Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Агасфэр (Вечны Жыд)

Гейм Стефан

Шрифт:

Але разам з болем, які зноў раскідаецца па ўсіх грудзях, сэрца хворага точыць паняверка: як жа так, калі ўсё толькі чад і туман і чыстая прымара й калі ад чалавека не застаецца нічога, толькі грудачка зямлі, зь якое мы зробленыя?

— А ці праўду-такі ведае чалавек пра душу? — кажа ён свайму сыну, які край ложка сядзіць з пакутлівай мінай і замглёным позіркам. — Ці ведае хто, калі яе Бог удыхнуў у яго, а зараз яна павінна вяртацца назад да свайго шчодрадаўцы, як пазычаны гульдэн? Ці бачыў хто калі яе, ці мацаў пальцамі? Праз якую дзірку ў маёй сьмяротнай плоці яна вышмульне, праз нос, праз рот, праз вуха ці, можа, праз што? І ці можа яно быць так, што я той, хто я быў, вось так вазьму і ўжо ня буду?

Сын кажа:

— Але

напісана, спадару тата, што Бог стварыў людзей для вечнага жыцьця.

Хворы лёгка стогне.

— Страх, — кажа ён, — у мяне страх перад Нічым. Раней, пры папістах, тады панаваў добры купецкі парадак: столькі а столькі срэбраных гамбургскіх пфенігаў за столькі а столькі гадоў сьпісаньня пякельнага агню й іншых плягаў, і ты адпушчаны самім сьвятым Айцом. А цяпер, пасьля таго, як твой доктр Лютэр узьмяцежыўся супроць? Хто сёньня той, што дасьць мне адпушчэньне паперай зь пячаткай, хто запэўніць, як яно пойдзе далей пасьля сьмерці альбо ў дзень паўстаньня зь мёртвых, калі сатлелыя косткі зноў складуцца разам і адуховяць згнілае цела, і мёртвыя вочы засьвецяцца зноў, каб сузіраць бляск і вялікую лепнасьць? Хто гарантуе гэта, і які жыд пазычыць мне на тое хоць адзін заваляшчы зашмуляны грош?

Сын кажа:

— Але апостал Ян абвяшчае, што ўсе, хто верыць у Госпада, атрымаюць вечнае жыцьцё. Вы павінны верыць, спадару тата.

Я паслаў хлопца вучыцца, думае хворы, ён павінен вучыцца, растапырыўшы вушы, каб уведаць, як там яно з апошнімі таемнасьцямі й неўміручай душой; хто яшчэ павінен у гэтым разьбірацца, як ня вучоныя геры дактары зь Вітэнбэрга? І што ж ён мне цяпер кажа, сам ходзячы ў магістарстве й шукаючы царкоўнай службы, каб усю тую пачэрпнутую мудрасьць вытрасьці на галовы грамадзян нашага горада? У што я павінен верыць?

— Верыць, так, — кажа ён. — Але крэдыт, сынку, даецца толькі пад пэўнасьць. Чым жа можаш запэўніць мяне ты?

Гэта ўжо пацэлена трапна. Наколькі юны магістр, сын дома Айцэн, палатно й шэрсьць, разумее ў гандлі-шмандлі, дык гэта што той, каму залежыць на веры й вернасьці, вельмі нават лёгка можа страціць тавар і ўсю маёмасьць, яшчэ й штаны да таго ж. А яно як у гешэфце, так і ў рэлігіі.

— Вы абяцаеце нам вечнае жыцьцё, — кажа хворы. — Вы духоўныя айцы. Ах, як бы я хацеў прыняць яго й ахвяраваў бы за яго ўсё, і грошы й дабро, я на каленях папоўз бы да самага сабора сьв. Пятра, а геру галоўнаму пастару Эпінусу пацалаваў бы край яго мантыі альбо й край тваёй. Але ж дзе яна, тая пэўнасьць?

Сын ведае многія выслоўі зь Сьвятога Пісаньня й зь іншых вучоных кніг і мог бы файненька іх прамовіць, гэтаму ён навучаўся ў Піліпа Мэланхтона і ў добрага доктара Марцінуса; але якая карысьць ад тых суцешлівых слоў чалавеку, які шэсьць разоў на тыдзень разгортвае разьліковую канторскую кнігу, а малітоўнік толькі раз і які прывык узважваць Мець супраць Павінен? Такому досыць жывога сьведкі, які выказваецца надзейна, думае сын і адразу ўжо ведае, што гэтая думка даўно засела яму ў галаве; сьпяваньне меднага пеўня ў Гэльмштэце ўразіла яго да глыбіні душы й мітрэнжыла ўсю дарогу да самага Гамбурга, і ён разважае сам у сабе, што праклён, які аднаго асуджае на векі вечныя, да вечнага ж дабраславеньня можа абярнуцца другому.

— Пэўнасьць, — кажа ён, — я хачу даць Вам пэўнасьць, спадару тата. Я хачу расказаць Вам пра жыда Агасфэра, якога я сустракаў шмат разоў, і як тры разы закукарэкаў певень на вежы кірхі.

Хворы прыслухоўваецца да сынавых слоў. Яны — бальзам на нябогае сэрца, якое адчувае, быццам вакол яго сьціскаецца жалезнае колца; ён хоча да Бога, ён мог бы разарваць тое колца, але ведае, што калі разарвецца яно, разарвецца й сэрца. А гэты жыд, думае ён, а што, калі б тое было праўдай, што ён ёсьць, кім хоча быць, быў бы самы неабвержны доказ і добрая пэўнасьць, і калі хлопец не выпрабоўваў памянёных жыдоў і сам чуў, як тройчы закукарэкаў медны

певень на рыначным пляцы і як маланка й гром джыганулі зь яснага неба? І калі б яно было, тое вечнае жыцьцё, на якое нехта асуджаны праклёнам, як жа тады, каб другі паміраў, хай сабе й дабраславёным і ў міры з самім сабою й із Богам?

— І дзе ж, мой сыне, — кажа ён, — той Вечны Жыд цяпер?

Гер магістр забыўся падумаць, а гэта магло б прывесьці хворага, як Банадыка да «аману», што ён будзе мусіць таго памянёнага Агасфэра валачы сюды на суцяшэньне й на зьмёртвыхустаньне. Але йсьці шукаць жыда на вузкіх вулічках, сярод гэтага людзкога тлуму, ды яшчэ, магчыма, прасіць ласкі ў таго, не, на такое ён ня можацца хоць бы ўжо праз тую прынцэсу Трапезундзкую, чыіх кпінаў ён баіцца, і таму, што хацеў нацкаваць на іх абаіх людзей у Гэльмштэце, каб іх там пабілі.

— Дзе той жыд сёньня? — кажа ён. — А чорт яго ведае дзе, чорт дзірку знойдзе, куды ўшыцца.

Хворы бачыць, як малады магістр юрзае задніцай па крэсьле, думае пра ягоную долю ў гешэфце, але менавіта цяпер якраз і забывае распытацца пра жыда, ці насамвоч ён бачыў нашага Госпада Ісуса жывым і гаварыў зь ім і пасьля тысячу пяцьсот гадоў зь лішкам бадзяўся па сьвеце. Певень туды, певень сюды, жыда клянуць, а жыд — як ягада, але гэты жыд не ашукае мяне, у мяне нюх на людзей, інакш бы я ўжо тройчы збанкрутаваў, гэта моцны гешэфт, палатно й шэрсьць, у ім махляроў, шмугляроў і прайдзісьветаў больш, чым сумленных людзей.

— Мой сынку, — кажа ён, — прывядзі мне сюды твайго жыда. Мне мус паталкаваць зь ім.

Хлопец хоча запратэставаць, але хворы са стогнам падводзіцца й кажа:

— Гэта мая воля, апошняя. Ідзі.

Юнаму магістру фон Айцэну застаецца толькі паслухацца, ён падымаецца, ідзе. У хлопца ўжо пастарская паходка, думае хворы, такая разьмераная, разважлівая і ўсё ж амаль нячутная: нельга ўспалошыць грэшніка, пакуль яго ня ўдасца забрытаць. З кім-кім, а з жыдам пакумекацца ён патрапіць, думае й спрабуе намаляваць сабе перад вачыма, як мае выглядаць зь сябе той, у каго на горбе ўжо столькі гадоў, дрыгатлівенькі чалавечак са сьлязьлівымі вочкамі, зморшчаны, скурчаны й скуксабочаны, скура й косьці, а вакол яго смурод гнілізны й цьвілі. З такімі думкамі ён і засынае й прычынаецца толькі тады, калі чуе ў памяшканьні галасы й думае, што гэта яго сын, магістр, разам з жыдам Агасфэрам, ён падымае галаву, каб пабачыць іх; але гэта сямейнікі, а менавіта яго цёртая баба, Ганна, і старэйшы сын Дзітрых, а таксама дочкі Марта й Магдалена, ўсе з жалобай у вачах, жанчыны патузваюць хусьцінкі, а каля іх гер галоўны пастар Ёган Эпінус, прыйшоў-такі, каб палегчыць гаротніку апошнюю гадзіну, што хвораму зараз ужо зусім не дарэчы, бо ён яшчэ мае шмат у чым памеркавацца з кімсьці зусім іншым.

Але гер галоўны пастар Эпінус з тых, хто заўсёды стрымгалоў ляціць па сьледзе галоўнай задачы, няважна, каму наступаючы пры гэтым на пяты, а тут якраз прысьпела наставіць на правільны шлях душу, добра прэпараваную і падрыхтаваную ў даль-дарогу — пахвальны чын і служба дружбы звыш таго. І ён адсылае жонку й дзяцей хворага з пакоя, як вялікі птах шырокімі размахамі, бо для сьвятой таемнасьці споведзі прадпісана, каб ён быў сам-насам з грэшнікам. Пасьля падыходзіць да краю ложка, на якім ляжыць хворы, такі аціхлы й бледны, з потам страху на лобе, і загаворвае зь ім голасам, які гучыць, быццам ужо спатойбоч магілы:

— Калі прызнаеш ты, Райнгард Айцэн, што грашыў і раскайваешся ў гэтых грахах сваіх, дык адказвай — так.

Хворы моцна палохаецца пры гэтых словах, якія ён ведае. Няўжо зайшло аж так далёка, што я мушу адгарнуцца ад сьвету, калі яшчэ зусім не гатовы да гэтага; і дзе мой сын Паўль з абяцаным мне жыдам?

Галоўны пастар Эпінус хоць і не пачуў з вуснаў хворага ніякага «так», аднак прымае журботны позірк хворага ўгору да бэлек на столі за пажаданы адказ, строга кашляе й пытаецца далей:

Поделиться с друзьями: