Агасфэр (Вечны Жыд)
Шрифт:
Геру
праф. Ёханаану Лёйхтэнтрагеру
Hebrew Univercity
Jerusalem
Israel
17 сакавіка 1980
Шаноўны гер калега!
Хто б мог падумаць, што з Вашых першых кароткіх заўваг што да фрагмента пра так званага Вечнага Жыда з маёй кнігі «Самыя вядомыя іудэа-хрысціянскія міфы ў святле прыродазнаўчага і гістарычнага пазнання» можа развіцца такое цікавае і інструктыўнае карэспандаванне, за якім з неаслабнай увагай будзе сачыць і мой калектыў. Я заўсёды трымаўся таго погляду, што навукоўцы нават тады, калі яны светапоглядна моцна дыферэнцыраваныя, могуць паразумецца
Вы, у кожным разе, згодныя, што персідскі цар Агасфер не ідэнтычны Вашаму сябру, уладальніку шавецкай крамы; гэта, прынамсі, скрэслівае добрых 400 гадоў з жыцця апошняга. Як што далей вынікае з рукапісу 9QRes, якому Вы надаяце такую вагу, у сувязі з «Настаўнікам справядлівасці» і «Князем цэлай абшчыны» гаворка ідзе пра дзве чалавечыя істоты, а не пра шматкроць паўторанага альбо вечнага духа. Вы з поўным правам указваеце, паважаны гер калега, на рэалізм адной часткі цытаванага Вамі верша. Тым не меней мы мусім канстатаваць, што ўсё астатняе напісана ў такой звышвысокай форме, што акрамя аднаго месца наўрад ці прасвечваюцца якія-небудзь рэальныя факты. Відавочна ў абшчыне Кумран верылі, як, зрэшты, Вы і самі згадваеце, у двух месій, і аўтары цытаванага Вамі рукапісу паведамляюць, як яны паміж сабою спрачаюцца. Літаральны змест спрэчкі, на шчасце, перададзены вельмі натуральна, і ўсё ў ёй стасуецца з вельмі натуральнымі рэчамі. Мы трымаемся думкі, што абодва нібыта месіі альбо проста былі мазурыкі, якія, скарыстаўшыся прымхлівымі інстынктамі членаў абшчыны, працавалі рука ў руку, альбо, што перад фактам абсалютна правільна ацэньваных Вамі істэрычных настрояў у прамежку часу паміж 1 ст. і 2 ст. паводле нашага летазлічэння, найпраўдападобней былі параноікі. Тое, што махляры часта сварыліся, зразумела; але ж таксама і параноікі, з якіх кожны лічыць сябе вялікім, будзь тое Напалеонам альбо месіяй, таксама часта спрачаюцца і павінны быць па магчымасці ізаляваныя.
За параною, прынамсі, у «Князя абшчыны», далей гавораць і яго выразна акрэсленыя ваенна-рэлігійныя шалы. Паколькі дух гэтай адзначанай 9QRes асобы таксама, як і Агасфер, неўміручы, я даручыў двум маім супрацоўнікам пашукаць у Бібліі, апокрыфах і іншых пісаннях падобнага роду выказванняў іншых габрэйскіх персаналіяў. Іх мы, як толькі наша праца дасягне пэўнага пункту, ахвотна прадаставім у Ваша распараджэнне; магчыма, і Вы маглі б са скарбніцы Вашых ведаў даць нам адпаведныя інфармацыі.
Чакаю Вашага адказу і па-сяброўску вітаю Вас
Адданы Вам
(праф. д-р Dr.h.c.)
Зігфрыд Байфус
Інстытут нав. атэізму
Берлін, сталіца ГДР
Разьдзел адзінаццаты. У якім удаецца зазірнуць у прыгожую душу Паўля фон Айцэна, а певень на вежы кірхі тры разы крычыць у доказ таго, што Агасфэр ёсьць той, хто ён ёсьць
Ліст, які доктар Лютэр сунуў у руку юнаму Айцэну, адрасаваны галоўнаму пастару Эпінусу ў саборы сьв. Пятра ў горадзе Гамбургу, добра заклеены й прыпячатаны асабістай пячаткай Лэтэра. Але Айцэну пячэ пісьмо ў кішэні, і чым далей ён ад'язджае, тым гарачэй. Да Рослава на Эльбе ён яшчэ трывае, расказваючы спадарожніку пра сваю ранішнюю казань; ён яшчэ выдатна трымае ўсё ў памяці, як жыды, поўныя гардыні, пыхі й нявер'я, жывуць сярод нас, і ня з працы, а з махлярства, пры гэтым з тых, з каго яны дзяруць, а менавіта з гояў, яшчэ й зьдзекуюцца й праклінаюць іх; і пра тое, што паводле права зь імі трэба было б зрабіць. Але ўжо ў Цэрбсьце, Ангальцкім, сядаючы на каня пасьля неспакойнай ночы, ён ў нясьцерпе кажа Лёйхтэнтрагеру:
— Скажы мне, Гансе, якая ў чалавека самая-самая дарагая даброць, якое ён павінен трымацца, нягледзячы на ўсе спакусы?
Лёйхтэнтрагер пачэсвае гарбок, мабыць набраўся-такі блох на цэрбсцкім начлезе, і сузірае ландшафт, зялёныя дрэвы, у якіх так весела грае гульлівае сьвятло, палеткі навокал, усе дагледжаныя, дабраславёная мясцовасьць, толькі людзі не выглядаюць на дабраславёных, якім добра жывецца на сьвеце; у прыстойнай дзяржве з прыстойнымі носьбітамі гонару, там народ водзяць на кароткай шворцы.
— Самая дарагая даброць людская? — кажа ён, хоць ужо добра ведае, куды хіліць сябар; ён ужо чакаў, з таго часу, як той расказаў яму, які разьвітальны дарунак атрымаў ад добрага доктара Марцінуса. Таму цяпер гаворыць у той самай годнаснай манеры, якую начапіў на сябе і Айцэн, набыўшы магістарскую годнасьць: — Самая дарагая чалавечая даброць, Паўль,
гэта давер, якім цябе асяняе нехта іншы й каго ты не павінен расчараваць без пахібы тваёй несьмяротнай душы.Айцэн чакаў пачуць нешта такое, хоць і спадзяваўся, што чалавек, падобны на яго сябра, пасобіць яму зламаць пячатку.
— А менавіта ж, а ў самы акурат, — уздыхае, — бо й куды ж мы зайшлі б, каб ня нашыя гонар і вернасьць; сьвет, сёньня такі сапсаваны, ператварыўся б у гадзючнік, у гнязьдзішча ўсякай нечысьці.
Але калі яны ўязджаюць у Магдэбург, раскошны біскупскі горад, дзе пераначуюць у доме гера саборнага прапаведніка Міхаэліса, Айцэна зноў разьбірае.
Геру саборнаму прапаведніку вельмі прыемна даць кватэру юнаму confrater, сабрату, у яго тры незамужнія дачкі, адна за адну худзейшая і ўсе разам як усё роўна назначаны ў будучыя пастарыхі; і ён прыступае да куплі кульгавага суправодніка, адразу пачынае лісьлівіць пра дзельных дзеў, аж у тых вушы агнём гараць. За вячэрай, якую любоўнымі рукамі ўшыкавала фраў саборная пастарыха з трыма юнымі асістэнткамі, Лёйхтэнтрагер падрабязна й шырока паведамляе пра магутную казань, якую сказаў яго сябар Айцэн у Вітэнбэргу ў пысутнасьці доктара Лютэра й Мэланхтона; пры гэтым пад абрусам ягоныя пальцы пагладжваюць кашчавыя калені то Лізбэт, сярэдняй, то худзюшчыя сьцёгны Юты, малодшай сястры. Старэйшая, Агнэс на імя, з пэўным сумыслам упляцавалася поплеч юнага Айцэна й вымушана абыходзіцца без тагоных пагладак і шчыкаў.
Гер саборны прапаведнік ня ведае, чым ён мусіць больш уразіцца, ці тое красамоўствам свайго толькі што ўзьведзенага ў прапаведніцкую чыннасьць сабрата, ці тое фабулёзнай памяцьцю гэтага дзіўнага спадарожніка, і кажа яму:
— Вы, мабыць, вельмі пільна слухалі, калі ўзгадваеце ўсё так дакладна. Дай Божа, каб у маёй абшчыне знайшліся такія, каму б так западалі мае словы зь нядзельнай казані!
Гэта была не ягоная заслуга, адказвае Лёйхтэнтрагер і строіцца пад сьціпленькага; з такой казаньню, з такой тэмаю, і выкладзенай у такім духу, — было такое адчуваньне, што слухаеш сапраўднага прарока, яно й ня дзіва, што кожнае слова, кажнюсенькае слоўца незабыўна ўелася ў памяць.
Юны магістр падносіць да вуснаў і адпівае глыток віна й папярхаецца; ён ведае, што яго сябра Ганса зусім нават і ня было ў саборы, калі ён бушаваў наконт прыбродаў-жыдоў. Дзева Агнэс ускоквае й паплясквае свайму застольніку па сьпіне; вой, гэта ўсё з самымі добрымі намерамі, але ён яшчэ некалькі дзён будзе насіць на сабе плямкі, — сатру, сатру! — і жарцік сябра, які ў яго, абсьледаваўшы ўначы ўсе самыя датклівыя месцы, выскаляючыся паведамляе, што тоненькія пальчкі пацаляюць найлепей куды сьлед.
Але пазьней, як што ён ня можа заснуць, бо яму заходзіць пра блізкую сьмерць бацькі куды больш, чым ён можа выказаць гэта, і таму, што ён адчувае, які слабы й бездапаможны чалавек бяз Божай аслоны альбо магутнага сябра, пра што яму мог бы даць поўнае тлумачэньне ліст у кішэні, ён паварочваецца да Лёйхтэнтрагера й пытаецца:
— Ганс, га? Ты яшчэ ня сьпіш, Ганс?
Той нешта мармыча пра шмат віна й пра кашчавых баб і адварочваецца.
Але Айцэн не даецца.
— Ганс, — кажа ён, — мне вельмі хацелася б ведаць, што напісаў доктар Лютэр у тым пісямку, якое ён даў мне.
— А не пераймайся, вазьмі ды прачытай, — раздражнёна буркае Лёйхтэнтрагер, быццам гэта такая дробязь — узяць і прачытаць.
Але якраз гэтага Айцэн і ня хоча рабіць, асабліва цяпер, калі ўжо ён амаль пастар, добры пастух, які павінен ісьці наперадзе хрысьціян, даючы прыклад сумленнасьці. Таму ён кажа:
— Ты ж усё так добра ведаеш, Ганс; можаш сказаць, хто якую задумаў карту, туз чарвовы ці старэйшы булковы валет, альбо, можа, жалудовая дзявятка, альбо ж ва ўсім, у чым толькі можа быць абазнаны чалавек, у сьвятым трыадзінстве альбо што плоць і кроў Хрыста a priori былі ў хлебе і ў вадзе, альбо пра добрых і ліхіх анёлаў.
— Усё правільна, усё ў правілах і норме, усё адпаведна, — кажа Лёйхтэнтрагер, бачачы, што так проста заснуць яму ня ўдасца, — гэта можаш ведаць і ты, калі сабе здор у чэрапе ўцісьнеш.
— Ай, ужо цісьні ня цісьні, — скардзіцца юны магістр, — ні лою ні шмальцу ня выцісьнеш, ні скварак ня высмажыш.
— Дык перакінься ў Лютэра, — кажа сябар ня стрымаўшыся, — ну што такога ён табе меў напісаць да гера галоўнага пастара Эпінуса? Што ты абібок і гультай і Гіпакрыт, які зьлізвае думкі з вуснаў вышэйшага, каб прабіцца ў сьвет?
І гэтым Лёйхтэнтрагер зноў пацэліў у самы акурат: бо яно якраз тое, у чым Айцэн сам сабе найбольш баяўся прызнацца; вельмі добра ведае ён гісторыю пра тое другое пісьмо, якое напісаў цар Давід свайму камандуючаму Ёаву й перадаў праз Урыю; толькі з той розьніцай, што ў яго, Айцэна, няма прыгожай жанчыны, як Вірсавія ў Урыі, ён рулюе на дзеву Штэдэр, якая, на жаль, хоць і ня зусім бязьмясая і пляскатая, як паненка Агнэс тут у Магдэбургу, але й ня мае нічога такога ў сабе, каб за яе душыліся й прападалі.