў узяць яшчэ піва, калі стары раптам падхапіўся і пабег у смярдзючую прыбіральню, што была збоку. Лішнія паўлітра зрабілі сваю справу. Ўінстан пасядзеў яшчэ хвіліну ці дзве, утаропіўшы вочы ў пусты куфаль, і не заўважыў, як ногі самі вынеслі яго на вуліцу. Прайшло нейкіх дваццаць гадоў, падумаў ён, і ніхто ўжо не можа адказаць на гэтае простае пытанне: «Ці было жыццё да Рэвалюцыі лепшае, чым цяпер?» І праўда, на яго ўжо нельга было адказаць, бо тыя рэдкія ацалелыя зломкі старога свету не маглі ўжо параўнаць адну эпоху з другой. Яны памяталі безліч непатрэбных рэчаў: сварку з калегам, пошукі згубленай роварнай помпы, выраз твару даўно памерлай сястры, слупы пылу ветраным ранкам семдзесят гадоў таму; але ўсе важныя падзеі засталіся па-за іх зрокам. Яны былі як мурашкі: маленькае яны бачылі, вялікае — не. Памяць слабла, дакументы фальсіфікаваліся, і тады з заявай Партыі аб тым, што яна палепшыла ўмовы жыцця людзей, трэба пагадзіцца, бо не існавала і не магло ніколі існаваць узору, з якім можна было б параўнаць цяперашнія ўмовы.
Плынь Ўінстанавых думак раптоўна перарвалася. Ён спыніўся і падняў вочы. Ён стаяў у вузкай вулцы са змрочнымі маленькімі крамкамі, уціснутымі між жылых дамоў. Тры пабляклыя металічныя кулі, якія некалі былі пазалочаныя, звісалі над самай галавой. Яму здалося, што ён пазнаў гэтае месца. Натуральна! Ён стаяў перад антыкварнай крамай, дзе быў купіў сваю кнігу.
Па ім прабеглі дрыжыкі страху. Ужо сама пакупка кнігі была даволі неасцярожным учынкам, і ён паабяцаў сабе ніколі больш не паяўляцца ў гэтых мясцінах. Але як толькі ён пусціў свае думкі блукаць, дзе ім хочацца, ногі самі прывялі яго сюды. Якраз ад гэткіх самагубных памкненняў душы ён і спадзяваўся засцерагчыся, пішучы свой дзённік. У той самы момант ён заўважыў, што крама яшчэ адчыненая, хоць было ўжо недзе каля дваццаці адной гадзіны. Падумаўшы, што яго хутчэй заўважаць тут, на вуліцы, чым у краме, ён расчыніў дзверы. Калі б у яго спыталіся, ён зусім шчыра мог бы сказаць, што шукае лёзы для галення.
Гаспадар запаліў вісячую лямпу, ад якой ішоў горкі, але прыязны пах. Гэта быў чалавек гадоў шасцідзесяці, кволы і згорблены, з доўгім і зычлівым носам. Вочы з мяккім позіркам былі дэфармаваныя тоўстымі шкельцамі акуляраў. Валасы ў яго былі амаль белыя, але бровы — густыя і чорныя. Яго акуляры, далікатныя рухі, стары чорны аксамітны фрэнч надавалі яму выгляд інтэлектуала, быццам ён быў літаратар або музыкант. Голас у яго быў мяккі, нібы прыглушаны, а мова не такая сапсаваная, як у большасці пролаў.
— Я пазнаў вас яшчэ на вуліцы, — сказаў ён адразу. — Вы той пан, што купіў дзявочы альбом. У ім была цудоўная папера, сапраўды цудоўная. Крэмавае вержэ — так яе раней называлі. Такую паперу не вырабляюць ужо — о, ужо гадоў пяцьдзесят. — Ён паглядзеў на Ўінстана паўзверх акуляраў. — Чым я магу вам дапамагчы? Вы шукаеце што-небудзь ці хацелі б проста паглядзець?
— Я проста праходзіў міма, — нерашуча адказаў Ўінстан. — Захацелася зазірнуць. Я не шукаю нічога канкрэтнага.
— Тым лепей, — сказаў той, — бо я ўсё роўна не здолеў бы вас задаволіць, — ён зрабіў вінаваты рух сваёй мяккай рукою. — Вы ж бачыце самі: крама, можна сказаць, пустая. Між намі кажучы, антыкварны гандаль ужо амаль і не існуе. Няма болей ніякага попыту, дый ніякага тавару. Мэбля, фарфор, шкло — усё паступова панішчылася. А металёвыя рэчы збольшага пайшлі на пераплаўку. Ужо колькі год я не бачыў ніводнага латуннага падсвечніка.