Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без

Некляев Владимир Прокофьевич

Шрифт:

1971.09.11. Паведамленне ў газеце “Праўда” пра смерць пенсіянера саюзнага значэння М. С. Хрушчова.

Вуліца Уладзіміра Някляева

Пасляслоўе Віктара Ледзенева (Віла)

Ніколі не думаў, што давядзецца прачытаць раман, у якім буду адным з галоўных персанажаў. І вось давялося…

Дзіўнае адчуванне.

Як і аўтар рамана, я не мінчук, прыехаў у Мінск у жніўні 1961-га з Масквы, а ў Маскву — з Новасібірска. Быў я хакеістам, гуляў у камандах майстроў, але праз траўму мая спартыўная кар’ера завяршылася. У Мінску працаваў карэспандэнтам Усесаюзнага радыё і Цэнтральнага тэлебачання мой старэйшы брат (таксама прататып аднаго з персанажаў гэтага рамана), які і прапанаваў мне перавесціся з Маскоўскага педагагічнага інстутыта імя Леніна (быў яшчэ ў Маскве педагагічны інстытут імя Крупскай) у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт імя Леніна. Так бы мовіць, з Леніна перавесціся ў Леніна, што нібы не павінна было стаць праблемай — і тым не менш праблемай стала: перавесціся не ўдалося. Таму я прыехаў, як і ўсе, здаваць уступныя экзамены ва ўніверсітэт —

і ў гэты ж час прыехаў са Смаргоні здаваць уступныя экзамены ў Мінскі электратэхнікум сувязі Валодзя Някляеў. Вось тады я і ўбачыў яго на прыступках Тэатра юнага гледача, куды прыйшоў разам з Кімам Хадзеевым, Гарыкам Клябанавым ды іншымі персанажамі Мінскага рамана, з якімі пазнаёміўся ў нядзелю 6 жніўня ў скверыку на вуліцы Леніна.

Чаму праз столькі гадоў гэтак дакладна называю дату? Запомніў, бо святкаваўся Дзень чыгуначніка, а ён святкуецца менавіта ў першую нядзелю жніўня, якая ў 1961 прыпадала на 6-е. Так што пераносячы пачатак дзеі рамана ў 1960 год, аўтар храналагічна не надта дакладны, але ж гэта не дакументальны раман. Ва ўсякім разе, вы нідзе не знойдзеце дакументаў, якія б пацвярджалі, што жыў-быў у Мінску ў 60-х гадах дваццатага стагоддзя сваяк Уладзіміра Ільіча Леніна Саламон Майсеевіч Бланк, ці што грамадзянін ЗША Лі Гарві Освальд уваходзіў у антысавецкую групоўку, якая рыхтавала замах на жыццё Першага сакратара ЦК КПСС, Старшыні Савета Міністраў СССР таварыша Мікіты Сяргеевіча Хрушчова. Тым не менш, чытаючы пра гэта, я кожны раз лавіў сябе на адной і той жа думцы: няхай сабе так не было, але так магло быць. Верагоднасць развіцця падзей і ў тым накірунку, у якім яны развіваліся рэальна, і ў тым, у якім развіў іх аўтар Мінскага рамана, прыблізна аднолькавая.

Пры ўваходзе ў Тэатр юнага гледача тоўпілася чалавек сорак. Каля крайняй правай калоны, прыляпіўшыся да яе так, што, здавалася, яго ўжо ніколі ад той калоны не адляпіць, бялявенькі хлапчук у сіняй вельветавай куртачцы з замочкамі на кішэнях чытаў верш пра вайну. Нешта такое гераічнае… Не помню ні радка з таго верша, але помню, што Кім, у якога быў нюх на таленты, сказаў, што з хлопчыка можа быць толк. І, як аказалася, не памыліўся.

Пачаліся ўступныя экзамены. Я ва ўніверсітэт паступіў, а Валодзя ў электратэхнікум сувязі — не. Ён закахаўся ў дзяўчынку, якая жыла на Вакзальнай плошчы (у Мінскім рамане яе, “татарку Нэлу”, аўтар перасяліў на вуліцу Савецкую), і працэс закаханасці ўвайшоў у неадольную супярэчнасць з працэсам здачы экзаменаў. Прычым, супярэчнасць гэтая выявілася не ўпершыню: па той жа прычыне ў 1960 годзе Валодзя не паступіў у геолагаразведачны тэхнікум у Кіеве. “У чатырнаццаць год «паступаць на геолага» паехаў у Кіеў, дзе драматычна закахаўся. Бялявенькая такая, яснавокая… Не помню, як яе звалі, але помню, як мяне праз яе білі. Пяцёра таксама ў яе закаханых хлопцаў, з якімі жыў я ў адным інтэрнацкім пакоі. Старэйшыя за мяне, ужо пасля арміі… Закручвалі ў коўдру — і кедамі! Каб раскахаўся… Справіцца з імі было мне не па сіле, паскардзіцца не дазваляў характар. Трываў, колькі мог. Аднойчы закашляўся — на насоўцы кроў. Ну, думаю, рамантыка рамантыкай, каханне каханнем, а жыццё даражэй. Бывай, бялявая!..» — успамінае Някляеў у аўтабіяграфічным эсэ “Цуды ўсе ў адным адзіным цудзе”.

Другім разам паступаць у электратэхнікум сувязі Валодзя не збіраўся, думаў паступаць у музычную вучэльню ў Маладзечна, але… Але, мяркую, вырашыла ўсё знаёмства з Нэлай і з намі — найперш з Кімам, да якога яго пацягнула не менш, чым да Нэлы: была ў знешне непрыцягальным Кіме ўнутраная прыцягальная сіла.

Пры знаёмстве з Кімам Хадзеевым многіх насцярожвала і нават палохала ягоная турэмная, “антысавецкая біяграфія”. Мяне — не. У Сібіры я жыў у спецпасяленні для сем’яў “ворагаў народа” — там усе былі “турэмшчыкі і антысаветчыкі”. У школу я пайшоў у Навасібірску (у спецпасяленні школы не было, да таго ж я хварэў на туберкулёз, хранічную хваробу дзяцей баракаў) адразу ў чацвёрты клас. Старшыня савета школьнай піянерскай дружыны біў мяне тварам аб парту: “Ты чаму не носіш гульштук?!.” — і я адказваў: “Я ашыйнік не надзену!” Таму ў асяродку Хадзеева ў Мінску я знайшоў калі не блізкіх, дык зразумелых мне сваімі поглядамі і настроямі маладых людзей. Чаго нельга сказаць пра Валодзю, для якога тое, што ён чуў ад нас, найперш ад Кіма, чытаў у нечытаных раней кнігах, было нечым накшталт землятрусу, які абрушваў ранейшыя ягоныя ўяўленні. Не магу сцвярджаць, што менавіта ў нашым асяродку фармаваўся ягоны светапогляд, але ўплыў усё ж быў.

Мы ўсе былі старэйшыя за Валодзю, для нас ён быў зусім хлопчыкам, які, саромеючыся і адчуваючы сябе сярод старэйшых не надта ўтульна, з’яўляўся ў нашай кампаніі зрэдку, кантактуючы пераважна з Кімам і са мной. З Кімам, таму што той быў гуру, а са мной, бо я займаўся радыёспортам. Зблізіла мяне з ім яшчэ тое, што ў нечым падобныя былі лёсы нашых быцькоў-франтавікоў: майго, рэпрасаванага, і ягонага, які цудам пазбегнуў рэпрэсій.

Валодзя хацеў стаць геолагам, музыкантам, баксёрам, паэтам, астраномам, касманаўтам, радыётэхнікам, але найбольш і найперш ён хацеў стаць стылягам! І ўявіце сабе смаргонскага “стылягу” ў вельветавай куртачцы і картовых штанах побач з мінскімі стылягамі ў портках-дудачках і стракатых кашулях пад шыракаплечымі пінжакамі… Адпаведна мы да яго й ставіліся: не заўважалі, часам нават крыўдзілі, але ён упарта не адступаўся ад нас — і не адступіў нават тады, калі “антысавецкай групоўкай Хадзеева” заняўся Камітэт дзяржаўнай бяспекі. Ён, 15-гадовы хлапчук (хоць і мы, 19-20-гадовыя, былі не нашмат старэйшыя) не меў да гэтай “антысавецкай групоўкі” ніякіх адносінаў, проста прыйшоў да Кіма па новую кнігу, а ў кватэру Хадзеева якраз з’явіліся “таварышы ў цывільным” з ператрусам. Яны й вырашылі: калі на хлопчыка, які чытае не тыя, якія трэба чытаць, кнігі, як след не паўздзейнічаць, дык хто яго ведае, што з яго выйдзе. Тым больш, што ў яго такі настаўнік…

Аднойчы, калі мы ўспаміналі тыя часы і, натуральна, Кіма Хадзеева, я спытаў Валодзю, ужо вядомага ўсім Уладзіміра Някляева: “Як ты думаеш, за што я адразу палюбіў Кіма?” І Валодзя адказаў нібы жартам, каб асабліва не ўдавацца ў сантыменты: “За тое, што Кім насіў берэт”. І ўгадаў! З часоў майго спецпасяленскага дзяцінства я насцярожана адносіўся на людзей у фуражках і паважаў (гэта ўжо асобная гісторыя: чаму?) тых, хто

насіў берэты. Яны заўсёды аказваліся цікавымі, цудоўнымі людзьмі — і Кім Хадзееў не стаў выключэннем.

Аўтар Мінскага рамана ўбачыў і запомніў яго некалькі інакш, чым убачыў і запомніў я. Але знайдзіце вы чалавека, якога б усе ўспрымалі аднолькава? Хай сабе нават чалавека самага простага, а Кім быў самым няпростым чалавекам з усіх, каго я ведаў. І ўжо што-што, а гэтая якасць у характары Палкоўніка, ці Сысоя, як яшчэ называлі Кіма, створаным у Мінскім рамане, відавочна выўляецца і ў ягоных адносінах да ўсіх астатніх персанажаў, і ў адносінах усіх астатніх персанажаў да яго. «Я кахала Косцю, але не так, як Палкоўніка, якога любіла, разумееш, любіла, як, можа быць, Бога трэба любіць, — спавядаецца гераіня рамана Ася. — Ён адзін ведаў столькі, колькі ўсе, і адзін сярод усіх быў вольны ў той савецкай турме, тады, у той час не баяўся, роўных яму людзей я побач не бачыла, таму прыйшла да яго аднойчы пад ноч і сказала, што гатова аддаць яму, такая дурненькая была, гатова аддаць яму ўсё, што маю, а ён засмяяўся: “А што ў цябе ёсць, апроч пыткі?” — я ўпершыню слова такое пачула: пытка. “Дык яна ў любой лярвы ёсць, але што ж, даеш, дык вазьму, кладзіся…” — і я лягла, а ён сказаў, што яму некуда схадзіць трэба, пайшоў, я да раніцы чакала, мяне ўсю клапы скусалі, бо ў ягоным ложку, ды які там ложак, матрац падраты з падратай коўдрай на падлозе, можа, толькі скарпіёнаў не было, а ён недзе цягаўся ўсю ноч, вярнуўся п’яны і спытаў: “Ты што тут робіш?..” — і калі я паўтарыла, што ён для мяне, як Бог, і я гатова аддаць яму ўсё, што маю, закрычаў: “Ідзі Гурыку ўсё аддай, у-ё-біш-ча!..” — і выпіхнуў мяне, голую, у калідор, следам адзежу кінуўшы…” Згадзіцеся, што не толькі кахаць, сябраваць, а проста быць побач, мець хоць нейкія адносіны з такім чалавекам складана.

Ася — выдумка аўтара, ягоная мроя. Ім самім, як Пігмаліёнам, створаная. Яна таксама, як і Палкоўнік, далёка не простая, але, пэўна, такая, якую аўтар Мінскага рамана хацеў бы спаткаць у сваім — шмат у чым фантастычным — горадзе і пакахаць. У кожнага хлапчука і мужчыны ёсць гэткая мара, — і ў той жа час Ася як бы збіральны вобраз усіх тых дзяўчат, якія былі побач з намі, у якіх мы былі закаханыя. Цяпер, калі я ўспамінаю іх, яны ўсе здаюцца мне падобнымі на Асю.

Увогуле я не помню аўтара Мінскага рамана не закаханым. І кожны раз гэта было нечым вулканічным — з перападамі ад ясных зорак да цёмных нетраў. Калі ў яго з Нэлай урэшце не склалася, ён ледзь не кінуўся з маста ў Свіслач. Мы з Бігам (яшчэ адным персанажам Мінскага рамана) выплылі з-пад маста з труной у лодцы, труну ўзяўшы ў Рускім тэатры, а лодку на лодачнай станцыі: “Ну, давай! Кідайся!..” Гумар, нават такі чарнаваты, вельмі добры сродак супраць занадта рамантычных памкненняў.

Увогуле без жартаў, ці, як сёння кажуць, “прыколаў”, не прамінала ў нашай кампаніі, бадай, ніводнага дня. Скажам, у тыя часы строга забаранялася што-небудзь дзе-небудзь распіваць, апроч як у кавярні ці рэстаране, і міліцыянты ганяліся ліратаральна за кожным, хто выглядаў на вулічнага выпівоху, штрафавалі — і з тых штрафаў мелі прэміі. Мы заклаліся на скрыню “Гымзы” (было такое сухое віно) з іншай кампаніяй, што вып’ем навідавоку ў міліцыянтаў — і яны нас не затрымаюць і не аштрафуюць. І вось уявіце карціну: на трох лодках плывуць ад лодачнай станцыі да таго маста цераз Свіслач, з якога збіраўся кінуцца праз няшчаснае каханне будучы аўтар Мінскага рамана, маладыя джэнтльмены ў канацье, кашулях фасону “матылёк” і гэткага ж фасону гальштуках, а з імі маладыя ледзі ў аляпавата-каляровых сукенках са штучнымі кветкамі пад кітайскімі парасончыкамі — і гэтыя дзіўныя джэнтльмены з гэтымі дзіўнымі ледзі пад зайздроснымі позіркамі натоўпу, які сабраўся на мосце, шумна пра нешта размаўляюць, смяюцца, з нечым самі сябе віншуюць і распіваюць з крыштальных бакалаў савецкае шампанскае. Па мосце ўзрашана забегалі ў прадчуванні прэміі міліцыянты — і тут нейкі чалавек у натоўпе (наш, наўмысна намі дзеля гэтага пакінуты на беразе чалавек) пачынае крычаць: “Што вы стоўпіліся! Зараз мост абваліцца! Не бачылі, як кіно здымаюць!” — і міліцыянты самотна (бо калі кіно, дык, значыць, дазволена, і як аштрафуеш?) разыходзяцца разам з натоўпам…

Мы запускалі ў Свіслач кракадзілаў, хадзілі ў лазню з патэфонам, на Круглай плошчы пад гімн Савецкага Саюза тушылі Вечны агонь — чаго толькі ні было! Але ўсе нашы прыколы нішто ў параўнанні з прыколам КДБ, які раптам зляпіў з нас “антысавецкую групоўку”!

Мяне затрымалі каля трапа самалёта ў Маскву. Магчыма, падумалі, што я праз Маскву збіраюся збегчы ў Амерыку ўслед за Освальдам. Допытваў мяне ў КДБ чалавек, які назваўся Уладзімірам Іванавічам. Дапыт ён пачаў з пытанняў пра мае заняткі радыёспортам. Сваёй радыёстанцыі я ў той час яшчэ не меў, працаваў на калектыўнай, і, мусіць, нехта з “калектыву” радыёстанцыі праінфармаваў “калектыў” КДБ пра тое, з кім я звязваюся ў радыёэфіры. І Уладзімір Іванавіч спытаў, пільна гледзячы мне ў вочы: навошта я, просты, як сцвярджаю, хакеіст і радыёаматар, абмяркоўваў з каралём Іярданіі палітычную сітуацыю на Блізкім Усходзе? Я ні з кім не абмяркоўваў ніякай палітычнай сітуацыі ні на Блізкім Усходзе, ні на далёкім, мне ўвогуле тыя Усходы не да галавы былі, таму я нават не ведаў, што Уладзіміру Іванавічу адказаць. А тут яшчэ аказалася, што КДБ кантраляваў не толькі мае кантакты ў радыёэфіры, але і па тэлефоне: “18 снежня вам тэлефанаваў нейкі Васіль. Хто гэта, пра што была размова?.. 5 студзеня вам званіла Святлана. Яе адрас?..” І так допыт за допытам, дзень за днём… На гэткіх самых допытах Барыс Галушка (выведзены ў Мінскім рамане пад мянушкай Біг), які меў дыягназ шызафрэніка і наперад ведаў, што яму нічога, апроч псіхушкі, не пагражае, да шаленства даводзіў свайго следчага тым, што пасля кожнага нязручнага пытання патрабаваў вывесці яго ў прыбіральню. “Калі не выведзеце, я зраблю вам лужу на дыване…”

“Лужай на дыване” можна назваць усё тое, што прыдумалі з “антысавецкай групоўкай” беларускія гэбэшнікі. І, мусіць, для таго, каб самім не сесці ў тую лужу, яны пасадзілі ў турму Кіма Хадзеева і Эдуарда Гарачага. Астатніх павыганялі з інстытутаў, з камсамола. Мяне таксама выключылі з камсамола, у якім я, між іншым, ніколі не быў.

Валодзя абышоўся страхам — яго раз ці два выклікалі ў КДБ і больш не чапалі. Дый што з яго, хлапчука, было ўзяць? Як, зрэшты, і з усіх нас, апроч хіба Кіма, які быў значна старэйшы і ўжо сядзеў у турме як антысаветчык. Мы не ведалі, што з намі будзе, і, канечне, баяліся.

Поделиться с друзьями: