Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Агасфэр (Вечны Жыд)

Гейм Стефан

Шрифт:

— Калі прагнеш ты, Райнгард Айцэн, дараваньня тваіх грахоў у імя Ісуса Хрыста, адказвай — так.

Хвораму здаецца, быццам ён чуе галасы з гоману за дзьвярыма. Там яны ўжо за чубы пабраліся, хоць я яшчэ не ахалонуў; усё гэта пустая марнасьць і марная трата, а той хто павінен даць патрэбную мне пэўнасьць, дзе ён?

Усё яшчэ ня было ніякага «так» з вуснаў хворага, ня было нават слабенькага кіўка, але галоўны пастар Эпінус прымае стомленыя ўздрыгі павекаў у хворага за пажаданы адказ і задае сваё трэцяе пытаньне, самае цяжкае й сур'ёзнае, ад якога залежыцьме, ці гэты вось, прасьветлены і ўжо свабодны, праз хвіліну-другую ўзьнясецца ўгору да мілажальных анёлаў, і ён кажа ўрачыстым і прыглушаным тонам:

— Калі верыш ты, Райнгард Айцэн, што Ісус Хрыстос вызваліў цябе ад усіх тваіх грахоў і

што дараваньне, якое я табе выказваю, ёсьць дараваньне ад Бога, адказвай — так.

Гэтым разам, аднак, на радаснае зьдзіўленьне гера Эпінуса, хворы спрабуе загаварыць, вусны яго варушацца, хрыплы шэпт, неразборлівы. Гер галоўны пастар нахіляецца да хворага, вухам да самых вуснаў, і разумее, што той кажа, а менавіта: «Дзе жыд? Дайце мне жыда!» — але ўсё яшчэ не разумее, што мае рабіць нейкі там жыд паміж тым, хто рыхтуецца Туды, і яго спавядальнікам? Таму ён думае, што дух хворага ўжо блукае, як гэта часта бывае пры сконе, і што цяпер ужо час дакладна адмераны на адпушчэньне грахоў і прычасьце, і хуценька шэпча absolve te, быццам ягоны язык пайшоў навыперадкі з чортам:

— У сілу наказу, які даў Гасподзь сваёй царкве, абвяшчаю табе, Райнгард Айцэн: усемагутны Бог умілажаліўся зь цябе й праз пакуты й сьмерць і ўваскрэсеньне Госпада Ісуса Хрыста даруе табе ўсе грахі. Аман.

І пасьпешна асяняе знакам крыжа й сьпяшаецца да дзьвярэй адчыніць, бо жонка й дзеці хворага павінны засьведчыць, што той паспытаў ад сьвятога прычасьця й сам стаў часьцінкай ад плоці й крыві Госпада, — апошняя вячэра перад далёкай дарогай на гэтым сьвеце; але толькі дзьверы з рыпам адчыняюцца, як у іх урываецца магістр Паўль, цягнучы за руку нейкага рыжага жыда й на ўсё горла абвяшчаючы: «Вось ён!» — і гэта ў вушы брату Дзітрыху й сёстрам Марце й Магдалене, а таксама жонцы Ганьне, апошняя ў моцным хваляваньні абураецца, што во якое нахабства, што во якая ганьба — задрыпаны жыдзюга каля чыстага хрысьціянскага адра.

Небарака магістр Паўль увесь у душэўным надломе. Вось жа вам яго сыноўскі абавязак, выконваючы які ён абегаў палавіну Гамбурга, пакуль сябар Лёйхтэнтрагер не навёў на сьлед; але вось жа вам і, з такім канфузам, з такім ашаламленьнем ад нечуванага візыту, сам адрасат Лютэравага пісьма, якое ён, магістр Паўль носіць у кішэні, сам гер галоўны пастар Эпінус, хоць ты зь ім пацалуйся. Апошняе дабрадзейства бацьку, мяркуе Паўль, ня пойдзе яму на лапшае, як і сказаў яму брат Дзітрых, які ўзгадаў яму й ідыёцкія выбрыкі й студэнцкія свавольствы, і яшчэ ён сам сабе праклінае прынцэсу Трапезундзкую, якая, бы апошняя шлюндра разьлеглася ў кватэры жыда, бессаромна вываліўшы цыцкі й шынкі, і ўсяляк адгаворвала жыда йсьці суцяшаць хворага, бо, сам успомні, ці ж не хацеў гэты гер магістр турнуць іх з Гэльмштэта ў каршэнь? Але нічога не памагае, ні ягоны гнеў на Маргрыт, празь якую прапала так многа дарагога часу, ні ягоныя ўмольныя позіркі на гера галоўнага пастара Эпінуса й брата Дзітрыха; ён павінен растлумачыць і павінен зрабіць гэта так, каб яму паверылі, і пры гэтым бачыць, як яго спадар тата ківае жыду, каб той падышоў да яго, але жыд склаў рукі на грудзях і, здаецца, не заўважае, што і ўсе астатнія зусім забыліся пра хворага, які, зрэшты, быў тут галоўным персанажам.

Магістр Паўль пачынае гаварыць; поўны натхненьня ён, аднак, распавядае ня толькі пра вечнае жыцьцё свайго спадара таты, але й пра сваё, у вышэйшай ступені зямное, і як гэтае апошняе можна было б уладкаваць. Было, кажа ён, жаданьне яго бацькі, каб ён прывёў сюды жыда, які, праўда, зусім ня звычайны жыд, якімі кішаць усе вуліцы й завулкі, а Агасфэр, што быў асуджаны нашым Госпадам Ісусам Хрыстом на вечнае блуканьне пасьля таго, як гэны во ня пусьціў нашага Госпада, калі таму не цярпелася адпачыць ад цяжкага крыжа, на парог свайго дома; і жыд Агасфэр павінен засьведчыць спадару тату, што ён сапраўды ведаў нашага Госпада Ісуса Хрыста й сапраўды зь ім гутарыў, і тым самым даказаць, што вечнае жыцьцё ёсьць ня толькі сымболь, у які маем верыць, а ўвачавідкі ваісьціну існае.

На што гер галоўны пастар Эпінус рве на сабе й без таго рэдзенькія валасы, што, бач, дзіка чуць такія дзікія словы з вуснаў толькі што ў Вітэнбэргу рукапаложанага будучага брата па пасадзе й грыміць:

— Тра-та-та, тра-та-та! Чыстая бздура! Вечны Жыд!

Вечная жыдоўшчына!

І пайшоў і паехаў, як лёгка гера магістра падмазаць, і якога такога ляду патрэбен нахабны жыдзюга для доказу вечнага жыцьця, якое кожнаму прававернаму хрысьціяніну й так ясным-яснае, як яснае неба, пра што ўжо сказалі сьвятыя прарокі й наш Гасподзь Ісус гэтаксама, а пасьля яго яшчэ й сьвятыя апосталы. І ці гэта вам тая навука, якую ён прайшоў ва ўніверсітэце ў Марцінуса Лютэра й Піліпа Мэланхтона, і ці ня там набраўся такога вялікага розуму, ужо ці ня болей зь піўнога й віннага чаду, якому герства студэнты, пакарай іх, Божа, так часта аддаюцца.

У юнага магістра ўсё ў галаве перакруцілася: вобраз бацькі там на сьмяротным ложку, як гэта ён слабенькай рукою падклікае да сябе жыда; злосны расчырванелы твар гера Эпінуса, якому пасьля ўсяго гэтага давядзецца чытаць рэкамендацыйны ліст Лютэра ў надзвычай неспрыяльным сьвятле; плясканьне рук і закоты вачэй брата й сясьцёр і маці; і пасярэдзіне гэтага кавардачнага гвалту ціхага й выскаленага жыда, быццам усё гэта яму да аднаго месца й быццам ня ён ёсьць прычына й вынік усяго закалоту. І ён, магістр Паўль, сваёй асабістай пярсонай яшчэ й павінен абараняць жыда, каб не стаяць вось так таўкачом і пустабрэхам.

Дык вось, кажа ён, з дазволу кажучы, без гарачкі, гер галоўны пастар, але ягоны настаўнік, добры доктар Марцінус, сам можа пацьвердзіць, і ён прывёз з сабою, вось у кішэні, пісьмовае сьведчаньне ў пісьме да гера галоўнага пастара, як хораша і ўзорна ён вучыўся і як засвоіў слова Божае й прарокаў; а ўсё ж гэты жыд ёсьць сапраўдны Жыд і, можа, хай гер галоўны пастар падумаюць, ці сьведчаньне жывога, які нашаму Госпаду Ісусу асабіста скруціў хвігу пад самусенькі нос, за што й быў ім пракляты, дык вось сёньня, праз тысячу й пяцьсот гадоў ці яно ня гэтаксама каштоўнае, як і сьведчаньне пераказанае, калі нават не каштоўнейшае? І замест, каб яго, магістра Айцэна, руплівасьць ганіць, хай падумаюць гер галоўны пастар далей, ці голас Агасфэра ня можа быць больш карысным і ўжыткоўным у спрэчцы з тымі, якія зноў і зноў сумняваюцца ў адзінашчасьцедайным вучэньні?

Гэта здаецца геру Эпінусу чыстым вар'яцтвам альбо, горш за тое, ерасьсю, і ён хаваецца за моцныя словы; менавіта, ці ня ёсьць гер Паўль між іншым, — якая крамола! — яшчэ й прыяцель жыдоў, якія дазволілі нашага Госпада Ісуса прыбіць цьвікамі да крыжа й да сёньняга гудзяць і бэсьцяць і гоняць вучняў Хрыстовых, а хрысьціянскіх дзетак пратыкаюць шылам і іхнюю кроў запякаюць у пасхальную мацу, і ці не вядома яму, што ягоны настаўнік доктар Лютэр пра жыдоў сказаў і напісаў?

Такі закід яму, магістру Паўлю, пасьля таго, што ён прапаведаваў на апошняй ютрані ў Вітэнбэргу ў тамтэйшай замкавай кірсе! Гер Паўль робіцца белы ў твары, вусны яго сьціскаюцца як пасьля кіслага віна; як ахвотна праэкспанаваў бы ён геру галоўнаму пастару, што ён думае пра жыдоў, іхні род і сутнасьць; але тут над душой стаіць жыд Агасфэр, які яму яшчэ патрэбны дзеля спадара таты, і наставіў вушы; і таму гер Паўль уздатніўся толькі на нейкае мармытаньне, пакуль, пасьля, зь яго грудзей ня вырываецца:

— Певень, певень, певень тры разы закукарэкаў!

І азіраецца, шукаючы дапамогі, на жыда, які лепей расказаў бы пра цуд у Гэльмштэце, але той ані-ані, толькі ўсё яшчэ маўчыць.

А геру галоўнаму пастару Эпінусу, наадварот, ад слоў і паводзінаў юнага магістра — халадок па вантробах.

— Певень-шмевень! — кажа ён. — Тут ня курыны катух, дзе мы знаходзімся, гер магістр, а прыстойны пакой, дзе канае сумленны хрысьціянін, і калі певень сваім часам і крычаў апосталу Пятру, дык яму ўжо даўным-даўно галаву скруцілі.

На гэтых словах ён нарэшце ўспамінае, што хворы ўсё яшчэ ляжыць на ложку, неаболены духоўна й цялесна, і што, мусіць, цяпер сама-сама крайні час, каб узбадзёрыць яго сьвятым прычасьцем і з тым прыйсьці да шчасьлівага канца. І ён ідзе да абцягнутай скурай прыгожа аздобленай скрынкі, якую прынёс з сабою і паставіў каля ложка, і адчыняе яе й дастае зь яе пудэлачка з тоненькай скібачкай хлебца, а таксама флакончык зь цёмным віном і срэбраны кубачак.

Хворы варушыцца. Усім на жах, і ня толькі жыду, са страшэнным крактаньнем хворы падымаецца, аж вочы ледзьве ня лезуць з чэрапа, і застаецца, абапершыся на худыя локці, у пазыцыі седзячы.

Поделиться с друзьями: