Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без

Некляев Владимир Прокофьевич

Шрифт:

На допытах я ўсё чакаў пытанняў пра Освальда, але ні мяне, ні некага іншага пра яго не распытвалі. Потым, абмяркоўваючы тое, што ў каго пыталіся і што хто адказваў, мы прыйшлі да высновы, што гэбэшнікі ведалі пра Амерыканца значна больш, чым мы. Але не Амерыканец найбольш нас цікавіў — не ён жа нас здаў. І не Палкоўнік, бо ён даваў паказанні, як і ўсе мы, ужо на допытах. Тады хто? “Хто сярод нас стукач?” — вось галоўнае пытанне ўсіх нашых абмеркаванняў. Яго задае і аўтар Мінскага рамана — і гэтаксама, як і ўсе, не дае адказу. Хоць усе падазравалі А.Б., які з’явіўся ў нашай кампаніі найпазней і як бы невядома адкуль:

ніхто яго не запрашаў — сам прыйшоў. Ды падазрэнні так і засталіся падазрэннямі, з цягам часам развеяўшыся разам з залатым пылам нашага юнацтва.

Залаты пыл юнацтва, які лятае ў пранізанай святлом прасторы Мінскага рамана Уладзіміра Някляева, — галоўнае, што ў рамане ёсць. Хай не ўсё было так, як напісаў аўтар, але вось гэта: наша маладая рамантыка, чысціня нашых юначых парыванняў, сяброўства, кахання, музыкі, паэзіі — усё было так. І апроч смаку газіроўкі з сіропам, яшчэ адчуў я ў рамане смак паветра таго Мінску — Мінску пачатку шасцідзясятых, “апошніх гадоў адлігі, вясновы пах якой ледзьве даносіўся да Мінску з Масквы, перацякаў з левага берага Свіслачы на правы, ад Круглай плошчы да пляца Волі, блукаў па вуліцах Маркса і Энгельса, і, завіваючыся, губляўся ў псеўдаантычных калонах тэатра Юнага гледача…”

Не магу адмовіць сабе ў асалодзе яшчэ раз прайсціся разам з аўтарам Мінскага рамана па вулках і завулках, вуліцах і плошчах нашага юнацтва! Па старой, якой ужо няма, Нямізе — хоць трохі, хоць квартал. “Старая Няміга — нават не вуліца, а даўжэзны калідор вялізнай камунальнай кватэры. Справа і злева — драўляныя і жалезныя, каваныя брамы і брамкі ў двары і дворыкі, у якія проста так не зойдзеш, бо нехта, седзячы пры керагазе ці дыван выбіваючы, абавязкова спытае: “А вы да каго будзеце?..” “Да Косці Ворана…” “Косця-я-я!.. — адразу ж прагалёкае на ўвесь двор, на ўсю Нямігу той, хто спытаў. — Шпэндрык да цябе нейкі!..” — і зноў зоймецца керагазам ці дываном, залаты пыл з яго выбіваючы, і нават не спрабуй даводзіць некаму ў тым пыле, што ты не шпэндрык. Не ведаюць цябе на Нямізе, значыць, шпэндрык.

А пад вуліцай Нямігай бяжыць Няміга-рака…”

Бяжыць — хоць і ў трубе — Няміга-рака, бяжыць час, бяжыць жыццё. Пад сярэдзіну 60-х мы з Някляевым згубілі адзін аднаго. Ён скончыў свой тэхнікум сувязі, паехаў на Далёкі Усход, на Поўнач. Я апынуўся ў Паўднёва-Усходняй Азіі — на в’етнамскай вайне. Вярнуўшыся ў Мінск, прафесійна заняўся журналістыкай. Валодзя паступіў у Літаратурны інстытут у Маскве — і нечакана, як і ў пачатку 60-х, зноў аб’явіўся ў пачатку 70-х. Яму было ўжо не пятнаццаць, а дваццаць пяць — і ён патэлефанаваў мне, шукаючы працу. Я працаваў тады ў рэдакцыі газеты “Знамя юности» разам з Валерыем Холадам, у якога былі добрыя адносіны з галоўным рэдактарам, і па нашых рэкамендацыях Някляеў быў прыняты ў штат рэдакцыі. Праз шмат гадоў ужо па рэкамендацыі Уладзіміра Някляева, знакамітага паэта, я буду прыняты ў Саюз беларускіх пісьменнікаў, ён напіша прадмову да маёй кнігі… Але гэтая мая, якую вы чытаеце, прадмова (ці пасляслоўе, не ведаю, як яно выйдзе) — не аддзяка за колішнюю прадмову Някляева, зусім не. Гэта ўдзячнасць за наша юначае, якое паклалася праз лёс, сяброўства — і ўдзячнасць не ад аднаго мяне. Ад усіх нас, бо колькі разоў не толькі я, але і Біг, і Гарык збіраліся напісаць такую кнігу! А напісаў, не дачакаўшыся, калі яе напішам мы, Някляеў. За мяне напісаў, за Біга,

за Гарыка — за ўсіх. Нават за Асю і за яе бацьку Саламона Майсеевіча, якіх да гэтай кнігі не было, а цяпер яны ёсць — і ўжо назаўсёды, як рэальныя людзі, застануцца разам з намі. Такі гэта цуд — сапраўдная літаратура.

І нарэшце вось пра што — дзе і калі яшчэ давядзецца пра гэта сказаць…

Шмат хто — і асабіста, і публічна — папракае Уладзіміра Някляева ў тым, што ён пайшоў у палітыку. Маўляў, гэта не для паэта. Прызнаюся, я таксама думаў: колькі ён страціць часу, колькі не напіша вершаў, паэм, якіх за яго не напіша ніхто! Я ні ў чым не знаходзіў прычыны, па якой дзеля палітыкі можна было б ахвяраваць паэзіяй. Грошы? Ён заўсёды глядзеў на іх абы як. Амбіцыі? Ён цалкам задавальняў іх у творчасці. Улада? Ён ніколі яе не прагнуў. Тады што?.. Паўстагоддзя ведаючы Някляева, я разумеў, што прычына павінна быць — і ўрэшце знайшоў яе ў ягоным Мінскім рамане і ў тым, што за ім.

Мяркуючы па даце напісання, пачаты раман “Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без” да турмы, у якую аўтара, кандыдата ў прэзідэнты Беларусі кінулі ў снежні 2010-га, а скончаны пасля турмы. Пасля таго, як яго ледзь не забілі… І дзе яго ледзь не забілі? На ягонай любімай Нямізе! І калі па тэлеканале “Еўраньюс” я ўбачыў Някляева, скрываўленага, на снезе, дык першае, што ўспомніў: на гэтым самым месцы, тут, дзе ў Нямігу ўпадае вуліца Калектарная, калісьці нас, стылягаў, білі брыгадмілы! Брыгада садзейнічання міліцыі. За што? Ды ні за што! За тое, што мы не так, як яны, апраналіся, не пра тое і не так, як яны, размаўлялі, не так думалі. Нас білі за тое, што мы не такія, як усе…

“Наш (XX) век и политически, и социально, и культурно (даже в вопросах науки) был наглядным и почти непрерывным историческим доказательством безусловной вредности всяких претензий на всеобщность и всеобязательность каких бы то ни было убеждений, идей, верований и мнений”, — пісаў Кім Хадзееў у сваім філасофскім трактаце “Мы цяжарныя цывілізацыяй будучыні…” Пазбаўляе нас ад прэтэнзій на ўсеагульнасць і ўсеабавязковасць толькі грамадства, якое арганізаванае як “договорное содружество с вольным выбором каждой личности и каждой группы. Личность и Человечество — две равнозначные и равноправные силы, а вся социальная организация общества — лишь инструмент их взаимодействия и гармонизации”.

Вось з чаго выйшаў Някляеў.

Прамінула амаль паўвека, брыгадмілаў змянілі амапаўцы, спецназаўцы. За што яны напалі на кандыдата ў прэзідэнты Някляева і ягоных паплечнікаў? Ды па сутнасці за тое самае, за што некалі на нас напалі брыгадмілы!

Змянілася Няміга — не змянілася нічога наўкол яе. Такое не можа доўжыцца бясконца… Гэта і ёсць тая, бадай, адзіная прычына, па якой дзеля палітыкі можна ахвяраваць паэзіяй. Някляеў пайшоў на гэта — і тут жа, прабачаючыся, стаў перад паэзіяй на калені, напісаўшы ў турме, дзе займеў волю ад волі, ад выбару, такую паэму, якая нават для яго, паэта неверагоднай энергетыкі, неверагодная.

Ён неверагодны чалавек — мой даўні сябар Уладзімір Някляеў. Як у жыцці, гэтак і ў літаратуры, у рэальных дзеях і ў фантазіях. А яны, рэальнасць і фантазіі, амаль адно і тое, што я магу засведчыць, пражыўшы не малое жыццё, у якім іншым разам перападала шклянка газіроўкі з сіропам, але часцей — без.

Поделиться с друзьями: